Пярэхрысць на бел. мове
Мястэчка сціхла. Сціхла і напружана думала...
Дзеелася нешта дзіўнае. Пэўне, тое паказка ад Бога... А як жа. Ці было такое, каб каталічка ў праваслаўе перайшла? Ды й зашто, быў бы багаты! Дык не ж, галота. Матка - супраціў, бацька - супраціў, а яна - сваё таўчэ! Злюбіліся, пакахаліся. І ён, каб сваёй веры знайсці, дык не ж! Бач ты, бацькоў не слухаюць. Відаць, блізка ў жо канец свету. Прыкладна ў такім накірунку ішлі думкі местачкоўцаў ў тым самым 1937 годзе. Толькі тут трыдцаць сёмы быў зусім не такім, як за ракой, дзе Саветы.
Над ракой высілася будыніна касцёла. Ва ўсёй старажытнай красе. Істужкай цягнуліся жанчыны да імшы, дзе па адной, дзе - па дзве. Часцей, канешне, па дзве-тры: было што абмеркаваць. Пляткарылі, часта памінаючы пана Бога, каб граху не набрацца. Да святой жа імшы ідуць!
- Ах, Матка Боска, што на свеце дзеецца, не іначай ўжо канец свету блізка! За ракой - нейкія камуны прыдумалі. Паадбіралі ўсё чыста ў хазяеў. А ў нас - во што зрабілася! Ай-яй...
- І не кажы, Паўлаўна, што паўдумалі сабе. У нас бацькі, даўней, і не пыталіся. Пётру майго, лічы, і не знала.
- І гэта ж нада-нада, з праведнай веры пайсьці. Хай пан Бог бароніць!
- А я так скажу, суседкі, дзягу добрую бацька ўзяў бы, ды й выбіў бы ўсю любоў!
- Ды які там бацька, хворы, ледзь на ладан дыхае. Няма ў яе каму дзягу браць. Матка зусім учарнела. Вось Марыська й дурыць. Любоў ёй падавай! А ён, бач, то ж за сваю веру стаіць. Ксёндз наш сказаў, што не павянчае, трэба каб тэй малец перайшоў у нашу веру. А ён - упёрся! У царкве павянчаемся, кажа!
На другім канцы мястэчка, у царкве пры могілках ужо ішла служба. У мястэчку была і большая цэрква, аднак, сёння яна была зачынена. Польскія ўлады дазвалялі яе адчыняць толькі на гадавыя святы. У нядзелю ж ладзіліся службы ў старой царкве. Старэнькі папок жыў недалёка, службу пачынаў зарання. На пачатак прыходзілі пеўчыя ды дзяк, ды некалькі старых. А ўжо да абедні збіраліся прыхажане. Размовы ішлі ў царкоўным панадворку. Мужчыны пакурвалі самакруткі, некаторыя і куплёныя цыгарэткі і ўсё больш пра палітыку гаманілі. Бабы паселі на лаўкі ля бліжэйшых да цэрквы магіл, дыхалі свежым паветрам і перадавалі адна адной местачковыя навіны. У царкве чыталі «часы».
Паволі мужчынская гаворка скіравалася ад палітычна-гаспадарчых да лірычна-рэлігійнай злабадзённай тэмы мястэчка.
- Ат, пярэхрысць гэтая, суседка мая, Кульшыха казала, што ксёндз гразіўся тэй Марыські. Казаў, што памінальную імшу па ёй адслужыць. Ат, пярэхрысці! Сама ж тая Кульшыха ад нараджэння ў праваслаўе хрышчыная, а як замуж выходзіла за свайго Кульшонка, дык памяняла веру. Каталічкай стала. А цяпер крычыць: вера наша - самая праведная!
- Ага, ага! Самая праведная. У ксяндзоў жа іхніх жонак няма! Не тое, што ў нашых папоў. Свая пападзя, свае дзеці. А ў ксяндза ўсё служанкі... Каторая ў доме прыбірае, каторая - з ім спіць. Дык і дзеці ж не свае, а служанкіны. Хе-хе-хе..
- Ат, і малец жа гэты, Васька, дурны. Што ён сабе з нашых не знойдзе? Са сваёй веры. Ну, пагуляў, няхай сабе... Ды што яму, з мальца ж як са старца! Малады яшчэ. Матка старая дужа перажывае.
Бомкнуў некалькі разоў звон, збіраючы ў царкву прыхажан. Мужыкі дакурылі, бабы паправілі хусткі і пасунулі ў прапахлае ладанам і воскам памяшканне.
Местачкоўцы папляткарылі, ды й сціхлі. У кожнага - свае справы. Новыя навіны, новыя турботы. Бацюшка з ксяндзом як маглі падагравалі цікаваць да вяселля Ваські і Марыські. Не адзін раз усчуваў Марыську ксёндз, не адзін раз суцяшаў Васькаву матку бацюшка. Прайшлі ўсе пасты, можна і вяселле ладзіць.
Якое там вяселле, так, вечарына для моладзі. Адно што Васькавы сябрукі з бліжэйшай вёскі два вазы з коньмі прыгналі, стужкамі ўпрыгожылі. Марыська сукенку справіла новую, фату прычапіла. Заручальныя пярсцёнкі матчыны з бацькам Васька ўзяў. Павянчаліся ў царкве. З гармонікам і песнямі імчаў вясельны поезд праз мястэчка.
А ў касцёле ў гэты час званілі па Марысьцы званы, як па мёртвай...
Свидетельство о публикации №213031000942