Деяния 25 1-27
Дзеі 25:1-27
Кожны раз, калі на рымскі пасад узыходзіў новы імператар ці ў Юдэі зьяўляўся новы намесьнік, у людзей пачынала цепліцца новая надзея на паляпшэньне эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. Але, як гэта будзе на самой справе? Тое ж адбываецца і ў сучаснасьці, калі выбіраюць новага прэзідэнта ці кіраўніка ўраду. Ці спраўдзіць выбранец надзеі людзей выкананьнем сваіх абяцаньняў? Звычайны на гэта адказ: «І так, і не». А праз некалькі год, калі падыйдзе пэўны тэрмін, усё паўторыцца зноў. Вяртаючыся ж у часы яшчэ больш старажытныя, напрыклад існаваньня першага Ерусалімскага Храму, мы можам уявіць, як сьпяваліся псальмы ў гонар новага валадара Ізраіля (Пс 72:1-3). Новы валадар - новая надзея. І з кожным новым валадаром сьпяваліся такія псальмы, і зноў узносіліся малітвы за новыя надзеі. Магчыма многія ў гэтым Храме думалі прыкладна так: «Мы казалі гэта і раней, але нічога не адбылося. Мы спадзяваліся на папярэдняга валадара, а ці палепшыцца краіна пры новым валадары?» А як жа будзе складацца сітуацыя ў Юдэі пры новым рымскім намесьніку Порцыі Фэсту? Якім будзе ягонае кіраваньне? І што будзе з апосталам Паўлам?
Дзеі 25:1-12
«Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім. А першасьвятары і першыя з юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго, просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў Паўла ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе. Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён мае наўзабаве выйсьці туды.”Дык хто з вас можа, - кажа ён, - няхай ідуць са мною, і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць”. А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў ў Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла. Калі ж той прыйшоў, абступілі яго юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньнў, якіх не маглі давесьці. Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара. А Фэст, хочучы зрабіць ласку юдэям, адказваючы Паўлу сказаў: “Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?” А Павал сказаў: “Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш. Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю суд цэзара!”» (Дзеі 25:112).
Восеньню 60 г. па Р. Х. цэзар Нэрон прызначыў рымскім намесьнікам правінцыі Сірыя, у якую ўваходзіла і Юдэя, Порцыя Фэста. Фэст вельмі адрозьніваўся ад Фэлікса, але нам мала што пра яго вядома. Ён быў справядлівым і прамым чалавекам і за свой нядоўгі час на пасадзе кіраўніка правінцыі, не запляміў сваё імя благімі ўчынкамі, бо яму, як сапраўднаму рымляніну - патрыцыю было ўласьцівым пачуцьцё справядлівасьці. Больш таго, Фэст быў дзейным і адказным чалавекам, а таму, прыбыўшы ў Цэзарэю, ён, праз тры дні, адправіўся з візітам ветлівасьці ў ў Ерусалім, рэлігійную сталіцу даручанай яму тэрыторыі. Што да Паўла, дык мы бачым, што ягоныя асьцярогі за сваю бясьпеку былі цалкам спраўджаныя, бо першасьвятары не зьмірыліся з рашэньнем Фэлікса і, ведаючы, што Павал так і знаходзіцца ў прэторыі, вырашылі націснуць на Фэста.
Нягледзячы на тое, што пасьля суду Фэлікса прайшло ўжо два гады, юдэі не забыліся пра Паўла, а іхняя нянавіць да яго зусім ня згасла. Мяркуючы, што яны маюць магчымасьць разлічваць на міласьць новага кіраўніка, першасьвятар і першыя з юдэяў зноў абвесьцілі абвінавачваньне супраць Паўла, просячы адправіць апостала ў Ерусалім на суд сынэдрыёну. План забойства юдэямі Паўла ніяк не зьмяніўся, бо ён павінен быў быць забітым па дарозе ў Ерусалім.
Лука падкрэсьлівае ў гэтым цікавую рэч, калі кажа, што перад Фэстам быў першасьвятар з першымі з юдэяў, а ня толькі са старшынямі сынэдрыёну, як гэта было ў выпадку з Кляўдыем Лізі і Фэліксам. І гэта кажа толькі пра тое, што першасьвятары прынесьлі скаргу на Паўла, прадставіўшы справу апостала, як справу ўсяго народу - найважнейшую нацыянальную справу, якое ня церпіць адкладаньня. Сапраўды людзі, прасякнутыя смагаю помсты, хутчэй за ўсё, выглядалі ў вачах пасьведчанага Фэста даволі сьмешна, але дзяржаўны муж імперыі вядзе справу на поўным сур’ёзе. Ён запрашае абвінавацеляў Паўла у Цэзарэю, на суд намесьніка Рыму.
Вобраз думак і дзеяў новага рымскага намесьніка выяўляе ягоную рашучасьць і справядлівасьць, гэтак дарэчную для рымскага ўрадавага чыноўніка, які меў уладу на суд: праўдзівы, хуткі і міласьцівы. Параўнаем жа з гэтай добрай якасьцю паганина, ганебнасьць народнага юдэйскага кіраўніцтва, якое, пад выглядам літасьці, выпрошвала вераломнага забойства вязьня на дарозе да правасудзьдзя. Трэба да гэтага дадаць, што Фэст, прабыўшы нямалы для візіту час, тым ня меньш не саступіў прашэньню юдэяў займець Паўла ў Ерусалім. Адсюль можна зрабіць выснову, што Фэст ужо ведаў пра іхнюю змову супраць Паўла. Безумоўна, што ён быў інфармаваны тым жа тысячнікам пра падзеі, якія адбыліся два гады таму, але, як мудры кіраўнік, Фэст абяцае юдэям магчымасьць выступу ў судзе, калі яны змогуць прыйсьці ў Цэзарэю.
І вось працяг. Юдэі кінуліся ў напад, абвінавачваючы Паўла яшчэ больш, чым на судзе папярэднім. Але, як кажа Лука, яны ня мелі доказу ні на адно з абвінавачваньняў. Павал жа, бачачы слабасьць вінавацелей, абыйшоўся простым адмаўленьнем. Ён ніколі не выступаў супраць Закону, сьвятыні і цэзара. Зьвярнем увагу на тое, што Павал кажа пра цэзара. У папярэднім судзе гэтага не было, а гэта можа казаць толькі пра тое, што юдэі прыклалі да свайго абвінавачваньня яшчэ і палітычную складаючую. Але, як бы тое не было, апошняе слова на гэтым судзе было за дасьведчаным Порцыям Фэстам.
Мяркуецца, што Павал, нейкім чынам, прадбачыў гэтыя падзеі, бо за два гады ў яго было шмат часу ўсё абдумаць і памаліцца. Ён разумеў галоўнае. Ніякі рымскі чыноўнік не адважыцца засудзіць рымскага грамадзяніна без грунтоўных доказаў злачынства супраць улады. А іх не існавала. Павал разумеў і тое, што калі Фэст вызваліць яго, дык ён можа апынуцца ў вялікай небясьпецы, бо яшчэ не забыліся тыя сорак чалавек, якія далі зарок ня есьці і ня піць пакуль не заб’юць Паўла. Лука ня кажа, што сталася з гэтымі юдэямі, але зусім магчыма, што старшыні адтэрмінавалі гэты зарок да часу, калі Павал апынецца на волі ці складзецца іншая спрыяльная сітуацыя. А з гэтага і парадаксальны факт - наяўнасьць рымскай варты рэч непрыемная, але жыцьцё яна абараняе.
І вось, «момант праўды». Фэст павінен нешта вырашыць і, як вышэйшы чыноўнік і дыпламат, ён зьвяртаецца да Паўла за згодаю ісьці ў Ерусалім пад свае гарантыі бясьпекі. Фарысэй з фарысэяў Павал добра ведаў, што калі ён на гэта пагадзіцца, дык да Ерусаліму ён наўрад ці дойдзе і таму ён кажа, што суд у Цэзарэі яго цалкам задавальняе. Калі ж ён вінаваты перад Рымам, ён гатовы і памерці, а калі не, дык якія законныя падставы існуюць для выданьня яго ў рукі юдэяў? Адмова Паўла дыхае дастойнасьцю і сваёй поўнай невінаватасьцю. Ён кажа Фэсту, што суд намесьніка цэзара і ёсьць суд цэзара, а на ніжэйшы суд ён ніколі не пагадзіцца, тым больш, што ніякае віны ў яго перад юдэямі няма і быць ня можа. Калі ж склалася такая сітуацыя, дык Павал вымушаны скарыстаць сваё права рымскага грамадзяніна - патрабаваць суду цэзара ў Рыме. Калі ж Павал прамовіў рашучае: «Прызываю суд цэзара», у Фэста не заставалася выбару і такім чынам Павал, зусім у іншых абставінах, чым ён, напэўна, сабе ўяўляў, зрабіў свой першы крок па дарозе ў Рым.
І тут ёсьць цікавы момант, які тычыцца ўзаемасувязі паміж Божай задумай і нашымі малітвамі. Часам мы молімся і чакаем, што Бог нешта зробіць для нас, але часам Ягоныя мэты зьдзяйсьняюцца праз людзей, якія здольныя ўзяць на сябе пэўную адказнасьць. Пытаньне няпростае, бо, з аднаго боку, напісана: «Госпад будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя» (Вых 14:14), а з іншага боку: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты народу гэтаму перадасі ў валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім» (Ісус Нава 1:6). Для таго, каб зразумець свае паводзіны, патрэбны малітоўныя разважаньні і да такіх разважаньняў пакліканы ўсе хрысьціяне. Вяртаючыся ж да Ісуса Нава зьвярнем увагу на тое, што Бог дае людзям зямлю, якую дае ім Ісус Нава. Бог ускладае адказнасьць на чалавека і заклікае яго прымаць адказныя рашэньні згодна Ягонага слова і праз шчырую малітву. Так Павал і ўчыніў.
Дзеі 25:13-27
«А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста. Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару справу Паўла, кажучы: “Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень, супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго. Я адказаў ім, што ў рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня. Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека. Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся, а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы. Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ерусалім і там быць суджаным за гэта. А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара”. Агрыпа ж мовіў да Фэста: “Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека” А той кажа: “Заўтра пачуеш яго”. Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал. І прамовіў Фэст: “Валадару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыць яму больш жыць. Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго. Ды ня маю нічога пэўнага напісаць гаспадару. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валадару Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць. Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго”» (Дзеі 25:13-27).
Валадар Агрыпа II прыбывае ў Цэзарэю, разам з сястрою Бэрнікай, каб асабіста павіншаваць Фэста з новым прызначэньнем, а таксама, каб усталяваць сяброўскія адносіны паміж імі. Звычайна валадары рабілі такія справы праз сваіх паслоў, але, у дадзеным выпадку, Агрыпа зьяўляецца сам, каб яшчэ раз падкрэсьліць сваю адданасьць да рымскай улады ў асобе Порцыя Фэста. Хто ж такія гэтыя Агрыпа і Бэрніка?
Гэты Агрыпа быў сынам Ірада Агрыпы, які стварыў ганьненьне на хрысьціянаў, забіўшы апостала Якуба і гатаваўшы тое ж для апостала Пятра. Мы памятаем, чым скончылася гісторыя жыцьця гэтага валадара. У хуткім часе, пасьля пасьля цудоўнага вызваленьня Пятра з вязьніцы, ён раптоўна памёр у Цэзарэі, зьедзены чарвямі. Язэп Флавій кліча гэтага валадара Агрыпай Меньшым, можа таму, што ягоная ўлада вельмі адрозьнівалася ад улады свайго бацькі, бо была значна абмежаванаю як тэрытарыяльна, так і палітычна. Цэзар Кляўдый паставіў яго валадаром Халкіса і чверцьуладнікам у Ітурэі і Траханіцкага краю. Юдэі ставіліся да яго лагодна, асабліва пасьля выпадку, які апісваюць юдэйскія гістарычныя крыніцы: «Чытаючы ўсенародна Закон, а было гэта, як і прызначалася, на канец году адпушчэньня, валадар, прамовіўшы словы: “Дык пастаў над сабою валадара, якога выбера Госпад, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою валадара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе” (2 Зак 17:15), заплакаў і сьлёзы ручаём пацеклі па ягоных шчаках, бо ён ня быў ад семя Ізраіля, але, назіраючы гэта, грамада ўскрычала: “Адважвайся, валадар Агрыпа, ты наш брат”; так і сказалі, бо ён падзяляў іхнюю веру, хаця і ня быў іхняе крыві».
І вось Бэрніка. Родная сястра Агрыпы, удава ягонага дзядзькі Ірада, валадара Халкіса, пасьля сьмерці якога яна апынулася пры двары брата. Існавала падазронасьць, што Бэрніка знаходзіцца ў недапушчальнай блізкасьці з братам Агрыпай і, каб зьняць гэтую падазронасьць, яна бярэ шлюб з валадаром Кілікіі Палемонам. Але, у хуткім часе, гэты шлюб парываецца і яна вяртаецца да свайго брата. Рымскі паэт і сатырык Ювэнал (каля 60-127 г. па Р. Х.) у сваёй кнізе «Сатыры» (сатыра шостая) кажа пра пярсьцёнак з дыямантам, які Агрыпа падараваў блудніцы Бэрнікі. Рымскія гісторыкі Тацыт і Сьветоній таксама даюць зьвесткі пра Бэрніку, якая мела грахоўную сувязь з Цітам Вэспасіянам, які ў 70 г. па Р. Х. разбурыў Храм і Ерусалім, а пасьля гэтага апынуўся на пасадзе рымскага цэзара. Мы ведаем і тое, што сястрой Бэрнікі была Друзіла, жонка Фэлікса, якая таксама не замарочвалася на «маральных каштоўнасьцях». Гэтыя прыгожыя жанчыны былі істотамі сапсаванымі, як, дарэчы, і большасьць тагачасных валадароў гэтага сьвету.
Лука кажа, што Агрыпа і Бэрніка былі ў Цэзарэі шмат дзён, а гэта азначае, што урачыстыя і фармальныя сустрэчы з Фэстам ужо скончыліся і, хутчэй за ўсё, заставаўся ўжо вольны час, калі можна было паразглядаць і нейкія іншыя пытаньні. Адным з такіх пытаньняў і сталася справа апостала Паўла, які па ранейшаму знаходзіўся на тэрыторыі прэторыі пад наглядам аховы. І вось Фэст распавядае валадару гісторыю нейкага вязьня, якога перасьледуюць першасьвятары і які, ня маючы віны, запатрабаваў апеляцыі да цэзара. Фэст кажа, што справа Паўла была ў непаразуменьні тлумачэньня Закона Майсея, а таксама ў тым, што ён казаў пра ўваскрасеньне нейкага Хрыста, Які жывы і зьвязаны са Сваімі вернікамі. Трэба заўважыць, што прамова Фэста нясе ў сабе шмат новых дэталяў, якія не былі паказаныя Лукой на апошнім судовым паседжаньні, дзе апостал прапаведаваў Хрыста. А гэта кажа пра тое, што Павал грунтоўна спрачаўся з юдэямі пра Ягоную сьмерць і ўваскрасеньне.
Фэст кажа, што Павал адмовіўся ісьць на суд у Ерусалім і патрабаваў апеляцыі Аўгуста (тытул, а не імя цэзара). Тут трэба крыху затрымацца, каб патлумачыць чаму Фэст называе Нэрона Аўгустам (літаральна «Ушанаваным)»? Справа ў тым, што як Актавіян Аўгуст, так і Тыберый адмовіліся ад гэтага тытулу, мяркуючы, што гэта іх занадта высока ўзносіць, але Нэрон прыняў яго, хаця ў той час ён не вызначаўся жорсткасьцю на мяжы вар’ятства, а лічыўся справядлівым валадаром. Агрыпа, на радасьць Фэста, зацікавівіўся гэтай гісторыей і зараз, што зразумела, ён быў рады скарыстацца магчымасьцю паслухаць гэтага прапаведніка і настаўніка хрысьціянаў. А Фэст мог скарыстаць дасьведчанасьць Агрыпы ў пытаньнях юдаізму, каб правільна скласьці суправаджальны ліст да цэзара.
Агрыпа і Бэрніка прыйшлі на судовае паседжаньне з вялікай пышнасьцю. Іх суправаджалі тысячнікі і найпаважанейшыя грамадзяне. Потым прывялі і Паўла. Фэст зноў пераказвае гісторыю гэтае справы, як і тое, што ён не знаходзіць за апосталам ніякае віны, каб быць пакараным да сьмерці. Ён кажа і пра патрабаваньне Паўла стаць на суд цэзара. І гэта паставіла Фэста ў цяжкае становішча, бо ён вымушаны выканаць патрабаваньне Паўла, хаця ніякага законнага абгрунтаваньня ягонае віны нямае. Фэст шчыра і кажа, што вельмі спадзяецца на дапамогу Агрыпы, бо, у рэшце рэшт, было б вельмі неразважлівым паслаць у Рым вязьня і не паказаць ніякіх на яго абвінавачваняў. Працэс гэты быў больш падобны на грамадзкае слуханьне, чым суд, бо на ім не прысутнічаў абвінавачваючы Паўла бок, а ад Агрыпы ніхто і не чакаў абавязваючага да чаго-небудзь рашэньня. Фэст чакаў дапамогі ад Агрыпы ў незнаёмых яму пытаньнях, але ці дасьць яму што-небудзь гэтае чаканьне?
Свидетельство о публикации №226012602183