Деяния 18 1-28

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 18:1-28

Не ўдаючыся ў падрабязнасьці знаходжаньня Паўла ў Атэнах пасьля свайго выступу ў арэапагу, Лука толькі кажа, што Павал выйшаў з Атэнаў і накіраваўся ў бок Карынту. Карынт знаходзіўся недалёка, у 100 км. ад Атэнаў, але быў, пры гэтым, горадам зусім не падобным на Атэны. Калі Атэны былі вядомыя як цэнтр культуры і адукацыі, Карынт разглядаўся як цэнтр гандлю, марнатраўства і распусты. Падобнымі ж яны былі толькі ідалапакланеньнем.

Дзеі 1-11
«Пасьля ж гэтага Павал, зыйшоўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт. І, знайшоўшы нейкага юдэя, на імя Акіла, родам з Понту, і жонку ягоную Прыскілу, якія толькі што прыйшлі з Італіі дзеля загаду Кляўдыя ўсім юдэям пакінуць Рым, прыстаў да іх. І як быў аднаго рамяства з імі, заставаўся ў іх і працаваў, бо рамяство іхняе было майстраваньне намётаў. А кожную суботу ён вёў гутаркі ў сынагозе і пераконваў юдэяў і грэкаў. Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, Павал быў пануканы сьведчыць юдэям пра Ісуса Хрыста. А як яны працівіліся і блюзьнілі, абтросшы адзеньне, ён сказаў да іх: “Кроў вашая на галаве вашай! Я чысты. Ад цяпер іду да паганаў”. І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў у дом нейкага чалавека, на імя Юст, які пакланяўся Богу, дом якога быў пры самай сынагозе. А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада з усім домам сваім, і шмат карынцянаў, слухаючы, паверылі і былі ахрышчаныя. Госпад жа сказаў Паўлу ў відзежы ўначы: “Ня бойся, але гавары і не маўчы, бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым”. І жыў год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага» (Дзеі 18:1-11).

Карынт знаходзіўся крыху на поўдзень ад вузкага перасмыку, які яднаў Пелапанэскую паўвыспу з правінцыяй Ахая. Праз Карынт праходзіў сухапутны гандлёвы шлях у паўночным і паўдзённым накірунку, а таксама і марскія шляхі усходняга і заходняга накірункаў. Два марскія порты адносіліся да Карынту: Лэхэум на беразе Адрыятычнага мора і Кенхрэі - на ўзбярэжжы мора Эгейскага. Так склалася, што да Пелапанэса прычальваць караблям было зусім небясьпечна, так што гандлёвыя караблі швартаваліся ў гэтых портах, а адтуль тавары перапраўляліся непасрэдна ў Карынт.

Што тычыцца гістарычных зьвестак, дык вядома, што ў 146 годзе да Р. Х. рымляне зьнішчылі Карынт цалкам, але, ў наступныя сто гадоў, горад быў зноў адбудаваны, бо высьветліліся пэўныя стратэгічныя якасьці гэтага месца. І вось зараз, напоўнены іншаземцамі і гандлярамі з усяго рымскага сьвету, горад стаўся месцам марнатраўства і распусты. Становішча горшылася тым, што менавіта тут знаходзіўся цэнтр пакланеньня Афрадзіты, багіні любові, служэньне якой вызначалася распустай у пэўнай рэлігійнай форме. Палітычна ж Карынт быў рымскай калёніяй і адміністратыўным цэнтрам правінцыі Ахая.

Уявім жа сабе становішча Паўла па прыбыцьці ў Карынт. Дарэчы ён сам кажа пра гэта ў сваім першым лісьце да карынцянаў: «І я прыйшоў да вас, браты, прыйшоў прапаведаваць вам сьведчаньне Божае ня ўзвышаным словам ці мудрасьцю, бо я судзіў ня ведаць у вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго, Які ўкрыжаваны. І быў я ў вас у немачы, і ў страху, і ў вялікім трымценьні. І слова маё, і пропаведзь мая былі не ў пераканаўчых словах чалавечае мудрасьці, але ў выяўленьні Духа і сілы, каб вера ваша была ня ў мудрасьці чалавечай, але ў сіле Божай» (1 Кар 2:1-5).

Немач, страх і вялікае трымценьне адчуў Павал па прышэсьці ў Карынт. Чаму? Па-першае, ён прыйшоў у Карынт адзін. Па-другое, цяжкасьці і перашкоды з якімі ён сутыкнуўся ў Македоніі маглі настройваць Паўла на песімістычны лад. А што казаць пра залімітавае распуства, якое ўбачыў ён у Карынце? Але, нягледзячы ні на што, «выбраная пасудзіна» Госпада Павал павінен быў несьці вестку пра Ісуса Хрыста.

Служэньне апостала Паўла - гэта заўсёды нейкі гераізм, але ці ня так павінен паводзіць сапраўдны служыцель Ісуса Хрыста? Павал так сябе і паводзіў, але прыналежнасьць да грэшнага роду чалавечага нікуды ня зьнікла. Таму і клаліся яму на сэрца гэтыя немач, страх і вялікае трымценьне. Але Госпад вёў Свайго апостала на гэтую справу і таму Ён даў яму сустрэць гэтую гебрайскую пару: Акілу і Прыскілу.

Гэтыя людзі прыйшлі ў Карынт з Рыму не па сваёй волі, але, усё ж, гэта Божае дзеяньне, бо Бог захоўваў Паўла на шляху ягонага служэньня. Павал добра ведаў рамяство Акілы і таму ён, сваёю працаю, мог забясьпечыць сябе пэўным матэрыяльным дастаткам, каб, у сваю чаргу, кожную суботу прапаведаваць у сынагогах Карынту. Які вынік пропаведзі Паўла? Падобны на вынікі папярэднія, - супраціў значнай частцы юдэяў пропаведзі апостала. І гэта пераломны момант, бо Павал парывае пропаведзі ў сынагогах, калі кажа: «Ад цяпер іду да паганаў». Павал застаецца ў Карынце на даволі (для Паўла) доўгі тэрмін. І для гэтага ёсьць некалькі прычынаў.


Паўла, па-першае, адсюль ніхто не выганяў. Па-другое ж, вялікі і касмапалітычны горад даваў у сабе месца і прапаведніку Паўлу. Таксама і значная колькасьць юдэяў, якая паверыла ў Ісуса Хрыста, затрымлівала Паўла ў гэтым горадзе. Але галоўнае ня ў гэтым, а ў тым начным відзежы, які апостал атрымаў ад Госпада: «Ня бойся, але гавары і не маўчы, бо Я з табою, і ніхто ня ўчыніць табе зло, бо шмат Майго народу ў горадзе гэтым». Па ўсёй верагоднасьці Павал меў патрэбу ў гэтых словах, бо проста так такія відзежы не здараюцца.

Павал павінен быў застацца ў Карынце, каб працягваць менавіта ў гэтым месцы, сваё служэньне Госпаду. Тым больш, што ў горадзе заставалася шмат народу для Госпада. І гэта зусім не азначае толькі тых, хто ўжо паверыў і навярнуўся да Хрыста. Гэта азначае і тых, хто павінен быў пачуць Эвангельле ад Паўла, каб прыняць Ісуса Хрыста як свайго Госпада і Збаўцу. Начны відзеж Паўла - адзін са шматлікіх урокаў Дзеяў, які кажа пра тое, што калі табе сапраўды патрабуецца падтрымка і настаўленьне, яна будзе, але ў той час, які вызначыў Госпад.

Але ці можна папракнуць Паўла ў нясьмеласьці? Ніяк, бо ён мужна прапаведаваў сынагозе, а потым у доме Юста, што знаходзіўся побач з сынагогай. Павал асабіста ахрысьціў начальніка сынагогі Крыспа, ды і ня толькі, як сам і кажа ў сваім першым лісьце да карынцянаў: «Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая, каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя. Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю. Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць» (1 Кар 1:14-17).

Дарэчы, вельмі магчыма, што гэта быў дом таго самага, забітага камянямі, Стэфана, якога будучы апостал гнаў у Ерусаліме. Тым больш, што сам Стэфан прыйшоў у Ерусалім з дыяспары і паходзіў з элінскага асяродзьдзя. Але гэта толькі здагадка, бо дакладна гэта нам невядома. Пасьля начнога відзежу Павал застаецца ў Карынце, каб з новымі сіламі працаваць у славу Госпада, бо калі Бог ускладае на чалавека даручэньне, Ён дае яму і сілы яго выкананьня. І з Божай дапамогаю Павал набываў сваю мужнасьць і свае сілы.


Дзеі 18:12-17
«А калі Галіён стаў праконсулам Ахаі, юдэі аднадушна накінуліся на Паўла і павялі яго да судовага пасаду, кажучы, што ён намаўляе людзей пакланяцца Богу насуперак Закону. Калі ж Павал меўся адчыніць вусны, сказаў Галіён да юдэяў: “Калі б праўда была нейкая крыўда ці злачынства, о юдэі, я б меў прычыну цярпець вас. Калі ж спрэчка ідзе пра слова, і імёны, і Закон ваш, разглядайце самі, бо я судзьдзём у гэтым быць не хачу”. І пагнаў іх ад судовага пасаду. А ўсе грэкі, схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі яго перад судовым пасадам, Галіёна ж гэта ніколькі не клапаціла» (Дзеі 18:12-17).

Першыя радкі дванаццатага вершу і насьцярожваюць, і нейкім чынам зьдзіўляюць, бо з аповяду Лукі мы разумеем, што на пачатку служэньня Паўла ў Карынце Галіёна, як праконсула, у гэтай правінцыі не было. Што гэта магло азначаць? Варыянты толькі два. Па-першае, папярэдні праконсул, у значнай меры, дрэнна ставіўся да гебраяў. І па¬другое тое, што што гэты час мог быць і бязуладным (папярэдні пракосул быў адазваны, а Галіён яшчэ ня быў прызначаным). Зьяўленьне ў аповядзе Лукі Галіёна заўсёды цікавіла гісторыкаў,бо яна давала гістарычны арыентыр часу знаходжаньня Паўла ў Карынце.

Дык вось, у 1905 годзе па Р. Х. у дельфійскім храме Апалона знайшлі надпіс, які дазволіў індэфікаваць гэтага Галіёна. Вызначылася, што ён быў братам знакамітага філосафа Сэнэкі малодшага, які быў выхавацелем цэзара Нэрона. Галіён быў праконсулам Ахаі каля аднаго году, пасьля чаго ён пакінуў гэтую пасаду з-за становішча свайго здароўя. Паколькі Павал пакінуў Карынт пасьля гэтага інцэдэнту, можна сьвярджаць, што служэньне Паўла ў Карынце прыходзіцца на 49-51 годы першага стагодзьдзя. Бяручы гэтую дату за арыентыр, мы, у далейшым, зможам зразумець і далейшую гісторыю жыцьця апостала Паўла.

Але гэты выпадак важны для нашага разуменьня яшчэ да аднаго чыньніку, бо гэтае пытаньне неаднаразова сустракаецца ў аповядзе Лукі. Пытаньне таго часу фармулявалася так: калі чалавек прыналежыць да хрысьціянства, ці азначае гэта тое, што ён не парушае рымскі закон? Іншымі словамі, ці існуюць ў рымскай дзяржавы свае прычыны, ня маючыя адносінаў да багаслоўскіх спрэчак юдэйскага вучэньня, перасьледаваць і вынішчаць хрысьціянства? А можа хрысьціянства трэба разглядаць як адзін з варыянтаў юдаізму, а таму і пакінуць яго ў супакоі?

Гэтыя пытаньні зусім няпростыя для тых часоў, бо заканадаўства Рыма давала юдаізму статут «дазволенай рэлігіі» і таму пытаньне хрысьціянства, як маючая народзіны ў юдэйстве, было відавочным, але і спрэчным. Менавіта таму і пацягнулі Паўла на суд да Галіёна. Юдэі паспрабавалі ўпэўніць праконсула ў тым, што хрысьціянства ёсьць нешта новае і недазволенае, але атрымалі ў адказ зусім ня тое, на што яны спадзяваліся. Праконсул Галіён, будучы чалавекам адукаваным (усё ж брат філосафа Сэнэкі) і, безумоўна, валодаючы пытаньнямі рымскага права ведаў, што хрысьціянства зьявілася на сьвет пад эгідай юдаізму. А калі так, дык гэта не павінна разглядацца ў грамадзянскім судзе. І што гэта, наогул, унутраная справа юдэйства.

Але, як бы тое не было, слова Галіёна сталася нечаканасьцю як да юдэяў, так і для хрысьціянаў, якія атрымлівалі легальны статус, як мінімум, у правінцыі Ахая (тэрыторыя цэнтральнай і паўдзённай Грэцыі). Мараль Лукі ў тым, што нават і чынавенства паганаў рабіла рэчы, якія спрыялі ўзрастаньню Божага Валадарства.

Але вось, выбліск насільля, ахвяраю якога стаўся новы начальнік сынагогі Састэн, павінен наводзіць на думку, што ў Карынце існавалі і антысіміцкія настроі. Здавалася б, якая справа паганам да спрэчкі паміж юдэямі? Але аднаго з іх, Састэна, пагане зьбіваюці перад судовым пасадам. Гэты Састэн, па ўсёй верагоднасьці, зьмяніў на гэтай пасадзе Крыспа і, ня выключана, што менавіта ён і пацягнуў Паўла на суд да праконсула Галіёна. Можа быць, як можа быць і тое, што гэты новы начальнік сынагогі, таксама як і Крысп, у хуткім часе прыйшоў да Хрыста, бо менавіта гэтае імя агучвае Павал у сваім лісьце да карынцянаў: «Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, царкве Божай, якая ў Карынце» (1 Кар 1:1-2). Так ці інакш, але гэтая бойка ніяк не заклапаціла праконсула Галіёна. Што ж тычыцца царквы Карынту, дык, як бачыцца, для яе настаў добры і спакойны час для разьвіцьця і ўмацаваньня.


Дзеі 18:18-28
«А Павал, прбыўшы яшчэ даволі дзён, разьвітаўшыся з братамі, паплыў у Сірыю, і з ім Прыскіла і Акіла. У Кенхрэях ён абстрыг галаву, бо зрабіў шлюбаваньне. І прыйшоў у Эфэс, і пакінуў іх, а сам, увайшоўшы ў сынагогу, вёў гутаркі з юдэямі. Калі ж прасілі яго застацца ў іх на шмат часу, ён не згадзіўся, але разьвітаўся з імі, сказаўшы: “Я мушу абавязкова справіць надыходзячае сьвята ў Ерусаліме. А зноў вярнуся да вас, калі Бог захоча”. І вырушыў з Эфэсу. І, зыйшоўшы ў Цэзарэі, узыйшоўшы і прывітаўшы царкву, пайшоў у Антыёхію. І пабавіўшы там нейкі час, выйшаў, праходзячы пачарзе Галятыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў. А нейкі юдэй, на імя Апалёс, родам александрыец, муж красамоўны, прыйшоў у Эфэс, а быў ён моцны ў Пісаньнях. Ён быў навучаны шляху Госпадаваму і, палаючы духам, гаварыў і навучаў пра Госпада дакладна, ведаючы толькі вучэньне Янавае. І ён пачаў адважна гаварыць сынагозе. Пачуўшы ж яго, Акіла і Прыскіла адклікалі яго і выклалі яму дакладней шлях Божы. А як ён хацеў пайсьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заклікаючы прыняць яго. Ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што былі паверыўшы праз ласку, бо заўзята абвяргаў юдэяў перад грамадою, паказваючы з Пісаньняў, што Ісус ёсьць Хрыстос» (Дзеі 18:18-28).

Не зусім зразумела, які сапраўдны час служыў Павал у Карынце? Адкуль браць адлік? З таго дня, калі ён увайшоў у горад ці з таго начнога відзежу, калі Бог загадаў яму затрымацца ў гэтым месцы, паабяцаўшы Сваю абарону? Можа адказ у тым зароку, які даў Павал, будучы ў Карынце? Зразумела, што той высокадухоўны зарок, які даў Павал Госпаду ня стрыгчыся да таго часу, пакуль ён не пакіне Карынт і мог стаць кропкай адліку тых паўтары гадоў, якія ён пражыў і праслужыў у гэтым горадзе.

І ўвесь гэты час, працягваўся гэты назарэйскі зарок, а Павал, як існы юдэй, памятаў тое, што Бог сказаў Майсею: «Праз усе дні наразэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца з вінаграду, ад зерня да скуркі. Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй» (Лікі 6:4-5). Пад час свайго назарэйства Павал шмат працаваў фізічна і пропаведзьдзю, а таксама і настаўляў цэрквы, бо менавіта тут ён напісаў 1 і 2 Пасланьні да Тэсалонікійцаў.

Павал абстрыгся ў Кэнхрэях (порт Карынту) перад тым, каб сесьці на карабель і плыць у Сірыю. Дарэчы з кенхрэйскай царквы паходзіў дыякан Фіва, якому Павал, неўзабаве, даверыць сваё Пасланьне да Рымлянаў. Мы ўжо бычым, што спадарожнікамі апостала зьяўляюцца Акіла і Прыскіла, якія суправаджалі яго да Эфэсу. Сіла і Цімафей, па ўсёй верагоднасьці, засталіся ў Грэцыі, каб паклапаціцца пра цэрквы, заснаваныя ў Македоніі і Ахаі. Прыскіла і Акіла аселі там і, па ўсёй верагоднасьці, заснавалі там царкву. Сам жа Павал, як заўсёды, увайшоўшы ў мясцовую сынагогу, прапаведаваў пра Ісуса Хрыста.

І не безвынікова, бо знайшоў сярод юдэяў вельмі добры водгук, якія, дарэчы, вельмі прасілі Паўла застацца на шмат часу. Але накірунак апостала быў у бок Ерусаліму, куды Павал і адыйшоў. Пра наступнае падарожжа Лука распавядае вельмі сьцісла. Морам у Цэзарыю, потым у Ерусалім, а пасьля ў Антыёхію Сірыйскую, адкуль пачалася ягоная другая місіянэрская вандроўка. Адкуль, дарэчы, пачнецца і трэцяя. Яна і пачалася, калі Павал зноў пайшоў праз Галятыю і Фрыгію, каб сваім служэньнем умацоўваць усіх вучняў.

Шлях Паўла ляжаў зноў да Эфэсу, але вось яшчэ адна акалічнасьць, якую мы павінны заўважыць. Лука паказвае, што Павал падарожнічае без памочнікаў, адзін. І гэтаму ёсьць пэўнае тлумачэньне, бо ў першым і другім падарожжы ён ішоў у «невядомасьць», а таму бяз верных супрацоўнікаў гэта было неверагодным. Мы бачылі, якія цяжкасьці іх падсьцерагалі, так што Госпаду аднойчы трэба было сур’ёзна ўмяшацца, каб ажывіць укамянованага Паўла ў месцы Лістра. Мы памятаем і страх Паўла, калі ён адзін прыйшоў з Атэнаў у невядомы Карынт. Але час зьмяняўся, бо ствараліся цэрквы, а з імі ўзрастала і хрысьціянская сям’я. Паўлу было ўжо на каго абаперціся і да каго зьвярнуцца, а такі каштоўны прапаведніцкі матэрыял, як Сіла, Цімафей, Лука і іншыя вучні, патрэбны былі на месцах, каб колькасьць пераўтвараць у якасьць. А Павал рабіў сваю справу, як гэта загадаў яму Госпад Ісус Хрыстос. Павал яшчэ прыйдзе ў Эфэс, дзе ў гэты час адбываліся даволі цікавыя дзеі.

Лука прадстаўляе нам яшчэ аднога выбітнага місіянэра, які прыйшоў з афрыканскай Александрыі. Апалёс - адукаваны гебрай александрыйскай дыяспары, які добра ведаў Пісаньні, ведаў Хрыста і вучыў пра Яго, як кажа Лука, правільна. Ён меў хрышчэньне ад Яна і бачыў Хрыста ў Старым Запавеце, што мог данесьці да людзей у сваёй пропаведзі. Але цікава тое, што Апалёс , які добра ведаў Біблію, ня ведаў нешта тое, што ведалі Прыскіла з Акілай. Лука заўсёды падкрэсьлівае значную ролю ў гісторыі першапачатковага хрысьціянства жанчын. Прыскіла дапамагае мужу ўмацаваць ў хрысьціянстве чалавека з буйнога універсітэцкага гораду Александрыя, але справа ня толькі ў гэтым.

Галоўнае ва ўсім гэтым зьвязана з хрысьціянскім хростам Апалёса ў імя Ісуса з Сьвятым Духам. Лука не дае выразных правілаў адносна таго, як людзі павінны прыходзіць у сям’ю веруючых, бо ўсё бывае па рознаму. Галоўнае, як Апалёс, быць адкрытымі да таго, каб вучыцца, пры тым часта з нечаканых крыніцаў, каб убачыць нечаканае ў Пісаньні, як і тыя перамены, якія адбываюцца ў жыцьці хрысьціяніна.

Узброены новым вучэньнем, Апалёс, пераплыўшы Эгейскае мора, прыйшоў у Карынт, дзе мужна сьведчыў і добра прапаведаваў, паказваючы ў Пісаньнях Ісуса Хрыста. Служэньне Апалёса ў Карынце было такім яскравым, што некаторыя з веруючых палічылі яго вышэй за Паўла і нават склалі нефармальную партыю Апалёса, як і кажа пра гэта сам Павал у сваім лісьце да карынцянаў: «А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: “Я - Паўлавы”, “А я - Апалёсавы”, “А я- Кіфавы”, “А я- Хрыстовы”» (1 Кар 1:12). Лука ня кажа пра тое, што Апалёс удзельнічаў у фармаваньні гэтага, як і Павал нідзе не ускладае на Апалёса адказнасьці за ўсё гэта. Галоўнае тое, што Апалёс, ведаўшы гістарычнага Хрыста, усьвядоміў у Ім Мэсію, Які заўсёды прысутнічае ў сэрцах веруючых людзей. І гэта павялічыла сілу ягонай пропаведзі ў шмат разоў. Мы ж вяртаемся з Карынту ў Эфэс, куды прыйшоў апостал Павал, каб прабыць там у служэньні на працягу двух гадоў.


Рецензии