Узница
***
Мужыка “забралі” на вайну. Засталася Марыя з чатырма дачкамі адна. Лічы, што з чатырма. Пятая, якая там дачка. “Адаробак,” “чаропка.” Мужыка у 1941 годзе забралі. На станцыю адправілі. А там – тры дні сядзеў, эшэлона не было. Недзе рэльсы разбамбілі, а іх камісары дзяржалі пад зброяй. На трэці дзень сталі бамбіць немцы іх станцыю. Як сталі бамбіць, мужыкі разбегліся, хто куды. Некаторых забіла, камісары растрэліваць сталі, бо ўвідзелі, што разбягаюцца. Ён жа спасся, збег неяк, прыйшоў дахаты. У пограбе сядзеў, еў і еў толькі, ды свае “мужчынскія” справы спраўляў, як той кабель малады. Вось і радзіла. Акурат праз дзевяць месяцаў. Думала што не зацяжарыць, аж – панесла. А што так думала, дык нядаўна ж дзіцёнак памёр. Толькі грудзямі адкарміла. Мужык, бач, усё хацеў мальчыка. Каб малец быў. Чатыры дачкі, мальца хацеў. Дык радзіла. А як перад вайной дзярэўня гарэла, гарэла хата яе хроснай маткі. Яна бярэменная рвалася пажар тушыць. Мужык у хаце запёр, каб у будучага рабёнка чаго на твары не было. Кажуць, што калі на пажар бярэменная паглядзіць, то плямы тады чырвоныя радзімыя, асабліва, калі рукамі схваціцца. А так білася, білася… Нарадзіла. На твары нічога не было. Але мальчык удаўся кволенькі, крыклівы. І ад “крыксаў” рабілі, і “ад суроку.” Не памагло. Памёр. Гэта перад самай вайной. Дык малако доўга ў грудзёх яшчэ было. Дамала, не панясе зноў. Панесла. У сорак другім радзіла.
Мужык, закашляў. Харкаць стаў крывёй. Ці то ў пограбе застудзіўся, ці што якое. Але ж стаў чахнуць і чахнуць. Помачы ніякай. Многія з дзярэўні мужыкі вярнуліся тады з таго “прызыву.” Ды толькі ізноў, праз які час, забралі іх… А ейнага – не забралі. Застаўся. На могілках лёг. Пахавалі. І пражыў не так доўга. Бацюшкі не было, так закапалі. Які там бацюшка, самі неяк памаліліся. Памянулі, чым было.
У красавіку сорак другога радзіла дзеўку. А ў сорак трэцім сталі вывазіць ў Германію з іх дзярэўні. Сем’ямі вывазілі, з дзецьмі. Бралі ўжо не толькі маладых і здаровых, але і баб з рабятамі. Яе пагрузілі з усімі дочкамі. Пехам да той самай станцыі, з якой мужыка на вайну забралі прыгналі, у вагоны пагрузілі і павезлі. Большыя дзеўкі яшчэ нічога, а малая… Дужа цяжка было з ёй… Ссала і ссала сіську… А што там той ежы, мала давалі есці… Баланду нейкую раскідаюць па вагонах. Прывезлі. Куды, што, ніхто не знаіць. Пасялілі ў бараках… Дзяцей не адымалі. А дзеўка тая, хоць і малая, аказалася крэпкая, ссала і ссала сіську… У рыззі мокрым, ванючым ляжала, аж не раўла. Крэпкая, дужа ўдалася. Не глядзі што вайной радзілася. Аднак, і яна стала хілець. Вады піла болей, каб малако было. Малую карміла сіською. А старэйшыя, іх жа сіськай карміць не будзеш, галадалі, галодныя былі. Ежы мала. Халодна, азежа, што з сабой узялі пазнасілася. З баракаў, у якіх іх пасялілі мясцовыя сяляне-немцы сталі браць памашнікоў сабе. Тады кармілі ўжо лепей. Дык яна сваю Лільку аддала ў сям’ю. тм хоць кармілі. У нядзелю Лільку пушчалі да маткі ў баракі. Прыносіла: то бульбіну вараную, то яшчэ што… А што елі рабя;ты з баркаў, дык палоўнікаў лавілі, жаб і елі, траву елі. Немцы ўвідзяць – плююцца, “швайна,” кажуць на рабят.
Спярша ўсё нейкія акопы капаць іх ганялі, кіламетарў за сем ад баркаў. А тады ўжо сталі з баракаў сялянам месцовым даваць у помач. Марыя стала хадзіць к аднаму немцу на хутар свіней карміць. Немец інвалідам вярнуўся ў 1942-м без нагі. Кавёлу нейкую прырабіў сабе на культю, так і скакаў. Малады яшчэ, жонка памёрла ад нейкай хваробы. Прыглядзеў Марыў. Чым яна там яму прыйшлася, невядома. Баба з кучай дзяцей. Аднаго разу, “зашчаміў” у хляву, у кутку. Тады пасля даў троху хлеба. Дзеўкам сваім прынесла ў барак. Большыя малую глядзелі, ёй хлеба пажавала, дала ў рот. З таго разу стала Марыя прынасіць дзіцям то бульбіну, то варыва якога ў місачцы. Баялася толькі, што зацяжарыць.
У гэты раз, пазваў ён Марыю ў хлявок, аднак, не стаў падол падымаць, як павялося, а дастаў дзве пляшкі нейкага напою свайго нямецкага і кружку. Нешта там лапатаў, узбуджана. Марыя не слухала, не разумела, ці не хацела разумець. Наліў, заставіў выпіць, сабе наліў – выпіў. Яшчэ і яшчэ наліваў. Закускі не было. Галодная Марыя ап’янела адразу. І ён ап’янеў, лапатаў нешта, усё больш і больш гучна… Марыя захацела пайсьці, схапіў яе за валасы. Марыя штурханула немца ў грудзі. Ён асёкся, падвярнуў сваю культю, заваліўся ў кутку і… нечакана п’яна захроп, побач са свіным катухом. Жанчына папаўзла. Вельмі пьяная паўзла і паўзла прэч і прэч… Ішла, паўзла. Сцямнела. Марыя дабралася да барака. Дзеўкі спалі. Малая ляжала сярод рыззя і саломы. Прачнулася, пацягнулася да матчынай сіські. Стала ссаць, ссала і ссала. Тады ўжо толькі пабітая баба заснула п’яным сном.
Раніцай Марыю дужа вынітавала. Дочкі думалі, што ад голаду. Яе вынітавала ад таго напою. Браць яе на працу не прыйшоў ніхто. Дзевак забралі капаць нейкія акопы. Марыя крыху аправіўшыся пачала аглядацца: дзе ж малая. І толькі тады заўважыла закручанае ў мокрую ад вынітавання салому цельца дзіцяці. Яна было халоднае і нейкае сіняе. Марыя зразумела, што праз малако сама атруціла дзіця. Загаласіла, завыла, заскуголіла… “Адаробка” ужо не было.
У барак прыйшлі немцы. І нейкія “свае”, што прыглядалі за парадкам. Жанчыну адвялі ў барак для інфекцыйных: думалі захварэла. А труп рабёнка закапалі там жа, дзе і астатніх памерлых з барака.
Інфекцыйных не паспелі “ліквідаваць”. Марыя выжыла. Прыйшлі вызваленцы. Гэта былі амерыканцы. Па нейкай там дамове савецкіх грамадзян перадалі савецкім вайсковым ўладам, потым: пагрузілі ў таварныя вагоны і адправілі на радзіму. Старэйшым дочкам жанчына сказала, што малодшую спецыяльна атравілі немцы…
Прыехалі дамоў: хата без вакон, разрабаваная, але ацалелая… Жылі ў зямляны, салому ў калхозе кралі ноччу і хадзілі прадаваць ў горад. У калгасе працавалі. Дочкі павыбіліся: старэйшая з дачок пайшла пацаваць у горад. Санітаркай работала, тады – медсястрой. Сярэднюю, Лільку ў горад забрала, работала, каб тая вывучылася на ўрача. Сама старэйшая замуж так і не выйшла.
Адно што не памагло. Калі жыццё больш-менш наладзілася, пайшлі ўнукі, захварэла Марыя. Рак грудей. Лячыць старую не сталі. Лілька сказала: “Што Бог дасць, тое і будзець…” Бог даў: Марыя памёрла.
***
З успамінаў дачкі Марыі Лількі: “Што перажыла наша сям’я, што перажыла… Узнікамі былі. Я як малалетняя ўзніца кампенсацыю палучала ад немцаў… Нас з мамай вывезлі ў Германію. Сястрычку маю малодшую немцы атравілі.”
Свидетельство о публикации №215011100977