Деяния 15 1-41

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 15:1-41

Нягледзячы на тое, што Сын Божы ўзяў на Сябе грахі ўсяго сьвету і наказваў вучням данесьці Эвангельле ва ўсе народы аж да краю зямлі, далучэньне хрысьціянаў з паганаў выклікала ў Царкве даволі сур’ёзную праблему, якая патрабавала свайго вырашэньня. Юдэйскія традыцыі казалі, што гебраі ня толькі асобным чынам прыналежаць Богу, але нават і тое, што Бог - гэта толькі іхні Бог. Праблема ўзаемаадносінаў паміж юдэямі і паганамі ў хрысьціянстве складалася з некалькіх пытаньняў. Першае. Ці павінен паганін, уваходзячы ў хрысьціянскае грамадзтва выконваць абразаньне і Закон Майсея ці гэта для яго неабавязкова? І другое. Наколькі юдэю дазволена зносіцца з неюдэем у грамадзкім жыцьці царквы? Вырашэньне гэтых пытаньняў было няпростым, але ня можа слова чалавека быць вышэй за слова Божае.


Дзеі 15:1-11
«І некаторыя, што прыйшлі з Юдэі, навучалі братоў: “Калі ня будзеце абрэзаны паводле звычаю Майсея, ня можаце быць збаўленыя”. Тады сталася немалое змаганьне і спрэчка з імі ў Паўла і Барнабы, і вызначылі, каб Павал і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх узыйшлі наконт гэтай спрэчкі да апосталаў і старостаў у Ерусалім. Яны ж, праведзеныя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, распавядаючы пра навяртаньне паганаў; і зрабілі радасьць вялікую ўсім братам. А прыйшоўшы ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, і апосталамі, і старостамі, і расказалі ўсё, што Бог учыніў з імі. Падняліся ж некаторыя з герэзіі фарысэйскае, якія былі паверыўшы, кажучы, што трэба іх абрэзаць і загадаць захоўваць закон Майсея. І сабраліся апосталы і старосты разглядзець наконт слова гэтага. А як сталася вялікая спрэчка, Пётр, устаўшы, сказаў: “Мужы браты! Вы ведаеце, што ад дзён старадаўных Бог выбраў сярод нас, каб праз мае вусны пачулі пагане слова Эвангельля і паверылі. І знаўца сэрцаў, Бог, засьведчыў ім, даўшы ім Духа сьвятога, як і нам, і ніяк не адрозьніў між намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія. Дык цяпер навошта вы спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, насіць якое ня здолелі ані бацькі нашыя, ані мы? Але мы верым, што збаўленыя праз ласку Госпада Ісуса Хрыста, гэтак  сама, як і яны”» (Дзеі 15:1-11).

Пропаведзь Эвангельля ніколі не падзялялася на пропаведзь юдэям і пропаведзь паганам. Яна адзіная. Гэта зьява гістарычная, бо аб’ядноўвала нейкім чынам хрысьціянаў з юдэяў і хрысьціянаў з паганаў. І пачалося гэта з Антыёхіі Сірыйскай. Ці ўсім юдэям гэта было да спадобы? Безумоўна што не, бо хапала і такіх, хто лічыў немагчымым знаходзіцца побач з неабрэзанымі паганамі. Яны пагаджаліся са знаходжаньнем у царкве хрысьціянаў з паганаў, але з умоваю, што тыя, напачатак, прымуць юдэйства. Такім чынам у царкве Антыёхіі разгарнулася сур’ёзная спрэчка і ўзьнялі яе прапаведнікі юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму. Так кажа Лука. Павал жа у сваім лісьце да Галятаў кажа, што гэтыя некаторыя прыйшлі ад Якуба. Былі яны самазванцамі ці выконвалі даручэньне кіраўніка царквы Ерусаліма дакладна невядома, тым больш што Якуб ня выступіў супраць Пятра на Ерусалімскім саборы і, падтрымаўшы яго, адмовіўся ад гэтых, так званых, юдэйскіх місіянэраў. А сітуацыя тым часам была вельмі напружанай, бо гэтыя некаторыя з Ерусаліму упэўнівалі хрысьціянаў з паганаў, што ім недастаткова паверыць у Госпада Хрыста, бо яны, па-перш, павінны падпарадкавацца закону Майсея. Безумоўна, што гэта было нападам на Добрую Вестку пра ласку Бога, згодна якой Ісус Хрыстос завершыў справу збаўленьня на крыжы, кажучы ўсім нам, што збаўленьне ёсьць дар, які немагчыма зарабіць ці заслужыць.

Павал і Барнаба горача пярэчылі юдэйствуючым, добра разумеючы, што тыя прыйшлі пазбавіць веруючых з паганаў свабоды ў Хрысьце. Спрэчка не сканчалася і таму справа вырашэньня не знаходзіла. Заставаўся толькі адзін выхад: зьвярнуцца ў Ерусалім да апосталаў і прасіць іх даць адзнаку гэтай праблеме і вырашыць яе. Павал, Барнаба і некаторыя прадстаўнікі царквы Антыёхіі, сустрэліся з апосталамі і распавялі ім пра той уздым Эвангельля, які адбыўся сярод паганаў Антыёхіі і гарадоў Галятыі. Яны не прасілі дапамагчы ім, але давялі да апосталаў толькі факты, якія казалі самі за сябе. Мы ж бачым супраціў і тут, калі фарысэі, стаўшыя хрысьціянамі, настойвалі на абразаньні і захаваньні закона Майсея. І яны, па-свойму, разважалі лагічна, бо калі Мэсія Хрыстос прыйшоў да народу выбранага, дык трэба і паганаў падагнаць да гэтага стандарту, а значыць абрэзаць. А калі ёсьць абразаньне, дык павінна быць і выкананьне закона Майсея. Трэба сказаць, што гэтыя спрэчкі цягнуліся ўжо гадоў каля дзесяці пасьля навяртаньня Карнэля. І, як кажуць, настала тая кропка кіпеньня, калі трэба было афіцыйна вызначыцца ў гэтым няпростым пытаньні.

Апосталы і старосты, у прысутнасьці шматлікіх веруючых, сабраліся для разгляданьня гэтае справы. Праблему належала вырашыць сур’ёзна і, як кажа Лука, сталася вялікая спрэчка, дзе гучалі довады як «так», так і «супраць». Дарэчы сталася ўсё гэта прыкладна ў 49 годзе па Р. Х. І вось, выслухаўшы ўсе бакі, слова ўзяў галоўны з апосталаў Пётр. Той самы Пётр, які і сам нейкім чынам «хістаўся» паміж абрэзанымі і неабрэзанымі. Робячы нейкі адступ ад лініі апавяданьня трэба сказаць, што гэтыя падзеі трэба разглядаць сукупна з лістом Паўла да Галятаў, дзе таксама асьвятляюцца падзеі, якія папярэднічалі гэтаму Ерусалімскаму сабору. Дык вось Павал даводзіць галятыйскім хрысьціянам пра сваю сутычку з Пятром, які цураўся паганаў, калі прыйшлі некаторыя ад Якуба. Павал кажа, што нават і Барнаба крывадушнічаў разам з Пятром, але пра гэта мы пагаворым некалькі пазьней. А зараз паслухаем Пятра.

Апостал Пётр, устаўшы, зьвярнуўся да сходу з напамінам пра навяртаньне Карнэля, бо менавіта тады і было вырашана пытаньне пра збаўленьне паганаў па ласцы Божай. І сьведчаньне таму, што Бог даў ім Духа Сьвятога таксама як і юдэям, кажучы тым, што няма ніякай розьніцы паміж юдэямі і паганамі, бо сэрцы тых і другіх атрымалі ачышчэньне вераю. Пётр кажа, што ўсе спробы выкананьня закону і намаганьне заслужыць такім чынам збаўленьне выніку не далі, а таму застаецца адзін шлях да збаўленьня - у самаадданай веры прыняць свабодны дар Божай ласкі. Па сутнасьці Пётр ставіў пытаньне: «Ці можа чалавек заслужыць дабразычлівасьць Бога, ці ён павінен прызнаць сваю бездапаможнасьць і ў пакоры веры прыняць тое, што прапануе яму Бог у Сваёй міласэрнасьці?» Пётр як бы кажа, што мір ня зыйдзе на чалавека да таго часу, пакуль ён не ўсьвядоміць, што ніколі ня зробіць Бога сваім даўжніком, і што яму застаецца прыняць тое, што дасьць яму, па міласьці Сваёй, Бог. Хрысьціянства, у адрозьненьні ад астатніх рэлігій, складаецца, як гэта не парадаксальна, з таго, што шлях да перамогі ляжыць праз прызнаньне сваёй паразы, а шлях да моцы ляжыць праз прызнаньне сваёй слабасьці.


Дзеі 15:12-21
«І замаўчала ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, якія распавядалі, якія знакі і цуды ўчыніў праз іх Бог сярод паганаў. Калі ж яны замаўчалі, адказаў Якуб, кажучы: “Мужы браты! Паслухайце мяне! Сымон распавёў, як спачатку Бог нагледзеў узяць з паганаў народ дзеля імя Свайго, і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана: “Пасьля гэтага вярнуся, і адбудую намёт Давіда, які заваліўся, і зруйнаванае ў ім адбудую, і выпрастую яго, каб шукалі Госпада пазасталыя людзі і ўсе народы, на якіх будзе прызвана імя Маё, - кажа Госпад, які робіць усё гэта”. Ад вякоў вядомыя Богу ўсе справы Ягоныя. Дзеля гэтага я суджу ня мучыць тых з паганаў, якія зьвярнуліся да Бога, але напісаць ім, каб высьцерагаліся гідотаў ідальскіх, і распусты, і душанага, і крыві; бо закон Майсея ад старадаўніх пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу”» (Дзеі 15:12-21).

Заўважым дзьве цікавых акалічнасьці. Лука зноў, у пераліку імёнаў, ставіць Барнабу на першае месца перад Паўлам, а гэта азначае, што Барнаба першым меў выступ на сходзе, чаго ўжо даўно паміж імі не было. Гэта можна патлумачыць тактыкай дзеяньняў, бо Барнаба, сярод царквы Ерусаліму, меў аўтарытэт большы за Паўлаў. Але, усе працавалі на станоўчы вынік і ў дадзеным выпадку кожная дробязь у паводзінах была важнаю і таму ўсё гэта павінна было ўлічвацца. Бог дае мудрасьці тым, хто стаіць за Ягоныя інтарэсы.

І другое тое, што Якуб называе Пятра Сымонам. Безумоўна тое, што гэты факт ніяк ня мог паўплываць на выніковае рашэньне гэтага сходу. Але што хоча сказаць гэтым нам Лука? Можа быць толькі тое, што ўдзельнікі гэтага сходу размаўлялі на арамейскай мове. І вось гэты Якуб стаіць перад вялікім сходам, маючы да яго сваё слова. Ён цытуе прароцтва Амоса пра Тысячагадовае Валадарства ў доказ таго, што збаўленьне паганаў ніяк не процістаіць Божаму плану для Ізраіля. Якуб хоча сказаць, што прарок Амос ня кажа пра тое, што пагане павінны стаць празэлітамі ў юдэйстве. А калі так, дык няма патрэбы, каб пагане станавіліся празэлітамі і ў гэтым веку.

Якуб быў кіраўніком Ерусалімскай царквы і ягонае вяршэнства ніяк не было фармальным, бо яго вызнавалі паважаным чалавекам. І ня толькі сярод хрысьціянаў, але і няверуючыя юдэі паважалі Якуба, бо ён старанна захоўваў закон Майсея. Ён быў настолькі праведным, што яго называлі Якубам Справядлівым (у 62 годзе па Р.Х. ён будзе забіты зілотамі, якія гатавалі паўстаньне супраць Рыма). Дык вось, калі такі чалавек будзе на баку паганаў, дык справа будзе вырашана найлепшым чынам. І ён учыніў так, што ўсім стала зразумела пра тое, што новым вучням Хрыста з паганаў ня сьлед рабіць залішніх перашкодаў. Але пытаньне пра ўзаемаадносіны юдэяў і хрысьціянаў з паганаў заставалася. І тады, каб спросьціць гэтае пытаньне, Якуб прапанаваў вызначыць пэўныя нормы, якіх павінны прытрымлівацца ў сваім жыцьці хрысьціяне з паганаў.

Яны павінны былі ўстрымлівацца апаганенага ідаламі. Сучаснаму чалавеку гэта можа падацца дзіўным, але ў тыя часы існавала праблема, зьвязаная з ужываньнем мяса, якое было прынесена ў ахвяру ідалам. Нават апостал Павал, у сваім першым лісьце да Карынцянаў, даволі падрабязна разглядае гэтую праблему. Справа ў тым, што калі паганін прыносіў ахвяру сваім багам, дык, як правіла, тая ахвярная частка мяса накіроўвалася жрацамі на «рэалізацыю» праз гандлёвыя кропкі. І ў гэтым была праблема, каб хрысьціянін не ўжываў гэтага апаганенага мяса. Хрысьціяне павінны былі ўстрымлівацца ад блуду, бо ў нячыстым сьвеце яны павінны былі заставацца чыстымі. Яны павінны былі цурацца душанага і крыві. Што гэта азначае? Для юдэя кроў азначала жыцьцё, а жыцьцё прыналежала адзіна Богу. Разам з крывёю ўходзіла і жыцьцё, а таму ўсё мяса, якое ўжывалі гебраі, гатавалася так, каб уся кроў выходзіла з яго. Больш таго, гебраі не практыкавалі забой жывёлаў удушэньнем. Такім чынам, хрысьціянам з паганаў прапанавалася ўжываньне мяса па юдэйскіх правілах, што зьнімала апошнюю перашкоду для ўзаемаадносінаў і ўсталёўвала прынцып таго, што юдэі і веруючыя з паганаў - аднолькавыя перад Богам.

Сваю прамову Якуб скончыў словамі: «Бо закон Майсея ад старадаўніх пакаленьняў мае ў гарадах тых, хто абвяшчае яго, чытаны ў сынагогах кожную суботу». Сувязь гэтых словаў з папярэднімі, у прамове Якуба, не зусім зразумелыя. Па ўсёй верагоднасьці, тут ёсьць указаньне на ўстрыманьне юдэяў на ўказаныя парушэньні закона Майсея, бо штотыднёвыя чытаньні яго маглі даваць падставу пэўнай непрыхільнасьці юдэяў да хрысьціянаў з паганаў, як да нячыстых. А можа тут даецца адказ на меркаванае пярэчаньне, што, у выпадку вызваленьня хрысьціянаў ад абавязковасьці закона Майсея, гэты закон мусіць прыйсьці ў забыцьцё. Няхай кожны разважыць сам.

Мы ж нейкім чынам толькі працытуем Яна Златавуснага, які выказаў наступную думку: «Такім чынам Якуб вырашыў усё. Па ўсёй верагоднасьці, ён прапануе выконваць закон, таму што ад яго запазычае гэтыя прадпісаньні, але і вызваляе ад яго, запазычаючы толькі гэта». Цікавая, на гэты конт, і думка Жана Кальвіна, які кажа прыкладна так: «Якуб вучыць, што немагчыма так хутка скасаваць усе абрады, бо ўжо многія стагодзьдзі гебраі маюць звычку выконваць Закон, да і Майсей мае ў сынагогах сваіх абвяшчальнікаў. Таму, на некаторы час, трэба пайсьці на ўзаемныя саступкі, таму што свабода, дадзеная Хрыстом, павінна праявіцца для хрысьціянскага народу паступова. Як кажуць у народнай прымаўцы: “Старажытныя абрады трэба пахаваць, але з пэўнымі ўшанаваньнямі”».


Дзеі 15:22-35
«Тады надумалі апосталы і старосты разам з усёй царквою, выбраўшы спасярод сябе мужоў, паслаць у Антыёхію з Паўлам і Барнабам Юду, называнага Барсабам, і Сілу, мужоў перадавых сярод братоў, напісаўшы рукамі сваімі так: “Апосталы, і старосты, і браты - братам з паганаў у Антыёхіі і Сірыі, і Кілікіі: радавацца! Пачуўшы, што некаторыя, што прыйшлі ад нас, стрывожылі вас словамі, захістаўшы душы вашыя, кажучы абрэзывацца і захоўваць Закон, чаго мы не загадвалі, надумалі мы, сабраўшыся аднадушна, паслаць да вас выбраных мужоў разам з улюблёнымі нашымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Дык паслалі мы Юду і Сілу, і яны словамі паведамяць вам тое самае. Бо надумалася Духу Сьвятому і нам ніякага больш цяжару на вас не ўскладаць, акрамя гэтага неабходнага: сьцерагчыся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты. Захоўваючы сябе ад гэтага, зробіце добра. Бывайце здаровыя”. Тады тыя, што былі пасланыя, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства, аддалі пасланьне. А тыя, прачытаўшы, узрадаваліся ад гэтага пацяшэньня. Юда і Сіла, якія былі і прарокамі, многімі словамі пацяшалі братоў і ўмацоўвалі. Прабыўшы ж там нейкі час, яны былі ў супакоі пасланыя братамі да апосталаў. А Сіле надумалася застацца там. Павал жа і Барнаба былі ў Антыёхіі, навучаючы і дабравесьцячы разам з многімі другімі слова Госпадава» (Дзеі 15:22-35).

Справа, вырашаная Ерусалімскім саборам, была вельмі важнай весткаю для ўсяго тагачаснага хрысьціянскага сьвету, а таму спосаб і момант абвяшчэньня ўсім веруючым таксама быў вельмі важным. Царква ў Антыёхіі павінна ведаць, што рашэньне сабора ў Ерусаліме, якое вельмі ўзгоднівалася з пазыцыяй Паўла, ня ёсьць ягоныя асабістыя домыслы і што Павал не выдае афіцыйны дакумант за плод асабістай творчасьці. Адсюль і выяўляюцца аўтарытэтныя пасланцы з Ерусаліму. Юда і Сіла дададуць асабістае адценьне пасланьню, якое, шчыра кажучы, выглядае сухім і безэмацыйным. Яны дадуць і дадатковае тлумачэньне, каб ніхто ня меў сумнёву ў гэтым царкоўным вучэньні. А зараз непасрэдна пра тое, што было напісана ў гэтым пасланьні.

Было ж напісана, што Барнаба і Павал былі з павагаю прынятыя ў Ерусаліме. Яны ёсьць «улюблёныя» для царквы, бо рызыкавалі сваім жыцьцём за справу Госпада Ісуса Хрыста. Хрысьціяне ж з паганаў называліся братамі, што ёсьць прызнаньне іх членамі адной хрысьціянскай сям’і разам з Якубам і апосталамі, нягледзячы на тое, што яны не былі абрэзанымі. Няхай ведаюць хрысьціяне з паганаў, што тыя, якія хісталі іхнія сэрцы наконт абразаньня, ня мелі паўнамоцтваў ад царквы Ерусаліму і дзейнічалі на свой асабісты погляд. Гэтая ж пастанова сабора ёсьць воля Духа Сьвятога і ніхто не павінен думаць, што гэта ёсьць чалавечыя дзеяньні. Няхай тое Паўла, Барнабы, тых веруючых з фарысэяў ці Пятра і Якуба. Калі ж ліст з Ерусаліму быў даведзены да царквы Антыёхіі, ён паслужыў вялікім настаўленьнем, бо вучні упэўніліся ў тым, што Бог збавіў іх як паганаў і ім не абавязкова прымаць юдэйства, але, тым ня меньш, ім трэба жыць па запаведзям Ісуса Хрыста.

Дык вось, Павал і Барнаба могуць спакойна працягваць сваю пропаведзь і навучаньне веруючых. Узьнікшая праблема разгледжана і вырашана. Здаецца, што ўсё сьцішылася. Але, як кажуць, супакой нам толькі сьніцца, бо зноў на гарызонце зьявіліся хмары, якія прынесьлі разлад паміж Паўлам і Барнабаю.


Дзеі 15:36-41
«А праз колькі дзён сказаў Павал да Барнабы: “Вярнуўшыся, адведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, як яны маюцца”. Барнаба ж пастанавіў узяць з сабою Яна называнага Маркам. А Павал лічыў ня вартым браць яго з сабою, бо ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на гэтую справу. Тады сталася спрэчка, так што яны разлучыліся адзін з адным, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр. А Павал, паклікаўшы Сілу, пайшоў, аддадзены братамі ласцы Божай, і праходзіў праз Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы» (Дзеі 15:36-41).

Лука даволі сьцісла апісвае нам спрэчку паміж Паўлам і Барнабай. Але толькі ўявім сабе, што лагодны Барнаба (сын пацяшэньня) парывае, можа і назаўсёды, з Паўлам. Гэтыя некалькі радкоў хаваюць у сабе шмат негатыву ў адносінах Паўла і Барнабы. Вельмі ганебны эпізод, які трэба разумець як папярэджаньне таго, што падобнаму ня месца ў царкве. У сваіх лістах Павал неаднаразова заклікае хрысьціянаў не паддавацца гняўлівасьці: напэўна, у будучым, яму ня раз было сорамна за свае паводзіны ў гэтай гісторыі. Гэта ў будучым, але зараз Павал паказвае сваю «прынцыповасьць».

Гісторыя гэтага канфлікту пачалася ня сёньня, а значна раней, калі Ян Марк адыйшоў ад іх у Памфіліі да Ерусаліму. Павал прыпамятаў падзеі ў Антыёхіі Пісідзскай, Іконіі, Лістры і Дэрбіі. Ян Марк не вытрымаў цяжару гэтага падарожжа яшчэ да таго, як пачаліся сапраўдныя непрыемнасьці. А што калі на іх зноў паўстане натоўп і паляцяць камяні? Дзе будзе Ян Марк? Павал цьвёрда ведаў, што яму патрэбны людзі, у якіх можна быць упэўненым у самых небясьпечных абставінах. Такіх як Цімафей, напрыклад. Сам Павал, характарызуючы Цімафея, дае крытэр паўлавага супрацоўніка: «А я спадзяюся ў Госпадзе Ісусе хутка паслаць да вас Цімафея, каб і я ўсьцешыўся, даведаўшыся пра вас. Бо ня маю нікога роўнага душою, хто б гэтак шчыра пра вас клапаціўся. Бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што Хрыста Ісуса. А яго выпрабаванасьць вы ведаеце, бо ён, як сын бацьку, служыў мне дзеля Эвангельля» (Філ 2:19-22). Існуе яшчэ адна думка, згодна якой Марк, які практычна не выходзіў з Ерусаліму, не да канца пагаджаўся з радыкальным выхадам пропаведзі за межы юдэйства. Лука ня кажа пра гэта, але магло быць і так.

І вось сам Барнаба. Дакладней адносіны Паўла да Барнабы. У сваім лісьце да Галятаў Павал паказвае няўстойлівую пазыцыю Барнабы адносна паганаў у той момант, калі прыйшлі некаторыя з Ерусаліму ад Якуба: «І з ім (Пятром) крывадушнічалі іншыя юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю» (Гал 2:13). Супрацоўнік прынцыповага Паўла крывадушнічаў. Ці можна такое ўявіць? Безумоўна, што Павал быў у шаку. Але. Наперадзе быў Ерусалімскі сабор і дзеля гэтага сябры прымірыліся, каб атрымаць сумесную перамогу. А стрэмка ў адносінах з-за крывадушнасьці Барнабы засталася і нікуды ня зьнікла. Але і ў Барнабы былі свае довады, каб уступіць у спрэчку з Паўлам.

Па ўсёй верагоднасьці Барнаба разважаў па іншаму. Так, Марк, па сваёй маладосьці, схібіў, але ён дзесяць разоў раскаяўся за гэта і таму яму трэба даць магчымасьць выправіцца. Гэты вывад мог узьнікнуць у Барнабы пад час наведваньня Ерусаліму, калі, і гэта хутчэй за ўсё, ён шчыра паразмаўляў са сваім пляменьнікам Янам Маркам. Безумоўна што цяжка ўявіць сабе ход думак чалавека, які жыў дзьве тысячы год таму, але, тым ня меньш, карціна гэтай спрэчкі выглядае больш меньш зразумелай. Барнаба таксама знаходзіўся ў гняўлівасьці. Калісьці ён прывёў Паўла да апосталаў і зьняў той недавер, які быў моцна прычэплены да Паўла. І ці ня ён, Барнаба, выцягнуў Паўла з невядомасьці ў Тарсе, каб даць яму шанец стаць сур’ёзным прапаведнікам у Антыёхіі? А тыя нягоды і цяжкасьці, якія яны разам перажылі ў першым місіянэрскім падарожжы? Увогуле, Павал быў яму шмат чым абавязаны. І дзе тая падзяка?

Дык хто правы, Павал ці Барнаба? Віна за парыў іхніх адносінаў, па ўсёй верагоднасьці, ляжала на іх абоіх, бо кожны быў вінаваты ў пыхлівасьці: «Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць» (Прып 13:10). Хаця існуе думка, што правы быў Павал, бо з гэтага моманту Барнаба зьнікае са старонак Дзеяў Апосталаў. Больш таго, менавіта Павал і Сіла былі аддадзены братамі Антыяхійскай царквы ласцы Божай. Але супакойвае ў гэтай гісторыі тое, што Марк, у рэшце рэшт, аднавіў да сябе давер апостала Паўла, які ў сваім другім лісьце да Цімафея наказвае яму: «Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэньня» (2 Цім 4:11).

Гэтая, на першы погляд, негатыўная гісторыя мае і пазітыўны бок, бо ў выніку атрымаліся два місіянэрскіх падарожжы замест аднаго. Барнаба і Марк адплылі на Кіпр, дзе яны прапаведавалі і кансалідавалі працу цэркваў. Павал жа, узяўшы Сілу (рымскага грамадзяніна, што будзе ў далейшым вельмі карысным) пайшлі ў падарожжа, якое, у выніку, апынулася нашмат большым, чым паўторны візіт у Сірыю і Кілікію, бо геаграфія хрысьціянскай пропаведзі значна пашырылася. З гэтай нагоды ўспамінаецца псальм, дзе гаворыцца пра тое, што Госпад усё можа пераўтварыць на добрае: «І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш» (Пс 75:11). Царкве ёсьць чаму павучыцца з гэтага ўрыўку. Безумоўна, што Лука мог і не паказваць гэтай спрэчкі, але ён гэтага не зрабіў. Чаму? Магчыма, таму што хацеў, каб хрысьціяне вынесьлі пэўны ўрок з гэтай, у чымсьці, непрыемнай гісторыі.


Рецензии