Дед
Талерантнасць. Слова такога дзед не ведаў. Быў кавалём. Жыў на «пясках» - у самым бедным і аддаленым ад цэнтра раёне мястэчка. Зямля там не радзіла, бо была, як той магільны пясочак, жоўценькая і сыпучая. Нават пустазельле не расло на «пясках». Так, асака, цыкоры. А людзі жылі. Займаліся хто чым: ганчарствам, кавальствам, гарбарствам мужчыны, у асноўным. Бабы і дзеўкі хадзілі мыць бялізну і падлогу да багатых местачкоўцаў. Жылі на пясках, з большага, найбяднейшыя з праваслаўных, жыдоў ды цыганы. Нават была «цыганская хата» - халупка, што стаяла ля «поля» (пустэчы за мястэчкам, парослай хмызняком і атавай), дзе жыла шматлікікая і шматдзетная цыганская сям’я. Куды пасля гэтыя цыганы падзеліся, ніхто не ведаў. Зніклі. А пры дзедзе цыганская дзятва шмат шкоды рабіла гаспадарскім садам і агародам. Ганяў іх дзед, як мог, і не любіў страшна, бо сад свой бярог ...
Сад дзед пасадзіў на тых самых пясках. Пад кожную яблыньку вазіў возам з «поля» гліну, падсыпаў. Пасадзіў ля хаты і дубок. Дуб той вырас вялікі і надоўга перажыў дзеда і нават яго хату, яго дзяцей... Ён стаіць і зараз, хоць знаку ад хаты дзеда вы ўжо не знойдзіце. Кузня ў дзеда была ў пясчанай горцы воддаль ад хаты. Рабіў дзед цвікі, замкі, завесы, іншую драбязу, патрэбную ў гаспадарцы местачкоўцаў. Рабіў дзед і помнікі на магілы. З прыроднага камяню. Прывязе на возе, абчэша, выб’е, што скажуць. Добры прырабак меў. Рэгулярны. Недалёка ж ад «пяскоў» і праваслаўныя могілкі, і каталіцкія, і жыдоўскія.
Хата дзедава стаяла на самым ускрайку мястэчка, за ёй дарога ішла праз бясконцыя палі і хмызнякі ў суседнія вёскі. Уся ўскраіна дзедавага «гарода» парасла асіннікам, такім шчыльным і непралазным, як сапраўдны лес. Дзедавы дочкі там нават грыбы збіралі ўвосень. Мёў дзед іх аж тры. Жонка дзедава Аляксандра памёрла рана. Так і гадаваў дачок сам. Дзяцей на «пясках» было што таго пяску: розных узростаў і розных «вер»... Разам усе гулялі, елі разам, што прыйдзецца, чым хто пакорміць... Дзеўкі дзедавы бегалі да жыдоўскіх дзяўчат гуляць, сакрэтамі падзяліцца. Адно дзед на жыдоўскую Пасху дзевак сваіх не пушчаў. Казаў, што тады жыды ў ежу кроў дзіцячую ільюць. Маўляў, і з вас возьмуць... Дзяўчаткі пабойваліся, у той дзень ужо не ішлі...
Немцы, як прыйшлі, жыдоў выселілі з іх хат на «пясках» на другі край мястэчка ў гета. Але не ўсіх. Некаторыя па кустах хаваліся. Канешне, маладыя, несямейныя. З дзецьмі ці старымі па кустах і вакольных вёсках асабліва не пабегаеш. Уцекачоў немцы лавілі, ці мясцовыя здавалі па вёсках, ці самі здаваліся. Такіх уцекачоў сабралі немцы семнаццаць чалавек. Прывезлі за дзедаў «гарод», у асіннік і растралялі. Яму сабе небаракі вырылі самі. Закапалі іх ужо мясцовыя «пяскоўцы». А праз два тыдні на магіле тых семнаццаці чалавек стаяў помнік, зроблены з шэрага палёвага камяню, без надпісу. І хоць немцы яшчэ ў мястэчку былі, на ускраек «у пяскі» больш не ехалі, не заязджала і паліцэйскае начальства. Мясцовыя маўчалі: якая ім справа.
Помнік той стаіць і сёння. Толькі шыльдачку савецкія ўлады павесілі ўжо пасля вайны...
Свидетельство о публикации №212120501144