Корова в лаптях

Карова ў лапцях.

Было гэта, як у нас кажуць, яшчэ за “польскім часам”. На “пясках” жыла такая кульгавая Марфа. Лічылася ў “дзеўках”. Але, па местачковых мяркаваннях, даўно ўжо была “старой дзевай.” Стаў да яе адзін тут хадзіць, ну і вясельле (па-тутэйшаму “свадьбу”) рашылі зладзіць. Жылі бедна, але ж як жа без свадьбы?! Хлеб тыдзень на кляновым лісце да вясельля пяклі, самагонку гналі, кабанчыка закалолі, каўбас нарабілі. Усе “пяскі” на тую свадьбу прыйсьці меліся. Суседзі ж! Блізкія і далёкія… Каго запрасілі, а хто і сам па сабе, на “маладую” паглядзець, чарку “кульнуць”. Ад Ражаства ж да Хрышчэння можна, посту няма. Зіма ў той год была снежная, завейная. Снегу аж да стрэх нанесла. Аднак жа, на вясельле завеі і не было.

Як раз у ноч вясельля злодзеі і вывелі адзіную кароўку марфіну з хлеўчука. Ніхто й не пачуў, хоць хляўчук да сцяны хаты прыроблены. Вядома ж, крэпка дужа спалі ў хаце, наеўшыся і напіўшыся.

Назаўтра сталі шукаць кароўку, як агледзіліся. Прадстаўніка ўлады выклікалі. А слядоў нідзе няма. Снег хоць і глыбокі, толькі чалавечыя сляды, кароўскіх – нідзе не відаць.
 
А на “пясках” жылі адны людзі. Сям’я злодзеяў. Такая ўжо ў іх слава была. Свайго нічога ў іх не было: ні скацінкі, ні зямлі. Адна хата. Працаваць ніхто з іх не хацеў дужа. А жылі ж неяк, пладзіліся. Як што дзе ўкрадуць, адразу – на іх падазрэнне. Калі-нікалі падазрэнні апраўдваліся, а калі – і не. Мужыкі з таго вясельля адразу да іх у хату. Усё агледзілі: няма ні жывой каровы, ні мяса. Ну, не спайманы і не злодзей! Ні з чым людзі і пайшлі з хаты. Але ўраднік з нашых быў, з пяскоўскіх. Дужа выслужыцца хацеў, ды й мясцовых добра ведаў. Хацеў, значыць, справу гэтую раскрыць. Праз колькі дзён зайшоў зноў у хату да тых злодзеяў. А дарослых дома не было. Адзін малы дзіцёнак, гадоў сямі, з сабакам у хаце.

Пытаецца, значыць, дзядзька:
– мяса еў?
Той яму:
– Еў!
Ураднік ізноў:
– А дзе ж яно?
– У сабакі пад хвастом!
А сабака сядзеў на дзвёрцы ў пограб. Сагнаў прадстаўнік улады сабаку, адкрыў пограб, а там – поўны “падпол” мяса!

Тады ўжо дарослых злодзеяў сталі распытваць: як жа яны карову вывелі, каб слядоў не было? Яны ж, шэльмы, абулі тую карову ў лапці, вывелі ў поле, ды й зарэзалі. Сляды на снезе ад яе як ад чалавека заставаліся! Мяса ўсю ноч злодзеі ў полі вартавалі, каб ваўкі ды сабакі не паелі, а на другі дзень сабе ў хату прынеслі.
 
Марфін лёс праз тое няўдалае вясельле не склаўся. Пажыў з ёй мужык мала, пайшоў да другой “у прымакі”. Дзяцей не нажыла. Так век адна і пракульгала.


Рецензии
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.