Деяния 12 1-25

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 12:1-25

Гэты разьдзел павінен паказаць нам, наколькі Ерусалім адпрэчваў сваго Мэсію. Лука адсочвае гэту тэму па ўсёй кнізе, дзе яна праяўляецца то ў адным, то ў другім месцы. Вельмі ўразьліва і тонка супрацьпастаўляе Лука любоў антыяхійскіх хрысьціянаў да братоў у Ерусаліме, і халоднай варожасьці да царквы з боку Ірада і юдэяў. Але, усё па парадку.

Дзеі 12:1-5
«А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы, а Якуба, брата Яна, забіў мячом. І, бачачы, што гэта падабаецца юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў, і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу. Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітвы за яго ўзносіліся ад царквы да Бога» (Дзеі 12:1-5).

«Валадар Ірад». Гэта быў Ірад Агрыпа I, сын Арыставула (якога забіў бацька - Ірад Вялікі) і Марыяны, якая была нашчадкам валадароў Макабэяў. Так што Ірад Агрыпа быў унукам Ірада Вялікага, які намагаўся забіць Ісуса па Ягонаму нараджэньню. Ён даводіўся пляменьнікам Іраду Анцыпы Галілейскаму, які забіў Яна Хрысьціцеля. Ірад Агрыпа нарадзіўся каля 10 года да Р.Х. і выхоўваўся ў Рыме. Цэзар Калігула даў яму тэтрархію памёршага Філіпа, яшчэ аднога сына Ірада Вялікага, і тэтрархію Лісанія з тытулам валадара. У хуткім часе ён прыяднаў да сябе яшчэ тэтрархію другога свайго дзядзькі Ірада Анцыпы. І ўрэшце, Кляўдый, пераемнік Калігулы аддаў пад ягоную руку і Юдэю з Самарыяй. Так што Ірад Агрыпа валодаў тэрыторыяй, амаль што такой, як і ягоны дзед Ірад Вялікі. Больш таго, у гэты час ужо не было пракуратарскай улады, чым і тлумачацца паўнамоцтвы юдэйскага валадара да сьмяротнага пакараньня: «А Якуба, брата Яна, забіў мячом». Валадар Агрыпа карыстаўся папулярнасьцю сярод юдэяў, бо праз маці, паходзіў ад Макабэяў. Ён, намагаючы ўмацаваць давер да сябе юдэяў, знайшоў «палітычна мэтазгодным» правесьці арышты сярод хрысьціянаў і, як мы бачым, сьмяротна пакараць іхніх кіраўнікоў. І пачаў з Якуба Зэбэдэевага.

Палітыка Агрыпы зразумелая, бо яна нічым не адрозьніваецца ад палітыкі сучасных дыктатараў. Лука кажа, што Ірад спачатку расправіўся з Якубам, а потым, бачачы ўхваленьне народу, узяўся за Пятра. Зразумела, што ён прамацвае тое, як далёка ён можа зайсьці. Калі б людзям гэта не спадабалася, дык, па ўсёй верагоднасьці, працягу націску на хрысьціянаў і не было б. Але юдэі ягоныя дзеяньні ўхвалілі і таму, у хуткім часе, быў арыштаваны і Пётр для сьмяротнага пакараньня. Лука двойчы падкрэсьлівае, што арышт Пятра прыходзіўся на Пасху, калі былі дні праснакоў. Ён падкрэсьлівае гэта для нашага разуменьня, што гэта не супадзеньне, але Воля Божая.

Якуб, брат апостала Яна ¬ гэта другі хрысьціянскі пакутнік і першы сярод апосталаў, на якім дакладна споўнілася прадказаньне Госпада да апосталаў: «Сапраўды, келіх Мой будзеце піць» (Мац 20:23). І вось, як працяг сьмерці Якуба, арыштаваны і Пётр, каб, пасьля Пасхі, быць сьмяротна пакараным. А пакараць Ірад лічыў «неабходным», як мінімум, па двух прычынах. Па-першае, Пётр быў вядомы як галоўны з апосталаў, а значыць як кіраўнік Царквы Ісуса Хрыста, а па-другое, ён братаўся з паганамі, што вельмі не падабалася юдэям. Ірад паклапаціўся пра «надзейнасьць» зьняволеньня Пятра, загадаўшы сьцерагчы яго чатыром камандам жаўнераў па чатыры чалавекі ў кожнай. Гэта азначала, што двое з іх былі прыкаваныя да Пятра, а двое іншых сьцераглі вязьніцу звонку. Кожная з чатырох камандаў зьмяняла адна адну праз кожныя шэсьць гадзін. Улады, верагодна, памяталі папярэдні ўцёк Пятра і не жадалі, каб гэта здарылася зноў. А між тым царква старанна малілася пра яго Богу. Пётр быў скаваны, але малітва пра яго лілася свабодна.


Дзеі 12:6-19
«Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу. І вось, анёл Госпадаў стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: “Устань хутчэй!” І ўпалі з рук ягоных ланцугі. Анёл жа сказаў да яго: “Падперажыся і абуй сандалы твае”. Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: “Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною”. І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж. Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыёшоў ад яго. І Пётр, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: “Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і ўсяго, чаго чакаў народ юдэйскі”. І, агледеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія зьбіраліся і маліліся. А як Пётр стукаўся ў дзверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода, і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамамі. Яны ж сказалі да яе: “Ты звар’яцела”. А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: “Гэта анёл ягоны”. А Пётр працягваў стукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся. Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: “Абвясьціце пра гэта Якубу і братам”. І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца. А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром. Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх на сьмерць. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарыю, быў там» (Дзеі 12:6-219).

Заўтра суд і Пётр выдатна ведае, якую долю яму гатуе Ірад. Тую ж, што і Якубу. Але дзіўная рэч. Пётр спакойна сьпіць паміж дзьвума жаўнерамі, прыкаваны да іх. І тут ёсьць два варыянты гэтага супакою. Першы - гэта тое, што чалавек скарыўся сваёй безнадзейнай сітуацыі і хутчэй бы ўсё гэта скончылася. Але гэта не варыянт Пятра, бо ён глядзеў на гэта па іншаму. Ён настолькі давяраўся Госпаду, што быў у супакоі, бо памятаў словы Ісуса пра тое, што на ім павінна пабудавацца Царква Хрыста і што ён павінен дажыць да больш меньш сталага ўзрасту. Царква ж яшчэ толькі пачынае будавацца, ды і ён яшчэ адносна малады. Пётр ня ведаў, якім чынам Госпад вызваліць яго з вязьніцы, можа таму зьдзіўленье Пятра, які ўбачыў Божага анёла, і выглядае законамерным. Зьдзіўлены Пётр, тым ня меньш, пайшоў за анёлам і, толькі вышаўшы з вязьніцы Пётр зразумеў, што гэта ня сон, але тое, што Госпад цудоўным чынам выбавіў яго з рукі Ірада і юдэяў.

І вось Пётр ужо каля дома Марыі, маці Яна Марка - будучага аўтара аднаго з Эвангельляў. Менавіта ў гэтым доме і зьдзяйсьняліся начныя малітвы за збаўленьне Пятра. Пётр жа пастукаўся ў дзьвер брамаў і стаў чакаць. Рода, служка Марыі, пачула голас Пятра, але, ад хваляваньня, не адчыніла яму, а пабегла ў дом, каб сказаць пра гэта іншым вучням Ісуса Хрыста. І вось тут мы бачым неверагоднае, бо яны не паверылі Родзе, кажучы: «Ты звар’яцела», а пасьля таго, як Рода настойвала на сваім, яны сказалі: «Гэта анёл ягоны». Царква, якая горача малілася за Пятра і бачыла вялікія цуды ад Госпада, не паверыла словам Роды, а палічыла, што Пётр ужо загінуў і зьвяртаецца да іх з магілы. І з гэтага мы бачым, што першая царква, у сваёй большасьці, не складалася з герояў веры, а з памыляючыхся і напалову веруючых людзей, якімі, большай часткай, зьяўляемся і мы самі. Гэтых хрысьціянаў часта папракаюць за нявер’е ў сілу малітвы, бо яны сапраўды зьдзівіліся, калі Бог адказаў ім. Але паглядзем на сябе і ўбачым тое ж, а таму нам трэба радавацца, калі Бог адказвае нам нават і тады, калі мы маем на гэты конт нейкае сумненьне, бо ўсе мы схільныя быць веруючымі, якія не заўсёды вераць у канчатковы вынік малітвы.

Калі Пётр усё ж дастукаўся і яму адчынілі, ён, супакоіўшы прысутных, коратка расказаў пра цудоўнае выратаваньне. Сказаўшы гэта, ён прасіў абвесьціць пра гэта Якубу і братам, а потым, выйшаўшы пайшоў у іншае месца. Куды ён пайшоў, невядома. Але вядома тое, што калі чалавека хавае Бог, ніхто з ворагаў няздольны знайсьці яго. Пётр прасіў давесьці гэту гісторыю да Якуба. Але да якога, бо заставаўся сярод апосталаў Якуб Алфееў. Быў жа яшчэ адзін Якуб - брат Ісуса Хрыста, які, на той час, знаходзіўся сярод кіраўніцтва царквы Ерусаліма. Значная частка дасьледчыкаў лічыць, што гаворка ішла пра Якуба Алфеева, бо нават і Жан Кальвін лічыў тое самае. Але большая частка схіляецца да таго, што гэтым Якубам быў брат Ісуса Хрыста. Гэта нейкім чынам пацьверджвае апостал Павал, калі ён, разам з Барнабаю, прыкладна ў той жа час, прыйшоў з Антыёхіі ў Ерусалім. Павал, сустрэўшыся з Пятром і будучы ў яго пятнаццаць дзён, кажа наступнае: «А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага» (Гал 2:19). Дык вось, прыняўшы гэтую версію, мы даведаліся пра сапраўднага кіраўніка хрысьціянскай царквы ў Ерусаліме. А калі так, дык мы павінны крыху засяродзіцца на гэтай асобе.

Якуб ¬ брат Ісуса Хрыста. У ім ёсьць нешта загадкавае. Няпросты і шлях ягоны да веры і служэньня Хрысту. Наогул, на ўсходзе існаваў звычай, калі наступны па старшынству брат працягваў справу свайго старэйшага брата, але мы ведаем, што браты Ісуса ня верылі ў Яго: «Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго» (Ян 7:5). Больш таго, яны лічылі што Ён зьдзівачэў: «І, пачуўшы гэта, сваякі Ягоныя пайшлі ўзяць Яго, бо казалі, што Ён зьдзівачэў» (Мк 3:21). Пры жыцьці Ісуса Якуб не падтрымліваў Яго, але сьмерць Ісуса кардынальна перамяніла яго. У апокрыфах (твор ня ўключаны ў кананічны тэкст Бібліі), згодна арамейскаму тэксту, сказана, што пасьля сьмерці Ісуса Якуб даў зарок ня есьці і ня піць да таго часу, пакуль ён ня ўбачыць Ісуса. І Ісус зьявіўся да яго. Верагодней за ўсё, сьмерць Ісуса ўзьдзейнічала на Якуба такім моцным ўражаньнем, што ён усьвядоміў, Хто сапраўды быў ягоны Брат і таму ён прысьвяціў усё сваё далейшае жыцьцё служэньню Ісусу Хрысту. Але вернемся да падзеяў у Ерусаліме, зьвязаных з цудоўным вызваленьнем апостала Пятра з вязьніцы Ірада.

Калі настаў ранак і адсутнасьць Пятра была выяўлена, жаўнераў, якія вартавалі яго, ахапіла паніка, бо яны ведалі, што, па рымскаму закону, яны панясуць такое пакараньне, якое належала панесьці злачынцу. Ірад асабіста дазнаваўся ў гэтай справе і ня мог ня бачыць, што адбылося нейкае незвычайнае дзеяньне, але гордасьць гэтага валадара была на першым месцы і таму ён адчуваў, што па ягонаму самалюбству быў нанесены значны ўдар. Аповяд жаўнераў не гучаў упэўнена, а іхняя бездапаможнасьць яшчэ больш выводзіла Ірада з сябе. І ў выніку ён загадаў вывесьці іх на сьмерць, а сам выправіўся ў Цэзарэю лячыць сваё хворае самалюбства. А можа яго, тэрмінова, хвалявалі іншыя справы?


Дзеі 12:20-25
«А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырцаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкарморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае. І вызначыўшы ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх, а народ крычаў: “Голас бога, а не чалавека!” А анёл Госпадаў адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, зьедзены чарвямі, ён памёр. А слова Божае расло і памнажалася. А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою яна, якога звалі Маркам» (Дзеі 12:20-25).

Тыр і Сідон – вольныя гарады Фінікіі пад час цэзара Кляўдыя, якія былі непасрэдна падуладныя Рыму. Горад Сідон (сучасная Сайда на поўдні Лівана) вельмі старажытны горад, які ўзгададваецца яшчэ ў кнізе Быцьця: «Ад Ханаана нарадзіліся: Сідон, першынец ягоны» (Быц 10:15). Сідон, што азначала «рыбная здабыча», знаходзіўся, прыкладна, ў 40 км. на поўнач ад Тыру, які быў пабудаваны ў больш позьні час выхадцамі з Сідону. Гэта былі гандлёвыя гарады-порты на беразе Міжземнага мора, якія мелі важнае эканамічнае значэньне ў тагачаснай рымскай дзяржаве. Прылягаючыя да Тыра і Сідону землі былі бязплодныя і таму яны вельмі залежалі ад паставак харчаваньня ад юдэяў, і, калі б гэтыя пастаўкі перапыніліся, дык становішча гэтых гарадоў вельмі і вельмі б пагоршылася. Больш таго, калі б Ірад забараніў экспарт тавараў праз гэтыя порты, дык даходы гарадоў значна б зьменшыліся. Мы ня ведаем з чаго ўзьнікла напружанасьць у адносінах паміж Ірадам і гэтымі гарадамі, але ўзьнікшая небясьпечная сітуацыя вельмі непакоіла кіраўнікоў Тыра і Сідону.

Каб прымірыцца зь Ірадам жыхары Тыра і Сідону схілілі на свой бок падкаморага вададарскага Бласта, каб ён дапамог ім сустрэцца з Ірадам. Лука распавядае пра тое, як праходзіла гэтая сустрэча, але цікава паглядзець, як асьвятляў гэтую падзею юдэйскі гісторык Язэп Флавій: «Валадар зьявіўся ў тэатр у апрацованым срэбрам адзеньні, якое дзіўным чынам зіхацела і блішчэла. Срэбра дзіўна пералівалася ў праменях узыходзячага сонца, так што ўсе былі асьлепленыя і, уздрыгваючы, павінны былі адварочваць свой позірк ад Агрыпы. Зараз жа некалькі лісьліўцаў з розных бакоў пачалі, дарэчы не на добрае валадару, узносіць яго і называць яго богам….» (Юдэйскія старажытнасьці 19.8.2). Лука пра такія падрабязнасьці ня кажа, але сутнасьць тая ж, бо людзі пачалі называць Ірада богам. У выніку невядомая хвароба раптоўна ахапіла Ірада, пасьля чаго, у хуткім часе, ён і памёр. Пра гэта аднолькава кажуць і Лука, і Флавій. Флавій жа яшчэ і ўдакладняе, што Ірад Агрыпа памёр праз пяць дзён пасьля гэтага паседжаньня.

Віна Ірада была ў тым, што ён прамаўчаў у адказ на лісьлівасьць тых, хто назваў яго богам і не адмовіўся ад гэтага, узьнёсшы хвалу і славу Госпаду. Ірад лічыў сябе юдэем, які вызнае веру ў адзінага Бога, але гордасьць і самалюбства ў адну хвіліну пераўтварылі яго ў паганіна. Анёл Божы адразу ўдарыў яго за тое, што ён не ўхваліў Госпада. Але і ня толькі за гэта. Такое было пакараньне Іраду за ўсе тыя бедствы і нягоды, якія ён прынёс Царкве Хрыста, пакараўшы Якуба, арыштаваўшы Пятра з мэтаю сьмяротнага пакараньня, а таксама і за многія іншыя крыўды.

Слова ж Божае расло і памнажалася. Слова рабіць сваю справу, калі ціха і непрыкметна, а калі відавочна і гучна, але заўсёды эфектыўна. Барнаба і Саўл вяртаюцца ў Антыёхію, зявяршыўшы сваю місію ў Ерусаліме і ўзяўшы з сабою юнака Яна, называнага Маркам. Для Саўла ж пачынаецца новая старонка ягонай хрысьціянскай дзейнасьці, калі ён пойдзе ўжо Паўлам у сваю першую місіянэрскую вандроўку, каб выконваць тое, што загадаў яму Ісус Хрыстос - дабравесьціць паганам.


Рецензии