Велосипед и сапоги

Пра “ровар” і боты.
За “польскім” часам найбольшым шчасцем для гаспадара было мець “ровар” (веласіпед). Каштаваў ён добрых дзве каровы. Гаспадар (часцей гаварылі – “хазяін”) дужа за “роварам” глядзеў, сам рамантаваў, чысціў. І ніхто, акрамя самога гаспадара, на ім не ездзіў. Бабам да ровара і падысці не давалі (каня запрагай, а на “ровар” – не паглядай!). Сын доступ да ровара меў толькі калі ўжо станавіўся “кавалерам.” Тады ўжо мог на ім на танцы ў якую “дзярэўню” з’ездіць, ці ў цэркву на “гадавое” свята. Ніякія рэчы так не шанаваліся ў хаце местачкоўца, як ровар і боты! Боты. Іх “хазяін” насіў гадоў дзесяць – пятнаццаць. Сам рамантаваў. “Мальцу” боты спраўлялі, звычайна, перад “свадзьбай” (вясельлем). Больш багатыя – куплялі боты “мальцу”, калі дасягаў паўналецця, пераходзіў са стану дзяцей у стан “кавалераў” (моладзі). Мог “кавалер” і сам зарабіць на боты. Звычайна, дзеля гэтага, ехаў працаваць у Польшчу ці у Прыбалтыку (у найміты). Праз гады два, тры (а, часам, і праз пяць) вяртаўся (калі вяртаўся!) ў родны горад “пры ботах.” Адразу ж станавіўся завідным жаніхом. “Ровар,” боты, кучаравы чуб, “куплёная” цыгарэтка ў зубах, ну і “паўлітра” самагону па святах ( у халяўцы бота, ці за пазухай) – вось вобраз тагачаснага “завіднага кавалера.” Дык вось, якую пачэсную ролю адыгрывалі боты і ровар ў жыцці тагачаснага местачкоўца. І месца ім адводзілі ў хаце пачэснае. “Ровар”, бліскучы, старацельна вычышчыны, начышчаны, “як новы”, звычайна вісеў ў чыстай палове хаты на вялікіх цвіках на сцяне, а боты, таксама вычышчаныя і адмыслова наваксаваныя, сталялі на шафе! Кожны, хто заходзіў, бачыў, што сям’я заможная і сапраўды “гарадская,” “культурная.”


Рецензии