Соседство

Суседства.

І хату купіў ля цэрквы, каб быць бліжэй да бога. Дужа ж, дужа веруючы. Устане, раніцай бывала, і – за работку. Бо божанька наказаў усім работаць. Лазенку топіць, дроўцы бярозавыя падкідвае: ужо ж брага падыйшла, каб не перахадзілася, бо скісне. Гоніць самагоначку, ай добрую. Зямелька ўрадзіла на самагоначку і грушак, і слівак, і бульбачкі. Усё ў нашага дзядка ёсць. Яно, канешне, гэта ўсё добра. Але ў самагоначку лепей за ўсё – сахарок. Астатняе, хай яно сабе. А сахарок усё даражэе й даражэе. А дзядочак нас не засмучаецца, нагоніць – прадасць. І кліенты свае, пастаянныя, як кажуць. Вось і грошайкі на сахарок і яшчэ астанецца. У краме, яно ж даражэй. Ды й ноччу хто тую краму адчыніць. А наш дзядок і ночкай прадасць, і днём, і ў празнічак, і будзен дзень. Грошайкі наш дзядок складае. Яно, канешне, старому што нада. Усё сваё: бульбачка, яечка, шкварачка якая. А што ў тым магазіне: хлеба купіць, ды малака. Карову “дзяржаць” дужа не “выгадна”. Сена купіць - нада, пасту адбываць - нада. Ды й дзе тыя каровы ў мястэчку? Ужо ніхто з местачкоўцаў амаль не трымае: не “выгадна”. Малако і ў магазіне прадаюць.
Топіць лазенку наш дзядок і радуецца. І вада цёплая, і першачок ужо пацёк. Сербане дзядок першачку – такая на яго благадаць сыходзіць. І з курамі пагаворыць, і бабу сваю мацюкне. Ды не проста так, а “трохпавярховым” раскацістым. Няхай ведае, паскудніца, хто ў хаце хазяін! Хай ваду не студзіць, ідзе яму што прасцірне з адзежы. Божанька ж сказаў: “Да убоится жена мужа своего!” Так і грыміць рускі мацюк акурат пад фундаментамі белакаменнай царквы-“мураўёўкі”. Узносяцца пары смагоннага дыму ўвышыню да бліскучых на сонейку купалоў, да вечнага непахіснага блакіту неба.
Лазенку “топіць” стары часта. Бо ёсць попыт на той самы натуральны прадукт. Праз дзень амаль. А жадаеце адчуць каларыт мястэчка? Прыпыніцеся ў нашага местачкоўца ля плота ў нядзелю, калі ідзе служба ў царкве. Дарэчы, плот добры, з суцэльных фарбаваных дошак, вышэй чалавечага росту. Што ў двары - не убачыш. А тут і не трэба бачыць. Ёсць вушы - слухай! “А каб тваю..., такая-растакая....” Бом-бом-бом... Дзілінь-дон... Абедня.


Рецензии