Она ждала войны
А яна чакала вайны. Усё жыццё чакала, калі «трэці раз прыйдзе немец». Адзін нямецкі салдат ведаў польскую мову і сказаў ёй, маладоў дзяўчыне, што немцы прыйдуць на гэтую зямлю трэці раз.
Слухаючы савецкае радыё па правадной сетцы, дзе любілі расказаць пра войны ў «імперыялістычным свеце», баба Надя унукам сваім казала: «Во, бачыце, ужо вайна ідзе, і да нас дойдзе. Немцы, як адхадзілі, мне сказалі, што вернуцца трэці раз...» Так паўплывала на яе псіхіку тая вайна, што ўсё астатняе жыццё чакала яна вайны.
Нарадзілася ў 1913 годзе, у лістападзе. Дужа не любіла, калі лічылі ея гады. «Я ж у самым канцы года нарадзілася, колькі я таго трынаццатага года пражыла. Адзін месяц! Лічы, з чатырнаццатага года я!» гадоў за пяць да вайны паехала са сваёй заходняй Беларусі ў Польшчу. Працаваць. У натоўпе шматлікіх, як зараз кажуць, гастрабайтараў. Жыла ў Варшаве. Зарабіла, накупіла сабе адзення і крыху прывезла грошы, каб купіць зямлю. Усёй сям’ёй сабралі якую капейчыну і купілі зямлі. Добрай і танна. Паны адчувалі, што «нешта будзе». Танна прадавалі. Ішоў 1939 год. Прыйшлі бальшавікі. Сям’я зноў стала беззямельнай. Усе засеяныя надзеяй палеткі прыйшлося аддаць у калгас. Але ж замуж паспела выйсці. Завідная была нявеста. З пасагам. «Адзявалася, што тая лялька. Аднойчы пайшла на вечарыну, плацце сваё красівае адзела. Дык бабы дзівіліся на мяне і, пэўна, сурочылі: упала, як нежывая. Вадой адпырсквалі». Нарадзіла дачку якраз перад самай вайной. Прыйшла вайна, забралі мужа. Вайна забрала маладосць, надзею на сямейнае, жаноцкае шчасце.
Скончылася вайна. Мужык не вярнуўся. Прыйшла савецкая ўлада. Разбірацца сталі, хто што да вайны меў... Саслалі бабу Надзю ў Архангельск. З Архангельска пешшу прыйшла дадому. Па дарозе на Поўнач падарыла аднаму з канваіраў дарагі залаты заручальны пярсцёнак, які цудам захавала і збегла. Пешшу назад прыйшла. Знясіленая так, што перасталі ісці рэгулы. Але нічога, неяк выжыла.
Устаялася жыццё, заспакоілася. Працавала прабіральшчыцай. Чакала новай вайны. Усё жыццё чакала. Дачка падрасла. Баба пастарэла. Прайшло жыццё. І не было самога жыцця. «Работала... А колькі я там жыла, лічы і не жыла зусім...»
Колькі такіх баб ў мястэчках Заходняй Беларусі. Войны і рэвалюцыі спляжылі іх маладосць, надзеі на лепшую долю. Дзялілі ўсё нешта ўлады: межы, землі, людзей... Нікому не было справы да гэтых самых людзей, да іх лёсаў, да іх жыццяў...
Свидетельство о публикации №213081100600