Герои телевидения
Першым зацвітаў куст чаромхі заўсёды ў гародчыку Кані (націск на першы склад). Каня – гэта дзядок амаль міфічны. Маленькага росту, сухенькі, з казлінай бародкай нагадваў дамавіка. Карыстаўся папулярнасцю ў мясцовых бабак: кожная імкнулася запрасіць яго “чытаць ксёнжкі” на ўласныя хаўтуры. Добра “пяяў” царкоўныя спевы. Паводле плётак, служыў калісьці дзякам ў царкве. Дзятва абдзірала каняву чаромху з боку вуліцы на букеты, што выклікала ў апошняга хвалю абурэння. Таму рэгулярна ранняй вясной Каня падпілоўваў куст, фарміраваў яго, даглядаў. І хата ў Кані была дагледжаная, акуратненькая, пафарбаваная, але такая ж маленькая, цацачная, як і сам Каня. Ніколі не была я ў той хаце, але, здаецца, складалася яна з двух пакояў, мела два вакны (на поўдзень і на поўнач).
Памёр Каня. Адпяяў сваё на хаўтурах. Дзіва, аднак, на гэты “пернікавы дамок” знайшліся пакупнікі. Які дамок, такія і купцы. Выкупілі ў каневага спадкаемцы (а быў і такі, як ні дзіва) дамок.
Каларытна выглядаў пераезд: двухкалёсная тачка, напоўненая барахлом і нейкім рыззём, запрэжаная невялікага росту жанчынай са спітым тварам і высахлым мужчынам, падкаціла да каліткі каневай сядзібкі. Перасяліліся.
Пачалі “гаспадарыць”. Чаромху ўжо тут не стрымліваў ніхто, разраслася. Дзятва, што яе ламала, павырасла, а новую ў ваколіцах заводзіць было некаму. Некаму было і абпілоўваць чаромху, бо новыя гаспадары былі занятыя справай служэння адвечнаму богу Бахусу, пра якога не ведалі, але аддана дагаджалі. Прывезлі яны з сабой хваробу, забытую ў ваколіцы за савецкім часам: сухоты. І вельмі хутка ёй ужо захварэла некалькі мясцовых выпівох, што зачасцілі ў “пернікавы дамок.” Сапраўды, гасцінныя людзі: дзяліліся апошнім. З іх прыездам у жыццё мясцовах пьяніц быў уведзены прынцып узаемадапамогі. Калі раней тыя пілі, покуль не заканчваліся грошы (звычайна, пенсія свая ці матчына), то зараз хаўрусна было вырашана: прастаўляецца адзін, потым – другі, потым – трэці (у каго ёсць грошы). Жывое увасабленне прынцыпа: ты – мне, а я – табе. І, такім чынам, “весялуха” не спынялася, рухалася па коле. Улетку і ўвосень, увогуле, грошы вадзіліся ва ўсіх, бо праз раку быў лес, у якім поўна ягад і грыбоў. А перакупшчыкі добра плацілі за прыродную сыравіну. З раніцы папрацуеш – другую палову дня святкуеш. Зімой – цяжэй. Аднак тут не дае выцвярозіцца пенсійнае дзяржаўнае забеспячэнне: сёння ў аднаго пенсія, заўтра – у другога…
Зразумела, што у такім рытме жыцця некалі было людзям пільнаваць іншыя справы, напрыклад, дроў нарыхтаваць. Ужо не кажучы пра правілы пажарнай бяспекі. Вось і пагарэў канеў дамок… Выгарэў чыста ўнутрох… учаднеў і той высахлы мыжчына, што калісьці вёз тачку…
Пасля пажару дамок, учарнелы і растрыбушаны, сумна пазіраў на дарогу. Кусту чаромхі таксама дасталася: галінкі, што датыкаліся да вакна падгарэлі. На панадворку валяліся закопчаныя зэдлікі і сінтэтычнае мякоцце канапы. У такім непрыглядным свеце пабачылі дамок жыхары ваколіцы, наўмысна прыйшоўшы паглядзець на здарэнне.
З тае прычыны стала ваколіца і дэкарацыяй для двухвіліннага сюжэта сталічных навін у рубрыцы “крэмінальныя здарэнні.” Гэта і было повадам для гонару мясцовых жыхароў. А да такіх жа выпівох, як і пагарэльцы, сунуўся карэспандэнт аж на панадворак і, уявіце сабе, нават стыпаўся: “Як Вы ацэньваеце прычыну здарэння?” У хату з камерай хітрая цётка не пусціла, бо пабаялася адкрыць ісціну гледачам тэлебачання. І гістарычнае інтэрвью адбылося на ганку. Жанчына, якая сама рэгулярна ўдзельнічала ва ўсіх пьянках, філасофскі адказала: “А хто яго ведае... Нармальныя людзі, я б не сказала, што якія там…”
Па ваколіцы пагалоскам разнеслася навіна: паказалі па тэлебачанні! Мы сталі ГЕРОЯМІ ТЭЛЕБАЧАННЯ! Не аднаразова за гэтую падзею было выпіта…
Такая ўвага да ваколіцы з боку сталічных сродкаў інармацыі выклікала яшчэ адну падзею. Праз колькі дзён, галоўны раённы начальнік пажарнай інспекцыі, пад’ехаўшы на інамарцы да заканчэнчэння асфальта, пашыбаваў па пескаватцы ад хаты да хаты з благой весткай: “Будце асцярожнымі з агнём!” Маршрут раённага начальніка выглядаў вельмі цікава: хаты, якія неслі прыкметы нядбайнасці і дэградацыі інспектр старанна абмінаў і заходзіў выключна ў тыя дамы, якія выглядалі больш-менш прыстойна.
Усюды размова з гаспадарамі заканчвалася: “У наступны раз – будзем штрафаваць!” Прынесшы благую вестку, з пачуццём выкананага доўга, начальнік знік…
Свидетельство о публикации №214031700672
Гело Своктявк 22.07.2014 13:00 Заявить о нарушении