Овёс
Чорная, як ноч хмара надыходзіць з поўначы. Бліскае. Падымаецца вецер. Будзе навальніца. Самы час сушыць аўсы, і ў суседа роўнымі радамі скошаныя сцябліны ляжаць на полі. Бяжыць суседка, крычыць суседу: “Дождж, скарэй складаць!” – трэба ж ратаваць, дапамагаць! Падсох жа авёс! Дождж змочыць! Сусед, хапае граблі, выбягае на поле. Следам імчыць жонка з сынам, грабельцамі ды віламі, следам – суседка, таксама з граблямі. Усе заўзята працуюць, грабуць, стагуюць. Суседка шчыруе, як на сваім… Суседка стараецца, але жанчына яна поўная, нерухавая, гнуцца ёй цяжка. Грабе нечыста, налітое калоссе застаецца за ёй. Бліснула. Вецер ірве верхавіну са свежага стажка. Брызнулі першыя кроплі ў шэры пыл, што ўецца за граблямі. Сусед не вытрымлівае, падганяе жонку і сына смачнымі мацюкамі. Атрымлівае сваю падзяку за дапамогу і суседка: “Іш, ты, карова таўстая, як грабеш! Ты што зерне кідаеш? Яго ж ўваб’е! Ат, карова, не на сваім робіць…” Суседка супыняецца, падымае галаву, кідае граблі вобземель і ідзе прэч. Дождж накрывае шэрым крылом лаянку суседа…
Свидетельство о публикации №212112500898