Пъянчук
Сёрбаў суп Бо. Рука з лыжкай трымцела і ляскала па зубах. Афіцыянтка спытала:
- Цяжка?
- Ёсць трохі.
- Дык можа сотачку?
Я ведаю афіцыянтку ўжо гадоў дзесяць. Чырвоная кепка з жоўтай в’етконгаўскай знічкай сядзіць на ёй як адзінае цэлае. Заходжу ў гэны "Сайгон" раз на год. Бывае, два.
Кажу: нельга.
Яна пасміхаецца. Маладая, гадоў трыццаць. Дробная, як верабейка. У гэты раз у яе няма пярэдніх разцоў. Аніякага манікюру, пазногці пад мяса абшчыканыя. Але ўсміхаецца. Даў ёй дзесяць рублёў на марожанае.
Можа і сапраўды набыць па дарозе дахаты шкаліка? Нельга ж так, раптам саскочыць з шляху валацугі-п'янчука. Успомніў закадычнага сябра.
На днях будзе пяць гадоў, як мой Сашка, таварыш, дзесьці ў бары, на пятым коле пекла, налівае сабе пахмельную.
Тады ён не паспеў. Нікога побач не знайшлося.
Я кіўнуў афіцыянтцы.
Я ж алкаш. Моднае паліто, капялюш і штыблеты , гэта так, маскіроўка. Пражыць бы яшчэ дзень. Я выйшаў у студзень. У небе самотна чырванеў Марс. Я пагразіў яму кулаком і скруціў смачную дулю. Хай толькі не будзе вайны, трэцяя сотка зрабіла сваю справу. Я адкрыў смартфон і цвёрдай рукой напісаў:
… Алкаш. Сёрбаў суп Бо. Рука з лыжкай трымцела і ляскала па зубах...
Яна заўсёды пытаецца:
- Калі зноў прыедзеш?
- Праз год, калі не іздохну.
- Я заўсёды буду чакаць цябе.
Пяшчотна цалую майго в’етконгаўскага байца ў лысыю патыліцу. Яе мініяцюрная рука здрыгнулася, нібы пачула нешта жахлівае. Гербіцыд Agent Orange дагнаў нашае каханне ў трэццім пакаленні.
Мінск. 2025
Свидетельство о публикации №226011701424