Колбаса
Байку гэтую за савецкім часам любілі распавядаць у нашым мястэчку. Калі Вы знойдзіце нешта падобнае ў Інтэрнеце, гэта не значыць, што ваш сціплы апавядальнік плагіятар, гэта значыць, што нехта з местачкоўцаў таксама праявіў літаратурны талент. Я ж чула гэтую байку яшчэ ў тыя часы, калі пра Інтэрнет не чуў ніхто.
Занадта доўгая прадмова… Ну, вось… Вось і сама байка…
Адзін мужык дужа пасварыўся з жонкай. У сварцы языкастая баба пазычыла свайму “падвыпітаму” мужыку: “Каб ты задавіўся!” Сказана – зроблена. Так вырашыў наш мужык і палез на гарышча вешацца, прыхапіўшы з сабой скрутак добрых старадаўніх пяньковых вяровак. Баба ж, плунуўшы яму ўслед, падалася на поле даіць карову, бо быў час абедашні. Залез мужык на гарышча, перакінуў вяроўку праз бэльку, адмыслова прасунуў праз рукавы, замацаваў страховачную пятлю пад пахамі, а другую вяроўку ўскінуў на шыю і, таксама, перакінуў праз бэльку. Вісіць, чакае: калі ж з’явіцца баба і залямантуе… Вісіць побач з кілбасамі, што звычайна сушацца “на лета” на гарышчах у местачкоўцаў. Ці доўга вісеў ці нядоўга, ажно чуе: хтось ідзе… Падымаецца па драбінах. Мужык наш язык высунуў з рота, вочы выгаліў… Вісіць, не варухнецца. Чакае бабу. А тут, глядзь: сусед. Ну, рабіць нечага, вісіць далей. Сусед вочы падняў, убачыў вісельніка. Спужаўся, канешне. Але ж, пэўна, сварку чуў і быў маральна гатовы да такой падзеі. Не разгубіўся. Сам сабе мармыча: “Трэба міліцыю вызваць…” І давай цішком каўбасы з жэрдкі збіраць і сабе пад кашулю складаць, бліжэй да сэрца (а мо, страўніка?). Сабраў амаль што ўсе… Тут наш “вісельнік” не вытрымаў і абурыўся: “Сусед, ты хоць палову на хаўтуры пакінь!” Як ветрам здзьмула суседа з гарышча. Забыўся, што і драбіны ёсць… Зламаў нагу, канешне. Добра, што не шыю. Гаспадар тых кілбас потым ужо наведаў яго ў бальніцы. Уваскрэслы вісельнік і рабаўнік выпілі сівухі ў знак прымірэння ды й той кілбасой закусілі.
Свидетельство о публикации №213021301801