Гуйды
Яна памерла на сто другім годзе жыцця. Апошнія гадоў дзесяць бачыла вакол сябе дзівосы. Магла ў начы пабудзіць дачку і запатрабаваць: “Сячы яблыню пад вакном, вунь на яе галінах чэрці калышуцца!” Дачка, такая ж цыбатая і доўганосая, як і яна, раздражнёна адказвала: “Кінь дурное, з тае яблыні летась машыну яблык здалі, і сёлета здамо…” Піліць яблыню, зразумела, не збіралася. Тады бабця брала пілку і цішком выходзіла з хаты, каб здзейсніць задуму. Але дачка ўжо не спала і даволі рашуча спыняла намер старой.
На гарышчы ў іх хаце захоўваліся вузлы старадаўняй адзежы, купленыя за доўгія гады жыцця. Добра было за што: мужык дачкі працаваў недзе ў Сібіры на залатых прыісках і, калі-нікалі, прывозіў грошы. Сям’ю ўсёж-такі не кідаў. Бяспутны гуляка, прыхільнік спіртовых напояў і выхавання жонкі ўдарам кулака, ён памер ад рака. Суседкі казалі, што старая наслала на яго хваробу за свае крыўды, бо перападала і ёй пад “гарачую” руку. Яе дачка за гады жыцця з мужыком паспела “сабраць” на неблагое жыццё і нарадзіць дзвух дачок. Унучкі яе заўсёды былі аб’ектам кпінаў сярод дзяцей мясцовай школы, бо апраналіся ў доўгія спадніцы, сукенкі і паліто часоў маладосці сваёй маці, ці, можа, нават, бабулі. Купленае сёння, новае ў гэтай сям’і ніколі не апраналася, а адкладвалася на “будучыню”. Цыбатыя (а малодшая яшчэ і канапатая) дзеўкі-унучкі збеглі пасля школы, пры першай жа магчымасці, з роднай хаты вучыцца ў горад. І, хаця маці і марыла выдаць іх у мястэчка замуж, паставіць ім хаты на пустэчы ля сваёй, і кіраваць іх жыццём, з яе планам будучыні не пагадзіліся. Дзеўкі купілі сабе на першыя заробкі кароткія модныя спадніцы і павыходзілі замуж. Калі ж старэйшая нарадзіла дзевачку, матка адазвалася на падзею суседкам: “Б…дь нарадзіла б…дь!” Хаця, потым, кажуць, і едзіла да дачок і ўнукаў у бліжэйшы горад.
Дужа верылі ў Бога матка і дачушка. На імшу хадзілі спраўна. Як у нас кажыць, былі “шчырыя каталічкі.” “Ахвяр”, канешне, вялікіх не рабілі.
Грошы ў гэтай сям’і траціліся вельмі ашчадна. З прадуктаў куплялі толькі хлеб, крупы і віно. Віно, каб ноччу прадаць утрая даражэй мясцовым выпівохам. Рацыён дапаўняўся ляснымі ягадамі і грыбамі. Абедзве жанчыны былі знанымі “збіральніцамі”. Ягады ж бясплатна! Ніхто ў ваколіцах так не ведаў лясы, як яны. У апошні час, канешне, дачка ездзіла адна на ровары. Ніколі не брала з сабой суседак-жанчын: баялася паказаць ягадна-грыбныя мясціны. А калі каторую і брала, дык кідала пасярод лесу і знікала. Потым “знаходзілася” ужо з поўным кошыкам ці вядром. Журавін і брусніц “наношвала” дахаты яшчэ зялёных, каб даспяліць і здаць скупшчыкам. Нельга сказаць, што суседзі іх любілі. Да жанчын моцна прычапілася мянушка “гуйды,” што на мясцовым дыялекце азначае “скнары”.
На здабытыя ад продажу ягад і грыбоў грошы дачка купляла тое-сёе “на продаж”: штучныя кветкі (бо ў ваколіцах часцяком былі хаўтуры), пасцельную бялізну, “адрэзы” тканіны, дываны, шкляны і крышталёвы посуд… Усё “да часу” складалася на гарышчы.
Матка і дачка нярэдка сварыліся. У сварцы скрастоўваліся самая брудная лаянка местачковай загартоўкі, ці запазычаная ад “прайдзісвета” мужыка. Потым, канешне, мірыліся і дачка варыла “мамусі” манную кашу, бо зубоў тая даўно не мела.
Матка памерла. Асірацелая дачка ў лепшых народных традыцыях “прычытала”:
“Ах, мамачка мая, галубачка!
Куды ж ты адляцела?
Навошта ж ты мяне пакінула?
Ой, як жа мне жыць без цябе!
Пажыла б яшчэ, мая родненькая!
І так мала ты пажыла!
І так рана ты пайшла!
Мы ж і з табой дружненька жылі,
Бяды-горачка не зналі!
Божаньку дагаджалі!
Ой, узяў ён цябе раненька,
Ой, без цябе мне будзе цяжанька!”
Мясцовыя цішком пасля хаўтур пасмейваліся: ““Гуйда,” пэўна, думала што старая гадоў дзвесце пражыве…”
Свидетельство о публикации №213021301806