Мастер
Майстра, якіх мала. Цяпер ужо няма такіх. Справу сваю рабіў па-майстэрску, хоць быў ужо старым. Звалі яго дзядзька Косця. Для мяне ён не быў ніякім дзядзькам ні па ўзросту (хутчэй дзедам), ні па сваяцтву (быў суседам). Але, вобраз яго ўрэзаўся ў тады яшчэ дзіцячую памяць. Ён дапамагаў маім бацькам “ставіць” хату. “Ставілі”, у асноўным удвух: мой малады бацька і стары дзядзька Косця. Зараз я думаю, колькі ж было тады дзядзьку Косцю? Шэсцьдзесят? Можа і было. Палова драўляных хат нашага мястэчка і навакольных вёсак “пастаўлена” ім. Людзі запрашалі, каб дапамог. Ён з радасцю згаджаўся. Часта, за вельмі сімвалічную плату. За добрасуседскія адносіны, за “бутэльку” увечары і толькі пасля працы. За гэтую мяккасць дужа лаяла яго жонка. Голас яе разносіўся па ваколіцах, выклінанні былі чутны і ў нашым двары. Лаяла, нібыта за пьянку, а, на самой справе, за “няўменне” браць добрую плату за працу. Ніколі я не чула, каб нешта благое сказаў ён у адказ. Можа і казаў, хто яго ведае… А працаваў сапраўды, як “для сябе”. Я цішком назірала за мужыцкай працай. Хвацкі абчэсвалі мужыкі бярвенні. Але дзядзька Косця нават тапор трымаў неяк па-асабліваму, і бервяно ў яго атрымлівалася гладзейшае, раўнейшае, чым у бацькі. Працаваў і неўзаметку раскрываў сакрэты свайго майстэрства: як ставіць “кроквы”, як “шыляваць”, як забіваць “закоты”, як падганяць бярвенні. Зрэшты, як з перавезенага ламачча скласці новы будынак. Хата наша была, зразумела, не з лесу-цальняку, а з дзвух набытых у суседніх вёсках хацін “на знос”. Бацькі маладыя “зажываліся” і не мелі сродкаў купіць добрага лесу. А сваю хату, ой як, хацелася мець! Нейкія будаўнічыя матэрыялы дакуплялі новыя, але асноўныя былі з тых старых хат. На цяжкія работы звалі іншых мужчын-суседзяў “у талаку”. Дапамагалі. Сёння – табе трэба, заўтра – мне. Гэтае правіла местачкоўцы добра засвоілі. За лета хату паставілі. Гады два яшчэ бацькі дараблялі тое-сёе.
Дзядзька Косця размаўляў таксама па-асабліваму. Да суразмоўцы звяртаўся: “Татка мой!” ці “Мамка мая!” У гэтых зваротах неяк само атрымоўвалася, што з’ядаў ён першы гук і чулася “А-тка мой!”. Як зараз бачу, сядзіць ён у нас на кухенцы і распавядае пра парад Перамогі ў Маскве, на які ён трапіў салдатам адразу пасля заканчэння вайны:
– А-тка мой, салдат панагналі… Гляджу, генерал нейкі едзе на кані, а ў таго каня, а-тка мой, ногі да калена белыя! А гэта ён сам быў! А ў каня ногі да калена перабінтаваныя, таму і белыя!
Гэта ён бацьку майму пра Сталіна апавядаў. Не ведаю, ці ездзіў Сталін, увогуле, на кані на парадзе Перамогі, ці гэта шчырыя фантазіі дзядзькі Косці, а, магчыма, ён што і пераблытаў. Размова не пра тое. Кантужаны, паранены ў баях дзядзька Косця шчыра верыў, напэўна, што таварыш Сталін уласна хадзіў у атаку і конь пад ім быў паранены. Такая вось чыстая наіўнасць і вера. Што, прынамсі, не рабіла гэтага чалавека дрэнным.
Нейкай у вышэйшай ступені простай і шчырай вясковай тактоўнасццю былі прасякнуты ўсе яго размовы з суседзямі і сваякамі. Ён не пытаўся таго, пра што вы не хацелі б гаварыць, і, адначасова, цікавіўся вашымі справамі. Усё ў яго светаадчуванні стаяла на сваіх месцах: чалавек павінен жыць і гадаваць дзяцей у добрай хаце, дрэвы павінны расці каб стаць добрай хатай.
Памёр дзядзька Косця недарэчна. Пайшоў ставіць хату да адной са шматлікіх жончыных сваячак у суседнюю вёску. Увечары “кульнуў” чарку, вырашыў пераначаваць у сваячкі. На досвітку, у густым вераснёўскім тумане ішоў па дарозе пехам да дому і трапіў пад колы аўтобуса.
З хаўтур запомніўся мне твар дзядзькі. Белы-белы з блакітным адценнем і з шытым бязкроўным шрамам ля рота. На дзядзьку Косці быў “вясельны” шэры касцюм. Запомнілася размова цётак-суседак (якім, дарэчы, дзядзька таксама ставіў хаты) з асуджэннем маёй маці, якая, па іх меркаванні, дужа моцна плакала “па чужым”. Пры мне яны смела пляткарылі: дзіцячыя вушы ў разлік не прымаліся.
Што ж зробіш, маладая мая маці не ведала, што “чужы чужога не шкадуе”...
Свидетельство о публикации №213020601326
Сказочница Наташа 27.04.2013 12:16 Заявить о нарушении