Московка
Далёкія продкі яе калісьці збеглі ад афіцыйнай царквы з Расіі ў наша мястэчка. Раскольнікі. У нас іх завуць «маскалямі». Прыжыліся. Вось і яна тут выйшла замуж, жыла. Нюра ўсе звалі. Дзяцей не было. Толькі пляменнікі. Хату сваю з мужам паставілі. Кожнае лета выносіла Нюра вялікі кацёл, раскладала вогнішча проста ў двары і варыла варэнне. Заўсёды толькі двух гатункаў: грушавае і агрэставае. Агрэст быў у Нюры адмысловы. Такога ні ў кога навокал не было: жоўты, буйны, салодкі, ягады «валасатыя». Яблыкі свае былі, але летнія, не восеньскія. На варэнне не ішлі, з’ядалі так. Груша была адна. У мястэчку такія завуцца «Іспасаўкі»: саспяваюць яшчэ да праваслаўнага Спаса. Салодкія і духмяныя грушы. Такія, нібыта васковыя. Каровы не мела. Парсючкоў гадавала.
Гэта сёння можна спытаць: «Якая ў цябе прафесія?» Якая прафесія ў Нюры была? А ніякая... Баба, жонка. І ўсё тут табе... А як мужык памёр, то проста баба... Удава. Здружылася Нюра з суседкай кульгавай Марфай. Тая, дык зусім, старая дзева. Ніхто замуж не ўзяў, так і гаравала. Затое, карову мела. Нюры малачко прадавала. Кожную раніцу «сырадой» несла, ці на ўсю ваколіцу гучна крычала, угледзіўшы суседку ў двары: «Дзень добры, Цітаўна, я табе малачка наліла!» Цітаўна са слоікам шыбавала ў суседкін двор.
Сыйдуцца, бывала, на скрыжаванні завулкаў ля сваіх хат, і давай: «Та-та-та-та, ды та-та-та...». Покуль ўсе навіны не абмяркуюць, не разыдуцца. А то і варэнне разам варылі. На тым жа скрыжаванні, ля марфінага плоту. Дарэчы плот Нюра звала «паркан». Так у мястэчку больш ніхто плот не называў, бывала, казалі яшчэ на рускі манер: «забор», а каб «паркан», дык ніхто...
Нюра мела славу «чараўніцы» ў мястэчку. Што і сурочыць можа, і што падрабіць, так бабы казалі... Аднаго разу, адна тут бярэменная папрасіла ў яе агуркоў на насенне. Кажуць жа бярэменным прасіць нельзя..., а тая не знала. Нюра дала. Толькі як адыходзіла, бярэменная значыць, відзела, што Нюра ёй ў след пяском сыпле са свайго падолу. А мо і не сыпала, так падол абтрасала, капалася ж ў гародчыку... Толькі хлопчык, што нарадзіўся, калі ўжо на ножкі стаў, увесь час імкнуўся пясок есьці. Толькі матка з рук спусьціць - ён поўнай жменяй пясок сабе ў рот пхне. Былі і яшчэ выпадкі... Таму суседзі імкнуліся з Нюрай асабліва не сварыцца: падробіць яшчэ што. Трымаліся на адлегласці. Не ў вочы, а між сабой звалі яе «маскоўкай».
Пад старасць гадоў прыбіўся да Нюры мужык з дзярэўні. Яна радавалася: мужчына ўсёж! Чарку яму налівала, калі папросіць, абмывала, адзежку якую спраўляла. Ён спярша дапамагаў: то плот адрамантуе, то сукі ў яблынь абпілуе. Зноў жа, цяпер, каб кабанчыка закалоць, не трэба нікому было кланяцца. Тады, як прыжыўся, стаў чарку прасіць часцей і часцей. А тады ўжо і не прасіў. Сам грошы забіраў. Стаў Нюру біць. П’яны і каб выпіць, значыць, грошы забраць. А якія там грошы ў старой бабы. Ці ад біцця ці ад прастуды злягла Нюра, ляжала паўгода. Праўда, ён яе не кінуў. Глядзеў неяк. Тады ўжо, як памерла, то пахараніў. Пляменнікі прыехалі, яго з хаты прагналі. Сказалі, што «шлюб не зарэгістраваны». Некаторы час бачылі суседзі, што ўлазіў ён у пустую хату праз вакно і начаваў. А куды тады ўжо падзеўся, ніхто не ведае.
Свидетельство о публикации №212120901028