Деяния 10 1-48

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 10:1-48

Калі мы паглядзем на два папярэднія разьдзелы і разьдзел, разглядаемы намі, дык можам пабачыць вельмі цікавыя рэчы. Мы станемся сьведкамі навяртаньня нашчадкаў сыноў Ноя. Па-першае, мы бачылі эўнуха з Этыёпіі, які, безумоўна, прыналежаў да роду Хама. Продкам Саўла з Тарса быў Сім. Зараз жа мы пабачым сотніка Карнэля, які быў нашчадкам Яфэта. Якое цудоўнае сьведчаньне таго, што Добрая Вестка адзіная для ўсіх расаў ды культур і што ў Ісусе Хрысьце, паміж імі, сьціраюцца ўсе межы. У другім разьдзеле гэтай кнігі Пётр скарыстаўся ключамі Божага Валадарства, каб адчыніць дзьверы юдэям, а зараз мы ўбачым, як ён робіць тое ж і для паганаў.

Дзеі 10:1-16
«А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай, пабожны багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу. Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: “Карнэль!” Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: “Што, Госпадзе?” А той сказаў яму: “Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам. І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць”. Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім, і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу. А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётр узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны. Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне, і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю. У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя. І стаўся голас да яго: “Устаўшы, Пётр, заколвай і еш”. А Пётр сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага”. І голас ізноў другі раз да яго: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”. Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба» (Дзеі 10:1-16).

Цэзарэя – умацаваны горад на беразе Сяродземнага мора, які быў адбудаваны Ірадам Вялікім і названы ў чэсьць цэзара Аўгуста. Гэты горад меў вельмі важнае стратэгічнае значэньне для Рыма і таму там знаходзілася значная колькасьць вайскоўцаў, а, акрамя гэтага, тут знаходзілася рэзыдэнцыя пракуратараў Юдэі. Геаграфічна Цэзарэя знаходзілася прыкладна ў 50 км. на поўначы ад горада Ёппы. І вось Лука хоча паказаць нам вельмі значны момант у гісторыі хрысьціянскае царквы, які адбыўся менавіта ў гэтым горадзе. Упершыню, сярод юдэяў, у Царкву быў дапушчаны паганін. І паколькі сотнік Карнэль, у сваёй асобе, мае такое важнае значэньне ў гісторыі Царквы, абмяркуем і тое, што мы можам пра яго ведаць.

Карнэль – сотнік рымскага войска, які камандаваў сотняй легіянэраў у складзе Італійскай кагорты. А зараз перакладзем усе гэтыя тэрміны на сучасную і зразумелую нам мову. Асноўным вайсковым аб’яднаньнем у войску Рыма быў легіён, у складзе якога было, як мінімум, шэсьць тысячаў легіянэраў. Гэта адпавядае сучаснай дывізіі. Легіён (дывізія) складалася з дзесяці кагортаў, дзе налічвалася па шэсьцьсот вайскоўцаў, што, прыблізна, адпавядае сучаснаму батальёну. Кагорта (батальён) складалася ж з шасьці сотняў, што адпавядалі сучасным ротам. Дык вось, Карнэль быў ротным камандзірам, што адпавядае сучаснаму лейтэнанскаму чыну. І яшчэ. Гэтыя сотнікі – цэнтурыёны – уяўлялі сабою аснову дысцыпліны і баяздольнасьці рымскага войска. Такім быў і Карнэль – патрабавальным, дысціплінаваным і паважаным чалавекам. Ён быў прыкладам чалавека, які жыве ў той ступені сьвятла праведнасьці, які даваў яму Бог. Зразумела, што гэтага сьвятла было яму, для збаўленьня, недастаткова і таму Бог паклапаціўся пра тое, каб ён атрымаў сапраўднае сьвятло Добрай Весткі. І вось.

Аднойчы, каля дзявятае гадзіны дня, ён убачыў у відзежы анёла Божага, які зьвярнуўся да яго па імяні. Карнэль ня быў гебраям і таму вельмі спужаўся, бо прыняў анёла за Госпада. Анёл жа супакоіў яго, кажучы, што ягоныя малітвы і дабрачынныя дзеі ягоныя прыемныя Богу, але, каб ён стаўся сапраўдным сынам Божым, неабходна паслаць за апосталам Пятром, які і зробіць для гэтага ўсё правільна. Пётр жа, як мы ведаем, знаходзіўся ў Ёппе, у доме Сымона гарбара, чакаючы загаду для дзейнасьці ад Госпада свайго Ісуса Хрыста. Відзеж Карнэля – разнавіднасьць Божага адкрыцьця, каб усе мы ведалі, што да веры ў Хрыста Карнэль быў прыведзены звыш. Вялікая міласэрнасьць Бога, бо Ён ня кажа Карнэлю ісьці да Пятра, але, наадварот, Ён хоча, каб Пётр прыйшоў да сотніка і сказаў яму пра навяртаньне да Ісуса Хрыста. Карнэль не паволіў ні хвіліны, калі паслаў сваіх давераных людзей да Пятра ў Ёппу.

І вось Пётр. Ці адыйшоў ён ад юдэйскіх прынцыпаў? І таму, паперш, чым прыняць Карнэля ў царкву юдэйскіх веруючых, Пётр павінен быў засвоіць пэўны урок ад Госпада. Чаму? Таму што юдэі лічылі, што Бог абыякавы да паганаў і што Ягоная прыязнасьць накірована толькі на іх. І таму Пётр павінен быў быць упэўненым у няслушнай думцы, перш чым Карнэль мог быць прынятым у хрысьціянскую царкву. Мы ўжо адзначалі, што Пётр ужо адыйшоў ад жорсткіх юдэйскіх правілаў, калі пэўны час жыў у Сымона гарбара, які лічыўся нячыстым, бо ягонае рамяство было зьвязанае з забітымі жывёламі. Але няма сумненьняў ў тым, што Сымон гарбар быў хрысьціянінам і Пётр пачаў бачыць, што Ісус Хрыстос пазбаўляе ўсіх гэтых дробязных законаў і забаронаў.

Відзеж Пятра, які быў не такім жа зразумелым, як відзеж Карнэля, быў вельмі вобразным і загадкавым, які павінен быў даць Пятру вельмі глыбокае ўражаньне. Пятра ахапіла захапленьне, калі ён маліўся на даху дома Сымона гарбара. Ён убачыў вялікі абрус з «нячыстай ежай», які апусьціўся з неба. Голас з неба тройчы прапанаваў яму есьці гэта і на адмову есьці нячыстае, ён пачуў ад Госпада: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань». Зразумела, што відзеж Пятра тычыўся ня проста чыстай ці нячыстай ежы, а меў найбольш глыбокі сэнс. З прыходам хрысьціянства правілы, якія тычыліся ежы, ужо ня дзейнічалі. Але, сапраўдным значэньнем гэтага відзежу было тое, што Бог адчыняе дзьвер веры паганам. Нацыянальныя і рэлігійныя адрозьненьні павінны зьнікнуць, і ўсе веруючыя ў Ісуса Хрыста павінны стаць роўнымі ў хрысьціянскім братэрстве. Пётр ня ведаў, як будуць працягвацца падзеі і спачатку, напэўна, і не зразумеў сэнсу гэтага відзежу. Гэта мы ведаем, што падгатаваў нам Лука на пачатку гэтага разьдзелу. І таму мы, разам з рымскім сотнікам, які, пакуль што, знаходзіцца па-за Царквой Хрыста, пагледзем, што пачуюць пагане ад апостала Пятра. І, спадзяемся, пачуем новы і дзіўны адказ.


Дзеі 10:17-33
«Калі ж Пётр бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, як бачыў, вось мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон называны Пятром. А як Пётр думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: “Вось, тры мужы шукаюць цябе. Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі не сумняваючыся, бо Я паслаў іх”. Зышоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётр сказаў: “Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля чаго вы прыйшлі?” Яны ж сказалі: “Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе”. Тады Пётр, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім. І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарыю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў. Калі ж сталася, што Пётр увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся. А Пётр падняў яго, кажучы: “Устань, і я таксама чалавек”, І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных. І прамовіў да іх: “Вы ведаеце, што не належыцца мужу юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым. Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?” І прамовіў Карнэль: “Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам. Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”. Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад аблічча Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога”» (Дзеі 10:17-33).

Прадузятасьць. Гэта тое, калі чалавек вырашае свае думкі да таго, як вызнае факты. Вельмі часта мы падтрымліваем нашыя прадузятасьці, гледзячы на тое, што ўказвае на нашую карысьць, а на астатняе мы неяк і не зьвяртаем асаблівай увагі. Што зьмянілася ад старажытнасьці да нашага часу? Па сутнасьці, нічога. Так было і ў часы апостала Пятра, які лічыў, нягледзячы на нейкі зрух у хрысьціянскім сьветапоглядзе, што ёсьць «чыстае і нячыстае». І, ў сувязі з гэтым, Лука паказвае нам дзіўныя падзеі, якія перакрэсьліваюць уяўленьні юдэяў адносна паганаў, якіх яны павінны, быццам бы, цурацца. Прававерны юдэй ніколі ня стаў бы зносіцца з паганінам, а нават і з габрэям, які не трывае Закону Майсея. Але, як чыніць Пётр? Калі слугі Карнэля, па юдэйскаму звычаю, не пайшлі далей брамы, Пётр прывітаў іх і запрасіў у дом на адпачынак. Бар’ер, які адлучаў юдэяў ад паганаў, дзіўным чынам пачаў разбурацца.

Усё гэта дзяньне Ісуса Хрыста і, сьведчаньняў гэтаму, ва ўсе часы, шмат і і шмат. Ёсьць сьведчаньне, калі некалькі варагуючых плямёнаў у Афрыцы, у Ісусе Хрысьце сталі братамі і ніколі больш не варагавалі паміж сабою. Так ёсьць у сьвеце і так будзе заўсёды. Але, ня ўсё так проста. Перамены ж ідуць і Лука нам пакажа яшчэ іх у доме сотніка Карнэля. Пётр жа ведаў, добра ведаў што, згодна Пісаньняў, Ізраіль павінен асьвятляць сьвет, як памятаў і тое, што Ісус казаў пра час, калі людзі прыйдуць да Яго з усіх канцоў зямлі. Але, калі мы разумеем усё гэта, мы павінны разумець і тое, што пагане таксама мелі жаданьне быць збаўленнымі і набыць жыцьцё вечнае. Як і сказаў Ісус, Пётр ёсьць той, якому Ён даручыў зямную Сваю дзейнасьць, а таму мы і пабачым дзейнасьць Ісуса ў Пятры. Пётр яшчэ ня ведае дакладна, што робіць у ім Хрыстос, але ён разумее, што павінен выконваць тое, што скажа яму Бог.

І вось мы бачым сустрэчу апостала Пятра і сотніка Карнэля. Ня гдедзячы на тое, што Паўлу было падгатавана Госпадам быць апосталам у паганаў, а Пятру ў абрэзаных, менавіта Пётр павінен быў пакласьці пачатак навяртаньня паганаў да веры ў Хрыста. Пра тое, што Дух наказвае Пятру адправіцца ў шлях разам з пасланцамі Карнэля і ёсьць тлумачэньне ягонага відзежу. Такім чынам, схаванае становіцца відавочным. І Пётр, які разважаў пра відзеж, калі ён намагаўся пракрасьціся ў яго свамі розумам, зразумеў гэта толькі ад Божага разуменьня. Гэта вучыць нас, што той, хто жадае навучыцца ад Бога, павінны разважаць пра Божае і дасьледаваць Пісаньне ўвесь час свайго жыцьця. Той жа факт, што відзеж спачатку зьдзіўляе Пятра, пасьля знаходзіць сваё тлумачэньне, бо ён убачыў тое, што і патрабаваў ад яго Бог.

Хрыстос адкрываецца не адразу, як не адкрылі Яго адразу ўсе, хто ўдзейнічаў у гэтым дзіўным дзеяньні. Пётр не адразу зразумеў свой відзеж, а Карнэль чакаў нечага незвычайнага, памятаючы тое, што ён бачыў у сваім відзежы. Але Ісус, ёсьць па-над усім гэтым і кіруе намі як хоча, але, пры гэтым, гледзячы на нашыя сэрцы. Ісус дапускае ў нашых сэрцах нейкія сумненьні, каб мы разважалі пра гэта і дасьледавалі гэта з усіх бакоў, каб зразумець тое, што Ён хоча сказаць нам. Бог ведае, якое кожнаму з нас прадвызначана служэньне, а таму Ён ведае і тое, як нас да гэтага прыгатаваць.

Пятра навучаў ня толькі сам відзеж, але і слова ад Бога. Ці зразумеў Пётр, што сказаў яму Бог? Мяркуем, што не. Ва ўсякім выпадку да таго моманту, калі тлумачальнікам для Пятра стаў Сьвяты Дух, які падказаў яму тое, што ён быў павінен зрабіць. Пра што гэта кажа? Пра нашую нейкую запаволенасьць розуму і пэўны характар чалавека. Жан Кальвін, напрыклад, назваў паводзіны Пятра яскравым прыкладам нашага тугадум’я, бо мы настолькі павольна спасьцігаем тое, што хоча ад нас Бог, што нам, сапраўды, патрэбны тлумачальнікі. Але Лука кажа, што Пётр старанна разважаў над убачаным і пачутым, а таму Бог і адчыніў стукаючаму. І вось, пераможаны аўтарытэтам Госпада, Пётр спакойна і без сумнёву, сустракае, вітаючы, гасьцей, каб на наступны дзень, разам з імі, ісьці ў дом сотніка Карнэля.

Мы бачым, што разам з Пятром пайшлі ня толькі людзі Карнэля, але і шэсьцёра веруючых братоў з Ёппы. Лука ня проста так заўважае гэтую «дробязь» у сваім аповядзе, бо і тут ёсьць пэўны сэнс, які аўтар жадае падкрэсьліць. Ці можа яны баяліся за жыцьцё Пятра, бо, усё ж, за ім прыйшлі ўзброеныя людзі рымскага войску? Можа нейкі элемент гэтага і прысутнічаў, але больш відавочна тое, што гэта Бог накіраваў іх разам з Пятром, каб яны сталіся сьведкамі Божай ласкі і ўмацаваліся ў веры, убачыўшы, як Валадарства Ісуса Хрыста распаўсюджваецца на паганаў.

Чакаючы Пятра, Карнэль сабраў у сваім доме блізкіх яму людзей і гэта таксама ёсьць ласка Божая, калі прысутныя з Карнэлем відавочна ўбачаць, як пагане і гебраі становяцца братамі і сёстрамі. Калі Пётр увайшоў, Карнэль упаў да ног Пятра, але апостал забараніў яму гэтае дзеяньне, сказаўшы, што ён ня большы чым чалавек. Сьціпласьць Пятра – вялікі прыклад, бо ў наступныя вякі знаходзіліся «пераемнікі Пятра», якім падабалася, калі перад імі схіляюцца калені. Пётр жа, ніколі і нікому такога поваду не даваў. Зараз жа, убачыўшы мноства людзей, Пётр патлумачыў, што, як юдэй, ён не павінен быў заходзіць у гэты дом, але Бог яму адкрыў, што ён не павінен больш лічыць паганаў нячыстымі. І таму ён тут. Карнэль распавёў свой відзеж да прысутных, калі анёл Божы прапанаваў запрасіць Пятра, каб было сярод іх пачутае слова Божае. Безумоўна ж, дастойна хвалы тая смага, з якой сэрца гэтага паганіна прагнула слова Божага і таму мы чуем словы Карнэля: «А цяпер мы ўсе прыйшлі перад абліччам Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».


Дзеі 10:34-48
«А Пётр, расчыніўшы вусны, сказаў: “Праўдзіва спасьцерагаю, што не аблічча зважае Бог, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць. Словы паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго. Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян, як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім. І мы – сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве. Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых. І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых. Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае”. Калі Пётр яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова. І дзівіліся верныя з абрэзанных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа, бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётр: “Няўжо нехта можа забараніць вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?” І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён» (Дзеі 10:34-48).

Пётр пачынае сваю прамову са шчырага сьведчаньня. Так, ён лічыў, што Божая міласьць распаўсюджваецца толькі на Ізраіля. Але зараз, па адкрыцьцю Госпада, ён зразумеў, што Бог не глядзіць на нацыянальнасьць, а глядзіць на сэрца чалавека – шчырае і пакаянае: «Але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць». Вельмі важныя словы Пятра, як, дарэчы, і ўсё напісанае ў Бібліі. Але, тлумачыць гэтыя словы можна па рознаму.

Некаторыя людзі выкарыстоўваюць гэта на свой лад. Яны, «бачачы» сябе дабрачыннымі людзьмі, лічаць, што Бог таксама бачыць іхнія добрыя ўчынкі і таму прымае ахвяру Ісуса Хрыста, у тым ліку і за іх. Усё проста і няма патрэбы незразумелага нараджэньня звыш, як няма патрэбы і напружвацца ў служэньні Ісусу Хрысту. І можна лічыць, што Валадарства Божае ўжо ў кішэні. Але мы з гэтым не пагадзімся, бо, нават, калі чалавек дабразычлівы і робіць па справядлівасьці, гэта яшчэ не азначае збаўленьня. Збаўленьне прыходзіць па веры ў Ісуса Хрыста. Бог бачыць сэрца чалавека і калі Ён там знаходзіць імкненьне да Яго, Ён паклапоціцца пра тое, каб гэты чалавек пачуў Добрую Вестку і, такім чынам, атрымаў збаўленьне.

Ці ня тое ж мы бачым у доме Карнэля? Пётр дабравесьціць паганам пра Ісуса Хрыста, кажучы, што хаця Добрая Вестка была спачатку пасланая юдэям, Ісус Хрыстос ёсьць Госпада усіх – як юдэяў, так і паганаў. Сам Ісус часта распавядаў вучням розныя гісторыі ў выглядзе прыпавесьцяў. Вучні ж, слухаючы Ісуса, самі пакрысе перамяняліся, бо зьмяняўся іхні погляд на гэты сьвет. Таксама і вучні, у больш позьні час, часта пераказвалі гэтыя гісторыі, якія чулі ад Ісуса. Але аднойчы яны зразумелі, што ў іх ёсьць новы і найлепшы аповяд – аповяд пра Ісуса Хрыста. Яго можна было распавядаць па рознаму, але ў гэтым розным была адзіная і асобная сіла. Гэты аповяд уяўляў сабой кульмінацыю апавяданьня пра Бога-Творцу ўсяго сьвету, пра Бога-Творцу і Свайго народу Ізраіля. І галоўнае тое, што імя Ісуса ў гэтым аповядзе мела цэнтральнае значэньне. А сілу імя Ісуса Хрыста мы ўжо бычылі ў розных дзеях апосталаў і іншых вучняў.

Апосталы ж былі сьведкамі, якія маглі пацьвердзіць праўду Ісуса Хрыста. Яны былі з Ім па ўсёй Юдэі і Ерусаліме. Але, нягледзячы на бездакорнае жыцьцё Ісуса, Які заклікаў да любові і міру, людзі забілі Яго, павесіўшы на дрэве. Бог жа ўваскрасіў Яго і даў Яму бачыцца з прадвызначанымі сьведкамі, якія пілі і елі з Ім. Уваскросшы Ісус усклаў на апосталаў абавязак сьведчыць пра Яго, Які ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых. Пётр не засяроджваецца на тэме суду, але, замест гэтага, ён тлумачыць слухачам, як можна пазьбегнуць асуды, адкрываючы ім вялікую праўду хрысьціянства. Прарокі Старога Запавету вучылі, што веруючы ў імя Мэсіі Хрыста атрымае прабачэньне грахоў. І гэта тычыцца ня толькі Ізраіля, але і ўсяго сьвету. Калі хто хоча прабачэньня грахоў, трэба толькі паверыць у Ісуса Хрыста.

Таму мы ня будзем зьдзіўляцца, што, калі Пётр абмаляваў толькі агульныя контуры аповяду пра Ісуса Хрыста, Сьвяты Дух зыйшоў на прысутных слухачоў. І гэта – той момант, які мы так чакалі, бо так сказаў Ісус Сваім вучням: «І будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі» (Дзеі 1:8). Словы Ісуса спаўняюцца, бо мы бачылі зыходжаньне Сьвятога Духа ў Ерусаліме і Самарыі. І вось Сьвяты Дух зыходзіць на паганаў. Безумоўна тое, што Цэзарэя – гэта яшчэ ня край зямлі, але мы бачым, што Добрая Вестка прыйшла да рымлянаў. А гэта, між тым, вялічэзны крок дабравесьця, бо мы ведаем памеры імперыі рымлянаў і якія краіны туды ўваходзілі.

Калі Сьвяты Дух зыйшоў на паганаў, усе яны казалі рознымі мовамі, усхваляючы Госпада. Веруючыя юдэі, якія прыйшлі разам з Пятром, дзівіліся на тое, што пагане прынялі Духа Сьвятога, ня будучы празэлітамі-юдэямі. Але Пётр ужо ў значнай ступені адыйшоў ад юдэйскіх забабонаў. Ён адразу зразумеў, што Бог ня робіць ніякай розьніцы паміж юдэям і паганінам і таму, адразу, прапанаваў хрысьціцца ўсяму дому Карнэля. Зьвярнем увагу на словы Пятра: «Якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы». Яны кажуць пра тое, што гэтыя пагане збавіліся таксама, як і юдэі – простай вераю. Не было і гаворкі пра выкананьне Закону, абразаньні ці якога іншага юдэйскага абраду. З гэтага ж мы разумеем, што ніякія этнічныя, геаграфічныя і культурныя бар’еры больш не перашкаджаюць ні воднаму чалавеку набыць прабачэньне і новае жыцьцё. І тут няма месца нейкай лёгкадумнасьці і нават саступкі паганам. Мяркуем, што Карнэль гэтага і не намагаўся. Ён жадаў, каб яго шчыра прынялі, ацалілі і пераўтварылі ў новае жыцьцё. І ён гэта атрымаў.


Рецензии