Деяния 20 1-38

ДЗЕІ АПОСТАЛАЎ


Дзеі 20:1-38

Вандроўка. Заманлівае мерапрыемства для большасьці людзей у гэтым сьвеце. Мы з цікавасьцю чытаем пра знакамітыя вандроўкі ў літаратурных творах. Адысэю Гамэра ці фантастычныя вандроўкі Жуля Верна. Ды і многія іншыя. Мы ведаем і знакамітую вандроўку, да зямлі абяцанай, гебраяў, якая працягвалася на працягу сарака гадоў. Кожны з нас, нейкім чынам, вандроўнік, нават і аднаго дня. Але кожная вандроўка, доўгая ці не, мае сваю мэту. Нехта жадае пабачыць нешта новае, а хтосьці перасьледуе і іншыя мэты (і не заўсёды добрыя). Што ж тычыцца вандроўніка Паўла, дык ягонаю мэтаю было адзіна служэньне Ісусу Хрысту, каб пашыраць Божае Валадарства ў гэтым сьвеце. Многія з нас ня маюць схільнасьці адрывацца ад роднай мясьціны нават і на кароткі час. Але. Мы ідзем па жыцьці, а таму мы вандруем па часе. Мы пакідаем за сабою нейкія падзеі і накіроўваемся ў невядомую будучыню. Невядомую? Павал ведаў і вельмі жадаў, каб гэтая будучыня была вядомаю і для ўсіх нас.


Дзеі 20:1-12
«А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію. Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю. І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію. А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з тэсалонцаў - Арыстарх і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з азійцаў - Тыхік і Трафім. Яны, апярэдзіўшы, чакалі нас у Траадзе. А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён. А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы. Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся. А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на акне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы. Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: “Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім”. І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў. А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала» (Дзеі 20:1-12).

Мы бачым як Лука кажа: «Мы паплылі з Філіпаў», а гэта азначае, што, нарэшце, Павал і Лука зноў аб’ядналіся, каб разам працягнуць гэтую вандроўку. Вельмі сьцісла кажа Лука пра гэты шлях Паўла, але няма сумненьня ў тым, што гэта была вельмі напружаная і насычаная падзеямі праца. У Траадзе ён, на жаль, не сустрэўся з Цітам, каб даведацца пра справы царквы Карынту: «Калі ж я прыйшоў у Трааду дзеля Эвангельля Хрыстовага і дзьверы былі мне адчыненыя ў Госпадзе, я ня меў патолі духу майму, не знайшоўшы Ціта, брата майго, але, разьвітаўшыся з імі, пайшоў у Македонію» (2 Кар 2:12-13). Менавіта там Павал і напісаў другі ліст да карынцянаў, тым больш, што Ціт быў тут каля Паўла: «Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, цела нашае ня мела патолі, але ў-ва ўсім мы былі прыгнечаныя: звонку - звадкі, унутры - страхі. Але Бог, Які суцяшае пакорных, суцешыў нас прыходам Ціта. І ня толькі прыходам яго, але і пацяшэньнем, якім ён суцешыўся праз вас, расказваючы нам пра вашае жаданьне, пра ваш лямант, пра вашую руплівасьць адносна мяне, так што я яшчэ больш радаваўся» (2 Кар 7:5-7).

Дакладна невядома, якім чынам Ціт апынуўся побач ў Паўлам у Македоніі. Але гэта і ня важна, бо важна тое, што Ціт сур’ёзна падтрымаў Паўла ў няпростых, як кажа сам апостал, умовах, якія склаліся вакол яго. Сур’ёзна працаваў у гэты час і Павал, але і гэта ня ўсё, бо, як бачыцца, менавіта ў гэты час Павал дасягнуў з пропаведзьдзю Ілірыка - горада адной з краінаў колішняй Югаславіі: «У моцы знакаў і цудаў, у моцы Духа Божага, так што Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліму і ваколіцы аж да Ілірыка» (Рым 15:19).

Пасьля Ілірыка, як бачыцца, Павал наведаў правінцыю Ахая, галоўным горадам якой быў Карынт - горад плённай працы апостала. Павал заставаўся там тры месяцы, дзе, як лічыцца, ён напісаў сваё пасланьне да рымлянаў: «Даручаю ж вам Фэбу, сястру нашую, якая ёсьць служыцелькай царквы ў Кенхрэях, каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як дастойна сьвятым, і дапамаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была падтрымкай для многіх і для мяне самога» (Рым 16:1-2). Мы ж памятаем, што Кенхрэі - марскі порт Карынту, дзе, як мы бачым, існавала хрысьціянская царква. Павал вельмі любіў Карынт, але небясьпека ўжо падсьцярагала, бо юдэі меліся забіць яго і, дазнаўшы пра гэта, Павал вырашыў ісьці ў Сірыю праз Македонію, а ня плыць на караблі праз Эгейскае мора. Лука пералічвае супрацоўнікаў Паўла, якія вызначыліся, каб, як мінімум, забясьпечыць бясьпеку апосталу на ягоным шляху да Сірыі. Так яны і сустрэліся ў Траадзе, да якой, дарэчы, ад Філіпаў па моры было некалькі дзён шляху (што залежала ад сілы і накірунку ветру). Але што за людзі былі гэтыя сямёра?

• Сасіпатр з Бэрэі. Магчыма, што гэта той самы Сасіпатр, сваяк Паўла, які быў узгаданы апосталам у сваім пасланьні да рымлянаў (Рым 16:21).
• Арыстарх з Тэсалонікі. Хутчэй за ўсё - гэта той самы Арыстарх, які ледзь не пацярпеў пад час бунту ў Эфэсе. Павал узгадвае пра яго ў сваіх рымскіх лістах, калі Арыстарх, разам з апосталам, знаходзіўся ў Рыме пад арыштам цэзара (Філім 23-24; Кал 4-10).

• Сэкунд. Жыхар Тэсалонікі, які суправаджаў Паўла да Азіі, а дакладней да Траады ці Мілеты.


• Гай з Дэрбы. Тут складаней, бо імя Гай было вельмі распаўсюджаным у тагачасным сьвеце. Новы Запавет узгадвае гэтае імя яшчэ тры разы. Лука кажа пра Гая македонца, які быў схоплены натоўпам у Эфэсе (Дзеі 19:29). Сам Павал, у сваім лісьце да рымлянаў, узгадвае Гая з Карынту (Рым 16:23). Трэцяе паўсюднае пасланьне апостала Яна накірована таксама да Гая (3 Ян 1).

• Цімафей. Вядомы нам вучань Паўла, які ня толькі суправаджаў апостала ў Азію, але і быў з ім у Рыме пад час першага зьняволеньня Паўла. Пазьней жа, ён вандраваў разам з Паўлам па праконсульскай Азіі.


• Тыхік. Выхадзец з Малой Азіі, які, па ўсёй верагоднасьці, суправаджаў Паўла да Мілеты. У пазьнейшы час ён прыяднаўся да Паўла ў Рыме і працаваў з ім пад час другога зьняволеньня апостала.

• Трафім. Таксама як і Тыхік паходзіў з Малой Азіі, хутчэй за ўсё з Эфэсу. Лука кажа, што разам з Паўлам ён пайшоў у Ерусалім, дзе і стаўся нявольнай прычынай арышту апостала. Павал жа кажа пра яго ў другім лісьце да Цімафея (2 Цім 4:20).


Аповяд Лукі - адзін з першых, які дае нам уяўленьне пра тое, як праходзіла хрысьціянскае богаслужэньне ў I стагодзьді па Р. Х. Лука двойчы кажа пра ламаньне хлеба, бо ў тагачаснай хрысьціянскай царкве існавалі два вельмі цесна зьвязаных паміж сабою абрады. Адзін з іх называлі пірам любові, калі вернікі прыносілі з сабою розную ежу і, склаўшыся, елі разам, як любячыя сябры. Другі ж абрад называлі Тайнай Вячэрай, які адбываўся адразу пасьля піру любові ці пад час яго. Паступова традыцыя піра любові зыйшла, бо пачаліся на гэтай глебе злоўжываньні. Менавіта пра гэта кажа Павал у сваім звароце да карынцянаў: «Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма ў вас спажываньня вячэры Госпадавай, бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін застаецца галодным, а другі ўпіваецца. Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю» (1 Кар 11:20-22).

Вяртаючыся ж да нашага сходу, мы бачым вялікі запал духоўнага жыцьця царквы, дзе паседжаньне зацягнулася далёка ў ноч, а Павал усё вучыў і вучыў прысутных. І ня дзіўна, што юнак, на імя Эўтых, заснуўшы на акне, упаў уніз і разьбіўся. Але недарма была такая вялікая прысутнасьць Сьвятога Духа, бо Павал, упаўшы да яго, як некалі гэта рабілі старазапаветныя прарокі не дазволіў душы выйсьці з юнака. Але з верша 9 мы разумеем, што юнак быў сапраўды мёртвым, а сьведка гэтага Лука, будучы доктарам, наўрад ці мог памыліцца. Уладаю Ісуса, Павал, цудоўным чынам, ажывіў яго. Пасьля гэтага незабыўнага сходу, які працягваўся ўсю ноч, апостал разьвітаўся з траадскімі хрысьціянамі.


Дзеі 20:13-27
«А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою. Калі ж ён зышоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітыліну. Паплыўшы адтуль, мы на заўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет, бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме. А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы. Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: “Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які я прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі, служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў юдэйскіх, як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах, сьведчачы і юдэям, і грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста. І вось, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне, адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт. Але я ніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса - сьведчыць пра Эвангельле ласкі БожаеІ цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае. Дзеля гэтага сьведчу вам у сёняшні дзень, што я чысты ў крыві ўсіх, бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую”» (Дзеі 20:13¬27).

Горад Ас знаходзіўся прыкладна ў 30 км. ад Траады, на другім баку паўвыспы. Пешы шлях быў значна карацейшым за марскі, а таму Павал мог прыйсьці ў Ас адначасова з супрацоўнікамі, якія плылі на караблі. Чаму Павал пайшоў адзін, без суправаджаючых вучняў? Можа таму, каб больш данесьці сваё вучэньне веруючым з Траады, якія пайшлі з ім да Аса. У паўдзённым напрамку ад Аса знаходзілася выспа Лесбас, у галоўны горад якой Мітыліну і накіраваліся вандроўнікі на чале з Паўлам. Пасьля гэтага яны праплылі каля выспы Хіёсу, паўдзёньней ад Лесбаса. Дарэчы, на Хіёсе нарадзіўся старажытны грэцкі паэт Гамэр. Далей іхні шлях пралягаў праз выспу Самоса, дзе яны прышвартаваліся на кароткі адпачынак у галоўным горадзе выспы Трагільлі. І гэтая выспа была нечым знакамітаю, бо тут нарадзіўся вялікі матэматык Піфагор.

І вось ужо недалёка горад Малой Азіі Мілет, які знаходзіўся, прыкладна, ў 40 км. паўдзёньней Эфэсу, у вусьце ракі Меандра. Павал мінуў Эфэс, як кажа Лука, таму, што спяшаўся ў Ерусалім, каб быць на сьвяце Пяцідзясятніцы. Гэта зусім магчыма, бо Павал добра разумеў, што ўвайсьці ў Эфэс было нашмат лягчэй, чым выйсьці адтуль. Чаму? Вельмі многае зьвязвала Паўла з гэтым горадам. Некалькі гадоў служэньня і служэньня вельмі плённага. А нават і Акіла з Прыскілай, з якімі ён разам працаваў у вольны ад пропаведзі час, хутчэй за ўсё знаходзіліся там. Але Павал ня мог не сустрэцца, хоць на кароткі час, з царквою Эфэса і таму ён кліча старостаў царквы да сябе ў Мілет.

Павал даў напамін старостам пра тое, як ёе жыў, калі быў з імі. С першага дня ў Азіі і ўвесь час ягонага знаходжаньня там, ён служыў Госпаду шчыра і самааддана. Так, былі сьлёзы і скруха, былі нападкі юдэяў, але ўсё гэта не адвярнула яго ад служэньня. Павал нічога не схаваў ад эфэсцаў, што магло быць карысным для іхняга духоўнага жыцьця. Ён прапаведаваў ім усюды, дзе б ён ня быў. Зьвяртаючыся да ўсіх, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасьці ці папярэдняй рэлігійнасьці, Павал прапаведаваў пра неабходнасьць пакаянья перад Богам і веры ў Госпада Ісуса Хрыста. Такіе вось дзьве важнейшыя часткі Эвангельля. У кожным эвангельскім навяртаньні прысутнічаць і пакаяньне, і вера. Гэта два бакі аднаго медалю. Калі чалавек належным чынам не пакаяўся, збаўляльная вера немагчымая. З іншага ж боку, пакаяньне безсэнсоўнае, калі за ім ня крочыць вера ў Божага Сына. Пакаяньне - гэта пераварот у душы грэшніка, які вызнае, што ён асуджаны на пагібель і таму схіляецца прад судом Божым. Вера - гэта рашэньне зьвярнуцца да Ісуса Хрыста, прыняўшы Яго як Госпада і Збаўцу.

Сказаўшы пра тое, як ён паводзіў сябе сярод эфэсяцаў у мінулым, Павал заглядае і ў будучыню, кажучы пра тое, якія пакуты чакаюць яго. Сьвяты Дух прымушаў яго ісьці ў Ерусалім, хаця было зусім невядома, што чакае яго ў гэтым горадзе. Думаючы пра гэта, Павал не лічыў, што магчыма ўзяць на ўвагу небясьпеку, якая пагражае ягонаму жыцьцю. Мэта Паўла - скарыцца Богу і быць угодным Яму. Калі б для выкананьня гэтай мэты ад яго патрабавалася прынесьці ў ахвяру сваё жыцьцё, ён бы быў гатовы гэтае зрабіць, бо Ісус зрабіў гэта для яго. Адзіна важным для Паўла было зьдзейсьніць і завершыць сваё служэньне, якое ён прыняў ад Госпада прапаведаваць Эвангельле ласкі Божай.

Павал быў упэўненым, што больш ніколі ня ўбачыць сваіх эфэскіх братоў, але ягонае сумленьне было перад імі чыстаю, бо ён ніколі не згубіў ні воднай магчымасьці сьведчыць ім пра волю і ласку Божую. Больш таго, Павал вучыў іх ня толькі Эвангельлю, але і той праўдзе, якая неабходная для праведнага жыцьця. Ён казаў ім пра агульны план і мэту Бога для збаўленьня людзе ва ўсёй паўнаце: праўду пра стварэньне, выбраньне, адкупленьне, апраўданьне, навяртаньне, усынаўленьне, сьвятасьць жыцьця і праслаўленьне.


Дзеі 20:28-38
«Дык сьцеражыцеся самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак, і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою. Дзеля гэтага чувайце, памятуючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас. І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асвечаны. Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў. Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя. У-ва ўсім перасцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”. І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі усімі. Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго, сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля» (Дзеі 20:28-38).

Немагчыма цалкам апісаць гэтую разьвітальную і вельмі кранальную прамову Паўла перад хрысьціянамі Эфэсу, якая насычана пачуцьцём любові і абавязку. Але некаторыя моманты мы вызначыць проста абавязаны, тым больш, што Павал абвяшчае нешта і пра сябе асабіста:

• Ён прапаведаваў бяз страху, абвяшчаючы людзям усю волю Божую, не патураючы страхам і прыхільнасьцям людзей.

• Ён жыў незалежна, бо працаю сваіх рук забясьпечваў свае патрэбы. Але ён працаваў ня толькі дзеля гэтага, але і клапаціўся пра патрэбы тых, хто быў у становішчы нашмат хужэйшым.

• Ён сьмела глядзеў у будучыню, бо, будучы залежным ад Сьвятога Духа і, давяраючы Яму, ён быў у стане спакойна сустракаць усё, што чакае яго ў будучым.

Але, у сваёй прамове, Павал прад’яўляе і патрабаваньні да сваіх братоў, а менавіта:

• Ён дае ім напамін пра іхні абавязак, каб яны пасьвілі статак Госпада Бога. Павал кажа, што гэты абавязак не яны выбралі для сябе, але Бог выбраў іх для гэтага абавязку.

• Ён дае напамін пра будучую небясьпеку, бо зараза сьвету заўсёды недалёка. Дзе ёсьць праўда, там няпраўда можа нападаць. І таму, як кажа Павал, іх чакае упартая барацьба за веру і чысьціню Царквы.

Павал наказвае служыцелям захоўваць чысьціню вучэньня Хрыста, старанна працаваць і падтрымліваць нядужых, памятаючы словы Ісуса Хрыста, Які сказаў: «Шчасьлівей даваць, чым браць». Дакладна мы ня знойдзем гэтага выказваньня Ісуса ні ў адным з Эвангельляў, але мы памятаем словы эвангеліста Яна, якімі ён завяршае свой аповяд пра Ісуса Хрыста: «Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыніў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць бы напісаных кнігаў. Амэн» (Ян 21:25).

Разьвітаньне Паўла напоўнена пачуцьцём глыбокай любові і гэтае пачуцьцё павінна кіраваць кожнай царквою, бо, калі ў царкве патухне любоў, дык, непазьбежна, патухне і вера.


Рецензии