Деяния 23 1-35

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 23: 1-35

На прыканцы папярэдняга разьдзелу мы пакінулі Паўла перад сынэдрыёнам, куды, не дазволіўшы натоўпу распарадзіцца жыцьцём апостала па свойму, начальнік рымскай кагорты перадаў разгляд справы Паўла. Тут жа ворагі Паўла дзейнічаюць супраць яго са значна меньшым шумам, але значна большым падступствам. Ці разумеў Павал тое, якая гаворка будзе з ім ў сынэдрыёне? Можа і так. Але мы памятаем, як яго судзілі сярод паганаў, дзе, як разумеў Павал, яго не маглі зразумець па вызначэньню. Але, магчыма тут, у сынэдрыёне, яго зразумеюць тыя, хто ведае Госпада. І вось, такая нагода зьявілася яму ў Ерусаліме, але мы не знаходзім таго, каб ягоныя добрыя падахвочваньні, хоць нейкім чынам, былі прынятымі на ўвагу.


Дзеі 23 1:1-11
«Павал, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: “Мужы браты! Усім добрым сумленьнем я жыў перад Богам да гэтага дня”. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што стаялі пры ім, каб білі яго ў вусны. Тады Павал сказаў яму: “Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая! І ты сядзіш, судзячы мяне паводле Закону, і насуперак закону загадваеш мяне біць”. А тыя, што стаялі, сказалі: “Першасьвятара Божага зьневажаеш?” І прамовіў Павал: “Ня ведаў я, браты, што ён першасьвятар. Бо напісана: “На начальніка народу твайго не кажы блага”. А, разумеючы, што адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, закрычаў Павал у сынэдрыёне: “Мужы браты! Я - фарысэй, сын фарысэя. За надзею і ўваскрасеньне мёртвых судзяць мяне!” Калі ж ён гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі, і разьдзялілася грамада, бо садукеі кажуць, што няма ані ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа; а фарысэі прызнаюць адно і другое. Узьняўся ж вялікі крык, і, устаўшы кніжнікі фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: “Нічога благога мы не знаходзім у чалавеку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці анёл, не змагаймася з Богам”. А калі спрэчка павялічылася, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх і весьці ў табар. А ў наступную ноч Госпад, стаўшы перад ім, сказаў: “Будзь пэўны, Паўле! Бо як ты сьведчыў пра мяне ў Ерусаліме, гэтак будзеш сьведчыць і ў Рыме”» (Дзеі 23 1-11).

Мужы браты. Менавіта так зьвярнуўся Павал да сынэдрыёну, бо ў высокім усьведамленьні сваіх апостальскіх добрых якасьцяў Павал ставіць сябе як бы нароўні са старэйшынамі народу, паказваючы пры гэтым, што зьняволеньне не адбірае ў яго правасьці перад ягонымі судзьдзямі. Але ня ўсё так проста, бо першасьвятар Ананія - па Флавію, чалавек «горды і грубіянскі». Язэп Флавій дае нам зьвесткі пра гэтага чалавека ў кнігах Археалогія і Пра вайну Юдэі. Дык вось, сын Нэведэя, пераемнік Якуба, сына Камілы, папярэднік Ізмаіла, сына Фабі, гэты Ананія быў адпраўлены папярэднікам тагачаснага кіраўніка Юдэяй Фэлікса - Квадратам у Рым для апраўданьня перад цэзарам за свае правіны. Пасьля вяртаньня, на некаторы час, ён захоўваў сваю пасаду, але быў адстаўлены Фэліксам і перадаў сваю пасаду Ізмаілу, сыну Фабі.

Па характару і вобразу жыцьця гэта быў самы разбэшчаны з садукеяў самага хужэйшага часу юдэйскіх першасьвятароў. Флавій кажа пра ягоную неразумную і жорсткую помсту адносна самаранаў. Нават і Талмуд кажа, што гэта грабежнік-тыран, які сваёй непамернай сквапнасьцю давёў да галечы ніжэйшых сьвятароў, адбіраючы ў іх дзесяціны, нават і гвалтоўна. Дарэчы, ён будзе забіты пад час паўстаньня супраць Рыма ў 66 годзе па Р. Х. І вось гэты Ананія сустракаецца з апосталам Паўлам, усё жыцьцё якога прысьвечана любові Божай да чалавека, а таму і ягонай любові.

Характарыстыка Ананіі ўжо падказвае нам на тое, як будзе паводзіць сябе гэты першасьвятар. Ён загадвае Паўла біць, падкрэсьліваючы сваю жорсткасьць і грэбаваньне Закону. Напэўна яму не падабаліся першыя словы Паўла: «Мужы браты!», бо які ён ім брат? Адказ Паўла таксама не «падарунак», калі ён кажа да Ананіі: «Бог будзе біць цябе, сьцяна пабеленая». «Пабеленая сьцяна» - вобразнае азначэньне пустэчы і ганебнасьці гэтай велічы, скрыўленьні асобы і крывадушнасьці. Знаўца Пісаньня Павал яўна зьвяртаецца да Езэкііля: «І вось, абваліцца сьцяна; тады ці скажуць вам: “Дзе тая абмазка, якою вы абмазвалі?”» (Ез 13:12). Ці правільнай была рэакцыя Паўла? Безумоўна што не, бо дастаткова прыпамятаць рэакцыю Ісуса ў такой жа сітуацыі, калі Яго таксама білі па вуснах у доме першасьвятара Анны: «Калі Я сказаў кепска, засьведчы, што кепска, а калі добра, за што б’еш Мяне?» (Ян 18:23). Павал зразумеў гэта адразу і таму ён выбачыўся перад першасьвятаром, але і не чакаў ад Ананіі нічога добрага адносна сваёй асобы.

І тут Павал выбраў вельмі правільны тактычны ход у сваю абарону. Як фарысэй і, хутчэй за ўсё, чалец сынэдрыёну ў мінулым, ён добра ведаў пра наяўнасьць у сынэдрыёне двух фракцыяў: садукеяў і фарысэяў, сярод якіх былі вялікія сацыяльныя і рэлігійныя разыходжаньні. Павал ведаў што казаў, калі ўзьняў пытаньне пра ўваскрасеньне, бо гэтым ён зьвяртаўся да фарысэяў у сваю падтрымку. І паколькі увасрасеньне Ісуса Хрыста зьяўляецца асноўнай тэмай хрысьціянства, дык спробу Паўла раскалоць сынэдрыён нельга лічыць нейкай правакацыяй. Лука кажа, што, пасьля гэтай заявы Паўла, сталася спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі. Садукеі не прызнавалі ўваскрасеньне, бо вызнавалі з Пісаньняў толькі Пяцікніжжа, якое ня вучыць пра будучае ўваскрасеньне.

Фарысэі ж верылі ў уваскрасеньне і жыцьцё пасьля сьмерці. А гэта азначае, што пазіцыя фарысэяў была бліжэй да хрысьціянскай чым да садукейскай. Характэрна, што Новы Запавет дае нам шматлікія факты навяртаньне фарысэяў (той жа Павал), але мы не знаходзім выпадкаў навяртаньня садукеяў. І вось мы бачым цікавую рэч. Гэтая багаслоўская спрэчка настолькі захапіла фарысэяў, што яны наважыліся абараніць Паўла, нягледзячы на тое, што ён быў апосталам варожай для іх секты хрысьціянаў.

Лука кажа, што спрэчка паміж фарысэямі і садукеямі настолькі распалілася, што тысячнік Кляўды Лізі занепакоіўся небясьпечным становішчам Паўла, загадаўшы вывесьці яго ў табар. Адзначым, што тысячнік зараз меў абавязак ня толькі захоўваць парадак, але і абараняць правы рымскага грамадзяніна. Трэба адзначыць і тое, што ён так і не атрымаў адказу ад сынэдрыёну адносна віны ці апраўданьня апостала Паўла. А, тым часам, да Паўла зьявіўся Сам Госпад. Лука кажа, што гэта адбылося ноччу, а з гэтага паўстаюць два пытаньні: «Гэта было ў сьне ці гэта шэрагавае захапленьне?» Мы ня ведаем, але гэта ня так ужо і важна. Важна ж тое, што Бог падбадзёрваў Паўла, кажучы, каб ён не баяўся юдэяў і працягнуў сваё служэньне ў самым цэнтры паганскага сьвету - Рыме. Камфортнай вандроўкі да Рыму Бог не абяцае, але апостал туды абавязкова патрапіць. Патрапіць дзеля таго, каб сьведчыць, а слова «сьведка», як мы ўжо казалі азначае ня што іншае як «пакутнік». Пачнем жа і мы шлях да Рыму разам з апосталам Паўлам.


Дзеі 23: 12-22
«А як настаў дзень, некаторыя юдэі, зрабіўшы сход, далі сабе клятву, кажучы, што ня будуць ані есьці, ані піць, пакуль не заб’юць Паўла. Было ж больш за сорак тых, што далі гэткі зарок. Яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старшыняў, сказалі: “З праклёнам мы пакляліся нічога ня есьці, пакуль не заб’ем Паўла. Вы ж цяпер разам з сынэдрыёнам паведаміце тысячніку, каб заўтра ён вывеў яго да вас, быццам маеце дакладней разгледзець адносна яго, а мы, перш, чым ён наблізіцца, гатовы забіць яго”. Пачуўшы ж пра гэтую змову, сын сястры Паўлавае, прыйшоўшы ў табар, паведаміў Паўлу. А Павал, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: “Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае нешта паведаміць яму”. Дык той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і кажа: “Вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў прывесьці да цябе гэтага дзяцюка, які мае нешта сказаць табе”. Тысячнік, ўзяўшы яго за руку і адыйшоўшы на бок, спытаў: “Што такое маеш паведаміць мне?” А той сказаў: “Юдэі дамовіліся прасіць цябе, каб заўтра ты вывеў Паўла да сынэдрыёну, быццам маючы нешта дакладней запытацца адносна яго. Дык ты ня дай пераканаць цябе ім, бо на яго цікуюць больш за сорак мужоў з іх, якія далі клятву ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовыя, чакаючы абяцаньня ад цябе”. Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, загадаўшы: “Нікому не кажы, што мне пра гэтае паведаміў» (Дзеі 23:12-22).

Некаторыя юдэі, даўшы клятву і зарок намерыліся забіць апостала Паўла. На гэтым месцы мы, часткова, і засяродзімся ў сваіх разважаньнях. Хто былі гэтыя юдэі, якія паставілі сабе за мэту ўсьмерціць Паўла? Як бачыцца можна вызначыць тры групы гэтых юдэяў: юдэі - паломнікі з Азіі, юдэі - фарысэі і юдэі - садукеі. Хаця мы разумеем, што першая група магла мець пэўную прыналежнасьць да двух астатніх. Зразумела, што кожная група мела «зуб» на Паўла, а таму і здольна была сфармаваць гэтыя сорак чалавек, якія маглі паклясьціся, каб забіць ненавіснага ім апостала паганаў. А зараз, метадам выключэньня, паспрабуем вызначыць найбольш верагоднага кандытата на ролю забойцы апостала Паўла.

Першым, хто ўзьняў вэрхал супраць Паўла - гэта група юдэяў з Азіі, якая, дарэчы, пасягала на ягонае жыцьцё нашмат раней. І ці ня мог быць працяг гэтай гісторыі ў Ерусаліме? Усе мы памятаем учорашнюю спрэчку фарысэяў з садукеямі, дзе фарысэі адстойвалі невінаватасьць Паўла. Умоўна гэта азначае, што другі радок у гэтым сьпісе займаюць юдэі з садукеяў. Хаця мы ведаем, што садукеі - гэта заможныя гебраі, якія валадаюць высокімі пасадамі ў краіне. Але, хто ведае? Дык вось, рэйтынг магчымых забойцаў Паўла мог выглядаць і так: юдэі з Азіі; садукеі і фарысэі.

Але, як мы ўжо ведаем, Госпад упэўніў Паўла, што яму нічога не пагражае ў Ерусаліме, бо ён павінен сьведчыць пра Яго ў Рыме. А што будзе з тымі, хто даў публічны зарок ня есьці і ня піць, пакуль не заб’юць Паўла? Можа знойдуць шчыліну ў Законе, каб выйсьці з гэтага зароку ці памруць? Сітуацыя і сьмешная, і трагічная. Бо нашыя зарокі бяз Божага дабраславеньня могуць быць, у выніку, ніякімі. Што і атрымалася з гэтымі сарака юдэямі.

Зараз жа разважым пра родных Паўла ў Ерусаліме. Лука кажа пра пляменьніка Паўла, які, у гэты час , быў у Ерусаліме і даведаўся пра змову юдэяў забіць ягонага дзяцьку. Сам Павал мала што кажа пра сваіх родных, але Лука кажа пра пляменьніка, які, па волі Госпада, своечасова апынуўся ў неабходны час і ў неабходным месцы. Ці быў гэты пляменьнік хрысьціянінам невядома, але тое, што ён спачуваў Паўлу, дык гэта не выклікае сумненьняў. А тое, што гэты пляменьнік проста ўвайшоў у вайсковы табар, кажа пра ягонае рымскае грамадзянства.

Ці можна вынесьці з гэтага нейкі ўрок? Калі ўрок і ёсьць, дык ён тычыцца Божага плану, як пра гэта кажа старазапаветны псальм: «Госпад дае ласку і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць» (Пс 83:12). Гэта не азначае, што з добрымі людзьмі нічога дрэннага не здараецца ці добрыя людзі заўсёды атрымліваюць пажаданае. Зусім не і гэтая кніга сьведчыць пра гэта неаднаразова. Але такім можа быць падыход да жыцьцёвых праблемаў у малітве. Калі ёсьць небясьпека, няхай яна будзе пазьбегнута. Калі ёсьць гнеў, няхай ён будзе пазьбегнуты. Калі ёсьць спакуса, дай мне сілы выдужаць. Калі мне нешта патрэбна, няхай я гэта атрымаю. Але заўсёды не мая воля, але Твая Госпадзе. Бо Тваё Валадарства, як у небе так і на зямлі. Зноў і зноў мы вяртаемся да малітвы Госпада.


Дзеі 23:23-35
«І паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў, сказаў: “Падрыхтуйце дзьвесьці жаўнераў, і семдзесят коньнікаў, і дзвесьці драбаў, каб ісьці ў Цэзарэю а трэцяй гадзіне ночы. І пастаўце жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўла, завесьці здаровага да ваяводы Фэлікса”. І напісаў пасланьне гэткага зьместу: “Кляўды Лізі - вяльможнаму ваяводзе Фэліксу: радавацца! Мужа гэтага, якога юдэі схапілі і меліся забіць, я, стаўшы з войскам, вырваў, даведаўшыся, што ён - рымлянін. А хочучы даведацца віну, дзеля чаго вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыён іхні і знайшоў, што яго вінавацяць дзеля спрэчак у Законе іхнім, а няма ніякага абвінавачваньня, вартага сьмерці ці путаў. А калі паведамілі мне пра змову супраць мужа гэтага, што мелася ў юдэяў, я неадкладна паслаў яго да цябе, загадаўшы, каб тыя, што абвінавачваюць яго, гаварылі супраць яго перад табою. Бывай здаровы”. Дык жаўнеры паводле загаданага ім, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду, а на заўтра, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў табар. Тыя, прыйшоўшы ў Цэзарэю і аддаўшы пасланьне ваяводзе, паставілі перад ім і Паўла. А ваявода, прачытаўшы, спытаўся, з якое ён правінцыі, і, зразумеўшы, што з Кілікіі, сказаў: “Я выслухаю цябе, калі зьявяцца і твае абвінавальнікі”. І загадаў вартаваць яго ў прэторыі Ірадавай» (Дзеі 23:23-35).

Колькасьць вайскоўцаў, якія павінны былі вывесьці Паўла з Ерусаліму ў Цэзарэю, проста ўражвае. 470 узброеных і, трэба думаць, прафэсійных вайскоўцаў, былі прызначаны тысячнікам, каб забяспечыць бясьпеку Паўлу. Тыя, хто гатаваўся катаваць Паўла, зараз абараняюць яго. А нічога, між тым, дзіўнага і няма, бо Госпад сказаў Паўлу, што той павінен сьведчыць пра Яго ў Рыме. І таму Ён створыць усе неабходныя ўмовы, каб сталася па слову Яго. Нават і рукамі паганаў. А тактыка тысячніка была разумная. Ён выправіў чатырыста пехацінцаў і семдзесят вершнікаў, у ноч, да Антыпатрыды, што знаходзілася ў 40 км. ад Ерусаліму. Шлях да Антыпатрыды быў вельмі небясьпечным, бо гэтыя мясьціны былі заселены цалкам юдэямі, пры тым, што шлях праходзіў праз горы, што давала магчымасьць варожай засады. Але за Антыпатрыдай мясцовасьць была адкрытай і зусім не прыдатнай да засады, ды і заселена яна была ў асноўным паганамі. Таму, ад Антыпатрыды, большая частка вайсковага канвою рымлянаў вярнулася ў Ерусалім, пакінуўшы ахоўваць Паўла толькі коньнікаў.

Перад адбыцьцём Паўла ў Цэзарэю, тысячнік напісаў кіраўніку Фэліксу інфарматыўную справаздачу пра гэтае здарэньне. Усё па справе, але нешта ён і ўтойвае. Яму здалося залішнім казаць намесьніку пра тое, што ён зьвязаў Паўла і ледзь не тартураваў яго, ня ведаючы пра ягонае рымскае грамадзянства. Таму ён зьмяняе пасьлядоўнасьць падзей на сваю карысьць. З ягонага ліста павінны былі разумець, што ён, даведаўшыся пра грамадзянства Паўла, збавіў яго ад ад гневу натоўпу. Але Кляўды Лізі кажа і сапраўднае, калі ён, як рымскі вайсковы чыноўнік, нічога не знайшоў, каб пакараць нейкім чынам, гэтага чалавека. Дзе ж мы такое чулі? Так так, у Карынце, Філіпах, Тэсалонікі, ды і амаль што ў Эфэсе. І да канца аповяду Лукі мы яшчэ пачуем падобнае і не аднойчы. Крыху пафантазіяваўшы, можна ўявіць, што гэтай ноччу Кляўды Лізі спаў спакойна, бо ён збыў праблему з рук, аддаўшы яе свайму начальніку ў Цэзарэю, дзе была рэзыдэнцыя рымскага намесьніка ваяводы Фэлікса.

Намесьнік Фэлікс ня быў у захапленьні ад гэтых, невядома адкуль прыйшэлых складанасьцяў, якія зваліліся на яго. Але як гэтага пазбавіцца? Можа адправіць Паўла на радзіму, што ёсьць правінцыя Кілікія? Але не, ня пойдзе, бо Кілікія, як і Юдэя падпарадкоўвалася адміністрацыі, якая была ў Цэзарэі. Нічога ня зробіш і прыдзецца вырашаць гэтае пытаньне самому Фэліксу.

Хто ж такі гэты Фэлікс? Зьвесткі пра яго мы можам чэрпаць у Язэпа Флавія, Сьветонія і Тацыта. Калі Кляўды Лізі ўзьняўся на пэўны сацыяльны прыступак, купіўшы рымскае грамадзянства, дык Фэлікс прайшоўся па ўсёй сацыяльнай лесьвіцы зьнізу і да верху. Ён нарадзіўся рабом, але, будучы каля цэзара Кляўдыя, ён, з братам Палантам, які быў блізкі да Нэрона, атрымаў волю і верна служыў Кляўдыю. Кляўдый жа, як і многія цэзары, баяўся высокапастаўленных зайздросьнікаў, а таму давяраўся людзям, чыя асабістая падзяка яму была вельмі вялікіх памераў, што значна памяньшала нявернасьць з іхняга боку. Натуральна, што рымскія вяльможы глядзелі на яго з высока і, паміж сабою, насьміхаліся зь яго.

Намесьнікам Рыму ў Юдэі ён быў, мягка кажучы, дрэнным, хаця і прабыў у гэтых мясьцінах сем гадоў (52-59 гады па Р. Х.). Ён быў першым у гісторыі рабом, якому даручылі кіраўніцтва правінцыяй. Тацыт, рымскі гісторык, казаў пра яго так: «Ён правіў справамі валадара душою раба». Ён шлюбаваўся пашэрагава на трох прынцэсах. Імя першай невядома, другая была ўнучкаў Антонія і Клеапатры, а трэцяя была дачкой Ірада Агрыпы. Гэта быў чалавек бяз прынцыпаў, які быў здольны таемна забіць свайго бліжэйшага саюзьніка. З такім вось чалавекам і прыйшлося Паўлу сустрэцца ў Цэзарэі. Менавіта пры ягоным кіраўніцтве сітуацыя ў Юдэі ўсё больш і больш напружвалася, а ў гебраяў зьяўлялася ўсё больш і больш прычынаў ненавідзець рымлянаў і руплівець пра Бога і Закон, руплівасьцю, якая і прывядзе на прыканцы 60-х гадоў да антырымскага паўстаньня і нацыянальнай катастрофы.


Рецензии