Деяния 24 1-27

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 24:1-27

Юрыдычная дэмагогія. Так можна ахарактарызаваць пачатак гэтага разьдзелу. Ёсьць такая юрыдычная прафэсія - адвакат. Кожны, хто сустракаўся з гэтай дзейнасьцю ведае, што добры адвакат можа зрабіць неверагоднае і выйграць у судзе самую пройгрышную справу. Інструмантаў для гэтага шмат. Юрыдычнае і псіхалагічнае ўзьдзеяньне, перакручваньне фактаў, акцэнтаваньне дробязяў, якія становяцца значнымі, а таксама і лісьлівасьць перад судом, падкрэсьліваючы ягоную «сьвятую» непагрэшнасьць і «аб’ектыўную» справядлівасьць. Такія адвакаты вельмі дорага каштуюць і таму абслугоўваюць, як правіла, людзей заможных. Так ёсьць у сучаснасьці, але так было і ў старажытнасьці. Людзі, маючыя грошы і ўладу, здольныя наняць лепшых адвакатаў, якія здолеюць дасягнуць практычна любога рашэньня, неабходнага кліенту.

Дзеі 24:1-9
«А праз пяць дзён прыйшоў першасьвятар Ананія са старшынямі і нейкім рытарам Тэртулам, якія выступілі перад ваяводам супраць Паўла. А калі таго паклікалі, пачаў абвінавачваць яго Тэртул, гаворачы: “Дазнаючы праз цябе вялікага спакою і дабрабыту, якія сталіся ў народзе гэтым праз тваю апеку, заўсёды і паўсюль прымаем мы гэта, вяльможны Фэліксе, з усёю ўдзячнасьцю. І каб табе шмат не дакучаць, прашу цябе коратка выслухаць нас паводле спагаднасьці тваёй. Бо, знайшоўшы, што муж гэты - пошасьць, будзіцель бунту сярод юдэяў па ўсім сусьвеце і правадыр герэзіі назарэйскае, які сьвятыню спакусіўся зьняважыць, мы затрымалі яго і хацелі судзіць паводле нашага закону. А тысячнік Лізі, прыйшоўшы, з вялікім гвалтам забраў яго з нашых рук, загадаўшы абвінавальнікам ягоным ісьці да цябе. Але яго ты сам можаш, дасьледаваўшы ўсё гэта, даведацца, у чым мы вінавацім яго”. Пацьвердзілі і юдэі, кажучы, што гэта так» (Дзеі 24:1-9.

Мы пакінулі Паўла ў стане вязьня, які чакаў суду ў прысутнасьці Фэлікса. І вось гэты дзень настаў, бо прыйшоў з Ерусаліму першасьвятар Ананія і з ім прыйшлі старшыні сынэдрыёну. Як мы бачым, яны прыйшлі па загаду тысячніка Лізі. Вось тут і пачынаецца юрыдычная дэмагогія, бо першасьвятар наняў для разгляданьня гэтае справы красамоўнага рытара Тэртула. Хто такі быў гэты Тэртул дакладна невядома, бо Лука пра гэта ня кажа. Але, хутчэй за ўсё, гэта быў гебрай з дыяспары (элініст), бо дзе яшчэ ён мог вучыцца рыторыцы, а рымлянін ці грэк наўрад ці пайшлі б служыць юдэйскаму першасьвятару, абараняючы Храм і Закон Майсея. Прафэсійная прыналежнасьць рытара - весьці судовыя працэсы і казаць прамовы на карысьць сваіх давернікаў, а гэта тое ж самае, што робіць і сучасны адвакат ці пракурор. Пры неабходнасьці адвакаты выкарыстоўваюць лісьлівасьць, а з Фэліксам, безумоўна, бяз гэтага абысьціся аніяк не атрымаецца.

Тэртул пачынае з таго, што ў іхняй краіне назіраецца спакой і дабрабыт, умовы да якіх і стварыў Фэлікс, а ўвесь народ прымае гэта з вялікай удзячнасьцю. Наколькі адпавядала праўдзе гэтая лісьлівая пахвала, пытаньне спрэчнае, але бясспрэчна тое, што Тэртул, гэтым чынам намагаўся ўзьдзейнічаць на Фэлікса, каб вырашыць гэтае пытаньне на сваю карысьць. Спакой жа, пра які казаў Тэртул, існаваў у краіне ня больш чым фармальна, бо пад паверхняй гэтага спакою кіпела глыбокая незадаволенасьць, якая магла выплюхнуцца на паверхню ў любы момант. Яна і выплюхнецца, бо, ў самым хуткім часе, тыя ж гебраі прынясуць на яго свае скаргі цэзару, а яшчэ пазьней усё гэта выльецца ў паўстаньне супраць Рыму. Але зараз Тэртул, рассыпаючы лісьлівыя кампліменты перад Фэліксам, зьвяртае ўвагу на «спагадлівасьць» ваяводы, што таксама, мягка кажучы, было перабольшваньнем, але, тым ня меньш, падабалася Фэліксу.

Сэнс далейшага ў прамове Тэртула зразумелы: калі ты, Фэлікс, жадаеш спакойнага жыцьця і каб кожны займаўся сваёй справай, зьвярні ўвагу на гэтага чалавека, які ёсьць пошасьць і хадзячая праблема, бо бунтуе юдэяў па ўсім сьвеце, зьяўляючыся правадыром назарэйскае герэзіі. Пагардлівыя словы Тэртула пра хрысьціянства мелі сваёй мэтаю стварыць вобраз Паўла як правадыра секты, якая ўяўляе пагрозу Рыму.

Наогул, хрысьціянскае дабравесьце прызначана суцяшаць тых, хто знаходзіцца ў непакоі, і турбаваць тых, каму камфортна ў гэтым сьвеце. Як мы бачым з Паўлавых пасланьняў (у прыватнасьці з 1 Тэс), з першым у яго было ўсё добра, але з другім у яго было яшчэ лепш. Ня ведаем, ці зразумеў што-небудзь Фэлікс пра назарэйскую герэзію, але бунт яму быў зусім не да патрэбы, бо гэта магло стацца канцом ягонай палітычнай кар’еры. Як бы Фэлікс не кіраваў, але добра разумеў, што Рыму не патрэбны ніякі бунт, бо спакой прыносіў добры гандль і харчовую бясьпеку імпэрыі.

Тэртул кажа, што Павал намагаўся зьняважыць Храм, а гэта, па вялікім рахунку, ніяк не чапала ваяводу, бо, што там казаць, ён і сам быў бы ня супраць гэты Храм зьнішчыць. Але зьневажэньне Храму было б найлепшым повадам для бунту і таму Тэртул з вялікай хітрынёй навешвае ўсё гэта на Паўла. Тэртул паказвае Фэліксу, што Павал зрабіў усё, каб падпаліць спакой грамадзтва і што ён зрабіў бы гэта, каб яго не перапынілі юдэі. Рытар адзначае таксама, што Павал абразіў рэлігію юдэяў, а таму ён павінен падлягаць суду сынэдрыёну. Ён таксама скардзіцца на тысячніка Лізі, які пазбавіў іх іхняга законнага права і ў гэтым таксама праглядваецца хітрасьць таго, што Тэртул заклікае ваяводу вярнуць ім тое, чаго тысячнік іх несправядліва пазбавіў. Тэртул спадзяваўся, што рымляне прымуць бок прарымскай партыі садукеяў, а Фэлікс павядзецца на тую небясьпечную сумесь напалову праўды і перакручаных фактаў. Але пагледзем, што было далей і як паводзіў сябе, пры гэтым, апостал Павал.

Дзеі 24:10-21
«А Павал адказаў, калі ваявода даў яму знак гаварыць: “Ведаючы, што шмат год судзьдзя гэтага народу, я ахвотней буду адказваць адносна справы маёй. Ты можаш даведацца, што ня больш, як дванаццаць дзён прайшло, як узыйшоў я пакланіцца ў Ерусалім. І ані ў сьвятыні не знайшлі мяне, што я з некім вяду гутарку ці бунтую натоўп, ані ў сынагогах, ані ў горадзе, і яны ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінавацяць мяне. Але прызнаюся табе, што паводле шляху, які яны гэрэзіяй называюць, я гэтак служу Богу бацькоў, верачы ўсяму, што напісана ў Законе і ў Прарокаў, маючы надзею на Бога, што мае быць уваскрасеньне мёртвых, праведных і няправедных, чаго яны і самі чакаюць. Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі. Праз шмат год я прыйшоў чыніць міласьціны для народу майго і дары. Пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні некаторыя юдэі з Азіі, а не з натоўпам і не з замяшаньнем. Яны мусяць прыйсьці да цябе і абвінавачваць, калі нешта маюць супраць мяне. Або самыя гэтыя няхай скажуць, ці знайшлі ў-ва мне якую крыўду, калі я стаяў перад сынэдрыёнам. Ці адно тое слова, якое я крыкнуў, як стаяў сярод іх, што сёньня вы судзіце мяне за ўваскрасеньне мёртвых”» (Дзеі 24:10-21).

Гэта трэцяя з шасьці прамоваў Паўла ў сваю абарону, пра якія кажа Лука ў гэтым творы, а перад рымскімі намесьнікамі, Павал казаў другі раз пасьля Галіёна ў Карынце. Заўважым жа, што Павал не пераймае лісьліваму Тэртулу ў сваім звароце да Фэлікса, але проста паказвае той факт, што ваявода шмат год гэты народ судзіць, і таму гэта дае магчымасьць адчуваць сябе больш спакойным пры абароне сваёй справы. Пры такой гаворцы, калі гэта магло і казацца кампліментам, дык гэта параўнальная працягласьць кіраваньня Фэлікса, якая, дарэчы, залежала ня толькі ад яго, але і ад ягонага вопыту і працягласьці практыцы на гэтай пасадзе. Дык вось.

Уступнае слова Паўла, калі ён атрымаў дазвол казаць у сваю абарону, было значна карацей, бо ён зыходзіў з таго, што Фэліксу добра вядома становішча ў Юдэі, каб справядліва судзіць ягоную справу. Павал зьвяртае ўвагу ваяводы, што ён прабыў у Ёрусаліме ня больш за сем дзён і ніяк, пры гэтым, ня ўзьдзейнічаў на мяцежныя настроі сярод народу ў Ерусаліме. Ён прыйшоў туды, каб пакланіцца Богу на Пяцідзясятніцу. Павал абвяшчае ўсім прысутным, што заўсёды служыў Богу Ізраіля ў згодзе з усім напісаным у Законе і Прароках, і што, веруючы, ён трымаецца не герэзіі, а хрысьціянскага вучэньня. Павал падкрэсьлівае, што ён, таксама як і тыя, што абвінавачваюць яго, мае надзею на Бога, Які ўваскрэсіць аднойчы ўсіх мёртвых (ведаючы, што сярод ягоных абвінавацеляў былі і фарысэі). Павал хоча гэтым паказаць, што хрысьціянскае вучэньне паўзрастала з Старога Запавету, а сам ён заўсёды імкнуўся мець бязгрэшнае сумленьне перад Богам і людзьмі. Але чаму ён прыйшоў у Ерусалім і якія былі ягоныя мэты? Безумоўна ж ня быць вязьнем, што ён, дарэчы, і не выключаў.

Трэба сказаць, што гэта адзінае месца ў гэтай кнізе Лукі, дзе гаворыцца пра мэту Паўла даставіць ерусалімскім хрысьціянам дапамогу ад цэркваў з краінаў паганаў. Лука асабліва і не націскае на гэта, але для самога Паўла гэта мела вельмі важнае значэньне, як гэта бачна ў ягоных пасланьнях да цэркваў Галятыі, Карынту і Рыму: «А цяпер я іду ў Ерусалім паслужыць сьвятым, бо спадабалася Македоніі і Ахаі зрабіць нейкую падтрымку ўбогім сьвятым, якія ў Ерусаліме. Спадабалася, бо яны вінаватыя іхнія, бо калі пагане сталіся супольнікамі іхнімі ў духоўным, дык павінны паслужыць ім ў цялесным. А зьдзейсьніўшы гэта і перадаўшы ім пад пячаткай плод гэты, адыйду праз вас у Гішпанію» (Рым 15:25-28). Зразумела зараз, што пячаткай гэтай матэр’яльнай дапамогі і былі тыя хрысьціяне, якія суправаджалі Паўла ў Ерусалім.

Павал хоча данесьці да ўсіх важную маральную, багаслоўскую і біблейскую праўду. Для яго хрысьціянства не адыход ад Пісаньня і традыцыі невядома куды, але гэта ёсьць Шлях, праз Які выконваюцца Божыя абяцаньні. Адпаведна і тое, што Павал не адступнік, але чалавек, які адданы юдаізму, бо заўсёды казаў, што Ісус не адвярнуў яго ад веры бацькоў, але адкрыў сапраўдны сэнс і твар Бога Абрагама. Мы памятаем, што Павал казаў пра сваё былое жыцьцё і пра тых , хто падзяляе кропку погляду, якую ён сам калісьці і падзяляў. Ён казаў, што яны маюць руплівасьць па Богу, але яны ня ў згодзе з веданьнем: «Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, але не паводле пазнаньня» (Рым 10:2).

Для Паўла пазнаньне Бога ў Ісусе Хрысьце азначала не здраджаньне веры продкаў, але самае глыбокае прытрымліваньне яе. У прыватнасьці і тут прамова Паўла падзяляе асноўную надзею юдаізму. Безумоўна што яе падзялялі ня ўсе, як Павал і ведаў, але тут ён выступае дзёрзка і правакацыйна: ці адважацца садукейскія першасьвятары не пагадзіцца з гэтай надзеяю? Уваскрасеньне праведных і няправедных ня ёсьць нейкім дзіўным вучэньнем. Яно непарыўна зьвязана з канчатковым Божым судом над усім сусьветам. Такая і ёсьць вялікая надзея Ізраіля: «Скажэце народам: “Валадарыць Госпад! Таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе. Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім; хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле праўды Сваёй”» (Пс 95:10-13).

Бог Творца, Які ў будучым закліча ўвесь сьвет да адказу, даручыў чалавечым уладам зьдзяйсьняць хоць частку гэтай справядлівасьці. Улады ж часам адпавядаюць свайму прызначэньню, а часам і не, а таму народ Божы павінен ня толькі абараняцца, але і нагадваць чынавенству пра іхнія абавязкі. Уваскрасеньне  ня толькі цэнтр хрысьціянскае веры, але і тое, што ляжыць у аснове хрысьціянскага тлумачэньня таго, навошта патрэбныя зямныя судзьдзі. Зьвярнем увагу на тое, як Лука кажа пра даволі частыя судовыя працэсы над Паўлам і гэта не выпадковасьць.

Эвангельле вучыць, што Бог выправіць сьвет і што гэты працэс пачаўся ад нараджэньнем Ісуса, а скончыцца з другім Ягоным прышэсьцем. Што ж павінна быць у гэтым прамежку? Лука, як падаецца, хоча, каб мы глядзелі ў гэтым рэчышчы і на жыцьцё царквы. Камфортнага існаваньня чакаць ня варта і ня трэба думаць, што нашая пропаведзь будзе сустрэтая ўсеагульным ухваленьнем. Калі аднаўленьне сьвету сапраўды праходзіць праз нас, хрысьціянаў, дык нас можа чакаць рознае. Як пакутніцтва, так і апраўданьне.

Адсюль зразумела, чаму Павал паўтарае сказанае ў сынэдрыёне. Ён намагаецца жыць з чыстым сумленьнем, бо будзе вялікае выпраўленьне і лепш, тут і зараз, жыць без плямаў на сумленьні. Так, памылак не пазьбегнуць, але заўсёды трэба іх вызнаваць, што Павал і рабіў, калі нічога не рабіў суперак Божай волі ці на шкоду іншым людзям. Калі хто і лічыць Паўла бунтаром, няхай зьвярнецца да ягонага звароту да карынцянаў: «Дык ці ясьцё, п’іцё, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую. Ня станьцеся спатыкненьнем ані для юдэяў, ані для грэкаў, ані для царквы Божай, Як і я дагаджаю ўсім у-ва ўсім, шукаючы не для сябе карысьці, але для многіх, каб яны былі збаўленыя» (1 Кар 10:31-33). Гэтым правілам Павал намагаўся кіраваўся заўсёды, таму і кажа гэтыя словы: «Дзеля гэтага я сам намагаюся мець заўсёды чыстае сумленьне перад Богам і перад людзьмі». Больш таго, Павал кажа пра міласьціны і дары, якія ён прынёс у Ерусалім для свайго народу. Да гэтага часу Лука не казаў пра гэта, але ў сваім другім лісьце да карынцянаў Павал кажа пра гэта, бо гэта было для яго вельмі важным.

Улічваючы ўсе гэтыя факты можна сьцьвярджаць, што абвінавачваньні супраць Паўла ня маюць сваёй асновы. Застаюцца абвінавачвальнікі, юдэі з Азіі, якія сьцьвярджалі, паміж тым, што Павал увёў паганіна ў Храм. Але, дзе яны? Ці могуць яны пацьвердзіць абвінавачваньне супраць Паўла? Ніяк, а таму лісьлівыя словы рытара сталіся звычайнай лісьлівасьцю. Перад намі ж вельмі моцная прамова Паўла, як у рытарычным, гістарычным, багаслоўскім, так і асабістым плане. Па свайму ўзроўню, на наш погляд, яна не саступае пасланьням Паўла. Мы яшчэ ўбачым ягоную прамову перад Агрыпай II, але тут мы бачым падмурак, на якім стаіць апостал Павал. Мы бачым ня нейкі шэраг разрозьненых тэмаў, але поўную ды ясную карціну і суцэльны вобраз чалавека хрысьціяніна - сьведчаньне, узор і Божае абяцаньне.


Дзеі 24:22-27
«Пачуўшы гэтае, Фэлікс адклаў справу іхнюю, сказаўшы: “Дакладней даведаўшыся пра шлях гэты, як прыйдзе тысячнік Лізі, разглежу справу вашую”. І загадаў сотніку пільнаваць Паўла, але даваць палёгку і не забараняць нікому з ягоных служыць яму і прыходзіць да яго. А праз некалькі дзён Фэлікс, прыйшоўшы з Друзілаю, жонкаю сваёю, якая была юдэйкаю, паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста. А як той вёў гутарку пра праведнасьць, і стрыманасьць, і пра будучы суд, Фэлікс, спалохаўшыся, адказаў: “Цяпер годзе, ідзі, а як знайду час, паклічу цябе”. Пры гэтым ён, спадзючыся, што атрымае грошы ад Паўла, каб звольніў яго, часта клічучы яго, гутарыў з ім. А як споўніліся два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста, і, хочучы зрабіць ласку юдэям, Фэлікс пакінуў Паўла ўвязьненым» (Дзеі 24:22-27).

Ваявода Фэлікс адклаў гэтую справу па фармальнай прычыне - не было галоўных абвінавацеляў з Азіі, а таму ня можа быць ніякага прысуду. Уяўляецца, што Фэлікс, за гэтыя пяць дзён па прыходу першасьвятароў, быў добра падгатаваны і наперад ведаў, што ніякае віны за Паўлам няма. Ліст тысячніка Кляўдыя Лізі пра невінаватасьць Паўла значна пераважвала лісьлівыя словы да Фэлікса і абвінавачваньне Паўла ад Тэртула. Гэта па-першае. А па-другое, Фэлікс ведаў пра хрысьціянства нашмат больш, чым уяўлялі сабе першасьвятар і старшыні сынэдрыёну. Фэлікс жыў у Цэзарэі даволі працяглы час і ў яго павінна было скласьціся сваё меркаваньне пра хрысьціянскае вучэньне, якое ніяк не цягнула на грамадзкае зло.

Менавіта тут атрымаў Сьвятога Духа праз Ісуса Хрыста сотнік Карнэль, менавіта тут працяглы час прапаведаваў Філіп, а ўсё гэта кажа за тое, што хрысьціянскае грамадзтва было значным і якое не парушала законаў Рыма, прапаведваючы любоў і цярплівасьць. Але, Фэлікс ёсьць Фэлікс. Ён не апраўдаў Паўла, каб ня выклікаць праблемаў з боку юдэяў, і, каб падтрымаць супакой у грамадзтве, вырашыў, што найлепшым рашэньнем будзе атсутнасьць гэтага рашэньня. Лука ня кажа ці была сустрэча тысячніка з Фэліксам па гэтаму пытаньню, але найбольш верагодна што не, бо Лізі, у сваім лісьце, выказаў сваю думку вельмі выразна.

Дык вось, Фэлікс апынуўся, як кажуць, з рымскім грамадзянінам на руках. Зьняволеньне пад варту не зьяўлялася пакараньнем, пакуль працягваецца сьледства, тым больш, што Павал атрымаў адносную волю ад Фэлікса бачыцца з братамі і перасоўвацца па тэрыторыі прэторыі. Гісторыкі кажуць, што рымская сістэма зьняволеньня ня мела опцыі харчаваньня вязьняў, бо ўскладала гэта на родных і блізкіх зьняволенага. Хітры ж Фэлікс, каб скласьці ўражаньне працягу сьледства, час ад часу, пасылаў за Паўлам і гутарыў з ім у прыватных размовах. Але, як мы паглядзем далей, большасьць гэтых сустрэчаў насілі характар намёкаў на хабар, каб Павал атрымаў сапраўдную волю. Лука апісвае першую, пасьля суду, сустрэчу Фэлікса з Паўлам. Можа таму, што разам з Фэліксам, на гэтай сустрэчы, прысутнічае ягоная жонка Друзіла.

Друзіла - жонка Фэлікса, была дачкой Ірада Агрыпы I. Таго самага Агрыпы, які забіў апостала Якуба, намагаўся забіць Пятра і які раптоўна памёр у Цэзарэі ад жудаснай хваробы. Друзіла, вельмі прыгожая дваццацігадовая жанчына, спачатку была жонкай Эмэскага валадара ў Сірыі, але Фэлікс, пры дапамозе чараўніка кіпрыйца Сымона ўгаварыў Друзілу парваць шлюб з мужам і шлюбавацца з ім. Сам жа Фэлікс, дзеля гэтага, парваў шлюб з жонкай, якая зьялялася ўнучкай Антонія і Клеапатры. Менавіта так гэтую гісторыю распавядае Язэп Флавій.

Дык вось Фэлікс: «Паклікаў Паўла і слухаў яго пра веру ў Хрыста». Ня дзеля судовай абароны паклікаў і слухаў Паўла Фэлікс, але зацікавіўшыся ягонай асобаю і хрысьціянскім вучэньнем. Магчыма, што ініцыятарам гэтай сустрэчы і была гэтая юдэйка Друзіла, якая, па ўсёй верагоднасьці, шмат што чула пра Хрыста і хрысьціянаў. Прыйшоўшы ж на сустрэчу Павал казаў ім пра тры рэчы: праведнасьць, стрыманасьць і будучы суд. Павал ведаў, што казаць гэтым людзям, бо пропаведзь Паўла заўсёды ўлічвала духоўны стан слухачоў, адказваючы ня толькі іхняй зацікаўленасьці хрысьціянствам, але кранаючы і тое, што яны, магчыма, чуць і не жадалі. Гэта прыклад і для ўсіх нас, бо менавіта такой і павінна быць хрысьціянская пропаведзь, дзе кранаюцца такія куткі сэрца чалавека, за якія сорамна і балюча.

Праведнасьць, стрыманасьць і будучы суд. Несправядлівы, хітры, жорсткі і падступны Фэлікс ня мог не адчуваць дакораў сумленьня, калі Павал казаў пра праведнасьць, а Друзіла не магла не чырванець, слухаючы, як Павал кажа пра ўстрыманьне (што тычылася і Фэлікса). Для іх жа абоіх павінна было ўявіцца вельмі жахлівым абвяшчэньне Паўла пра будучы і жахлівы суд. Горды ваявода пасьпяшаўся прыпыніць гэтую грозную для ягонага сумленьня гаворку і адправіў ад сябе Паўла пад ранейшы нагляд. Так, Фэлікс яшчэ ня раз выклікаў Паўла, але, як кажа Лука, ня дзеля праўды, а дзеля магчымага атрыманьня хабару.

Фэлікс чуў ад Паўла, што той прывёз у Ерусалім немалыя сродкі ахвяраваньня на карысьць тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Ён ведаў таксама, што Павал выдаткаваў ахвяры за трох хрысьціянаў у Храме, а гэта, як кажуць, грошы таксама немалыя. І ўсё гэта магло азначаць, што Павал мае грошы, каб купіць сабе волю. У рэшце рэшт у Цэзарэі існавала значная групоўка хрысьціянаў, сярод якіх было шмат і заможных людзей, якія лёгка маглі сабраць пэўную колькасьць грошаў, каб адкупіць Паўла на волю. Але што Павал?

Ён быў невінаваты і не жадаў купляць сабе волю нейкім недазволеным чынам. Не дазваляў сабе Павал і скарыстацца любоўю хрысьціянаў Цэзарэі, якія мелі магчымасьць сабраць грошы, якіх не было ў Паўла. Ён не жадаў прымешваць да Божага наканаваньня адносна свайго лёсу сумнёўныя чалавечыя сродкі і таму аддаваў перавагу шчырую няволю волі вінаватай. І з гэтага мы бачым, як побач з прыгажосьцю душы Паўла, вымалёўваецца агіднае сумленьне і сквапнасьць Фэлікса, які, добра ведаючы невінаватасьць Паўла, трымаў яго пад арыштам, да апошняга спадзяючыся на хабар за вызваленьня апостала. Так што спасылкі на тое, што Фэлікс трымаў Паўла, каб не хваляваць першасьвятароў і не ўздымаць напружаньне сярод юдэяў крытыкі не вытрымліваюць, бо, нягледзячы ні на якіх юдэяў, ваявода быў гатовы за грошы вызваліць апостала Паўла.

Але не атрымалася і, праз два гады (59 ці 60 год па Р. Х.) Фэлікс быў адкліканы ў Рым пасьля скаргаў на яго юдэяў і заменены на Порцыя Фэста. Імператар Нэрон адклікаў Фэлікса, дзе яго чакала сур’ёзнае пакараньне, але мы ведаем, што брат Фэлікса Палас быў быў набліжаным да цэзара і таму, як бачыцца, па ўсёй верагоднасьці, здолеў гэтага пакараньня пазьбегнуць. Далейшы лёс Фэлікса нам невядомы, але вось перад намі Порцый Фэст. Новы гаспадар рэзыдэнцыі ў Цэзарэі, у адрозьненьні ад Фэлікса, быў рымскім патрыцыем.

Ад Флавія мы ведаем, быў ён а сваёй пасадзе зусім невялікі тэрмін і памёр праз два гады. Флавій характарызуе Фэста нашмат лепш за ягонага папярэдніка, што ж тычыцца Паўла, дык ён застаўся, па волі Фэлікса, у зьняволеньні. Безумоўна, што гэтыя два гады былі для Паўла сур’ёзным выпрабаваньнем, бо ягоная дзейная натура патрабавала нашмат большага чым эвангелізацыя сярод рымлянаў на тэрыторыі прэторыі, што, ведаючы Паўла, было бяз усякага сумненьня.

Але як быць з тым, што абяцаў яму Госпад. Ісус ясна абяцаў, што Павал будзе сьведчыць пра Яго ў Рыме. І дзе ўсё гэта? Адказу пакуль што няма, але безумоўна тое, што Павал шмат маліўся і, хутчэй за ўсё зьвяртаўя да псальмаў, атрымліваючы падтрымку, суцяшэньне і адлюстраваньне сваіх пачуцьцяў: «Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я - як посуд разьбіты, бо чую ліхаслоўе многіх; адсюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю. А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: “Ты мой Бог. У Тваёй руцэ дні мае; вызвалі мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне. Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю”» (Пс 30:13-17).

У выніку Павал дасягне Рыму і адправіць яго туды Порцый Фэст. Як вязьня. Але Бог і не абяцаў яму лёгкага ды прыемнага вандраваньня, а Павал, між тым, быў гатовы падзяліць з большасьцю чалавецтва іхнюю долю, распавядаючы пра Госпада Ісуса Хрыста. Магчыма, што гэта і ёсьць часткаю выпраўленьня гэтага сьвету.


Рецензии