Деяния 13 1-52
Дзеі 13:1¬52
Застаецца невядомым, у які канкрэтна час былі ў Ерусаліме Барнаба і Саўл, каб выканаць даручэньне царквы Антыёхіі. Ці было гэта пад час сьмерці Якуба, арышту і цудоўнага вызваленьня Пятра, ці раптоўнай сьмерці Ірада? Мы ведаем ад самога Паўла, што ён правёў у гэты час пятнаццаць дзён з Пятром, а гэта азначае, што Пётр, у гэты момант, не хаваўся ад Ірада. Але гэта, у аповядзе Лукі, не галоўнае. Галоўнае ж тое, што на першы план аповяду зараз выходзіць апостал Павал, а цэнтрам, з якога Добрая вестка разыходзіцца па ўсіх напрамках да паганаў, становіцца Антыёхія Сірыйская.
Дзеі 13:1-12
«Былі ж у Антыёхіі, у тамтэйшай царкве, некаторыя прарокі і настаўнікі: і Барнаба, і Сымон, называны Нігер, і Луцый Кірэнэец, і Манаэн, што гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, і Саўл. А калі яны спраўлялі служэньне Госпаду і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: “Аддзяліце Мне Барнабу і Саўла на справу, на якую Я паклікаў іх”. Тады яны, посьцячы і молячыся, і ўскладаючы на іх рукі, адпусьцілі іх. Тыя ж, выпраўленыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію, і адтуль паплылі на Кіпр. І, апынуўшыся ў Саляміне, прапаведвалі слова Божае ў сынагогах юдэйскіх; а мелі яны Яна за паслугача. Прайшоўшы ж выспу да Пафа, знайшлі нейкага чараўніка, фальшывага прарока, юдэя, на імя Бар-Ісус, які быў у праконсула Сяргея Паўла, мужа разумнага. Той, паклікаўшы Барнабу і Саўла, шукаў слухаць слова Божае. А чараўнік Эліма, бо так перакладаецца імя ягонае, супрацьстаяў ім, шукаючы адвярнуць праконсула ад веры. А Саўл, ён жа Павал, напоўніўшыся Духам Сьвятым і ўглядаючыся на яго, сказаў: “О, сыне д’ябла, поўны ўсякае падступнасьці і ўсякай ліхоты, вораг усякае праведнасьці! Ці не перастанеш ты крывіць простыя шляхі Госпада? І вось цяпер рука Госпадава над табою, і будзеш ты сьляпы, ня бачачы сонца да часу”. І адразу зыйшлі на яго змрок і цемра, і ён, блукаючыся, шукаў, хто б яго вёў за руку. Тады праконсул, убачыўшы, што сталася, паверыў, дзівячыся навуцы Госпадавай» (Дзеі 13:1¬12).
Хрысьціянская Царква стаяла на надзвычайна важнай мяжы. Хрысьціяне Антыёхіі вырашылі абвясьціць Эвангельле Хрыста ўсяму сьвету. Безумоўна, што іх, у гэты момант, накіроўваў Сьвяты Дух, бо першыя хрысьціяне не рабілі такія рэчы па свайму разуменьню, але заўсёды выконвалі волю Божую. Лука паказвае нам антыяхійскую царкву як царкву унікальную, бо мы бачым даволі значны кіруючы склад гэтай царквы. Замест аднаго чалавека, прызначанага быць служыцелем ці пастарам, царква мела многіх людзей, маючых дары ад Сьвятога Духа. Лука пералічвае пяцёх прарокаў і настаўнікаў, якія, кожны на сваім месцы, служылі справе Ісуса Хрыста ў царкве Антыёхіі. Як мы памятаем, прарок – гэта чалавек, асаблівым чынам адораны Сьвятым Духам, здольны прымаць адкрыцьцё непасрэдна ад Бога і прапаведаваць пра гэта іншым. Настаўнікі ж - гэта людзі, якім Дух Сьвяты даў здольнасьць проста і зразумела выкладаць і тлумачыць Слова Божае. Лука не падзяляе гэтых пяцёх на прарокаў і настаўнікаў, ды гэта і ня так важна, хаця і цікава. Галоўнае ж тое, што гэтыя людзі слухаліся Госпада і аддана рабілі сваю справу. Узгадаем жа яшчэ раз імёны тых, каго пералічыў Лука на пачатку гэтага разьдзелу.
• Барнаба. Мы ўжо пазнаёміліся з гэтым выдатным Божым служыцелем і паплечнікам апостала Паўла. Лука, аддаючы даніну павагі, называе яго першым, магчыма, таму, што ён раней за іншых паверыў і служыў Ісусу Хрысту.
• Сымон, называны Нігер. Гледзячы на ягонае імя можна выказаць здагадку, што гэта юдэй ад нараджэньня з афрыканскай дыяспары. Чаму ён узяў сабе імя Нігер? Можа таму, што быў чалавекам асмуглым і што, дарэчы, можа пацьверджваць ягонае афрыканскае паходжаньне. Існуе версія, што гэта той самы Сымон кірэнэец, які нёс на Галгофу крыж Хрыста. Але, гэта толькі версія, хаця і вельмі павабная.
• Луцый Кірэнэец. Вельмі верагодна, што ён быў адным з тых кірэнэйцаў, якія першымі прыйшлі ў Антыёхію, каб прапаведаваць паганам хрысьціянства.
• Манаэм. Безумоўна юдэй, які выхоўваўся разам з Ірадам Анцыпай, тэтрархам. І гэта цікавы факт, бо то ёсьць чалавек ад блізкага атачэньня Ірада, які навярнуўся ў хрысьціянскую веру.
• Саўл. Мы ўжо ведаем, хто гэта такі і, хаця ў гэтым сьпісу імя Саўла было ўзгадана апошнім, менавіта яму наканавана было стацца жывым уяўленьнем праўды Ісуса Хрыста: «Апошнія будуць першымі».
Гэтыя пяць чалавек сьведчаць пра тое, што першая хрысьціянская царква была адзінай і згуртаванай, якая не рабіла адрозьненьняў паміж людзьмі. У ёй дзейнічаў новы крытэр: «Ня хто ты, але чый».
І вось аднойчы, калі гэтыя прарокі і настаўнікі памкнуліся да малітвы, Сьвяты Дух зусім вызначана паказаў ім адлучыць Барнабу і Саўла на справу, якую Госпад падгатаваў для іх. Гэта сьведчыць пра тое, што Дух Сьвяты абвесьціў пра тое прарокам і настаўнікам. Лагічна ж і тое, што Ён казаў праз аднога з прарокаў - магчыма Сымона, Луцыя ці Манаэна. Такія нашыя назіраньні. Першым у сьпісу прызначаных да місіі для паганаў быў Барнаба, але пасьля гэтае вандроўкі Лука вызначыць першым нумарам ужо Паўла. Гэты ўрывак кнігі Лукі мае вялікую практычную важнасьць, таму што падкрэсьлівае ролю Духа Сьвятога ў кіраўніцтве першахрысьціянскімі цэрквамі і ўспрымальнасьць вучняў Ісуса Хрыста да Ягонага кіраўніцтва.
У выніку Павал і Барнаба накіраваліся на выспу Кіпр. Чаму менавіта так? Можа таму, што Кіпр - гэта родная краіна Барнабы і зусім верагодна, што Барнаба меў жаданьне падзяліцца Эвангельлем з суайчыньнікамі. Кіпр - тагачасная рымская правінцыя, вядомая сваімі меднымі руднікамі і караблебудаваньнем. Зрэшты Кіпр называлі Макарыем, што азначала «Шчасьлівая выспа». Клімат Кіпра лічыўся вельмі спрыяльным, а багацьце прадуктаў харчаваньня і выкапняў дазваляла кожнаму знайсьці тут усё неабходнае для дабрабыту. Але не за тым Павал і Барнаба прыйшлі сюды. Яны прыйшлі, каб данесьці да тутэйшых Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста. Ён і Барнаба прыйшлі прапаведаваць ў галоўны горад выспы Паф, які меў дурную славу за тое, што там квітнеў культ Венеры - багіні каханьня. І гэта не выпадкова, бо Павал ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў, каб дабравесьціць пра Ісуса Хрыста.
Рымскім кіраўніком Кіпру быў, на той час, праконсул Сяргей Павал, які і запрасіў хрысьціянскіх вандроўнікаў да сябе. Разумны чалавек, які, як і многія вяльможныя людзі, меў каля сябе і чараўнікоў ды прадказальнікаў. Такі быў час, але гэты Сяргей Павал жадаў спазнаць і праўду, бо менавіта з таго і зьявіліся на ягоныя ўласныя вочы Барнаба і Павал. Мы больш ня будзем казаць пра Саўла, бо той жа чалавек Павал будзе ў далейшым тым самым выбраным посудам Госпада Ісуса Хрыста. Так Саўл стаў Паўлам і, з гэтага часу, ён пачаў карыстацца сваім паганскім іменем. А калі гэта так, дык з гэтага часу ён канчаткова стаў на шлях, прызначаным для яго Сьвятым Духам і з гэтага моманту для яго ўжо не было ніякага шляху назад. І вось, мы назіраем на паводзіны Паўла пры прысутнасьці праконсула і чараўніка Бар-Ісуса. Безумоўна, гэта дзіўна гучыць, што Бар-Ісус зьяўляецца юдэем, бо юдэйства і чараўніцтва? Вялікае пытаньне.
Жан Кальвін вельмі проста ставіцца да гэтага. Махляр, які намагаецца адапхнуць сьвятло, бачачы, што ёсьць нейкая магчымасьць захавацца ў цемры. Гэта да ўсіх нас, бо ўсе прывабы сьвету - гэта ня што іншае, як чары д’ябла, якімі ён не перастае нас адбіваць ад веры. Таму мы і кажам зараз пра фальшывага прарока, які быў пры праконсулу на Кіпры. Павал жа, адзначым яго на першым месцы, адказаў кіраўніку гэтай краіны тое, што і павінен быў сказаць. І гэта ня тычылася ўсіх тамтэйшых гебраяў. Але.
Бог разарваў сувязі, якія зьвязвалі праконсула з д’яблам, які неверагодным чынам зьнявольвае розум падпарадкованых ім людзей. Павал жа, сваімі дзеяньнямі, адкрыў розум праконсула да праўды. Наогул разумеючы, што чараўнік Эліма – вораг праўды, Павал выкрывае яго перад вачыма праконсула, называючы апошняга сынам д’ябла, які намагаўся ўсякім чынам сказіць Божую праўду. Сьлепата Эліма часовая, каб мы зразумелі некалькі рэчаў. Паколькі Эліма намагаўся трымаць сваіх слухачоў, у тым ліку і праконсула, у цемры, ён быў пакараны фізічнай сьлепатою: «І ён, блукаючы, шукаў, хто б яго вёў за руку». Чараўніка Эліма ёсьць сэнс лічыць атаясамленьнем Ізраіля, які не жадаў прыняць Госпада Ісуса Хрыста. Але і ня толькі, бо ўсімі сіламі намагаўся перашкаджаць іншым гэтае зрабіць. Вынік вельмі сумны, бо Ізраіль, як бы, асьлеплены Госпадам за тое, што не пазнаў Хрыста Мэсію. Але, як і ў выпадку з Элімаю, гэта справа часовая і ёсьць надзея, што, ў рэшце рэшт, Ізраіль навернецца да Хрыста Мэсіі, як гэта і павінна было быць ад пачатку.
Усё што адбылося ў прысутнасьці праконсула вельмі ўразіла апошняга, але яшчэ большае ўражаньне ўзьдзейсьніла на яго вучэньне ад Барнабы і Паўла. Такім вось «дзіўным» чынам гэты рымскі праконсул стаў сапраўды веруючым Госпада Ісуса і першым высокапастаўленым чалавекам рымскага чынавенства выспы Кіпр. Больш таго, тое што Павал наводзіць часовую сьлепату на Эліму, кажа нам пра першы запісаны цуд апостала. Але і гэта ня ўсё, бо гэтае дзеяньне было зроблена супраць юдэя, які перашкаджаў даводжаньню Добрай Весткі да паганіна Сяргея. Выпадак жа гэты вельмі значны па трох прычынах. Па-першае, ён кладзе пачатак кіраўнічай ролі Паўла ў ў гэтай першай мэсіянэрскай вандроўцы. Па-другое, гэтае апостальскае служэньне набывае відавочны перавес у бок паганаў. І, па-трэцяе, сьлепата Элімы, як у кропле вады, адлюстроўвае «сьлепату» Ізраіля. Такім вось чынам Лука падкрэсьлівае пераходны характар сваёй кнігі, бо на першы план Дабравесьця выходзяць пагане, і Бог - часова адварочваецца ад гебраяў, чым і выказвае ім Сваю асуду.
Дзеі 13:13-25
«А тыя, што з Паўлам, выйшаўшы з Пафу, прыйшлі ў Пэргію ў Памфіліі. Ян жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерусалім. А яны, прайшоўшы Пэргію, прыйшлі ў Антыёхію Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі. А пасьля чытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: “Мужы браты! Калі ёсьць у вас слова пацяшэньня народу, кажыце”. Павал жа, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: “Мужы ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога, паслухайце! Бог народу гэтага, Ізраіля, выбраў бацькоў нашых, і ўзьвялічыў народ, калі яны былі прыхаднямі ў зямлі егіпецкай, і ўзьнятым рамяном вывеў іх з яе, і на працягу сарака гадоў зносіў іх у пустыні, і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаан, даў ім на ўласнасьць зямлю іхнюю. І пасьля гэтага каля чатырохсот і пяцідзесяці гадоў даваў судзьдзяў да Самуэля прарока. У той час прасілі яны валадара; і даў ім Бог Саўла, сына Кісавага, мужа з калена Бэн’яміна, гадоў на сорак. І, адставіўшы яго, паставіў ім за валадара Давіда, пра якога і сказаў, сьведчачы: “Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа паводле сэрца Майго, які выканае ўсю волю Маю”. З ягонага насеньня Бог паводле абяцаньня падняў Ізраілю Збаўцу Ісуса. Перад абліччам прыйсьця Ягонага абвяшчаў Ян хрышчэньне навяртаньня ўсяму народу Ізраіля. А калі Ян споўніў бег свой, ён сказаў: “За каго лічыце мяне? Не я гэта, але, вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах”.» (Дзеі 13:13-25).
Засяродзімся на словах Лукі: «А тыя што з Паўлам». Мы бачылі да гэтага, што менавіта Барнаба быў тым чалавекам, які «цягнуў» Паўла на ягонае служэньне. І вось мы бачым высакароднасьць Барнабы, калі ён аддае першынства ў сваёй мэсіянэрскай групоўцы Паўлу. І гэта не дарэмна, бо пачалі спаўняцца словы Ісуса Хрыста: «Ён -Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі, і валадарамі, і сынамі Ізраіля». І вось, Павал і тыя што з ім, прыбыўшы ў Пэргію, пачалі сваю эвангелізацыйную дзейнасьць. Але, пры гэтым, засталося даволі непрыемнае пытаньне. Ян Марк не пайшоў з імі і навярнуўся ў Ерусалім. Чаму так сталася? На гэтае ёсьць некалькі здагадак. Магчыма, што Марк быў незадаволены зьменай старшынства, тым больш, што ён даводзіўся пляменьнікам Барнабы. А можа і тое, што зараз Эвангельле, у першую чаргу, прапаведывалася паганам. І трэцяя здагадка ў тым, што Марк наўпрост спужаўся небясьпечнага шляху, выбранага Паўлам ¬ праз Цьверскія горы ў Антыёхію Пісідзскую.
Гэтая Антыёхія знаходзілася на тэрыторыі Фрыгіі, але вядомая як Антыёхія Пісідзская, таму што была побач з Пісідзіяй. Дарэчы як і іншыя гарады, - такія як Лістра, Траада, Філіпы і Карынт,- Антыёхія была рымскай калоніяй, але гэта не галоўнае. Галоўнае ж тое, што гэтыя гарады былі важнымі гістарычнымі кропкамі ў служэньні Паўла і ягонай групоўкі. Антыёхія Пісідзская знаходзілася на вышыні 1100 метраў над узроўнем мора і шлях да яе быў вельмі цяжкі. Тым больш, што, па ўсёй верагоднасьці, Павал быў хворым (кажуць што на ліхаманку), але ён, не зважаючы на ўсё гэта, ішоў у Антыёхію, каб служыць Хрысту. Пазьней Павал напіша пра гэта ў сваім лісьце да Галятаў, бо менавіта ў рымскай правінцыі Галятыі знаходзіліся цэрквы Антыёхіі Пісідзскай, Іконіі, Лістры і Дэрбіі: «А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней, і вы не пагардзілі спакусай маёй, якая ў целе маім і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса» (Гал 4:13-14).
І вось, як звычайна, яны пачалі сваё служэньне ў мясцовай сынагозе. Пад час суботняга служэньня традыцыйна чыталіся дзьве часткі Пісаньня - з Пяцікніжжа і з Прарокаў. Відавочна і тое, што начальнікі сынагогі ведалі, - побач з імі знаходзіліся госьці, якія былі вельмі зацікаўленыя ў служэньні, а значыць і ў слове. Дык вось.
Уявім сабе наступнае. Нехта (фізічная ці юрыдычная асоба) прэзэнтуе рэканструкцыю нейкага, маючага гістарычную каштоўнасьць, будынка з мэтаю прыцягнуць да гэтага праекту рэальных інвестараў. Як будзе паводзіць сябе аўтар прэзэнтацыі? Ён пачне распавядаць, уздымаючы на паверхню ўсю гісторыю будынка, ды і ня толькі, але таксама і тыя гістарычныя падзеі, якія адбываліся вакол гэтага аб’екта. Калі ж аўтар праекта вызначыць толькі канчатковую мэту рэканструкцыі, дык посьпех такой прэзэнтацыі будзе ў значнай ступені сумніўным. Так і з Паўлам, калі ён выходзіў сказаць слова пра Ісуса Хрыста ў сынагозе Антыёхіі Пісідзскай.
Ён пачаў з выбраньня Ізраіля народам Божым і выхаду яго з плену егіпецкага. Павал скарыстаўся магчымасьцю паказаць, як старазапаветныя абяцаньні прышэсьця Мэсіі зьдзейсьніліся ў Ісусе Хрысьце. Лука яшчэ пакажа нам некалькі ўзораў пропаведзі Паўла. Гэтая ж пропаведзь - першая паўнавартасна разгорнутая пропаведзь у ягоным служэньні і якая накірована на аудыторыю, добра знаёмую з Старым Запаветам. І яшчэ адзін момант. Лука зусім не дарэмна дае такія грунтоўныя экскурсы ў гісторыю Ізраіля, бо мы ведаем, што ён, у сваіх творах, арыентаваўся на чытачоў-паганаў, якія гэтай гісторыі ня ведалі. А гэтае веданьне было вельмі важным, каб не складалася ўражаньне таго, што жыцьцё, сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста - гэта нейкая асобная гісторыя, якая жыве сама па сабе. Але, усё па парадку.
Лінія, якую выбраў Павал для сваёй пропаведзі зразумелая. Як і Стэфан, ён пераказвае гісторыю Ізраіля, падкрэсьліваючы яе асобныя моманты. Але, калі Стэфан засяроджваў увагу на Абрагаме, Язэпу і Майсеі, дык Павал, хутка пераскокваючы гэтыя гістарычныя падзеі, засяроджваецца на валадарстве Саўла і Давіда. Наогул поўную пропаведзь апостала мы можам умоўна падзяліць на тры часткі:
• Прадбачаньне прышэсьця Мэсіі і падрыхтоўка да гэтага, што вызначылася, у рэшце рэшт, самім ходам гістарычных падзеяў (13:16¬25).
• Непазнаньне юдэямі Мэсіі ў Ісусе Хрысьце, укрыжаваньне Яго і Ягонае ўваскрасеньне (13:26¬37).
• Практычныя высновы са сказанага і заклік да слухачоў Паўла (13:38¬41).
Разглядаючы першую частку пропаведзі, засяродзім сваю ўвагу на тое, як Павал зьвяртаецца да слухачоў: «Мужы ізраільцяне і тыя, хто баіцца Бога». Павал, гэтым самым, зьвяртаецца ня толькі да юдэяў, але і да паганаў, якія хіліліся да Бога Ізраіля. І вось апостал, разглядаючы гісторыю Ізраіля, дае напамін пра ўсе асноўныя падзеі і ўцягнутыя ў гэтыя падзеі народы: выхад Ізраіля з Егіпту, саракагадовае блуканьне ў пустыні, заваёва Ханаана шляхам зьнішчэньня сямі народаў. Далей ідзе час судзьдзяў і валадарства Саўла і Давіда. Ад Давіда ж натуральна было перайсьці да Збаўцы Ісуса Хрыста і да Ягонага прадвесьніка Яна Хрысьціцеля. Сказаўшы пра Давіда, Павал перасоўваецца ў часе на тысячу гадоў, кажучы, што прароцтва Давіда ня тычыліся яго самога, але былі накірованыя да ягонага нашчадка. Апостал кажа, што Бог нарэшце выканаў абяцанае і паслаў Ізраілю Збаўцу. Так, Павал верыць, што Ісус Хрыстос прыйшоў для ўсяго сьвету, але ён кажа юдэям пра першапачатковую сувязь Ісуса з Ізраілем, бо Добрая Вестка была, па-перш, накірована да народа Божага. Тое, што Бог казаў патрыярхам, зьдзейсьнілася. А калі так, дык сьвятло Дабравесьця павінна было асьвятліць і ўсе астатнія народы. Гэта ж азначае, што эвангельскую гісторыю ні ў якім разе нельга адрываць ад усёй гісторыі Ізраіля.
Павал кажа слухачам у сынагозе, што народ Божы быў папярэджаны пра прышэсьце Мэсіі Збаўцы. І не адзін раз. Першыя ўказаньні на гэта даваў яшчэ Давід тысячу гадоў таму. Апошнім жа прадвесьнікам быў Ян, які ня толькі абвяшчаў хрышчэньне навяртаньня, але і казаў пра Мэсію Хрыста, Які ідзе за ім: «Але вось, ідзе за мною Той, Якому я ня варты разьвязаць сандалы на нагах». Павал будзе працягваць сваю прамову, а мы, разам з іншымі, паслухаем уважліва.
Дзеі 13:26-43
«Мужы браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, якія Бога баяцца! Вам пасланае слова збаўленьня гэтага. Бо жыхары Ерусаліму і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і асудзіўшы, споўнілі словы прарокаў, чытаныя кожную суботу, і, не знайшоўшы ніякае сьмяротнае віны, прасілі Пілата, каб Ён быў забіты. Калі ж зьдзейсьнілі ўсё, напісанае пра Яго, зьняўшы з дрэва, палажылі ў магілу. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых. Ён шмат дзён зьяўляўся тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія ёсьць сьведкамі Яго перад народам. І мы вам дабравесьцім, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог споўніў нам, іхнім дзецям, уваскрасіўшы Ісуса, як і ў другім псальме напісана: “Ты - Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе”. А што Ён уваскрасіў Яго з мёртвых, каб той больш не вярнуўся ў парахненьне, Ён сказаў гэтак: “Дам вам сьвятасьці Давідавыя верныя”. Дзеля гэтага і ў іншым псальме кажа: “Не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне. Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне, а Той, Каго Бог уваскрасіў, ня ўбачыў парахненьня. Дык няхай будзе вядома вам, мужы браты, што праз Яго прапаведуецца вам адпушчэньне грахоў, і ў-ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца ў законе Майсеевым, у Ім апраўдваецца кожны, хто верыць. Дык глядзіце, каб не прыйшло на вас сказанае ў прарокаў: “Пабачце вы, якія пагарджаеце, і зьдзівіцеся, і шчэзьніце, бо Я раблю справу, якой вы не паверыце, калі хто распавядзе вам”. Калі ж яны выходзілі з сынагогі юдэйскае, прасілі іх пагане, каб і ў наступную суботу гаварылі словы гэтыя. А як разыйшлася сынагога, шмат юдэяў і пабожных празэлітаў пайшлі за Паўлам і Барнабам, якія, размаўляючы з імі, пераконвалі іх заставацца ў ласцы Божай» (Дзеі 13:26-43).
У гісторыі разьвіцьця чалавецтва, раз за разам, узьнікалі такія моманты, калі патрабаваліся пэўныя кардынальныя перамены. Людзі павінны былі гэта зразумець, каб на гэтае пагадзіцца, але нехта з дасьведчаных павінен быў давесьці людзям пра тое, што адбываецца. Прыкладаў шмат і адзін з першых – выхад гебраяў з Егіпту. Уявім сабе сітуацыю, калі некалькі мільёнаў чалавек паслухаліся Майсея і Аарона, каб кінуць усё і пайсьці ў бок Чэрмнага мора, да зямлі абяцанай. Безумоўна, што ўсё гэта было ад Бога, але што не ад Бога і ў наш час? Майсей распавёў Ізраілю, што насталі пэўныя перамены і на гэтае трэба правільна рэагаваць. Былі і далейшыя гістарычныя пытаньні, на якія патрэбна было правільна рэагаваць. Не заўсёды гэта атрымлівалася, бо мы ведаем трагічныя падзеі першай і другой сусьветных войнаў. І гэта нягледзячы на тое, што хрысьціянскае вучэньне было вельмі распаўсюджана ў сьвеце. Зараз жа мы маем даволі сур’ёзныя экалагічныя сусьветныя праблемы, якія насьпелі для свайго вырашэньня. І на гэтае трэба тэрмінова рэагаваць, каб не атрымаць у будучым непрыемнасьці.
Пра такую ж неадкладнасьць кажа ў сваёй пропаведзі і Павал. Ён ня проста дае нейкі ўрок гісторыі з новым фіналам. Павал ня проста кажа. Ён папярэджвае: “Калі вы не адрэагуеце на гэтае новае правільна, дык справа вашая вельмі дрэнная”. Павал заклікае да разуменьня таго, што Бог творыць новае - новае, якое Ён задумаў даўно і даўно абяцаў. Апостал кажа слухачам пра тое, што першасьвятары Ізраіля не зразумелі гэтага новага і забілі Мэсію, Які быў дадзены ім на збаўленьне. Але ці могуць першасьвятары перашкодзіць зьдзяйсьненьню Божага плану? Безумоўна што не. І таму Павал кажа юдэям і тым, хто баіцца Бога пра ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Ісус уваскрос - і гэтым Бог выканаў абяцаньне Абрагаму, Язэпу, Якубу, Майсею, Давіду і прарокам.
Павал акцэнтуе ўвагу слухачоў не на Давідзе, калі зьвяртаецца да псальмаў, але да Таго, пра Якога казаў Давід: «Ты - Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе» (Пс 2:7). Давід кажа пра новае нараджэньне Сына Божага, Які будзе валадарыць над народамі і судзіць іх. Далей мы бачым, што Павал цытуе (з кантэксту) прарока Ісаі: «І дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду» (Іс 55:3). Павал як быццам бы кажа пра тое, што абяцаньне Давіду зараз адкрытыя кожнаму чалавеку і ніякай супярэчлівасьці тут няма. Наш Бог верны абяцаньням у Ісусе, якія распаўсюджваюцца на ўвесь сьвет.
Але Павал павінен засяродзіцца яшчэ на двух момантах. Па-першае, ён павінен патлумачыць, чаму Ісус ёсьць нашчадак Давіда, а першасьвятары не пазналі Яго. Яны не зразумелі Пісаньняў, якія чыталіся кожную суботу, але, ня гледзячы на гэта, яны выканалі гэтыя Пісаньні, пакараўшы Ісуса. Дзіўна, але гэта так. Пісаньні ня проста абвяшчалі будучага Мэсію, а людзі гэтага не зразумелі. Было ж сказана, што Мэсія будзе адпрэчаны Сваім народам і праз гэтае адпрэчаньне прароцтва ў Пісаньнях адбудзецца. Усе гэта кранае таямніцу пакліканьня Ізраіля, калі Бог пажадаў збавіць наш сьвет ад грэху. Ён паклікаў народ, які ня толькі быў рашэньнем праблемы, але і часткаю гэтай праблемы. Зразумела, што для Паўла гэта было цяжкай высноваю, але ён павінен быў гэта рабіць, бо такое было ягонае служэньне Ісусу Хрысту.
Падругое ж, ёсьць больш радасная тэма. Новы сьвет, які ствараецца Госпадам праз сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, абвяшчае адпушчэньне грахоў. Любых грахоў. Вашых і маіх. Хлусьлівасьць і глупства, слабасьць і сьвядомы супраціў; грахі ганебныя, брудныя, падступныя і бліскучыя, цялесныя, міжнародныя, лакальныя і асабістыя - усе, абсалютна ўсе яны, могуь быць адпушчанымі. Павал кажа, што Закон Майсея дазваляў ачысьціцца ад многіх з іх, але «бруду» заставалася вельмі і вельмі шмат. Але зараз магчыма поўнае ачышчэньне і ніхто больш не паўстанне паміж намі і Госпадам. Мы ж становімся ад гэтага паўнавартаснымі і свабоднымі членамі Божага народу. Менавіта так і дзейнічае Добрая Вестка пра ўваскрасеньне Ісуса Мэсіі, Сына Божага.
І вось трэцяя частка прамовы Паўла перад слухачамі ў сынагозе, якая дае ім няпросты выклік. Ён закончвае сваю пропаведзь папярэджаньнем ад прарока Абакума (таксама з кантэксту): «Паглядзіце паміж народамі і ўважліва ўгледзьдзеся, і вы моцна зьдзівіцеся, бо Я ўчыню ў дні вашыя такую дзею, якой вы не паверылі б, калі б вам расказалі» (Аб 1:5). Глядіце, не прамяніце, бо стаўкі высокія. Так казаў Павал да ўсіх тых, хто знаходзіўся ў сынагозе, так ён зьвяртаецца і да ўсіх нас. І няма нічога дзіўнага, што за Паўлам і Барнабаю пайшло шмат народу, каб паслухаць больш падрабязна пра тое, што ён казаў ім. Будзем жа і мы з імі, каб больш зразумець тое, што казаў ад Ісуса Хрыста апостал Павал.
Дзеі 13:44-52
«А ў наступную суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае. А юдэі, убачыўшы натоўп, напоўніліся зайздрасьцю і працівіліся таму, што гаварыў Павал, пярэчачы і блюзьнячы. А Павал і Барнаба, адважыўшыся, сказалі: “Да вас належала спачатку гаварыць слова Божае. А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў. Бо так загадаў нам Госпад: “Я паставіў цябе як сьвятло для паганаў, каб быў ты на збаўленьне да краю зямлі”. А пагане, чуючы гэта, радаваліся і славілі слова Госпадава, і паверылі ўсе, якія былі прызначаныя да жыцьця вечнага. І разносілася слова Госпадава праз усю краіну. А юдэі падбухторылі пабожных і паважаных жанчынаў, і першых людзей у горадзе, і паднялі перасьлед на Паўла і Барнабу, і выгналі іх з межаў сваіх. Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію. А вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым» (Дзе 13:44-52).
Сход народу для слуханьня Паўла і Барнабы сьведчыць пра тое, што яны не перапыняліся ў сваёй эвангельскай працы ўвесь тыдзень і іхнія намаганьні не былі марнымі. Увесь горад, кажа Лука, сабраўся слухаць Паўла і Барнабу і няма ніякага сумненьня, што большасьць слухачоў складалася з паганаў. Але, як кажа Лука, юдэі стварылі супраціў таму, што казалі прапаведнікі. Лука кажа што гэта ад зайздрасьці, але ўсё ж незразумела, што ён меў з гэтага на ўвазе. Можа гэта была звычайная рэўнасьць, паколькі ганарлівасьць - маці як зайздрасьці, так і жаданьня спрачацца. Ці гэта зайздрасьць таго, што вялікая колькасьць паганаў намагаліся параўнацца з народам Божым? Магчыма юдэі палічылі вялікай ганьбай, што скарб Божага вучэньня, будучы спадчынай законных дзяцей, кідаецца пад ногі натоўпу. Але як бы тое не было, Павал і Барнаба, у адказ на паводзіны юдэяў, выказалі жахлівае: «А як вы адкідаеце яго і ня лічыце сябе вартымі жыцьця вечнага, вось, мы паварочваемся да паганаў».
Вартымі жыцьця вечнага. Вельмі сур’ёзная заява з боку Паўла і Барнабы і вось чаму. Пытаньне вечнага жыцьця чалавека хвалявала ня толькі першых хрысьціянаў і юдэяў першага стагодзьдзя. Гэта пытаньне ўсеагульнае, якое непакоіла і непакоіць усіх людзей у-ва ўсе вякі. Што ж ёсьць жыцьцё вечнае? Ва ўяўленьні многіх сучасных людзей - гэта нешта нематэрыяльнае, якое ня мае часу і прасторы. Так, пытаньне сур’ёзнае, якое мае быць нейкім чынам дасьледаваным. У юдэйстве часоў Паўла (ды і ня толькі) сэнс гэтага пытаньня быў зразумелы, бо сказ «вечнае жыцьцё» - гэта тое ж што і «жыцьцё веку». Як быццам бы ні пра што, але ў часы Паўла гэта добра разумелі, бо юдэі верылі ў існаваньне дзьвух вякоў - дзьвух гістарычных перыядаў: век сучасны і век будучы. Безумоўна што будучы век - велічыня ўмоўная і сымбалічная, але менавіта гэтага веку намагаліся дасягнуць тагачасныя дабрачынныя людзі. Адносна гэтага пытаньня існавала шмат багаслоўскіх спрэчак, але ніхто, пры гэтым, не лічыў, што будучы век будзе па-за прасторы, часу і матэрыі. Але што мелі на ўвазе Павал і Барнаба?
Безумоўна што яны ня мелі на ўвазе нешта «асабліва духоўнае». Жыцьцё будучага веку пачалося, калі Ісус Хрыстос быў уваскрэшаны Богам з магілы пасхальным ранкам, і яно дасягне сваёй паўнаты, калі Бог зробіць тое ж для ўсяго сьвету. А ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў сучасным пасхальным жыцьці, набудзе поўню ў будучым веку. Гэта і азначала мець «жыцьцё будучага веку». Менавіта пра гэта і кажа Павал, калі тлумачыць сваім слухачам пра тое, што яны адмаўляюць сваёй старажытнай надзеі. А разам з тым пагане, якія пра гэта нават і ня марылі, набываюць жыцьцё вечнае: «Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру. А Ізраіль, які імкнуўся закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці. Чаму? Бо не праз веру, але праз учынку закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня, як напісана: “Вось, Я кладу на Сыёне камень згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены”» (Рым 9:30¬33).
Пагане, у вялікай колькасьці, паверылі і радаваліся, славячы слова Госпада. І з гэтага становіцца зразумелым, чаму асноўная частка гебраяў першага стагодзьдзя адпрэчылі Добрую Вестку. Ім падалося, што ў-ва ўсім гэтым назіраецца небясьпечны кампраміс. На працягу вякоў яны падкрэсьлівалі свой асаблівы статус, які аддзяляў іх ад нячыстага і ладу жыцьця паганаў, напоўненага ідаламі. І ніякія фізічныя ці маральныя пакуты ня здольны былі прымусіць гебраяў адмовіцца ад гэтага статусу. А што зараз? Натоўпы паганаў напоўняць іхні сьвет? Нейкае глупства. Лука паказвае нам варожую рэакцыю юдэяў на радасьць прыняцьця Ісуса Хрыста паганамі. А што Павал і Барнаба? Яны зрабілі так, як і казаў пра гэта Ісус: «А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце: “І пыл, які прыліп да нас, абтрасаем вам”» (Лук 10:10-11). Арганізаваны юдэямі перасьлед прымусіў прапаведнікаў выйсьці за межы Антыёхіі Пісідзскай, але слова Божае працягвала рабіць сваю стваральную працу, бо вучні былі напоўненыя радасьцю і Духам Сьвятым.
Свидетельство о публикации №226012402077