Метаморфозы Ильича

Метамарфозы Ільіча.

Мястэчка наша, як і шмат іншых у Беларусі, мае плошчу Леніна з помнікам правадыру пралетарыята. Помнік не дэмантыравалі ў 90-я гады ХХ ст., знаходзіцца ён там і сёння. Ільіч стаіць агаліўшы лысіну, у адной руцэ трымае кепку, а другой - паказвае, пэўна, светлае будучае. За апошнія некалькі гадоў напрамак, куды паказвае Ільіч, мяняўся некалькі разоў. Начальства, верагодна, імкнулася вырашыць філасофскае пытанне, дзе ж яно, тое самае светлае...

 Справа ў тым, што плошча ўяўляе прамавугольнік з цэнтрам-помнікам. Дык вось, кожная са старон прамавугольніка абмежавана нейкім будынкам. Адна старана - гэта будынак мясцовай аўтобуснай станцыі, супрацьлеглая - будынак «клуба», ён жа «Дом культуры», справа ад вакзала - будынак былога дзіцячага дома (мясцовыя завуць яго проста “інтарнат”), злева - былыя, яшчэ дарэвалюцыйныя будынкі жыдоўскіх крамаў, і пажарнай часткі з сапраўднай пажарнай вышкай. У савецкія часы Ленін працягваў руку, акурат, у бок новага корпуса дзіцячага дома, падкрэсліваючы, пэўна, што і сіроты ў Савецкім саюзе не забыты. Установа гэтая была вельмі папулярнай ў мястэчку, бо, па-першае, давала значны працэнт рабочых месцаў для мясцовых жанчын, якія працавалі тут начнымі нянечкамі, прыбіральшчыцамі, паварамі, а, адукаваныя ў абласной педагагічнай навучальнай установе, іх дочкі прыязджалі на радзіму працаваць лагапедамі і настаўніцамі; па-другое, сюды, у гэтую самую ўстанову, уладкоўвалі сваіх дзетак мясцовыя выпівохі, каб працягнуць без перашкод весці вясёлае жыццё. Але мястэчка паступова памірала, дзяцей у ваколіцах станавілася ўсё меней, нават з адхіленнямі псіха-фізічнага развіцця, і ўстанову закрылі. У прасторных памяшканнях размясцілі дом прэстарэлых, ці як мясцовыя казалі, “дзядульнік”. Старых там было не вельмі многа. Іх было б многа, каб, напрыклад, размяшчэнне было бязплатным, але за “камунальны рай” трэба было аддаваць усю пенсію. І на гэта местачкоўцы пайсці не маглі, бо на тыя самыя пенсія старых некаторыя сем’і жылі і выпівалі. Да таго ж, у мястэчку ёсць яшчэ і бальніца, якая зімой выконвае сацыяльныя функцыі. Бабулькі мясцовыя прыстасаваліся ўзгадваць свае хваробы (а ў кожнай за жыццё іх накапілася нямала) як закончыцца сезон сельскагаспадарчых работ. Эканомія відавочна: і пенсія ідзе, і дровы застаюцца (бо ў хаце паліць не трэба), і кормяць бязплатна. Ну і падлечаць, калі які шматок сала “дохтару” дасі…

Задумалася мясцовае начальства: куды ж паказвае Ільіч? На дзядульнік. Гэта азначае, што ўсіх чакае такі лёс? Ці ж аб гэткім “светлым будучым” мараць местачкоўцы? Леніна павярнулі, каб паказваў у супрацьлеглы бок – на будынак аўтобуснай станцыі. За будынкам аўтастанцыі знаходзіцца стары напалову разбураны ў часы апошняй сусветнай вайны каталіцкі касцёл. Пэўна, начальства апяць задумалася: а ці добра, што Ленін на касцёл паказвае? Як вядома, ён быў супраць рэлігіі… Касцёл сталі аднаўляць.
Рэстаўрацыя зацягнулася. Ужо і лясы будаўнічыя спарахнелі, але ж стаяць… Ды і ці гасцінна прыезжым адразу на дзверы паказваць?

 “Хм.., касцёл, ды яшчэ паўразбураны. Не, неправільнае рашэнне, трэба выправіць”, - вырашыла мясцовае начальства. Павярнулі Ільіча тварам да былых жыдоўскіх крамаў з пажарнай часткай за імі. У крамах калісьці размяшчаліся савецкія магазіны: малочны, кніжны. Іх гадоў дваццаць пяць таму назад закрылі. Стаяці будынкі пустыя. Ні кніжак ні малака там няма. Працуе толькі “пажарка”, сёння МЧС называецца. Паказваў Ільіч на “пажарку.” Толькі сумненне ўзяло мясцовае начальства: ці не будуць расцэньваць жэст Ільіча местачкоўцы як заклік да рэвалюцыйнага пажару? А мо ўбачаць пагрозу ад начальства, маўляў, любы сацыяльны пажар патушам… “Не, трэба павярнуць Ільіча”, - канчаткова прынята высокае рашэнне. Зараз Ленін працягвае руку ў бок Дома культуры. Толькі вось, будынак “клуба” даўно патрабуе рамонту, стары, занядбаны. Мясцовая моладзь пад яго сценамі п’е самагон у час дыскатэк, часам і б’ецца. На ўсё гэта і паказвае У. Ленін выцягнутай рукой.
Куды ж яму, беднаму, цяпер павярнуцца?


Рецензии