Деяния 16 1-40
Дзеі 16:1-40
Прайшло пяць гадоў з тых часоў, як Павал прапаведаваў у Лістры і Дэрбіі. І вось, вярнуўшыся туды, ён сустрэў там маладога чалавека, які стаўся яму вельмі неабходным і каштоўным супрацоўнікам. Павал заўсёды ўсьведамляў неабходнасьць навучаць і гатаваць зьмену для працягу сваёй працы ў будучым. У маладым Цімафеі ён і знайшоў такога чалавека.
Дзеі 16:1-10
«І прыйшоў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын аднае жанчыны юдэйскае вернае і бацькі грэка. Пра яго сьведчылі браты ў Лістры і Іконіі. Павал захацеў, каб ён пайшоў з ім, і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля юдэяў, якія былі ў тых месцах, бо ўсе ведалі бацьку ягонага, што быў грэк. Калі ж яны праходзілі праз гарады, перадавалі цэрквам захоўваць пастановы, вызначаныя апосталамі і старостамі ў Ерусаліме. А цэрквы ўмацоўваліся ў веры і ўзрасталі штодня лікам. Прайшоўшы ж праз Фрыгію і Галятыйскую краіну, забараніў ім Сьвяты Дух гаварыць слова ў Азіі. Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісьці ў Бітынію; і не дазволіў ім Дух. Дык абмінуўшы Мізію, яны зайшлі Трааду. І ўгледзеў Павал уначы відзеж: нейкі муж, македонец, стаяў, просячы яго і кажучы: “Перайшоўшы ў Македонію, дапамажы нам”. Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім» (Дзеі 16:1-10).
Павал абрэзаў Цімафея ў той час, калі ён асабіста дамогся ў Ерусаліме таго, што абразаньне ў хрысьціянстве не зьяўляецца абавязковым. На першы погляд зьяўляецца дзіўным, што Павал абрэзаў Цімафея, але справа ў тым, што Цімафей, як ніяк, быў юдэем, а Павал ніколі не сьцьвярджаў, што юдэі не павінны быць абрэзанымі. Шчыра кажучы, Павал паказаў, наколькі ён вызваліўся ад юдэйскага мысьленьня. Цімафей - сын ад зьмешагага шлюбу. Прававерны юдэй увогуле адмовіўся б прызнаць гэты сямейны зьвяз, бо лічыў бы яго загіблым. І гэта было вельмі сур’ёзным, бо па такім маладым праводзілі фармальнае пахаваньне. Прызнаўшы Цімафея юдэеем (па маці) ад гэтай зьмешанай сям’і, Павал паказаў, наколькі ён адыйшоў ад нацыянальных традыцыяў і забаронаў. Праблема існавала і Паўла, па ўсёй верагоднасьці, абвінавачвалі ў непасьлядоўнасьці. Але, давайце разьбярэмся.
Як мы ўжо бачылі, калі Павал прыходзіў у новы горад, ён пачынаў сваё служэньне з наведваньня мясцовай сынагогі. Так было раней, так будзе і ў далейшым, бо сынагога – гэта месца, дзе зьбіраліся людзі, якія ведалі Пісаньне і менавіта з гэтымі людзьмі пачынаў працаваць Павал. А калі так, дык супрацоўнікі Паўла, якія ўваходзілі ў сынагогу, павінны былі быць паўнавартаснымі юдэямі, каб юдэйская грамада ня бачыла ў іх чужынцаў. Павал абрэзаў Цімафея не таму, што бяз гэтага ён быў няздольны далучыцца да Божага народу. Зусім не. Гэта патрэбна было дзеля таго, каб істотна палепшыць зносіны місіянэраў з юдэямі: «І я стаўся для юдэяў, як юдэй, каб здабыць юдэяў; для тых, якія пад Законам,- як той, што пад Законам, каб здабыць тых, якія пад Законам» (1 Кар 9:20).
У процілегласьць гэтаму, Павал, перад гэтым, адмовіўся абразаць Ціта, які быў грэкам, бо гэтая сітуацыя была прынцыпова іншай і не было ніякай неабходнасьці гэтае рабіць. Менавіта так кажа Павал у сваім лісьце да галятаў: «Але і Ціт, які быў са мною, які быў грэк, ня быў змушаны абрэзацца. Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі паглядзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас, мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас» (Гал 2:3-5). У кожнай справе служэньня Госпаду, Павал меў на ўвазе толькі карысьць дзеля гэтага і нічога не рабіў бяз пэўнае мэты.
Дык вось, яны пайшлі ўтрох: Павал, Сіла і Цімафей. Але куды яны пайшлі? Хацелі, прайшоўшы Фрыгію і Галятыю, служыць у Азіі, але Сьвяты Дух ім гэтае забараніў. Падарожнікі накіраваліся на поўнач праз Лістру і Дэрбію, а потым на захад у Фрыгію. Шлях ня хуткі, які складаўся з некалькі сотняў кіламетраў. Калі яны ішлі пешкам, дык гэта павінна было складаць два - тры тыдні. Што думалі місіянэры і куды яны накроўваліся? Яны, як падаецца, дакладна і ня ведалі, але, у гэтым падарожжы, для іх гэта было часам выбрабаваньня і праверкі адзін аднога. Паміж Паўлам і Сілай усталёўвалася партнэрства, а Цімафей прыкладаў на сябе ролю малодшага супрацоўніка, які спазнаваў ад старэйшых шмат чаго новага, адначасова, як уяўляецца, думаючы пра тое, у якую гісторыю ён уліп. І сапраўды, адна справа давяраць Богу, калі ўсё больш меньш зразумела і бачна, але зусім ня так, калі ты ідзеш з завязанымі вачамі.
Але і гэта яшчэ ня ўсё, бо калі яны прыйшлі да заходня-паўночнай Турцыі (сучаснай), выявілася, што Бог ня хоча пропаведзі ў Бітыніі і таму яны выправіліся ў Трааду. І вось яно здарылася. Начны відзеж Паўла даў зразумець, што яны павінны ісьці ў Македонію, бо македонцы запрасілі іх з дапамогаю. Пасьля тыдняў шляху, чаканьня і малітвы, яны атрымліваюць простае адкрыцьцё, каб ісьці ў Грэцыю і несьці туды Эвангельле. Гэта крок да новага, але мы памятаем словы Ісуса Хрыста адносна апостала Паўла (Саўла): «Ён - Мая выбраная пасудзіна, каб несьці імя Маё перад паганамі і валадарамі, і сынамі Ізраіля, бо Я пакажу яму, колькі ён мусіць перацярпець за імя Маё» (Дзеі 9:15-16). І вось зараз вельмі цікавы момант у падарожжы апостала Паўла. Упершыню, у сваім аповядзе, Лука кажа «мы»: «Калі ж убачыў ён відзеж, мы адразу шукалі, каб ісьці ў Македонію, разумеючы, што Госпад паклікаў нас дабравесьціць ім».
Гэта ж азначае цудоўнейшую рэч, бо ў таварыстве місіянэраў зьявіўся незвычайны чалавек - аўтар гэтай цудоўнай кнігі Лука, які быў лекарам і ўвогуле адукаваным чалавекам, выхаванцам гораду Неапаля. Як сустрэўся Лука з апосталам Паўлам невядома, але мы ведаем, што Павал пакутаваў на хваробы і можа таму дапамога лекара Лукі - гэта і ёсьць тая сустрэча, якая працягнецца на яшчэ многія годы. І гэта таксама Божае дзеяньне, калі нашыя немачы даюць новыя сілы і ўзгадоўваюць цудоўныя плады для Госпада Ісуса Хрыста.
Пра аўтара гэтай кнігі і эвангеліста Луку ня шмат зьвестак у Новым Запавеце, але яны існуюць. Імя Лука ўжо кажа самое за сябе, але мы зьвернемся да апостала Паўла, які дае пра яго, ў сваіх пасланьнях, пэўныя зьвесткі. У сваім лісьце да Каласянаў (15:10-14) Павал пералічвае сваіх памочнікаў ад гебраяў да элінаў, дзе ён успамінае Эпрафаса і Луку па-за сьпісам юдэяў і празэлітаў. Больш таго, ён называе Луку лекарам, што кажа пра ягоную адукацыю і пэўную вучонасьць. У 50 годзе па Р. Х. Павал прымае канчатковае рашэньне накіравацца ў Македонію і пачаць сваё служэньне на зямлі Грэцыі. Рашэньне Паўла, магчыма, сфармавалася пад уплывам Лукі, які стаў вучнем і памочнікам апостала.
Лекар па імяні Лука, зусім магчыма, паходзіў з Нэапаля, марскога порта горада Філіпы. Дарэчы, нядрэннае веданьне марской навукі мораплаваньня можа пацьверджваць месца ягонага паходжаньня. Але, вось што важна. Лекару Луке, памочніку апостала Паўла, было наканавана выканаць вялікую працу у гісторыі хрысьціянства, бо менавіта ён стаў першым гісторыкам узьнікненьня хрысьціянскае Царквы. Павал вельмі любіў Луку, бо быў ён мякькага складу, з душою пяшчотнаю, сціплым і верным свайму настаўніку. Дабраславеньне зыйшло на Луку ў Траадзе і, магчыма, ён упэўніў Паўла, што ў Македоніі ён знойдзе добрую глебу, каб пасеяць і ўзрасьціць зярняты веры ў Хрыста. Словы Лукі далі ўпэўненасьць сэрцу апостала і калі Павал убачыў у-ва сьне макіданяніна, які зваў яго, кажучы: «Прыйдзі дапамагчы нам», Павал зразумеў, што Бог загадвае яму ісьці ў Македонію. Іншымі словамі, Лука клікаў Паўла ісьці на ягоную радзіму, каб несьці вестку пра Ісуса Хрыста.
На гэтым лірычны адступ ня скончваецца, бо мы павінны ўявіць і таго македаняніна, які прыйшоў у-ва сьне апосталу Паўлу. Дык вось, на ваш погляд яшчэ адна вельмі цікавая тэорыя. Быў такі чалавек, які заваяваў значную частку сьвету - Аляксандр (ці Алесь?) Македонскі. А супадзеньні тут вельмі цікавыя. Траада, у той час называлася Траада Македонскага. На другім жа беразе мора стаяў горад Філіпы, называны ў чэсьць бацькі Македонскага. Крыху далей знаходзіўся горад Тэсалонікі, называны ў чэсьць своднай сястры Македонскага. Уся гэтая мясьціна дыхала ўспамінамі пра Аляксандра Македонскага, які, дарэчы, абвяшчаў, што ягоная мэта ў тым, каб злучыць захад з усходам і тым самым зрабіць сьвет адзіным. І, калі Паўлу зьявіўся Аляксандр, які заваяваў увесь сьвет, дык гэта ўцьвердзіла Паўла ў ягоным імкненьні аб’яднаць сьвет разам у Ісусе Хрысьце. Няхай кожны ўспрыме гэта самастойна і разважыць пра гэтае сам. А наш шлях пралягае, разам з Паўлам, праз мора ў македонскі Нэапаль.
Дзеі 16:11-24
«Дык паплыўшы з Траады, мы наўпрост прыйшлі ў Саматракію, а назаўтра - у Нэапаль, і адтуль - у Філіпы, што ёсьць першы горад тае часткі Македоніі, калёнія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён. І ў дзень суботні выйшлі мы за горад да рэчкі, дзе звычайна адбывалася малітва, і, пасеўшы, гаварылі да сабраных жанчынаў. І слухала адна жанчына, на імя Лідзія, гандлярка пурпурам, з гораду Тыятыра, якая пакланялася Богу, і Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла. А калі ахрысьцілася яна і дом ейны, яна прасіла, кажучы: “Калі вы лічыце мяне вернай Госпаду, увайшоўшы ў дом мой, жывіце”. І затрымала нас. Сталася ж, як ішлі мы на малітву, сустрэла нас нейкая служка, якая мела духа вешчага і, варожачы, вялікі заробак давала гаспадарам сваім. Яна, ідучы за Паўлам і намі, крычала, кажучы: “Людзі гэтыя - слугі Бога найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!” А рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, узлаваўгыся, павярнуўся і сказаў духу: “Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста выйсьці з яе!” І ён выйшаў у той жа час. А гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея заробку іхняга, схапіўшы Паўла і Сілу, пацягнулі на рынак да начальнікаў. І прывёўшы іх да войтаў, сказалі: “Гэтыя людзі трывожаць наш горад, а яны - юдэі, і прапаведаюць звычаі, якіх нам, рымлянам, ня сьлед ані прымаць, ані рабіць”. І паўстаў натоўп супраць іх, і войты, сарваўшы з іх адзеньне, загадалі біць іх кіямі. І зрабіўшы ім шмат ранаў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы ахоўніку старанна пільнаваць іх. Ён, атрымаўшы гэткі загад, кінуў іх ва ўнутраную вязьніцу і ногі іхнія паўшчамляў у калоду» (Дзеі 11-24).
Нэапаль ¬ у сучаснасьці Кавала ¬ быў марскім портам горада Філіпы, які меў старажытную і вельмі цікавую гісторыю. Раней ён называўся Крэнід, што азначала «крыніца» Філіп, бацька Аляксандра, умацаваў яго ад фрыгійцаў і даў яму назву свайго імя. Гісторыкі кажуць, што гэтыя мясьціны былі вядомыя залатымі капальнямі, але пад час апостала Паўла гэтага даўно ўжо не было. Гісторыкі кажуць таксама, што гэтае месца стала адной з самых вядомых у сьвеце бітваў, у выніку якой цэзар Аўгуст заваяваў імперыю Рыма. Горад Філіпы быў рымскай калоніяй, а гэта азначала быць стратэгічным цэнтрам. Рым засяліў туды значную частку вайскоўцаў, якія адыйшлі ад вайны і былі верныя рымскаму закону.
У Філіпах не было сынагогі, дзе, як правіла, Павал пачынаў сваю пропаведзь, але былі месцы, дзе праходзілі малітвы для юдэяў. А мы ведаем, што сынагога магла стварацца ў тым выпадку, калі колькасьць гебраяў перавышала ці, хаця б, раўнялася дзесяці чалавекам. У дадзеным выпадку гэтага не было, а было месца малітвы каля ракі, куды і накіраваліся місіянэры для сваёй пропаведзі. І вось нечаканасьць, бо іх сустрэлі на гэтай малітве, у асноўным, жанчыны.
Вельмі цікавая дзейнасьць Паўла з кропкі погляду разнастайнага складу людзей, якія навярнуліся да Хрыста. Жанчына Лідзія. Тагачасная бізнэс-лэдзі, якая гандлявала пурпурам, як кажа пра гэта Лука. Але пурпур неабходна было прыгатаваць, для чаго патрэбна была адпаведная фарба, прыгатаваньнем якой і займалася Лідзія, якая паходзіла з гораду Тыятыра, які і быў знакаміты вытворчасьцю адмысловай фарбы. Баграніца - назва гэтае фарбы, якая зьбіралася па кроплям з ракавінаў багранкі і была вельмі і вельмі каштоўнай. Малюск багранкі меў так званую пурпуровую залозу, якая вылучала чырвоную вадкасьць, здольную афарбоўваць тканіны ў пурпур. І вось, гэтая заможная жанчына навярнулася да Хрыста.
Пра навяртаньне Лідзіі Лука кажа даволі проста: «Госпад адчыніў сэрца ейнае, каб зважала на прамову Паўла». Часам гэта бывае зусім ня так, як з сотнікам Карнэлем. Перад намі жанчына, якая малілася і шукала Госпада, адкрываючы сябе магчымасьці таго, што Бог, у Сваю чаргу, ўбачыць гэта і пакліча яе. І як бы тое не было, у выпадку з Лідзіяй слова Паўла стукалася ў дзьвер, якая была ўжо адчыненай. І вось вынік, унутр дома, унутр ейнага сэрца ўварвалася сьвятло - Вестка пра Госпада Ісуса Хрыста, і яна, разам са сваімі блізкімі, хрысьцілася.
Ахрысьціўшыся ж Лідзія прапанавала вандроўнікам місіянэрам застацца ў яе доме на той тэрмін, які яны самі б і выбралі. І гэта не выпадкова, бо сам Павал, пералічваючы душэўныя ўласьцівасьці хрысьціяніна, даводзіць, што хрысьціяне павінны раўнаваць пра гасьціннасьць: «У надзеі радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве - сталымі; у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці» (Рым 12:12-13). Таксама і апостал Пётар, настаўляючы нованавернутых хрысьціянаў кажа пра гасьціннасьць і служэньне адзін адному: «Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў. Служыце адзін адному кожны тым дарам ласкі, які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае» (1 Пят 4:9-1о).
У процілегласьць Лідзіі, жанчыны заможнай, Лука паказвае нам жанчыну служку, якая мела дар вешчага духа і, якая, варожачы, прыносіла немалыя грошы сваім гаспадарам. Дык вось, гэтая жанчына шмат дзён хадзіла за гуртом місіянэраў, кажучы: «Людзі гэтыя - слугі Бога Найвышэйшага, якія прапаведуюць нам шлях збаўленьня!» Гэтая служка адрэагавала на Паўла і Сілу, як стрэлка компаса паварочваецца ў бок больш моцнага магніту, гаворачы, пры гэтым, правільныя словы. Але чаму, у такім выпадку, Павал загадаў духу выйсьці з яе? Што за гэтым стаяла? Тое, што яна ўкладала ў гэтыя словы іншы сэнс ці жыхары Філіпаў разумелі гэта на свой паганскі лад, бачачы з гэтага сваіх багоў і па свойму разумеючы збаўленьне? А можа Павал наўпрост пашкадаваў гэтую жачыну, дар якой прадавалі за грошы яе гаспадары, якім, дарэчы, гэта вельмі не спадабалася. Але дар гэты быў ад нячыстага і тая лісьлівасьць у словах не магла падмануць апостала Паўла.
Лука кажа, што гэтыя гаспадары і пацягнулі Паўла і Сілу да сьвецкіх уладаў з пэўнымі абвінавачваньнямі. У чым жа іх сутнасьць? У тым, што гэтыя юдэі намагаюцца паламаць рымскія стандарты жыцьця і культуры, навязваючы нейкія свае. Яны намагаюцца зьмяніць іхнія звычаі, а значыць выступаюць супраць Рыма. Тут трэба дадаць, што горад Філіпы быў рымскай калоніяй, чым жыхары вельмі ганарыліся, старанна захоўваючы рымскія традыцыі і лад свайго жыцьця. Камбінацыя рэлігіі, грошай і палітыкі спрацавала, а Павал і Сіла, як быццам бы самі напрасіліся на непрыемнасьці. У выніку ж, зьбітыя кіямі, яны апынуліся ў вязьніцы. Павал і Сіла моўчкі сьцярпелі гэты гвалт, хаця маглі адразу пазьбегнуць яго, бо мелі права рымскіх грамадзянаў. Яны ж выбралі ганьбу ў імя Ісуса Хрыста, адклаўшы аб’яву сваіх правоў для сваёй канчатковай перамозе ў гэтым канфлікце. Госпад жа ня кідае Сваіх і мы яшчэ пабачым Ягонае цудоўнае дзеяньне. Чаму ж схапілі толькі Паўла і Сілу? Таму што яны былі юдэямі, а Лука і Цімафей (напалову) грэкамі. Але не выклікае сумненьняў тое, што Лука і Цімафей былі ў духоўнай блізкасьці з імі і, молячыся, былі разам са сваімі братамі.
Дзеі 16:25-34
«Каля поўначы Павал І Сіла, молячыся, сьпявалі Богу, а вязьні чулі іх. Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захісталіся падмуркі вязьніцы; і адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і ў-ва ўсіх паслаблі путы. Ахоўнік жа, прачнуўшыся і бачачы адчыненыя дзьверы вязьніцы, дастаўшы меч, меўся забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі. А Павал закрычаў моцным голасам, кажучы: “Не рабі сабе ніякага ліха, бо ўсе мы тут!” Ён жа, папрасіўшы сьвятла, убёг і, трасучыся, упаў перад Паўлам і Сілаю, і, выводзячы іх вонкі, сказаў: “Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?” А яны сказалі: “Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой”. І гаварылі слова Госпадава яму і ўсім, хто ў доме ягоным. І ў тую ж гадзіну ўначы ён, узяўшы іх, памыў ім раны, і адразу быў ахрышчаны сам і ўсе ягоныя. І завёўшы іх у дом свой, паставіў стол і радаваўся з усім домам, што паверыў у Бога» (Дзеі 16:25-34).
Стварыўся цуд і стаўся вялікі землятрус, які адчыніў дзьверы і паслабіў путы ў зьняволеных. Цуд жа ня толькі ў землятрусе, як такім, але і ў тым, што ён адбыўся непасрэдна на месцы разьмяшчэньня гэтай вязьніцы. Павал і Сіла, зашчэмленыя ў калоды, сьпявалі, пры гэтым, гімны хвалы Госпаду Хрысту і гэта кажа пра тое, што ў хрысьціяніна ніколі нельга атабраць Бога і прысутнасьці Ісуса Хрыста, бо калі веруючы чалавек з Богам, ён свабодны нават і ў вязьніцы, і нават у начы для яго ёсьць сьвятло. Землятрус цудоўным чынам не парушыў будынак вязьніцы, але ахоўніка яе ён парушыў, у духоўным сэнсе, вельмі грунтоўна. На пачатку ён хацеў забіць сябе мечам, бо думаючы, што ўсе паўцякалі, чакаў сьмяротнага пакараньня. А вокліч Паўла вярнуў яго да жыцьця і, як мы хутка ўбачым бачым, да жыцьця новага, у Ісусе Хрысьце, бо, у выніку, навярнуўся ён і дом ягоны. І гэта ёсьць цуд, а дакладней частка таго цуду, які пачаўся з землятрусу ў вязьніцы. Але словы ахоўніка: «Панове, што я мушу рабіць, каб быць збаўленым?» патрабуюць асаблівай увагі і пэўнага разважаньня.
Ашалеўшы ад страху, ён толькі што наважваўся на самагубства і тут такія імгненныя перамены. Няўжо гэты чалавек, усьвядоміўшы сваю грахоўнасьць, пытаўся ў Паўла і Сілы пра апраўданьне праз Божую ласку па веры? Гэта наўрад ці, бо мы ведаем, што ў антычным сьвеце слова «збаўленьне» азначала пазбаўленьне ад сур’ёзных непрыемнасьцяў (хвароба, фінансавыя праблемы, цяжкія жыцьцёвыя абставіны г. д.). Таму падаецца верагодным, што моцна перапужаны ахоўнік укладаў у свае словы некалькі іншы сэнс: «Падкажыце, калі ласка, як мне выбрацца з гэтага непрыемнага здарэньня?»
Іншая справа, што ён атрымаў нашмат больш, чым прасіў у сваіх вязьнікаў. І гэтак таксама бывае. Мы ж ведаем, што хрысьціянскі сьветапогляд кажа пра тое, што ўвесь сьвет знаходзіцца ў вялікай бядзе, што выяўляецца ў мностве розных рэчаў. Ад бунта сураць Творцы, ад ідалапакланеньня, грэху, скажэньня чалавечага жыцьця і ўзаемаадносінаў, да забруджваньня прыроды, да розных дыктатур і грамадзкіх несправядлівасьцяў, ды і любой канкрэтнай бядотнай сітуацыі, любога крызіса, любога канкрэтнага чалавека ў патрэбе і страху, які, сваім грахом, збудаваў мур паміж ім і Госпадам.
Хрысьціянства кажа, што менавіта такі сьвет і ёсьць, але ён ня будзе такім у Хрыстовым будучым. Больш таго, Хрыстос праяўляе Сябе праз веруючых тут і зараз. І таму становяцца заразумелымі словы Паўла і Сілы да свайго ахоўніка: «Вер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і дом твой», бо вера ў Ісуса Хрыста і ёсьць той ключ да збаўленьня, - збаўленьня ва ўсіх сэнсах.
Пасьля таго як Павал і Сіла прапаведавалі сям’і ахоўніка, ён паказаў сапраўднасьць свайго навяртаньня, абмыўшы вязьнікам раны і адразу ж хрысьціўшыся. Пасьля, частуючы іх, увесь дом ахоўніка радаваўся таму, што яны паверылі ў Госпада Ісуса Хрыста. Гэтая радасьць у начны час дае сьвятло, бо пачалося выпраўленьне сьвету і знакам гэтага стаўся начны пачастунак, які зладзіў рымскі ахоўнік вязьніцы для двух служыцелей Валадара Ісуса.
Дзеі 16:35-40
«А як настаў дзень, паслалі войты жандараў, кажучы: “Вызваль людзей гэтых”. Ахоўнік жа паведаміў словы гэтыя Паўлу: “Войты паслалі, каб цяпер вызваліць вас. Дык выйшаўшы, ідзіце ў супакоі” А Павал прамовіў да іх: “Нас, людзей рымскіх, без суду зьбіўшы прынародна, кінулі ў вязьніцу, і цяпер цішком выганяюць нас? О, не! Але няхай самі, прыйшоўшы вывядуць нас”. Жандары абвясьцілі словы гэтыя войтам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны - рымляне. І прыйшоўшы, перапрашалі іх, і, вывеўшы, прасілі пайсьці з гораду. Выйшаўшы ж з вязьніцы, яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі» (Дзеі 16:35-40).
Хутчэй за ўсё, войты атрымалі зьвесткі пра той землятрус, які адбыўся на тэрыторыі вязьніцы і падумалі, што гэтых выпрабаваньняў хопіць для арыштаваных. А можа наўпрост адумаліся ў сваёй несправядлівасьці да гэтых людзей, таму і загадалі вызваліць іх. Але тут Павал кажа: «О, не!» і, нечакана для іншых, паказвае свой характар. Прынародна адбылося пакараньне рымскіх грамадзянаў без усякага суду і сьледства, няхай жа прынародна самі войты і вызваляць іх. Павал робіць так не з-за славалюбства ці капрызу, а дзеля відавочнага аднаўленьня сваёй невінаватасьці, бо калі б яны ціхенька выйшлі з вязьніцы і пайшлі далей, дык шмат бы хто з людзей патлумачыў гэта на свой лад. Але, што гэта за магічнае слова - «рымскі грамадзянін» і чаму войты так перапужаліся навіны, што Павал і Сіла рымскія людзі?
Справа ў тым, што рымскае грамадзянства, па законах Рыма, вызваляла маючых гэты тытул ад цялесных пакараньняў, тым больш без суду і сьледства. І гэтаму папярэднічала цікавая ды павучальная гісторыя, якая і нарадзіла так званы «сіндром Верраса». Гісторыя ж такая. Калісьці, у I стагодзьдзі да Р. Х., Сіцыліяй кіраваў рымскі намесьнік Веррас, які меў вельмі ўплывовых сяброў у Рыме. Гэты Веррас быў зацьцятым хабарнікам і грабежнікам і ніякія жалобы мясцовых жыхароў да ўладаў не даходзілі, бо сябры ў Рыме затулялі яго. Больш таго, ён укрыжаваў чалавека, які намагаўся данесьці да ўладаў праўду пра ягоныя злачынствы. Укрыжаваны чалавек быў рымлянінам. Гэтай справаю зацікавіўся знакаміты Цыцэрон, які вынес на паверхню злачынствы гэтага Верраса. Нягледзячы на сур’ёзны супраціў уплывовых сяброў Верраса, судовы працэс усё ж адбыўся ў 70 годзе да Р. Х., на якім Цыцэрон бліскуча перамог. Веррас ад пакараньня зьбёг, але, неўзабаве, ён быў забіты па загаду Марка Антонія. Гэтая гісторыя абляцела ўсю імперыю Рыма як папярэджаньне ўсяму чынавенству на месцах. Усе мясцовыя кіраўнікі ведалі як два памножыць на два: яны не павінны паўтараць памылкі Верраса, бо калі яны зробяць нешта падобнае і пра гэта даведаюцца ў Рыме … лепш ня думаць, што будзе далей.
Войты, безумоўна, выбачыліся перад Паўлам і Сілай, просячы іх пайсьці з гораду, каб, хутчэй за ўсё, пазбавіцца размоваў вакол гэтай непрыемнай і небясьпечнай для іх гісторыі. Пабыўшы некаторы час у Лідзіі Павал і Сіла пайшлі далей, пакінуўшы, па ўсёй верагоднасьці, Цімафея і Луку ў Філіпах, каб умацаваць зусім юную царкву. Чаму такі вывад? Лука зноў кажа яны, а не мы: «Яны прыйшлі да Лідзіі, і, убачыўшы братоў, суцяшалі іх, і пайшлі». Што ж тычыцца Цімафея, дык ён, у хуткім часе, прыяднаецца да Паўла і Сілы ў Бэрыі.
Свидетельство о публикации №226012501873