Выше пола - не сажай на бел. языке

Вышэй падлогі – не садзі!

Местачкоўцы з недаверам адносяцца і адносіліся да ўсіх прышлых. Сацыяльная ўстаноўка: маё мястэчка – цэнтр сусвету спрацоўвала тут дакладна. Таму “прышлыя” ў вачах мясцовых жыхароў заўсёды былі носьбітамі нечага невядомага, таямнічага і варожага. Мабыць, таму прыпісвалі местачкоўцы носьбітам іншага светапогляду адмоўныя характарыстыкі: хітры маскаль, ілжывы цыган, скавапны жыд ці лабус. Аднак, у мястэчку жылі і прадстаўнікі усіх “чужых” этнічных груп і жылі даўно. Лічылі сябе паўнавартаснымі местачкоўцамі.

Так і на “пясках” жылі цыганы. Жылі бедна, але за савецкім часам ужо – асела. Адышлі ў нябыт часіны іх вандровак. І як і усе местачкоўцы мелі цыганы свае хаты. Адна такая хата стаяла акурат на краю мястэчка, на “пясках.” Колькасць дзяцей у той хаце падлічыць не здолеў бы ніводзін перапіс насельніцтва, як і колькасць насельнікаў хаты ўвогуле. Будыніна з сабачую будку памерам, яна змяшчала не адну сям’ю. Стаяла на ўскрайку “поля” – парослага пустазеллем і кустоўем выпаса для жывёлы, як успамін аб бадзяжным жыцці цыган. Цыганкі займаліся сваёй спрадвечнай справай – падманам мясцовых кабет і спекуляцыяй на іх цемрашальстве. Ну якая ж з баб не хацела ведаць будучыню? Хацелі ўсе і старыя і малыя. Акрамя таго, цыганкі за нейкі там шматок сала маглі распавесці і сакрэты вядзення гаспадаркі, здароўя, якімі нібыта валодалі. Калі б местачковыя бабы былі крыху разумнейшымі, то бачылі б, што не можа падзяліцца “сакрэтам” з імі асоба ў якой у самой з дзесятак зарумзаных мурзатых, недагледжаных дзяцей, ды яшчэ і сіняк пад вокам – “навука” спрадвечна п’янага, гуляшчага мужыка. Але гэта калі б…

Здарылася тая гісторыя ўжо даўно. Таму і стала байкай.

Прыйшла да аднэй бабы ў хату цыганка. Пагадала, як водзіцца. Расказала ўсё чыста што было і тое-сёе з таго, што будзе. Што было цыганка ўдала распавяла, бо перад тым зайшла да суседкі і што трэба дазналася. Тут і паверыла ў яе сілу баба. Давай частаваць цыганку, улагоджваць. А была ў жанчыны адна бяда: шмат дзяцей і ўсіх дагледзіць не магла, бо пагодкі. Нараджала кожны год, як кажуць: “аднага – сосіць, другога – носіць!” То з лаўкі зваляцца, то праз парог перакуляцца.

Ну дык і пытаецца ў цыганкі жанчына:
 -Ай, вой гэтыя дзеці  малыя, вока ды вока за імі нада! Скажы, ці ёсць які сакрэт у вас цыган, каб дзеці не валіліся і не біліся.

Цыганка ёй і кажа:
-Ёсць, скажу, калі дасі яшчэ каўбасу і яек.
Дала баба цыганцы яшчэ і каўбаску і яек, а тая кажа:
-Вось табе галоўны цыганскі сакрэт, каб дзеці не валіліся і не біліся: Вышэй падлогі – не садзі!

Узяла харчы, ды й пайшла.


Рецензии
Добры дзень, Алена.

Цикавы аповяд.

Толькі, чаму ніжэй?

Я б сказала: каб не зваліўся - вышэй падлогі не садзі :-))

З павагай,

Альжбэта Палачанка   24.09.2013 08:40     Заявить о нарушении
Так і ёсць. Проста ў кагось (ха-ха) пачынаецца старэчы маразм.
За водгук - дзякую, Валенціна.
З павагай,

Елена Гайдамович   24.09.2013 15:44   Заявить о нарушении