Деяния 17 1-34

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 17:1-34

Наш Госпад даў апосталу Паўлу ўнікальны статус (адукаваны фарысэй і рымскі грамадзянін) і паклікаў яго на служэньне. Апостал лічыў відавочным, што гэты статус – гэта тая зброя, дадзеная Богам, якую ён, у ліку іншых, павінен выкарыстоўваць у сваім служэеньні. А служэньне Паўла - гэта не шпацыр па парку, а даволі небясьпечнае прадпрыемства, каб несьці слова Божае і славу Ісуса Хрыста.


Дзеі 17:1-9
«А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была юдэйская сынагога. І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня, паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: “Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос”. І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства грэкаў, якія пакланяліся Богу, і жанчынаў першых нямала. А юдэі, якія не паверылі, зайздройсьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу. Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды, а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса. І чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры, але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх» (Дзеі 17:1-9.

Павал і Сіла прайшлі Амфіпаль і Апалёнію, але не засталіся з пропаведзью ў гэтых гарадах, хаця Амфіпаль быў галоўным горадам першай акругі Македоніі, якая, у той час, была падзелена на чатыры адміністратыўныя акругі. Чаму? Лука ня кажа пра гэта, але мы можам уяўляць сабе, што калі Дух Сьвяты забараніў ім прапаведаваць у Азіі, дык чаму гэта не было тым жа дзеяньнем Сьвятога Духа? Прыбыцьцё ж Паўла і Сілы ў Тэсалоніку (галоўнага гораду другой акругі Македоніі) - факт, на самой справе, стратэгічны, бо адкрываў вялікія магчымасьці распаўсюджваньня Эвангельля ў бок Рыму. Справа ў тым, што галоўная вуліца Тэсалонікі зьяўлялася часткаю рымскага шляху, які меў назву Эгнацыйскі. Гэты шлях цягнуўся ад Адрыятычнага мора на Блізкі Ўсход, што дадавала магчымасьці распаўсюджваньня хрысьціянству на Захад і Ўсход. Тэсалоніка (сучасная Салоніка) - важны порт і цэнтар гандлю, які налічваў прыкладна 200000 жыхароў, сярод якіх было шмат і гебраяў. Тэсалоніка знаходзілася прыкладна ў 160 км. ад Філіпаў і, у сувязі з гэтым, трэба падрэсьліць вельмі эканамічны стыль аповяду Лукі, бо на гэтую вандроўку Лука вылучыў толькі адзін невялікі верш. Але, як бы тое не было, а Павал і Сіла прыйшлі ў Тэсалоніку, каб пачаць сваё служэньне.

Як і звычайна, Павал пачынае сваю дзейнасьць у мясцовай сынагозе. І з посьпехам, бо значная колькасьць юдэяў і празэлітаў адгукнулася на Добрую Вестку і паверыла ў Ісуса Хрыста. Але, як гэта было і раней, пэўную колькасьць юдэяў ахапіў гнеў ад адбывалага і яны зьвярнуліся да гнюсных метадаў, калі падбухторылі нягодных паганаў з плошчы, каб пасеяць смуту і зьнішчыць прапаведнікаў Эвангельля. Удар па місіянэрах планаваўся з двух бакоў. З аднога боку, як і ў Антыёхіі Пісідыдзскай, былі пагрозы і варожасьць юдэяў, а з другога, як і ў Філіпах, пагане выстаўлялі абвінавачваньне за парушэньне сваіх законаў і звычаяў, жадаючы абараніць сваё эканамічнае і палітычнае, а галоўнае, звыклае становішча. У выніку ж атрымалася грамадзянская бязладзьдзе, што ёсьць сітуацыя небясьпечная, бо натоўп, у такім выпадку, непрадказуемы і жорсткі. Ён і шукаў для расправы Паўла і Сілу ў доме Язона, які, як быццам бы, даў прытулак гэтым місіянэрам, якія не паважаюць ня толькі Закон і Майсея, але і ганяць рымскія традыцыі.

Кім быў гэты Язон дакладна невядома, але зразумела тое, што гэта мог быць юдэй, які зьмяніў сваё імя на элінскае, а можа і элін-празэліт, які навярнуўся да Хрыста, дзякуючы пропаведзі Паўла і Сілы. А можа і проста элін, які ўспрыняў пропаведзь апосталаў і навярнуўся да Госпада. Як жа тое не было, але Паўла і Сілу ў доме Язона не знайшлі і таму пацягнулі на суд да бурмістраў самога Язона, абвінавачваючы таго, што ён прыняў да сябе «сусьветных бунтаўнікоў», якія чыняць супраць пастановаў цэзара і называючы Валадаром нейкага Ісуса.

Як мы ведаем, грунтоўным «вучэньнем» пра цэзара было тое, што валадар - ён і толькі ён. Былі розныя сутычкі, а нават і войны паміж прэтэндэнтамі на пасад, але гэтае «вучэньне» заставалася адзіным для таго, хто станавіўся, у той ці іншы гістарычны момант, цэзарам Рымскай імперыі. Дык каго лічылі Валадаром Павал і Сіла? Ісус ёсьць Валадар, а цэзар - не. Пагане ня ведалі словы Ісуса пра тое, што Валадарства Ягонае не ад гэтага сьвету, хаця гэта кажа пра тое, што крыніца Валадарства ня гэты сьвет, але ўсё ж Валадарства - для гэтага сьвету. Такім чынам, называючы Паўла і Сілу «сусьветнымі бунтаўнікамі», яны, у нейкім сэнсе, мелі рацыю, бо сапраўднае ўвасабленьне хрысьціянства ў жыцьцё павінна прывесьці да карэннай зьмены кожнага чалавека, і ўсяго чалавецтва.

У выніку гэтай смуты бурмістры адпусьцілі Язона і тых хрысьціянаў, якіх схапілі разам з Язонам. Мы бачым, што начальнікі Тэсалонікі сталіся больш разумнейшымі за начальнікаў у Філіпах, бо не паддаліся гневу натоўпа і ніяк не пакаралі веруючых у Хрыста. Павал жа і Сіла, памятаючы пра падзеі ў Філіпах і каб не распаляць сітуацыю, выйшлі з горада і накіраваліся ў Бэрэю.


Дзеі 17:10-21
«Браты ж адразу ў начы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу юдэйскую. А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць. Тады шмат з іх паверылі, і жанчынаў грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала. Калі ж юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп. Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там. Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі. А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі. Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца. Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спарачаліся з ім, і адны казалі: “Што хоча сказаць гэты баўбатун?”, а другія: “Здаецца ён прапаведуе чужыя боствы”,- бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае. І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: “Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш? Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?” Усе ж атэнцы і прыйшоўшыя туды чужынцы нічым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае» (Дзеі 17:10-21).

Павал і Сіла, прыйшоўшы ў Бэрэю, пачалі там дабравесьціць у мясцовай сынагозе. Да гэтага часу яны працавалі ў Тэсалоніках, дзе заснавалі царкву і дзе зьявіліся браты, якія былі здольныя працягнуць працу апосталаў. Апосталы ж зыйшлі з Тэсалонікаў, угледзеўшы прыказаньне Сьвятога Духа, прыпыніць сваю пропаведзь у гэтым месцы, каб пачаць яе ў іншым. Расчыняючы сэнс прыказаньня Ісуса Хрыста: «Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, бяжыце ў іншы», уцёкі апосталаў з Тэсалонікаў азначала не жаданьне засьцерагчы сябе ад небясьпекі (бегчы ў іншы горад, каб схавацца там), але жаданьне працягнуць справу Госпада (бегчы ў іншы горад, каб прапаведаваць там).

Так справа д’ябла спыніць дабравесьце, апынулася яшчэ большым яго распаўсюджваньнем. Мы памятаем сьмерць Стэфана і, як сьледства, расьсеяньне хрысьціянаў, а значыць і распаўсюджваньне дабравесьця. Мы памятаем навяртанье ганіцеля таго ж Стэфана Саўла, які неўзабаве стаўся вялікім служыцелем Ісуса Хрыста, каб прывесьці да Госпада многіх і многіх людзей і ў асаблівасьці паганаў. Мы памятаем і спрэчку Паўла з Барнабаю, якая разьвяла іх, але, тым ня меньш, дала магчымасьць умацаваньня хрысьціянства на Кіпры. Такое яшчэ будзе і далей, але зараз паглядзем на служэньне апосталаў у Бэрэі.

Бэрэя, дарэчы, знаходзілася ў 70 км. у паднёва-заходнім напрамку ад Тэсалонікі і, адпаведна, ад рымскага Эгнацыйскага шляху. Безумоўна тое, што Павал, у сэрцы сваім, паглядаў на гэты шлях, як цудоўную і хуткую магчымасьць апынуцца ў палітычнай сталіцы сьвету, але Сьвяты Дух разважаў ня так. Ён накіраваў Паўла праз Бэрэю у іншую сталіцу сьвету - інтэлектуальную. Рым яшчэ будзе, але зараз Павал павінен трымаць свой накірунак на Атэны.

Бэрэйскія юдэі апынуліся больш высакароднымі за юдэяў у Тэсалонікі, бо прынялі слова Паўла рупліва дасьледуючы Пісаньне, каб упэўніца ў сапраўднасьці пропаведзі Паўла. У выніку гэтай супольнай працы шмат юдэяў навярнулася да Хрыста у параўнаньні з Тэсалонікай, дзе навярнуліся, як кажа Лука, толькі некаторыя з юдэяў. Слова, якое прапаведаваў Павал, выклікала ў горадзе такі інтарэс, што вялікая колькасьць і грэкаў паверыла ў Ісуса Хрыста, сярод якіх назіралася дастатковая колькасьць жанчын. Усё гэта сьвечыць пра пра прыцягальнасьць Эвангельля для людзей з узвышанымі імкненьнямі. Д’ябал вельмі нярвова рэагуе на посьпех Эвангельля і таму, непазьбежна, зьяўляецца нейкае зло. У Бэрэю прыходзяць «пакрыўджаныя» юдэі з Тэсалонікаў, каб завершыць пачатае ў сваім горадзе і пакараць Паўла. Над апосталам навісла рэальная небясьпека і таму, у суправаджэньні некалькіх бэрэйцаў, ён пайшоў да мора ў бок Атэнаў. Сіла і Цімафей засталіся ў Бэрэі, каб дзейсна дапамагчы нованавернутым хрысьціянам у стаўленьні царквы, а Павал, хутчэй за ўсё, морам дасягае Атэнаў.

Інтэлектуальная і культурная сталіца сьвету была насычана рознымі ідаламі. Як, дарэчы, і рознымі ідэямі. А таксама і разнастайнымі інтэлектуальнымі ды культурнымі навінамі. Лука, некалькі іранічна заўважыў, што атэнцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае. Але «новае» у Атэнах, з антычных часоў, сур’ёзна не ўспрымалася. Пра гэта можна было гаварыць і слухаць, але ўсе, пры гэтым, ведалі, што «старое» лепш за «новае», бо «старое» - гэта набыткі вякоў і яго можна бачыць, уяўляць, а нават і памацаць. «Новае» ж можа быць эфемерным і няўстойлівым, бо сёньня яно ёсьць, а заўтра яго можа і ня быць. Так, апынуўшыся разам з Паўлам у Атэнах (зразумела што ў думках), нечакана і самі мы становімся крышачку філосафамі ў сваіх разважаньнях.

Палітычная і культурная слава старажытнай Грэцыі, якая дасягнула сваіх вышыняў у 5-4 стагодзьдзях да Р. Х., у часы служэньня апостала Паўла хілілася да заходу. Гэта адчувалася нават і ў Атэнах, гордым цэнтры элінскій культуры. Але інтэлектуальнае жыцьцё ўсё яшчэ бурліла ў гэтым горадзе, які, дарэчы, быў знакаміты на ўвесь сьвет сваім універсітэтам. Шмат якія выдатныя будынкі, створаныя пад час кіраваньня Грэцыяй знакамітым Перыклам, які быў пры ўладзе з 461 па 429 год да Р. Х., вабілі сваёй прыгажосьцю ды непаўторнасьцю і ў першым стагодзьдзі ад Р. Х. Але Паўла гэтая пышнасьць ня радавала. Ён узрушыўся духам, бачачы горад, апанаваны ідаламі, бо ён бачыў, што элінскае мастацтва адлюстроўвала характар богапакланеньня, якое было ўлацівае грэкам. Павал убачыў, што Бога, па сутнасьці, яны ня ведалі і пакланяліся ідалам, а інтэлектуальная сталіца сьвету як была, так і заставалася цэнтрам ідалапаклонства.

Месцаў, куды можна было пайсьці, і людзей, з якімі можна было пагаварыць, у Паўла было дастаткова. Ён, як заўсёды, пачаў з сынагогі, але рэакцыя юдэяў на пропаведзь Паўла нам невядомая, бо Лука пра гэта нічога ня кажа. Але Павал не абмежоўваўся гэтым. Ён вёў сваю духоўную барацьбу на два франты, бо акрамя сынагогі была яшчэ рынкавая плошча, дзе зьбіраліся прамоўцы і філосафы, каб абмяркоўваць тыя ці іншыя пытаньні. Рынкавая плошча (агора) была тым цэнтрам грамадзянскага жыцьця Атэнаў, куды выходзіў Павал, каб пагаварыць з тымі, з кім надарыцца. А пагаварыць было з кім, бо на агору выходзілі прадстаўнікі розных філасофскіх плыняў. Менавіта там Павал і сутыкнуўся са знакамітымі школамі таго часу: эпікурэйцамі і стоікамі. У чым жа была сутнасць гэтых тэорый?

Пасьлядоўнікі Эпікура (жыў у 341-270 гадах да Р. Х.) сьцьвярджалі, што чалавек жыве ў сьвеце дзеля шчасьця і задавальненьняў. Адпаведнага стану духа, казалі яны, можна дасягнуць, пазьбягаючы празьмернасьцяў і прызвычаіўшыся не баяцца сьмерці. Чалавек павінен імкнуцца да супакою, да пазбаўленьня болю і любіць усё чалавецтва. Эпікурэйцы казалі, што багі, калі яны ёсьць, ад людзей вельмі далёка і ў жыцьці чалавека ўдзелу не прымаюць, а таму трэба выціскаць з жыцьця ўсё па максімуму.

Стоікі жа прыналежалі да філасофскай школы Зэіёна (жыў прыкладна ў 320-250 гадах да Р. Х.). Сваю назву стоікаў яны атрымалі ад адной з галерэй (стоа) у Атэнах, дзе і зьбіраліся, каб паслухаць свайго настаўніка. Стоікі мелі сьветапогляд пантэістаў і верылі, што чалавечую гісторыю накіроўвае нейкая вялікая «Мэта». Прызначэньне ж чалавека ў тым, што ён заўсёды павінен падпарадкоўваць сябе гэтай мэце. І ня важна тое, у якім стане знаходзіцца чалавек: у горы ці ў радасьці. Відавочна, што такія погляды, нягледзячы на іхнюю пэўную высакароднасьць, не маглі не нараджаць гордасьці і адчуваньня падманлівай самадастатковасьці.

Эпікурэйцы і стоікі слухалі Паўла і, па ўсёй верагоднасьці, не разумеючы яго, спрачаліся з апосталам. Адсюль і пэўныя высновы гэтых спрэчак. Адны называлі Паўла баўбатуном, а іншыя казалі, што ён прапаведуе чужых багоў. Ці разумеў іх Павал? Добра разумеў, бо з вышыні Божай праўды ён бачыў гэтую духоўную цемру, у якой жывуць гэтыя людзі, падмацоўваючы сябе рознымі філасофскімі прыдумкамі. Філосафы ж глядзелі на Паўла, як на нейкага птаха, які дзяўбе насеньне ў розных месцах свайго знаходжаньня. Іншымі словамі яны ўяўлялі Паўла чалавекам, які нахапаўся дзе-нідзе ведаў, а зараз намагаецца выдаць іх за нешта сваё. Рэакцыя філосафаў прадказальная. Яны былі не ў стане асэнсаваць вучэньне Паўла пра Хрыста і Ягонае ўваскрасеньне, бо гэта было несумяшчальным з іх складам думак і ўяўленьняў. Яны бачылі ў словах Паўла тое самае «новае» і таму яны запрасілі Паўла давесьці сваё вучэньне перад вялікай аудыторыяй арэапагу.

Арэапаг - літаральна «гара Арэса» (бог вайны ў грэцкай міталёгіі) - гэта месца, дзе зьбіралася Рада, якая з даўніх часоў атрымала назву «арэапаг». У старажытных Атэнах яна выконвала ролю вышэйшага судова-палітычнага трыбуналу. Зараз жа роля арэапага спросьцілася да назіраньня за станам рэлігіі, выхаваньня грамадзянаў і адукацыі ў горадзе. Дык вось, Рада (арэапаг) мела права патрабаваць у Паўла тлумачэньня таго, што гэта за новае вучэньне, якое ён прапаведуе, і якое гучыць для грамадзянаў Атэнаў так дзіўна. Лука падкрэсьлівае, што для жыхароў горада і чужынцаў не было занятку больш цікавага, як паслухаць нешта новае. А для Паўла адкрывалася цудоўная магчымасьць прапаведаваць Эвангельле перад вялікай колькасьцю людзей. Сітуацыя, між тым, няпростая і ў нечым небясьпечная, а таму Павал павінен выкарыстаць усе свае багаслоўскія і дэкламатарскія здольнасьці.




Дзеі 17:22-34
«А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: “Мужы атэнскія, з усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя. Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю. Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё. Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга, каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас, бо ў ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторы з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”. Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці каменя, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай. Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца, бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых”. Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: “Паслухаем цябе пра гэта другім разам!” І гэтак Павал выйшаў спасярод іх. А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі» (Дзеі 17:22-34).

У Атэнах Павал убачыў ахвярнік невядомаму Богу. Гісторыя гэтага ў тым, што за шэсьць стагодзьдзяў да Паўла на Атэны напаў жудасны мор, які ніхто няздольны быў прыпыніць. Але вось паэт Эпімэнід з выспы Крыт прапанаваў наступнае. З арэапагу на горад быў выпушчаны статак чорных і белых авечак. І дзе б яны ні клаліся, яны, ў той жа момант, прыносіліся ў ахвяру на ахвярніку ў бліжэйшым храме. Так было і каля ахвярніка невядомаму Богу. З гэтага, дарэчы, Павал і пачынае сваю прамову ў арэапагу, як магчымасьць давесьці да жыхароў Атэнаў пра сапраўднага Бога.

Дарэчы, прамова Паўла ў арэапагу ёсьць пераказ Лукі гэтай прамовы і гэта ёсьць вельмі сьціслая версія пропаведзі апостала Паўла. Уявім сабе адукаванага прапаведніка Паўла, які мог гаварыць слова даволі працяглы час. Ці мог Павал трымаць сваё слова ў арэапагу прыкладна дзьве хвіліны (паспрабуйце прачытаць прамову Паўла на час)? Безумоўна што не, бо арэапаг не зразумеў бы ніякага прамоўцу, які казаў бы да іх пра сваё вучэньне на працягу двух хвілінаў. Лука ведаў грэцкія традыцыі пераказу, калі аўтар не прысутнічаў на самой прамове. Лука - вялікі майстар аповяду, а таму гэты даволі сьціслы тэкст ёсьць кароткі, але старанна прадуманы пераказ прамовы Паўла перад арэапагам.

Мудра і тактоўна пачынае Павал сваю прамову, калі кажа пра «асаблівую пабожнасьць» жыхароў Атэнаў. Павал намагаецца гэтым завалодаць увагаю слухачоў, каб потым даць ім зразумець, што ён абвяшчае ім сапраўднага жывога Бога, Які стварыў неба і зямлю і Які ня мае патрэбы ў бажніцах, зробленых чалавекам. Бог самадастатковы і не патрабуе клопату пра Сябе ад рук чалавечых. Гэтая частка пропаведзі павінна была спадабацца эпікурэйцам, якія лічылі, што Бог, калі Ён ёсьць, вышэй за ўсе чалавечыя клопаты і справы. Але далей Павал кажа пра тое, што менавіта Бог дае кожнаму чалавеку жыцьцё і дыханьне. І гэтыя словы не маглі не знайсьці водгук ад стоікаў, якія казалі пра вялікую «Мэту» і неабходнасьць для людзей гэтаму адпавядаць.

Стоікі былі згодныя і з цытаваньнем Паўла афінскага паэта Арата: «Бо мы і род Ягоны», бо бачылі ў гэтым філасофію стоікаў. Але Павал тлумачыць гэта на свой манер, бо, як юдэй, ведае, што Бог стварыў чалавека на Свой вобраз і Сваё падабенства. Павал, быццам бы, хоча сказаць ім наступнае: «Бог і сьвет - не адно і тое ж, але ў тым, што прымушае вас іх аб’ядноўваць, ёсьць і нешта сапраўднае. І калі вы больш грунтоўна падыдзеце да гэтага пытаньня, дык абавязкова знойдзеце Бога, Які, сапраўды, недалёка ад вас».

Павал кажа арэапагу, што доўгацярплівы Бог пэўны час мірыўся з чалавечым невуцтвам, якое вылівалася ў стварэньне розных ідалаў і пакланеньне ім. Але ўвесь гэты час Ён дастаткова ясна сьведчыў пра Сябе ў Сваім Стварэньні і, нягледзячы на тое, што людзі ня вызналі Яго праз сваё невуцтва, Бог прабачае іх. Калі раней на паганах ляжала адказнасьць за іх невуцтва па прычыне адкрыцьця Бога ў прыродзе, дык зараз жа усё гэта пагаршаецца з абвяшэньнем Эвангельля. А таму паганам трэба прыслухацца да Божага загаду паўсюдна навярнуцца, каб ня выклікаць у будучым гнеў Божы. Такім чынам Павал пераходзіць ад думкі юдэйскай да думкі хрысьціянскай, хаця імя Хрыста Лука, ў прамове Паўла, непасрэдна і не вызначае. Павал кажа пра вызначанага Богам Мужа, Які уваскрос з мёртвых і Які прыйдзе судзіць сьвет. Жыцьцё - ня ёсьць шлях да абсалютнай гібелі, як разважалі эпікурэйцы і ня шлях да зьліцьця з Богам, як гэта разумелі стоікі; жыцьцё ёсьць шлях да праведнага суду Божага, дзе Судзьдзя - Ісус Хрыстос.

Дык вось, Павал зноў абвесьціў пра ўваскрасеньне Ісуса Хрыста. Але сама ідэя ўваскрасеньня была несумяшчальнай з грэцкай філасофіяй, бо грэкі, якія верылі ў існаваньне пасьлясьмяротнага валадарства ценяў, не маглі сабе ўявіць, што яны пасьля сьмерці зноў увойдуць у свае целы. Што ж да суду, дык і гэта для іх было непрымальным. Мёртвы чалавек, які ўздымаецца з магілы, каб жыць вечна,- для арэапага гэта гучала абсурдна і менавіта таму адны з іх насьмяхаліся над Паўлам, а іншыя ж казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!» Трэба сказаць, што Павал не адчуваў ніякай небясьпекі, бо атэнскі лібералізм гарантаваў яму гэта. Выступ Паўла, ня што іншае як першая спроба прымірыць хрысьціянства з філасофіяй.

Павал рабіў новыя спробы працаваць на ніве пропаведзі, але глеба была вельмі няўдзячнаю. Дух атэнянаў быў поўнай процілегласьцю таго пяшчотнага рэлігійнага пачуцьця, якое давала навяртаньне і прызначала людзей да хрысьціянства. Сапраўдныя грэкі не падыходзілі да вучэньня Ісуса Хрыста, бо напрыклад Плутарх, ня меў пра яго ніякага ўяўленьня нават ў першай палове другога стагодьдзя. Патрыятызм, прывязанасьць да ўсяго старога перашкаджалі грэкам зьвяртаць увагу да іншаземных рэлігійных культаў. «Элінізм» ператварыўся ў рэлігію, амаль што разумную і філасофскую. Багі Грэцыі як быццам бы імкнуліся стаць багамі ўсяго чалавецтва.

Ці можна лічыць служэньне Паўла ў Атэнах няўдалым? Сказаць цяжка. Павал не стварыў у Атэнах значнай царквы, але, усё ж, некалькі чалавек адгукнуліся на пропаведзь Паўла. Лука кажа пра нейкага Дыянісія (па ўсёй верагоднасьці чальца арэапагу) і жанчыну па імяні Дамар. Пра астатніх жа ён кажа: «І іншыя». Не дачакаўшыся Цімафея, Павал выйшаў з Атэнаў. Наперадзе ў яго быў Карынт.


Рецензии