Летописец в фуражке
Адзін з местачкоўцаў нечакана рашыў: стане “вялікім летапісцам мястэчка”. Але, чаму нечакана? Перадумовай гэтага рэвалюцыйнага для яго рашэння было тое, што надыходзіў выхад на пенсію. Савецкіх жа пенсіянераў “з інтэлігенцыі” заўсёды прываблівала перспектыва стаць па-заштатным карэспандэнтам якой-небудзь мясцовай газеткі, накшталт: “Сцяг працы” ці “Ленінскі шлях.” Гэта і прыбаўка да пенсіі (у выглядзе ганарараў, хай сабе і невялікіх) і славутасць (хай сабе і мясцовага маштабу). Не абмінуў тае долі і наш герой.
Былы ваенны. Вайсковая кар’ера не склалася і “дзядзька ў фуражцы” удала прыстроіўся ваенруком у мясцовую сярэднюю школу. Праца не дужа напружвала. Тым больш, склаўся ўдалы альянс з мясцовым географам: абодва любілі выпіць. Дырэктар школы цаніў мужчынскую палову свайго педагагічнага калектыва, бо дужа ж цяжка працаваць з аднымі бабамі, і закрываў вочы на невялікія слабасці мужыкоў. Таму што слабасці і сапраўды былі “невялікія”. Ну, любіў ваенрук аставіць дзевак-дзесяцікласніц пасля заняткаў для “адпрацоўкі” апранання працівагаза, хімабарончага касцюма, ці ваеннага кроса. Хіба ж гэта забаронена? Няхай сабе і паглядзіць, у каторай там якія “формы”. Нічога ж благога… Ды й, з цягам часу, дадатковыя заняткі сталі праходзіць усё радзей і радзей. Ці дзеўкі добра засвоілі, як правільна апранаць хімабарончы касцюм, ці пастарэў ваенрук і іх маладыя “формы” перасталі хваляваць. Ну, няхай сабе, і з’ездзіць на ровары за паўлітрай, павесіўшы на цвік у ваенным кабінеце фуражку для імітацыі прысутнасці. Хіба ж гэта правіннасць? Ды, няхай, і вып’е цішком, закрыўшыся ў лабаранскай, з географам тую паўлітру… Каму ад гэтага дрэнна? Тым школьнікам усё-роўна: больш ці менш чырвоны мясісты ваенрукоўскі нос… Затое, як адухоўлена пасля “гэтага” ён распавядае пра атрутныя хімічныя газы: фасген, дыфасген, іпрыт! Заслухаешся! Як пераканаўча даводзіць да савецкіх школьнікаў, што выжыць, знаходзячыся амаль у эпіцэнтры атамнага выбуху, магчыма! Трэба толькі паўзці ў адваротным выбуху накірунку, накрыўшыся белай прасцінай…
Калі ж у ваенрука быў асабліва “пранікненны” настрой, мог ён пагаманіць са школьнікамі і “аб жыцці”.
Пранікненны настрой здараўся рэгулярна ў дзень выплаты заробку. Тады ўжо асірацелая фуражка чакала на цвіку свайго ўладара, а уладар імчаў на ровары ў бліжэйшую краму. Географ даваў самастойнае заданне вучням прачытаць чарговы параграф і пакідаў клас. “Педагогі” зачыняліся ў “капцёрцы” (лабаранскай) і хуценька “прыгаворвалі” паўлітру. Адухоўленыя, ішлі на ўрокі. Географ, той дык проста сядзеў, загадаўшы вучням канспектаваць толькі што прачытаны параграф, а на ваенрука нападаў “пранікненны” настрой. Асабліва “смачнымі” тэмамі для яго былі – дурната местачковых баб (у якой чыталася незадаволенасць сваёй жонкай) і крытыка царквы. Захапіўшыся ўласным аповедам, ён часам і не заўважаў, як з мясістага носа звісала буйная кропля. Пра “дурнату баб” распавядаў звычайна засаленыя савецкія анекдоты. Царкву крытыкаваў часцей, бо гэта ў савецкія часы было дужа ж ідэалагічна правільна. Магчыма, ганарыўся, што праводзіць антырэлігійную прапаганду. Любімым выслоўем было: “Дакраніся да святога – азалацішся!” Казаў гэта з патаемнай марай “дакрануцца да святога” уласнаручна. І дакрануўся жа!
Купіў сабе дамок побач з разбураным вайной местачковым касцёлам шаснаццатага стагоддзя. Ды так удала! Плот упіраўся ў сцяну касцёла. Ваенрук, чалавек прадпрымальны, скарыстоўваў касцёльную цэглу ў гаспадарцы, абстроіў хату, змураваў гаспадарчы склепік. А ўжо пасля развала Савецкага саюза прыйшла нечаканая ўдача: рашылі адрэстаўрыраваць касцёл і выкупалі сядзібы тых гападароў, што прыляпілі свае хаты да касцельных сцен. Яго сядзібу выкупілі за фантастычныя для мястэчка, дужа вялікія грошы ў валюце былых ідэалагічных ворагаў Савецкага саюза. Так збылася мара нашага героя “дакрануцца да святога”. І капітал на старасць (і творчасць) застаўся.
Ператварыўся наш ваенрук у “вялікага летапісца”. Пачынаў, зразумела, з панегірыкаў савецкім “славутым працаўнікам,” партызанам-ветэранам. Пасля, як тэмы сталі не дужа актуальнымі, перакінуўся на гістарычнае мінулае. Хто, калі з гістарычных дзеячаў у мястэчку нарадзіўся, калі прыязджаў, куды праязджаў. Якія дамы, палацы, цэрквы дзе стаялі, калі іх разламалі. Добра, што прафесійныя гісторыкі мястэчка не абміналі ўвагай. Тое-сёе перапісаў, троху дадаў, пераказаў - і артыкул для мясцовай прэсы гатовы! А за ім - і ганарар. Ужо глядіш і слава: краявед! Так з’явіўся ў нашага мястэчка летапісец.
Свидетельство о публикации №213021301205
Раиса Дейкун 12.03.2013 10:56 Заявить о нарушении