Деяния 26 1-32
Дзеі 26:1-32
Чытаючы гэты разьдзел, мы пачуем найлепшую прамову апостала Паўла, запісаную Лукой, перад прысутнымі ў залі суда прэторыі, дзе гаворка будзе ісьці пра тое, што пры ўсёй розьніцы паміж Саўлам з Тарсу перад навяртаньнем і апосталам Паўлам пасьля навяртаньня, паміж імі даволі выразна выяўляецца і пераемнасьць. У гэтым сэнсе слова «навяртаньне» не зусім характэрнае для Паўла, бо сам апостал неаднаразова казаў, што ён ніколі не сумняваўся, што Бог Абрагама, Ісака і Якуба быў і застаецца адзіным Богам Творцай. Павал ніколі багоў не зьмяняў, як ніколі не зьмяняў і рэлігіі. Ён заўсёды кіраваўся тым, што Бог заўсёды абяцаў весьці свой народ да ўваскрасеньня. Асноўная ж багаслоўская розьніца паміж Саўлам і Паўлам у тым перакананьні, што адзін Чалавек ужо адрымаў уваскрасеньне, а для астатніх яно будзе ў будучым.
Дзеі 26:1-11
«Агрыпа ж прамовіў да Паўла: “Дазваляецца табе гаварыць за сябе”. Тады Павал, выцягнуўшы руку, адказаў: “Валадару Агрыпа, я ўважаю сябе шчасьлівым, маючы сёньня адказваць перад табою адносна ўсяго, што закідаюць мне юдэі, тым больш, што ты знаўца ўсіх звычаях юдэйскіх і спрэчак. Дзеля гэтага прашу цябе выслухаць мяне доўгацярпліва. Дык вось, усё жыцьцё маё ад юнацтва, якое ад пачатку праходзіла сярод народу майго ў Ерусаліме, ведаюць усе юдэі, ведаючы мяне раней, калі захочуць, засьведчаць, што я жыў як фарысэй паводле найдасканальнейшага накірунку набажэнства нашага. І цяпер стаю, як падсудны, за надзею на абяцаньне, дадзенае бацькам нашым ад Бога, асягнуць якое спадзяюцца дванаццаць каленаў нашых, служачы ўночы і ў дзень безупынна. За гэту надзею і абвінавачваюць мяне юдэі, валадару Агрыпа! Што? Вы судзіце, што неверагодна, каб Бог уваскрашаў мёртвых? Дык і я думаў у сабе, што я мушу шмат зрабіць супраць імя Ісуса з Назарэту, што і рабіў ў Ерусаліме, і, узяўшы ўладу ад першасьвятароў, я шмат сьвятых замыкаў у вязьніцу, і як іх забівалі, я даваў голас. І па ўсіх сынагогах, шмат караючы іх, я змушаў іх блюзьніць, і, яшчэ больш разьярыўшыся супраць іх, перасьледаваў нават і ў чужых гарадах”» (Дзеі: 26:1-11).
Як валадар і ганаровы госьць рымскага намесьніка, Агрыпа першынствуе ў зборы, адкрываючы і закрываючы паседжаньне. Заўважым, пры гэтым, цікавую дэлікатнасьць Агрыпы ў адносінах да Фэста, калі ён кажа да Паўла: «Дазваляецца (а не дазваляю) табе гаварыць пра сябе». Гэтая сцэна красамоўна характарызуецца наступнымі словамі: «Валадар у ланцугах і раб на пасадзе». Агрыпа гэтаму і адпавядаў у параўнаньні з Паўлам, які быў вольны духам і высока ўзносіўся крыламі веры па-над зямным існаваньнем. Павал, ужо вопытны прапаведнік, ведаў як узмацніць уражаньне ад сваёй прамовы і таму ён, найперш, працягвае руку і пачынае свой хвалюючы аповяд пра тое, як ён стаў хрысьціянінам. Але, па-перш за ўсё, ён выказаў падзяку за магчымасьць распавесьці гэта чалавеку, які добра знаёмы са звычаямі і спрэчнымі пытаньнямі сярод юдэяў. І гэта ня трэба лічыць Тэртулавай лісьлівасьцю, бо гэта было толькі формай хрысьціянскай ветлівасьці, ды і проста праўдаю.
С самога свайго юнацтва апостал быў ўзорным фарысэем, што маглі пацьвердзіць многія юдэі, бо Павал жыў у строгай адпаведнасьці да Закону. І вось зараз яго судзяць за «злачынства», якое складалася з таго, што ён захоўваў надзею на абяцаньне, дадзенае ад Бога бацькам юдэяў у Старым Запавеце. Сапраўды, Бог заключаў розныя запаветы з правадырамі гебрайскага народу: Абрагамам, Ісакам, Якубам, Давідам і Салямонам. Галоўны ж запавет - гэта абяцаньне прышэсьця Мэсіі, Які вызваліць Свой народ і ўсталюе Валадарства ва ўсім сьвеце. Але ўсе гэтыя людзі памерлі, не дачакаўшыся выкананьня гэтага абяцаньня.
Ці азначае гэта, што Бог не выканае Свайго абяцаньня? Павал кажа, што Бог зробіць гэта праз уваскрашэньне з мёртвых і такім чынам ён зьвязвае абяцаньні дадзеныя бацькам, з уваскрашэньнем. Апостал добра ведаў юдаізм, справядліва лічачы уваскрасеньне магістральным юдэйскім вучэньнем, але не зусім зразумела, што меў на ўвазе Павал, калі казаў пра дванаццаць каленаў Ізраіля, бо, як вядома, гадоў восемсот таму дзесяць з іх былі выдалены з Ізраіля ў іншыя краіны, дзе і асіміляваліся. Магчыма Павал лічыў гэтыя калены ня згубленым, але асобным народам, служачым Богу і чакаючым абяцанага Збаўцу. Мы ня будзем затрымлівацца на гэтым пытаньні, бо гэта ёсьць тэма для асобнай размовы. Мы ж вяртаемся да прамовы Паўла.
Дык з чаго складалася «злачынства» Паўла? Ён верыў, што Бог выканае Свае абяцаньні і таму пытаньне Паўла да Агрыпы і іншых прысутных абгрунтованае і лагічнае: «Што неверагоднае ў тым, каб Бог уваскрашаў мёртвых?» З Ісуса пачаў стварацца новы Божы сьвет, бо пачалі зьдзяйсьняцца абяцаньні Госпада, згодна якім усе народы павінны атрымаць дабраславеньне праз Абрагама. І ў гэтым новым сьвеце сталася тое, што нейкія рэчы, якія юдэі (уключаючы сюды і папярэдняга Паўла) лічылі вечнымі, на самой справе часовыя. Падрабязна пра гэта апостал кажа ў трэцім разьдзеле свайго ліста да галятаў.
Вось толькі вытрымка з гэтага разьдзелу, якая паказвае, што вера ў Ісуса Хрыста зьмяняе ранейшае, якое падрадкавалася Закону і рэгулявалася ім: «Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць. А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля атрыманьня веры, якая мела адкрыцца. Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры. А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем, бо ўсе вы - сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Няма ані юдэя, ані грэка, няма ані слугі, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. А калі вы - Хрыстовыя, дык вы - насеньне Абрагама і паводле абяцаньня - спадкаемцы» (Гал 3:22-29).
Павал зноў вяртаецца да свайго папярэдняга жыцьця і кажа пра тую жорсткую барацьбу, якую ён вёў супраць пасьлядоўнікаў хрысьціянскага вучэньня. Усімі сіламі ён процістаяў Ісусу з Назарэту і таму ўладаю, дадзенай яму першасьвятарамі, ён многіх хрысьціянаў у Ерусаліме аддаваў у вязьніцы і даваў свой голас за іхняе забойства. Тагачасны Павал знаходзіў гэтых людзей па сынагогах і, аддаючы на мукі, рабіў усё, каб змусіць іх блюзьніць супраць Ісуса Хрыста і адступіцца ад свайго Госпада. Павал ня кажа пра вынікі гэтага націску, бо, хутчэй за ўсё, у яго гэта не атрымлівалася. Але ягоная нянавісьць да вучняў Ісуса была такой высокай, што перасьлед хрысьціянаў распаўсюдзіўся і на іншыя гарады. Але, у хуткім часе, у жыцьці Паўла ўсё кардынальна зьмянілася.
Дзеі 26:12-23
«І з гэтым, ідучы ў Дамаск, з уладаю і дазволам ад першасьвятароў, пасярод дня, валадару, убачыў я на шляху сьвятло з неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, якое асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мной. А калі ўсе мы ўпалі на зямлю, я пачуў голас, які гаварыў да мяне і казаў на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне? Цяжка табе супраць ражна ўпірацца”. А я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” Ён жа сказаў: “Я - Ісус, Якога ты перасьледуеш; але паўстань і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб выбраць цябе паслугачом і сьведкам таго, што ты бачыў і што Я зьўлю табе, вырываючы цябе з народу гэтага і паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе, каб адчыніць вочы іхнія, зьвярнуць ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных”. Адгэтуль, валадару Агрыпа, я ня быў не паслухмяным відзежу нябеснаму, але абвяшчаў спачатку жыхарам Дамаску і Ерусаліму, а пасьля ўсёй краіны юдэйскай і паганам, каб навярнуліся і зьвярнуліся да Бога, робячы ўчынкі, вартыя навяртаньня. За гэта юдэі, схапіўшы мяне ў сьвятыні, спрабавалі забіць мяне. Але я, атрымаўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю, сьведчачы малому і вялікаму, нічога звыш ня кажучы, як што гаварылі прарокі і Майсей, што мае стацца: што Хрыстос мае пакутаваць і як Першы з уваскрасеньня мёртвых мае прапаведаваць сьвятло народу гэтаму і паганам”» (Дзеі 26:12-23).
Калі мы чытаем гэтыя словы Паўла, ці не адчуваем нейкую мелодыю, якую складае нам Лука і, пры гэтым, раскладае яе на тры галасы? Кожны музыка ведае, ды і ня толькі, што простая мелодыя, раскладзеная на галасы, гучыць нашмат багацей, а значыць і ў большай гармоніі. Як нам разумець у гэтым Луку? Калі Павал пачынае распавядаць пра сваю сустрэчу з Ісусам, тут і чуем мы гэтую мелодыю. Трэба адзначыць, што расклад на гэтыя галасы пачаўся ў разьдзеле 9 гэтага твору, працягнуўся ў разьдзеле 22, а зараз гэтая мелодыя атрымала канчатковае і непаўторнае гучаньне. Трэба дадаць, што Лука не прысутнічаў пры навяртаньні Паўла, ён мог чуць ягоную прамову перад гебраямі ў Ерусаліме, але ня мог чуць прамову Паўла перад Агрыпай і Фэстам у Цэзарэі, хаця і быў, як бачыцца, у гэтым месцы.
Тры прамовы Паўла - гэта тыя тры галасы, якія расклаў Лука, каб мы адчулі Паўлавы твор у самой гармоніі. Чаму так сталася? Лука, запісаў гісторыю навяртаньня Паўла са словаў апостала. Са словаў апостала Лука запісаў і ягоны выступ перад валадаром Агрыпаю, як трэці голас гэтага твору - высокі і гучны, што выказаў Ісус да Паўла: «Цяжка табе супраць ражна ўпірацца». Дзеля даведкі. Упіраліся супраць ражна (доўгай тычкі з металёвым наканечнікам) быкі, якія не жадалі падпарадкоўвацца гаспадару, што было небясьпечна для непаслухмяных быкоў. І тут ёсьць прапанова, каб кожны з нас перачытаў яшчэ раз сустрэчу апостала Паўла з Ісусам у трох варыянтах ад Паўла, каб адчуць усю паўнату пераўтварэньня Саўла ў Паўла. Так і склалася гэтая мелодыя Паўла, на тры галасы раскладзеная Лукою. Але, дзеля чаго пакліканы Ісусам Павал?
Згодна відзежу, ад яго патрабавалася наступнае. Па-першае, ён павінен сьведчыць пра тое, што бачыў і чуў і што ўбачыць і пачуе ў будучым ад Хрыста і, па-другое, ён пасылаецца да паганаў, дзе ягоная задача, у сваю чаргу якая падзяляецца на чатыры, і ёсьць прычынаю таго, што Павал атрымаў найбольшыя непрыемнасьці з боку ўладаў і простых юдэяў спачатку ў Грэцыі і Турцыі, а зараз і ў Юдэі. Але, што гэта за чатыры задачы?:
• Павал павінен адчыніць вочы паганам, як адчыніліся і Паўлавы вочы па дарозе ў Дамаск, каб яны навярнуліся ад цемры ў сьвятло, як гэта сталася і з Паўлам пасьля сустрэчы з Госпадам (праз Ананію ці непасрэдна ад Госпада - гэта ня важна). Сэнс гэтага ня ў нейкім абстрактным «бачаньні сьвятла», але ў тым, што яны павінны прыняць адзінага і сапраўднага Бога ўсім сваім сэрцам.
• Пагане павінны зьвярнуцца ад улады шатана да жывога і сапраўднага Бога, пра Якога Павал казаў паўсюль. І гэта кажа пра тое, што пагане могуць займець пакаяньне як дар ад Бога, бо гэта і абяцаў Ісус Хрыстос ад пачатку.
• Яны атрымаюць прабачэньне грахоў - адзін з найвялікшых дароў Дабравесьця. Сэнс гэтага дабравесьця ў тым, што ачышчаецца сумленьне і зьяўляецца пачуцьцё блізкасьці Бога, каб быць паўнавартаснымі чальцамі сям’і Ісуса Хрыста.
• Каб праз веру ў Мяне атрымалі адпушчэньне грахоў і жэрабя сярод асьвечаных». Вось гэты шлях, бо, згодна Самому Ісусу, пагане прыналежаць да той жа сям’і, што і юдэі. Але сапраўдная сьвятасьць і чысьціня ўзьнікаюць толькі тады, калі сэрцы ачышчаюцца вераю, што можа быць як з юдэямі, так і з паганамі.
Павал тлумачыць Агрыпе, што ён павінен быў выконваць тое, што загадаў яму Бог. Менавіта так і павінен быў чыніць законапаслухмяны фарысэй, а Павал такім і быў. Павал дапамагаў паганам, па волі Бога, пазбаўляцца ідалаў і прыходзіць да Госпада праз пакаяньне. Здавалася б лагічным, што юдэі, Божы народ і дзеці Абрагама, павінны гэтаму радавацца, але мы бачым адваротнае. Яны незадаволеныя гэтым. Але Бог быў з Паўлам, каб той выканаў прызначанае яму Госпадам, а сутнасьць гэтага зводзіцца да наступнага:
• Вестка Паўла грунтуецца на Пісаньнях Ізраіля, якія былі дадзены Майсеем і прарокамі, а зараз дасягнулі сваёй кульмінацыі.
• Вестка Паўла - гэта вестка пра Ісуса Мэсію, бо Ён і ёсьць выкананьне ізраільскай надзеі.
• Вестка Паўла - гэта вестка пра пакуты Мэсіі і неабходнасьці гэтых пакутаў у межах Божага замысла, выкладзенага ў Пісаньні і якія зьяўляюцца неабходнымі для збаўленьня ад грэху.
• Вестка Паўла пра першага ўваскросшага з мёртвых. Лука не стамляецца казаць пра тое, што менавіта на Пасху пачалося Божае Валадарства. Са сьмерцю і ўваскрасеньнем Ісуса Хрыста.
• Вестка Паўла пра тое, што Божае сьвятло для ўсіх людзей аднолькавае. Таму ўвесь сэнс Добрай весткі, з кропкі погляду Паўла, Лукі і наогул Новага Запавету, складаецца з таго, што ўсе людзі павінны адгукнуцца на заклік Госпада да пакаяньня.
У заканчэньні сваёй прамовы Павал кажа прысутным, што яго, да гэтага часу, захаваў Бог, а таму ён і стаіць зараз перад судом у цэлым стане. Ці спадабаліся гэтыя словы Порцыю Фэсту? Зараз дазнаемся.
Дзеі 26:24-32
«А калі ён гэтак адказваў, прамовіў Фэст моцным голасам: “Ты вар’яцееш Павал! Вялікая вучонасьць даводзіць цябе да шаленства”. А той кажа: “Не вар’яцею, вяльможны Фэсьце, але прамаўляю словы праўды і здаровага розуму, бо разумее гэта валадар, перад якім я гавару адважна, бо перакананы, што нішто з гэтага перад ім ня ўтоілася, бо нічога з гэтага ў закуцьці ня дзеялася. Ці верыш ты прарокам, валадару Агрыпа? Ведаю, што верыш”. Агрыпа ж прамовіў да Паўла: “Ты мала не пераканаў мяне стацца хрысьціянінам!” А Павал сказаў: “Маліў бы я Бога, каб па малу ці па многу, ня толькі ты, але і ўсе, што слухаюць мяне сёньня, сталіся такімі, як і я, акрамя гэтых путаў”. І калі сказаў ён гэтае, устаў валадар, і ваявода, і Бэрніка, і тыя, што з імі сядзелі, і, адыйшоўшы ў бок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што нічога вартага сьмерці або путаў ня робіць чалавек гэты. А Агрыпа сказаў Фэсту: “Можна было вызваліць гэтага чалавека, калі б ён не прызваў цэзара”» (Дзеі 26:24-32).
Дык што так не спадабалася Фэсту ў словах Паўла, што ён, узьняўшы свой голас, закрычаў на апостала? Уяўляецца, што гэта былі тыя словы Паўла, дзе ён спасылаецца на дапамогу Госпада, Які абараніў і захаваў яго да гэтага часу, даючы магчымасьць нават і прапаведаваць. Як жа гэта так? Ці ня тысячнік Кляўды Лізі сілай вайскоўцаў атабраў Паўла з разьюшанага натоўпу гебраяў, якія мелі намер забіць яго? І ці ня той жа Лізі ўначы, пад вялікай аховай, пераправіў Паўла ў Цэзарэю, бо даведаўся пра змову гебраяў супраць Паўла?. Ці ня Фэлікс адмовіў першасьвятару і старшыням выдаць ім Паўла ў Ерусалім, захаваўшы яго ў прэторыі? А ён, Порцый Фэст, колькі ўжо зрабіў для Паўлавай бясьпекі? Дзякуй табе Павал за гэткія словы. Ты вар’яцееш ад свай вучонасьці і зацыкленасьці на пропаведзі.
Непрыемны момант, але як яшчэ мог рэагаваць няверуючы паганін Фэст, які цалкам спадзяваўся на сілу і ўладу чалавека? Павал жа, добра разумеючы думкі Фэста, вельмі дэлікатна адказвае намесьніку, пераводзячы свае словы да валадара Агрыпы, які, на думку Паўла, добра разумеў сказанае апосталам і ня бачыў у словах Паўла ніякага шаленства. Больш таго, Агрыпа кажа Паўлу амаль што неверагоднае: «Ты мала не пераканаў мяне стацца хрысьціянінам!» Якое ж тут вар’яцтва? Такім чынам канфлікт быў вычарпаным, а Фэст з Агрыпаю адыйшлі ў бок (хутчэй за ўсё ў іншы пакой), каб правесьці выніковую нараду.
Як бы тое не было, а агульнае ўражаньне ад прамовы Паўла засталося спрыяльным і віны за ім ніхто не палічыў. Але чаму усё ж Паўла не вызваляюць? Толькі таму, што ён патрабаваў суду цэзара? Але які суд, калі няма віны? Фэст цалкам мог выявіць асабістую сьмеласьць і вызваліць Паўла, бо ў Рыме ніхто ня ведаў пра існаваньне гэтага дзіўнага гебрайскага вязьня, які, да таго ж, ня быў у чым-небудзь вінаватым.
Але ня ўсё так проста для Фэста, бо існавала яшчэ і першасьвятарская ўлада, якая мела магчымасьці паднесьці намесьніку пэўную неспадзёўку. Юдэі чулі, як Павал выкарыстаў права рымскага грамадзяніна, запрасіўшы суду цэзара і таму скарга ад першасьвятароў на гэтую справу магла лёгка пайсьці ў Рым, а гэта зусім непрыемна. Тым больш, што Фэст бачыў вялікую нянавісьць юдэяў да Паўла. Мы памятаем словы юдэяў да Понція Пілата, калі ён разглядаў справу Ісуса: «Калі адпусьціш Яго, ты ня сябра цэзару» (Ян 19:12). Фэст не жадаў няміласьці свайго імператара. А потым, разважыў Фэст, калі грамадзянін апелюе да цэзара, ён ня толькі мае права на гэты суд, але і абавязаны стаць перад імператарам. Такім чынам перад Паўлам паўстае адзін накірунак. Рым.
Свидетельство о публикации №226012701754