Деяния 11 1-30

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 11:1-30

«Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён» (Дзеі 10:48). Менавіта так завяршаецца дзясяты разьдзел гэтай кнігі. Веруючыя Цэзарэі прасілі Пятра пабыць у іх некалькі дзён. Чаму? Хутчэй за ўсё, каб ён паглыбіў іхнія спазнаньні ў вучэньні Ісуса Хрыста. І гэта правільна, бо калі мы прымаем у нашую царкву новых членаў, дык гэта не завяршэньне працэса, а толькі ягоны пачатак. Але вось, Пётр вяртаецца ў Ерусалім, дзе яго чакае ня вельмі прыемная сустрэча.

Дзеі 11: 1-18
«Апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, пачулі, што і пагане прынялі слова Божае. І калі Пётр узыйшоў у Ерусалім, тыя, што з абрэзаных, сумняваліся ў ім, кажучы: “Да мужоў неабрэзаных ты хадзіў і еў з імі!” А Пётр пачаўшы, выклаў па парадку, кажучы: “Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і ў захапленьні ўбачыў відзеж: нейкае начыненьне, якое зыходзіла, быццам вялікі абрус, за чатыры канцы апусканы з неба, і прыйшло да мяне. Углядаючыся ў яго, я разгледеў і ўбачыў чатырохногіх зямных, і зьвяроў, і паўзуноў, і птушкі нябесныя. Пачуў жа я голас, які гаварыў мне: “Устаўшы, Пётр, заколвай і еш”. А я сказаў: “Ніякім чынам, Госпадзе, бо нічога паганага ці нячыстага ніколі ня браў я ў вусны мае”. І голас адказаў другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не пагань”. Сталася ж гэта тройчы, і ізноў ўсё ўзьнялося ў неба. І вось, у гэты момант спыніліся перад домам, у якім я быў, трох мужоў, пасланыя да мяне з Цэзарэі. А Дух сказаў мне ісьці з імі, нічога не сумняваючыся. Пайшлі ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго мужа. І абвясьціў ён нам, як бачыў у доме сваім анёла, які стаў і сказаў яму: “Пашлі ў Ёппу мужоў і пакліч Сымона, называнага Пятром, які скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой”. Калі ж я пачаў гаварыць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас на пачатку. І ўзгадаў я слова Госпада, як Ён сказаў: “Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым”. Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, хто ж я такі, каб мог забараняць Богу?” Пачуўшы ж гэтае, яны супакоіліся і славілі Бога, кажучы: “Можа і паганам даў Бог навяртаньня дзеля жыцьця”» (Дзеі 11:1-18).

Чытаючы Дзеі Апосталаў мы бачым, што Лука надаваў падзеям, зьвязаных з Пятром і Карнэлем вельмі важнае значэньне. Аўтары старажытных рукапісаў заўсёды былі абмежаванымі ў памеры сваёй працы. Тлумачыцца гэта тым, што яны выкарыстоўвалі для гэтага сьвіткі папіруса, якія вырабляліся з сярэдзіны папіруса (падобнага на наш чарот). Кажуць, што самы доўгі са сьвіткаў быў каля дзесяці метраў, а прыкладна такой даўжыні сьвітак і спатрэбіўся Лукі для напісаньня гэтай кнігі. Зразумела, што аўтар павінен быў укласьці ў гэты сьвітак літаратурны матэрыял неверагоднага памеру. І безумоўна, што Лука вельмі шчыльна падбіраў яго, але тое, што ён двойчы запісвае гісторыю Карнэля і Пятра паказвае нам, што для яго гэта было вельмі важным. А важнасьць гэтай справы ў тым, што хрысьціянству пагражала небясьпека стаць адной з формаў юдэйства. Чаму? Усе першыя хрысьціяне былі юдэямі, а іхнія традыцыі і сьветапогляд давалі ім падставу лічыць, што Бог прызначыў хрысьціянства для юдэяў, ды яшчэ для самаранаў і празэлітаў. Але ніяк не для паганаў. Таму Лука сьвядома і паўтараецца, каб вызначыць гісторыю з Карнэлем важнай вяхою на тым шляху Царквы, дзе ўсё больш адкрывалася тое, што Ісус Хрыстос прыналежыць усяму сьвету.
І вось Пётр вяртаецца ў Ерусалім, а тыя, што абрэзаныя, сумняваліся ў ім. Тыя, што абрэзаныя. Гэта хто? Лука кажа, што апосталы і браты, якія былі ў Юдэі пачулі, што і пагане прынялі слова Божае. І ўсе яны былі абрэзаныя. Адчуваецца, што гісторыя з паганамі Цэзарэі падштурхнула тагачасную царкву да сур’ёзнага разнагалосься. Так, мы памятаем першы канфлікт у царкве Ерусаліма, калі абмяркоўвалася пытаньне адносінаў да эліністскіх удоваў, але ў дадзеным выпадку ўсё было нашмат сур’ёзьней. І гэты канфлікт ня скончыцца тлумачэньнем Пятра і згодай некаторых з абрэзаных, бо мы яшчэ пабачым, асабліва супраць апостала Паўла, сур’ёзныя сутычкі той партыі юдэяў, якія жадалі бачыць хрысьціянства ў рэчышчы Закона Майсея.

Спачатку юдэі абвінавачвалі Пятра ў тым, што ён еў з паганамі і, такім чынам, ён парушаў закон продкаў і традыцыі свайго народу. Заўважым, што Пятра папракаюць не за тое, што ён прапаведаваў паганам і хрысьціў іх, а за тое, што ён хадзіў да неабрэзаных і ёў з імі. Па сутнасьці абрэзаныя юдэі не маглі адмаўляць пропаведзі Хрыста паміж паганамі, бо Сам Ісус казаў гэта да вучняў: «Дык ідзіце і вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, Сына, і Сьвятога Духа» (Мац 28:19). Яны патрабавалі, каб пагане, праз абразаньне, станавіліся чыстымі і тады, калі ласка, будзь з намі і Ісусам Хрыстом. Абараняючыся Пётр не спрачаецца, а проста канстатуе факты і хто б што не казаў, а факт застаецца фактам – Сьвяты Дух незвычайным чынам зыйшоў на паганаў. Пётр кажа, што з ім пайшлі ў Цэзарэю шэсьць братоў, так што іх было сем чалавек, якія гэты факт і засьведчылі. Мы ўжо казалі ў папярэднім разьдзеле, што гэтыя шэсьць братоў пайшлі з Пятром ня проста так, але іх, безумоўна, паслаў Бог, прадбачачы сітуацыю абвінавачваньня Пятра. Але чаму гэтыя сем чалавек вырашылі справу на карысьць Пятра і Карнэля?

Па егіпецкаму праву, якое добра было вядомае юдэям, для поўнага пацьверджаньня якога-небудзь факта патрэбна было сем сьведак. Мы можам адзначыць і рымскае права, якое, безумоўна, ведалі юдэі, дзе неабходна было сем пячатак, для пацьверджаньня важага дакуманта. Зразумела, што за кожнай пячаткай стаяў чалавек. І таму Пётр, як бы кажа сваім апанентам: «Я не спрачаюся з вамі. Я кажу вам пра факты і гэтаму ёсьць сем сьведкаў». Хрысьціянства мае доказ фактамі, бо відавочна паказвае, што яно перамяняе людзей, даючы ім Дух Божы. І калі словы чалавека заснованы на праўдзе Ісуса Хрыста, дык яны паказваюць пераканаўчасьць хрысьціянскае веры.

Пётр пераканаўча давёў гісторыю з паганамі тым, хто папракаў яго ў здрадзе традыцыям і якія супакоіліся, кажучы: «Можа і паганам даў Бог навяртаньня дзеля жыцьця». Зусім няўпэўнена гучаць гэтыя словы, бо слова «можа»пакідае адчуваньне адценьня недаверу таму, што распавёў ім Пётр. На гэта ёсьць і палітычныя тлумачэньні. Грамадзкая і палітычная сітуацыя Ерусаліма ў 40-50-я гады была вельмі напружанай, бо паступова высьпявалі падзеі, якія, ў хуткім будучым, прывядуць да вайны з Рымам і разбурэньню Ерусаліма. Царква ж Ерусаліма заставалася часткаю юдэйскага грамадзтва і гэтае палітычнае напружаньне адбівалася і на ёй. І таму многія веруючыя маглі разважаць і такім чынам, што вітаць паганаў як братоў і сясьцёр ды лічыць іх роўнымі – ці не азначае гэта братаньне з ворагам? Таму і ня ўсё так проста было ў гэтай гісторыі, але шлях Царквы быў прадвызначаны Богам і таму словы Ісуса Хрыста: «Ідзіце і вучыце ўсе народы» вечныя і ніхто іх адмяніць ня можа. І першым сьведчаньнем гэтага сталіся эвангелізацыйныя падзеі ў Антыёхіі.


Дзеі 11:19-30
«А тыя, што расьцярушыліся пасьля прыгнёту, які стаўся за Стэфана, пайшлі аж да Фінікіі, і Кіпру, і Антыёхіі, нікому не гаворачы слова, адно толькі юдэям. Былі ж некаторыя з іх мужы Кіпрыйскія і Кірэнейскія, якія прыйшоўшы ў Антыёхію, гаварылі да эліністаў, дабравесьцячы Госпада Ісуса. І была рука Госпадава з імі, і вялікая лічба, паверыўшы, зьвярнулася да Госпада. А слова пра іх дайшло да вушэй царквы, што ў Ерусаліме, і яны паслалі Барнабу пайсьці аж у Антыёхію. Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і маліў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Госпадзе, бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І значная грамада дадалася да Госпада. А Барнаба выйшаў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго прывёў у Антыёхію. Сталася ж, што яны цэлы год зьбіраліся ў гэтай царкве і навучалі значную грамаду; у Антыёхіі найперш вучняў сталі называць хрысьціянамі. У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі. А адзін з іх, на імя Агаў, устаўшы, праз Духа даў знак, што на ўсім сьвеце мае быць вялікі голад, які і стаўся за цэзара Кляўдыя. А вучні, кожны, паводле магчымасьці сваёй, вызначылі паслаць дапамогу братам, што жылі ў Юдэі. І ўчынілі гэта, паслаўшы да старостаў праз рукі Барнабы і Саўла» (Дзеі 11:19-30).

У антычным сьвеце існавалі гарады, якія стаялі на перакрыжаваньнях розных культур і гандлю. Адным з такіх гарадоў і была Антыёхія, якая, дарэчы, была трэцім па вялічыні, пасьля Рыма і Александрыі, горадам тагачаснага старажытнага сьвету. Гэты горад зваўся таксама Антыёхіяй Сірыйскай, бо была яшчэ Антыёхія Пісідзкая, якая геаграфічна знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Разглядаемая ж намі Антыёхія стаяла ў вусьце ракі Аронта, у, прыблізна, 25 км. ад Міжземнага мора. Дарэчы, непадалёк ад Антыёхіі (асабліва, калі пракласьці свой шлях па мору) знаходзіўся горад Тарс, дзе, ў дадзены час, жыў Саўл, які зьбёг зь Ерусаліму.

Антыёхія – прыгожы рознаязычны горад, які, да таго ж, быў сінонімам раскошы і амаральнасьці. У гэтым горадзе існаваў культ Дафны, у якую, па легендзе, быў улюблёны Апалон. Існаваў і храм Дафны, які знаходзіўся ў 8 км. ад гораду сярод лаўровага гаю. Жрыцы гэтага храма былі блудніцамі і па начах, у гэтым лаўравым гаі, разгульваліся сцэны перасьледаваньня гэтых блудніц іхнімі паклоньнікамі. І таму нам можа падацца неверагодным, што менавіта ў гэтым горадзе хрысьціянства зрабіла вельмі важны крок, для зьдзяйсьненьня загаду Ісуса Хрыста: «Ідзіце і вучыце ўсе народы».

Мы назіраем адно з найвялікшых падзеяў гісторыі, бо ўпершыню Добрая Вестка сьвядома прапаведавалася паганам. Але, да гэтага ўсё і ішло. Спачатку Філіп прапаведаваў самаранам, але самаране не былі паганамі. Потым Пётр уводзіць у Царкву Карнэля, але, ў гэтым выпадку, ініцыятыва была за сотнікам. Хрысьціянская Царква не шукала Карнэля, бо гэта Карнэль смагнуў хрысьціянскай Царквы. Тым больш, як кажа Лука, Карнэль быў чалавекам блізкім да юдаізму. У Антыёхіі ж Царква ішла не да юдэяў і празэлітаў і не чакала, калі да яе прыйдуць пагане. Яна сьвядома пачала прапаведаваць Эвангельле паганам. Такім чынам хрысьціянства перайшло ў фазу сусьветнай місіі. І гэты гістарычны пералом важна разумець усім нам, бо хто мы былі да нашага навяртаньня? Тымі ж, як і ў Антыёхіі, жыхарамі разбэшчанага сьвету, якія падпарадкаваліся грэху. І вось што цікава. Пераважаная большасьць хрысьціянаў, якія навярнуліся да Хрыста, ніколі не лічылі сябе паганамі. Але гэта ня так, бо мы і былі тымі паганамі Антыёхіі, да якіх дайшла Добрая вестка. І таму Лука зьвяртаецца да ўсіх нас, каб мы ўважліва паглядзелі на гэты гістарычны момант і перанесьлі гэтыя падзеі на саміх сябе.

І вось яшчэ што. Царква зрабіла гэты гістарычны крок, але мы ня ведаем нікога з тых, хто прапаведаваў паганам у Антыёхіі. Мы ведаем толькі тое, што гэтыя вучні Ісуса Хрыста былі з Кіпру і Кірэнеі. Менавіта яны і войдуць у гісторыю, як першыя невядомыя дабравесьнікі Хрыста. Царкве заўсёды былі патрэбныя такія людзі, якія аддана думаюць пра служэньне Хрысту, а не пра тое, каб быць з-за гэтага ў пашане і вядомасьці. Імёны такіх людзей можа і не пападуць на старонкі гісторыі, але яны навечна запісаныя ў Божую кнігу жыцьця.

Калі ж кіраўнікі царквы ў Ерусаліме празналі пра гэты гістарычны факт, яны паслалі ў Антыёхію Барнабу, каб той, на месцы, разабраўся ў сітуацыі. І гэта рука Бога, што ў Антыёхію быў пасланы Барнаба, бо мы ня ведаем, што б магло здарыцца, калі б туды пайшоў чалавек, які прытрымліваўся Закону і ягоных патрабаваньняў. Але туды пайшоў чалавек, які праяўляў сваім жыцьцём хрысьціянскую любоў і шчодрасьць у адносінах да тых, хто меў у гэтым патрэбу. Калі ж Барнаба ўбачыў Божую ласку да тых новых хрысьціянаў з паганаў, ён ўзрадаваўся, але і зразумеў, што адзін ён ня ўправіцца з новай царквою. Ён адчуў, што тут патрэбны чалавек, які пацягне гэтую нялёгкую працу з былымі паганамі. Барнаба ведаў такога чалавека, якога Бог, ад пачатку, паклікаў прапаведаваць паганам. Ён ужо дапамог яму аднойчы ў Ерусаліме, калі сваім аўтарытэтам увёў яго ў грамадзтва братоў і сясьцер. І таму Барнаба іде ў Тарс.

Прайшло ўжо каля дзевяці гадоў, калі мы апошні раз чулі пра Саўла, які вымушаны быў бегчы з Ерусаліму, праз Цэзарэю, у свой родны горад Тарс. Няма сумненьня ў тым, што ўвесь гэты час ён сьведчыў пра Хрыста ў родных мясьцінах. Але што мы ведаем пра хрысьціянскае жыцьцё Саўла ў Тарсе. Лука пра гэта нічога ня кажа, але мы можам што-нішто даведацца са слоў самога Паўла. Ён нарадзіўся і ўзрос фарысэйскай сям’і, дзе бачылі будучае Саўла на пасадзе рабіна, бо недарма ён пайшоў у Ерусалім і вучыўся ў самога Гамаліэля. Падаецца верагодным і тое, што ягоная сям’я ў Тарсе падтрымлівала актыўныя намаганьні Саўла па вынішчэньню новага вучэньня Ісуса з Назарэту, бо сам Павал казаў пра сябе: «Фарысэй з фарысэяў». І вось, уявім сабе, што Саўл вяртаецца ў родны дом ужо не фарысэям і не рабінам. Наадварот, ён кажа, што Той, Каго ён гнаў, ёсьць адзінай праўдаю. Можна сабе ўявіць рэакцыю родных Саўла. Яны чакалі паважанага рабіна, які будзе мець пэўную ўладу ў гебрайскай дыяспары Тарса, а сустрэлі актыўнага ўдзельніка гэтай новай секты, якая верыць ва ўваскрасеньне ўкрыжаванага Ісуса. Па ўсёй верагоднасьці Саўл, за здраду фарысэйству і дыяспары, быў пазбаўлены бацькавай спадчыны, але не адмовіўся ад Ісуса Хрыста.

Напэўна пра тое ён і кажа ў сваім лісьце да Філіпянаў: «І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Ісуса Хрыста, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць» (Філ 3:8). Верагодана і тое, што Саўл не заснаваў царквы ў Тарсе, бо, па-першае, мы ня маем пра гэта зьвестак у Новым Запавеце. А, па-другое, ці мог ён, маючы царкву ў Тарсе, імгненна адгукнуцца на заклік Барнабы і пайсьці з ім у Антыёхію? Тым больш, што Павал ніколі пра гэта і не казаў. Але, як бы тое не было, з дальнабачнай мудрасьцю Барнаба ўсклаў на Паўла гэтую важную задачу. Па сутнасьці, гэта быў апошні падрыхтоўчы этап апостала паганаў Паўла да ягонай цудоўнай місіянэрскай дзейнасьці.

Менавіта ў Антыёхіі вучні Ісуса сталі называцца хрысьціянамі. Але чаму мы так часта называлі хрысьціянамі першых веруючых Ерусаліма, Самарыі і нават Ёппы? Таму што з вышыні нашага часу мы адчуваем, што ўсе яны былі хрысьціянамі, бо былі ад Хрыста. Гэта для нас звыкла. А як, на самой справе, адбылася гэтая дзіўная падзея, калі вучні Ісуса Хрыста сталі хрысьціянамі? Справа ў тым, што жыхары Антыёхіі вызначаліся здольнасьцю даваць людзям ці групам людзей розныя, у тым ліку і насмешлівыя, мянушкі. Кажуць, што калі Антыёхію наведаў барадаты цэзар Юліян, дык антыяхійцы празвалі яго мянушкай «Казёл». Наогул, канчатак слова «янін» азначала прыналежнасьць да якой-небудзь партыі ці народу. Так нарадзілася, нейкім чынам, нават і пагардлівая мянушка – хрысьціянін. За прыналежнасьць да руху Хрыста. Вядома, што гэтую мянушку прыдумалі людзі няверуючыя. Але, дзіўная справа. Веручыя людзі прынялі гэтую пагардлівую мянушку на поўным сур’ёзе і праславілі яе на ўвесь сьвет, пераўтварыўшы ў імя, якое, у-ва ўсе часы, выклікае павагу і захапленьне.

«У тыя ж дні прыйшлі з Ерусаліму ў Антыёхію прарокі». Адзін жа з іх Агаў прарочыў, што хутка прыйдзе вялікі голад. Які і стаўся за цэзара Кляўдыя. Кляўдый кіраваў імперыяй пасьля Калігулы ў 41-54 гадах па Р.Х. Язэп Флавій вызначае, што голад прыйшоў у Юдэю каля 44 года. Дарэчы, каля 50 года, гэтая галодная эпідэмія дакацілася і да Італіі. Але вось што важна ў гэтай гісторыі. Менавіта ў гэты час, упершыню, выявілася гэтая кранальная братэрская любоў і яднаньне хрысьціянскіх грамадзтваў у адносінах адно да аднога. Тым больш прыемна, што хрысьціяне з паганаў працягнулі руку дапамогі юдэйскім хрысьціянам. Антыяхійцы сабралі дапамогу сваім братам ў Ерусаліме і гэта было сьведчаньнем таго, што мур, які падзяляў юдэяў і паганаў, разбураецца, а старажытная непрыязнасьць зьнішчаецца крыжом Ісуса Хрыста. І вось, Павал і Барнаба ідуць у Ерусалім, каб выканаць даручэньне дапамогі ад хрысьціянаў Антыёхіі.


Рецензии