Деяния 27 1-44
Дзеі 27:1-44
Такім чынам перад Паўлам адчыніліся дзьверы, праз якія ён выйшаў у путах ад Фэста, каб дасягнуць, праз марское вандраваньне, сталіцы тагачаснага сьвету - Рыму. Як мы ўбачым, шлях гэты будзе цяжкім і небясьпечным. Але, у-ва ўсёй гэтай гісторыі ёсьць і станоўчы бок, бо Павал будзе абаронены ад гебрайскіх фанатыкаў, якія цікавалі апостала і меліся забіць яго. Гэта па-першае. А па-другое, Павал пазбавіўся клопату арганізацыйных мерапрыемстваў, якія ўзялі на сябе ўлады. Лука даволі падрабязна апісвае гэтае падарожжа з Цэзарэі ў Рым, што нельга сказаць пра іншыя вандраваньні. І гэта бачыцца недарэмным, бо Лука, хутчэй за ўсё, хоча падкрэсьліць гэты факт, як вышэйшую кропку свайго апавяданьня. Мэтаю гэтага аповяду было паказаць, што апостала Паўла накіроўвала рука Бога і Ён даваў яму абарону звыш. Бо гэта было Божай волею, каб Павал прыйшоў з Дабаравесьцем у Рым. Лука хоча таксама падкрэсьліць асноўную ролю Паўла сярод апосталаў і з гэтым узгадняецца роля Паўла ў гэтай вандроўцы, бо мы ўбачым чалавека, якому падпарадкоўваюцца стыхіі і, нават такія драматычныя абставіны, як караблекрушэньне, не выходзіць з-пад ягонага кантролю.
Дзеі 27:1-12
«А калі прысудзілі нам плыць у Італію, Паўла і некаторых іншых вязьняў аддалі сотніку з кагорты Аўгуста, на імя Юлі. Узыйшоўшы ж на Адраміцкі карабель, які меў плысьці ўздоўж месцаў Азійскіх, мы вырушылі, маючы з сабой Арыстарха, македонца з Тэсалонік, і на другі дзень прысталі да Сідону. І Юлі, які абыходзіўся з Паўлам па-людзку, дазволіў яму пайсьці да сяброў і атрымаць адпачынак. Вырушыўшы адтуль, мы паплылі да Кіпру, бо вятры былі супраціўныя. І пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, мы зыйшлі ў Мірах Лікійскіх. Там сотнік, знайшоўшы Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, пасадзіў нас на яго. Плывучы ж памалу даволі дзён і ледзь апынуўшыся насупраць Кніду, бо вецер не дазваляў нам, прыплылі мы да Крыту насупраць Сальмону. І ледзве праплыўшы паўз яго, мы прыйшлі да нейкага месца, называнага Добрыя Затокі, ад якога блізка горад Лясэя. А калі мінула даволі часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо ўжо і пост прамінуў, радзіў Павал, кажучы ім: “Мужы! Я бачу, што плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку і карабля, але і для душаў нашых”. А сотнік больш даверыўся корніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Павал. А як затока не была прыстасаваная для зімаваньня, большасьць давала параду плысьці адтуль, каб можна было перазімаваць, дабраўшыся да Фініку, Крыцкае затокі, што ляжыць насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру» (Дзеі 27:1-12).
Вось і настаў час, калі мы становімся сьведкамі захапляльнай і вельмі небясьпечнай марской вандроўцы ад Цэзарэі да выспы Мальта па дарозе Паўла і ягоных сяброў у Рым. Паўла, як і шэраг іншых вязьняў, перадалі пад ахову сотніка Аўгуставай кагорты Юлі, які павінен быў суправадзіць Паўла і перадаць яго рымскім уладам. Лука ня кажа пра суправажальны ліст на Паўла ад Фэста да цэзара, але ён павінен быў быць у сотніка. Можа таму і не сказана пра гэта, бо зьместу гэтага ліста ніяк не маглі ведаць ні Павал, ні Лука, ні адказны за гэтае мерапрыемства афіцэр Юлі, які павінен быў даставіць пасланьне Фэста, як, дарэчы, і Паўла ў цэласьці і захаванасьці.
Мы ня маем ніякіх зьвестак пра іншых вязьняў, якія, разам з Паўлам, накіроўваліся пад аховаю ў Рым. Відавочна, што гэта былі няпростыя вязні, бо шлях ад Цэзарэі да Рыму быў доўгі, як па часе, тык і па адлегласьці. Магчыма гэта былі, як і Павал, рымскія грамадзяне, а можа частка з іх зьяўляліся значнымі злачынцамі і ворагамі Рыму. Вось у такой кампаніі меўся знаходзіцца Павал гэты доўгі час, але цікавае яшчэ і тое (мы пра гэта хутка даведаемся), што Паўла намерваліся забіць дзеля злачынцаў, а выйшла так, што дзеля Паўла гэтым жа злачынцам пакінулі жыцьцё. Што ж тычыцца сяброў Паўла, дык з ім вырушылі Арыстарх з Тэсалонік і, безумоўна, Лука, які кажа: «мы вырушылі», што азначае асабістую ягоную прысутнасьць у гэтым падарожжы. Менавіта таму мы і бачым такое падрабязнае апісаньне іхніх марскіх прыгодаў.
Відавочна, што карабель, на якім яны выйшлі ў мора, быў прыпісаны да Адраміцкага порту, які знаходзіўся каля Траады, у паўночна-заходняй частцы Малой Азіі. Немалы шлях ад Цэзарэі і верагодна, што карабель рабіў сваё апошняе (перад пачаткам зімніх штармоў) плаваньне да роднага порту. Першы этап да Сідону прайшоў спакойна і хутка, бо заходні вецер дазваляў хуткі ход ў паўночным напрамку, ідучы, як кажуць маракі «у паў ветру». Адпаведны быў і настрой сотніка, які дабразычліва ставіўся да Паўла, а таму і адпусьціў таго на бераг сустрэцца з сябрамі і атрымаць адпачынак. Але далейшы шлях да порта Міры не абяцаў ім нічога лёгкага, бо, каб дасягнуць Міры па найкарацейшаму шляху, трэба было ісьці ў паўночна-заходнім напрамку, а гэта азначала ход пад войстрым вуглом адносна заходняга ветру, што было немагчыма для ветразнага рыштунку тагачасных караблёў.
І таму яны пайшлі на поўнач уздоўж сірыйскага ўзбярэжжа, каб, у далейшым, прайсьці паміж выспай Кіпр і Кілікійскім берагам, а потым каля Памфілійскага ўзбярэжжа. Вельмі правільнае рашэньне капітана, бо пад высокім гарыстым берагам вецер становіцца няроўным і часта мяняе накірунак (заходзіць), а выкарыстоўваючы гэта і лавіруючы (мяняючы галсы), можна было нясьпешна, але ўпэнена дасягнуць порта Міры, дзе планавалася перасадка вязьняў на іншы карабель, які б накіроўваўся да Італіі. А Адраміцкаму караблю засталося такім жа чынам дасягнуць Кніду і зноў трымаць курс на поўнач, каб без асаблівых праблемаў прайсьці паміж шматлікіх выспаў да роднага Адраміту.
Адступаючы крыху ад тэмы, хочацца ўзгадаць стаўленьне юдэяў да мора і мораплаваньня. Юдэі ніколі не былі маракамі (не будзем лічыць за іх рыбакоў на ўнутраных вадаёмах, хаця і там бывалі буры, і даволі моцныя). Мораплаваньнем, з даўніх часоў, займаліся егіпцяне, народы ўзбярэжжа ад Цэзарэі і вышэй, уключаючы Малую Азію, а таксама грэкі і рымляне. Прыносячы ахвяры грэцкаму Пасейдону ці рымскаму Нептуну, яны спакон веку «лёталі» з порта ў порт, зьяўляючыся асноўным транспартным сродкам гандлёвай сістэмы ўсёй рымскай імпэрыі.
Але для юдэяў мора было монстарам. Так, адзіны Бог стварыў і мора, як стварыў усё ў гэтым сьвеце. Мора прыналежыць Богу і выконвае Ягоную волю, але, пры гэтым, гебраі часта бачылі ў ім цёмныя сілы, якія могуць быць крыніцаю вялікай небясьпецы. Яны памяталі відзеж Данііла, дзе з мора выходзяць чатыры зьвяры: «І чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, не падобныя адзін на аднаго» (Дан 7:3). Ёсьць яшчэ кніга Ёны ды і шмат яшчэ і іншых прыкладаў. Мы ж памятаем і тое, якая паніка сталася паміж галілейскіх рыбакоў, калі іх спасьцігнула бура ў Галілейскім моры. Ці ж можна яго параўнаць з Міжземным?
А зараз пра Паўла. Зусім нетыпічным для тагачаснага гебрая чынам, Павал меў даволі значны вопыт мораплаваньня. Ён часта вандраваў па моры і, мяркуецца, што ня толькі ў місіянэрскіх падарожжах, але і з юнацтва, бо, калі паглядзець на геаграфічную мапу, дык мы ўбачым, што шлях ад Тарсу да Ерусаліму, праз Цэзарэю, нашмат карацей па мору, чым па сушы. Тым больш, як мы ўжо казалі, пры пераважна заходніх вятрах, гэтае мерапрыемства было хуткім і не складаным. Калі ж казаць пра місіянэрства Паўла, дык з тых жа мапаў бачна, што марскіх шляхоў у Паўла было зашмат. Можна ўявіць, што вандруючы на караблях, ён пападаў у розныя сітуацыі. І калі ён чакаў сканчэньня непагоды ці неспрыяльных ветравых умоваў, ён многае бачыў з жыцьця марскога люду.
Ён бычыў жыцьцё марскога порту і як ладзіцца праца пры пагрузцы ці разгрузцы карабля. Ён чуў мясцовыя дыялекты і матроскі жаргон. Павал кажа пра свае марскія прыгоды ў сваіх пасланьнях і ў прыватнасьці ў сваім другім лісьце да карынцянаў: «Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі; тройчы разьбіваўся карабель, ноч і дзень я быў глыбіні» (2 Кар 11:25). Хутчэй за ўсё ён збаўляўся ад пагібелі, трымаючыся за нейкі драўляны прадмет разьбітага карабля. Наогул, чытаючы цалкам гэты разьдзел, шкадуеш, што Лука не апісвае больш падрабязна прыгоды ў жыцьці апостала Паўла. А што Павал? Ён цудоўна разумеў, якія цяжкасьці могуць іх чакаць на шляху з Юдэі да Італіі. Але вернемся ў Міру, каб працягнуць шлях да Італіі на Александрыйскім караблі.
У Мірах Лікійскіх, партовым горадзе на паўдзённым узбярэжжы Малой Азіі, сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, загружаным зернем пшаніцы і які накіроўваўся ў Італію. Егіпет быў жытніцаю Рыма. Караблі з зернем звычайна ішлі на поўнач, у Малую Азію, у дадзеным выпадку да Міры, а потым зварочвалі на захад і ішлі каля выспаў, які служылі ім месцам прыпынку пры непагодзе. І вось, дасягнуўшы выспы Кнід, яны павярнулі на паўднёва-заходні курс і прыйшлі да паўднёвага боку выспы Крыт, дзе прышвартаваліся ў бухце Добрыя Прыстані, якая была каля гораду Лясэя.
З усімі гэтымі маляўнічымі карцінамі портаў, маршрутаў і вісячымі ў паветры трывогамі мы ўжо адчуваем, што справа ідзе да непрыемнага выніку, да караблекрушэньня. Павал, які ўжо тры разы праходзіў праз гэтыя непрыемнасьці і адчуваючы, што гэтага не пазьбегнуць кажа сотніку і кіраўнікам карабля прароцкія словы: «Мужы! Я бачу, плаваньне мае быць са шкодаю і многімі стратамі ня толькі для ладунку карабля, але і для душаў нашых». На жаль сотнік ня ведаў пра вопыт трох караблекрушэньняў з удзелам Паўла, а таму (можа і ня маючы пэўнага вопыту ў гэтых справах) ён даверыўся капітану і гаспадару карабля, як больш прафэсійным і зацікаўленым асобам.
Лука, таксама знаўца таго, што можа і як можа ўсё адбывацца ў караблеплаваньні, па ўсёй верагоднасьці, згодны з пазыцыяй Паўла, але рашэньне прымалі не яны. Ці правільна вырашылі кіраўнікі гэтага плаваньня, прыняўшы рашэньне зноў выйсьці ў мора? Сказаць цяжка. І так і не. Так, - таму што бухта Лясэя не была прыстасаванаю да зімаваньня караблёў, бо была занадта адкрытаю да вятроў, а зімнія штармы маглі пашкодзіць ці, наогул, разьбіць карабель. Да Фініку ж, дзе можна было перазімаваць было, як кажуць, «рукой падаць», тым больш, што для гэтага пераходу пачаў дзьмуць спрыяльны паўднёвы вецер. Не, - таму што Паўлу падказвалі Сьвяты Дух і асабісты вопыт мораплаваньня. Больш таго, а Павал гэта добра ведаў, што пасьля посту Дня ачышчэньня, які прыходзіўся на канец верасьня і пачатак кастрычніка, надвор’е станавілася такім няўстоўлівым, што ветравая сітуацыя на моры магла істотна зьмяніцца ў кожную хвіліну. Але маракі рызыкнулі і тут усё пачалося, як гэта і прадбачыў апостал Павал.
Дзеі 27:13-32
«Калі ж павеяў паўднёвы вецер, яны, думаючы, што атрымалі жаданае, выправіўшы, паплылі паўз Крыт. Неўзабаве няляцеў бурны вецер, называны Эўраклідон. А калі карабель падхапіла і ён ня мог працівіцца ветру, мы здаліся і нас панесла. Наляцеўшы ж на нейкую выспачку, называную Кляўда, мы ледзь здолелі ўтрымаць човен. Падняўшы яго, узяліся за помачы, абвязваючы карабель, і, баючыся, каб ня быць выкінутымі на мялізну, спусьцілі ветразь і гэтак насіліся. А як бура дужа кідала нас, на другі дзень выкінулі тавары, а на трэці дзень мы сваімі рукамі павыкідалі карабельны рыштунак. А калі шмат дзён не сьвяціла ані сонца, ані зоркі, і нямалая бура налягала, нарэшце прапала ўсякая надзея, каб нам выратавацца. А як мы доўга былі няеўшы, Павал стаўшы пасярод, сказаў: “Мужы, трэба было, паслухаўшыся мяне, ня плысьці ад Крыту і пазьбегнуць гэтае шкоды і страты. І цяпер раджу вам, падбадзёрцеся, бо ня будзе згубленая ніводная душа сярод вас, акрамя карабля. Бо стаў прада мною ў гэтую ноч анёл Бога, Якому я прыналежу і Якому служу, і сказаў: “Ня бойся Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою”. Дзеля гэтага падбадзёрцеся, мужы, бо я веру Богу, што будзе паводле таго, як мне было сказана, і мы мусім быць выкінутымі на нейкую выспу”. А як настала чатырнаццатая ноч, што нас насіла па Адрыятыцы, каля сярэдзіны ночы маракі сталі спадзявацца, што падыходзім да нейкае зямлі. І, памераўшы, знайшлі дваццаць сажняў. А крыху адплыўшы і зноў памераўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў. І, баючыся, каб ня быць выкінутымі на скалістыя месцы, скінуўшы з карна чатыры якары, чакалі дня. А калі маракі шукалі, каб уцячы з карабля, і спускалі ў мора човен, паказваючы, быццам маюць скінуць якары з носу, Павал сказаў сотніку і жаўнерам: “Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца”. Тады жаўнеры паабсякалі вяроўкі ад чаўна і далі яму ўпасьці» (Дзеі 27:13-32).
Карабель прайшоў уздоўж паўднёвага узбярэжжа Крыту прыкладна палову шляху да Фінікі, як раптоўны шквал (паўночна-усходні вецер «Эўраклідон») пагнаў карабель у адкрытае мора. У такіх умовах маракі вымушаны спускаць ветразь, каб пад моцным націскам ветру не перакуліць карабель, а пусьціцца ў дрэйф, падтрымліваючы становішча судна поперак хваляў карабельным рулём. Блізкасьць выспачкі Кляўды, якая знаходзілася прыкладна ў 40 км. на поўдзень ад Крыту, толькі дадала небясьпекі, бо каля гэтай выспачкі было шмат мялізнаў. Хвалі так білі карабель, што аб карабель мог разьбіцца і човен, які звычайна цягнуўся на ліне за караблём. Маракі ледзь утрымліваўшы човен, з вялікай цяжкасьцю і з дапамогаю пасажыраў, выцягнулі човен на палубу карабля.
Былі прынятыя і іншыя, звычайныя ў тыя часы, меры для захаваньня карабля: ён быў абкручаны лінамі, каб зьмягчыць удар, калі іх вынясе на мялізну. А такая магчымасьць існавала, бо бліжэй да Афрыканскага ўзбярэжжа знаходзілася вялікая мялізна, называная Вялікі Сырт. Мы бачым, што каманда маракоў добра ведала сваю справу і, разам з пасажырамі, рабіла ўсё магчымае для захаваньня жыцьцяў людзей і карабля.
Бура на моры не сьціхала, а сітуацыя на караблі толькі пагаршалася, бо абцяжараны грузам карабель вельмі цяжка ўтрымліваць у належным становішчы адносна хваляў. Гэта першае, а другое слабае месца ў тым, што хвалі лёгка залівалі карабель, а вада, сьцякаючы ў трумы напаўняла іх, насычаючы адначасова і мяхі з зернем пшаніцы, што яшчэ больш узмацняла абцяжаранасьць карабля. Так што працавалі ўсе і, як кажа Лука, выкідвалі тавары, а нават і розныя карабельныя прылады, якія бяруць з сабою ў марскія паходы.
Для добрага мараплаваньня патрэбны многія карысныя рэчы: ліны, дадатковыя ветразі і, асабліва, вельмі цяжкая грот-рэя, на якой трымаецца ў ніжняй частцы асноўны ветразь (грот). Дык вось, у цяжкую хвіліну выкідваецца за борт усё. І можна толькі ўявіць, як працавалі ўсе прысутныя на караблі, выцягваючы з трумаў і выкідваючы за борт намоклыя мяхі з зернем, а акрамя гэтага вычэрпваючы ваду, якая пападала ў трумы. І ня дзіўна, што аслабелыя ад марской хваробы, галодныя людзі пачалі губляць усякую надзею збавіцца. А надзея, тым ня меньш, вяртаецца і весьнікам гэтае надзеі ёсьць апостал Павал.
Але, па-перш чым працягваць далей, зробім яшчэ адзін отступ ад асноўнага апавяданьня Лукі. Нагадваецца падобная падзея ў кнізе Ёны. Мора, і пры чым тое-ж, такая ж бура і тыя ж самыя дзеяньні маракоў: «Але Госпад падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца. І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў» (Ёна 1:4-5). Яго дабудзіліся і дапытаўшыся ў чым справа, выкінулі за борт. У выніку шторм сьціх, а марская рыбіна атрымала сваю вячэру. Але Павал ня Ёна, бо не бяжыць ад Госпада, як гэта рабіў Ёна, каб не паслужыць Яму ў сталіцы паганаў Нінэвіі, а наадварот робіць усё, каб паслужыць Госпаду і прапаведаваць у Рыме. Ёну, за ягоныя словы, выкінулі ў мора, а на Паўла глядзелі з надзеяю, як на сваё выратаваньне.
Павал, стаўшы пасярод каманды і пасажыраў, даў ім напамін пра свае папярэднія словы, што ім нельга было адыходзіць ад Крыту, а потым, заклікаўшы усіх падбадзёрыцца, ён распавёў усім пра відзеж, у якім Госпад упэўніў яго пра тое, што ён дасягне Рыму, а ўсе тыя, хто быў з ім захаваюць свае жыцьці і ўсе яны будуць выкінутыя на нейкую выспу. Маракі, як бачыцца, пры ўсякім дрэйфу пільна назіраюць за глыбінёю пад караблём (звычайным грузам на вяроўцы), каб не атрымаць непрыемнасьці ад нечаканага наскоку на мялізну ці на скальны бераг. Паўлавы відзеж - асноўны момант гэтага апавяданьня Лукі. Гэта як сьвятло, якое толькі толькі пачынае бачыцца і якое павінна прыйсьці ва ўсёй сваёй паўнаце. Маракі і адзначылі, што глыбіня пад караблём пачала зьніжацца. Што гэта? Мялізна, нейкая выспа ці афрыканскае ўзбярэжжа? Таму і былі выкінутымі чатыры якары, каб раптоўна не наляцець на неспадзяваную перашкоду. Але.
Многіх хрысьціянаў вучылі і вучаць, што дастаткова мець веру - і ўсё будзе добра. Лука ж кажа: «Калі вы так думаеце, вы не разумееце, што азначае несьці крыж Хрыста, бо Дабравесьце пра ўкрыжаванага Хрыста накладае пячатку на жыцьцё дабравесьнікаў». Наогул, выява царквы як маленькага карабля ў жыцьцёвай буры, магчыма, яшчэ не была прадумана, але, ў некаторай ступені, Лука да яе ўжо і прыйшоў, калі абдумваў гэтыя радкі. Не чакайце лёгкага жыцьця, але маючы надзею ад Бога, працуйце разам з Богам і будзе дадзена вам. Бура ж ніяк не азначае, што шлях да вызваленьня марны, бо кажа толькі пра тое, што людзі, узяўшыя гэты крыж, павінны быць саўдзельнікамі перамогі на Галгофе: «Ня бойся Паўле! Ты мусіш стаць перад цэзарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою».
Але, на жаль, паверылі ў гэта ня ўсе, бо павінна было адбыцца самае агіднае. Маракі, ад якіх залежала жыцьцёвае забясьпячэньне і рух карабля, вырашылі зьбегчы з яго на чаўне, які знаходзіўся на караблі. Павал жа прадбачыў і гэта, выказаўшы пра тое рымлянам, якія вырашылі гэтую праблему вельмі проста, калі паабсякалі вяроўкі ад чаўна. Падаецца вельмі цікавым словы Паўла да сотніка і жаўнераў: «Калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце збавіцца». Якой жа моцнай была ягоная вера ў асабістые збаўленьне, што ён кажа: «Вы ня зможаце збавіцца». Але Павал памятаў і пра астатніх, таму і былі патрэбныя чалавечыя сродкі, каб зьдзейсьнілася Божае абяцаньне. Унесены хвалямі човен разбурыў планы здраднікаў і надзея на збаўленьне ўсіх захавалася.У выніку гэтага ўсе засталіся на караблі і ўсім трэба было спадзявацца на Бога Паўла і паслухацца самога Паўла.
Дзеі 27:33-44
«А перад настаньнем дня Павал прасіў усіх прыняць ежу, кажучы: “Сёньня чатырнаццаты дзень, як вы, чакаючы, застаяцёся ня еўшы і нічога не прыймаючы. Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу, бо гэта будзе дзеля вашага выратаваньня, бо нікому з вас волас з галавы не ўпадзе”. А сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, пераламіўшы, пачаў есьці. І ўсе, падбадзёрыўшыся, прынялі ежу. Было ж усіх на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. Насыціўшыся ежай, мы палегчылі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. А як настаў дзень, не пазналі зямлі, але ўгледзелі нейкую затоку, якая мела бераг, да якога пастанавілі, калі магчыма, прыстаць з караблём. І, адкінуўшы якары, пайшлі па моры, і, адвязаўшы стырно і наставіўшы жагель па ветру, кіраваліся да берагу. А натрапіўшы на касу, карабель сеў на мялізну, і нос, завязшы, заставаўся нерухомы, а карно разьбівалася сіламі хваляў. Жаўнеры зрабілі пастанову, каб вязьняў пазабіваць, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк. Сотнік жа, хочучы ўратаваць Паўла, забараніў іхнюю пастанову і загадаў тым, якія могуць плаваць, скочыўшы першымі, выйсьці на зямлю, а рэшце плысці каму на дошках, каму на чым іншым з карабля. І гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю» (Дзеі 27:33-44).
Не сумняваючыся ў тым, што ўсе прысутныя на караблі ўратуюцца і, як кажа Павал: «Волас з галавы не ўпадзе» (фізічна, дык гэта наўрад ці, але калі сымбалічна, дык гэта так), ён паўторна заклікае людзей прыняць ежу, што вельмі неабходна дзеля іхняга ўратаваньня. Падаючы асабісты прыклад Павал, падзякаваўшы Бога і паламаўшы хлеб, пачаў есьці, чым абадзёрыў усіх астаніх. А гэтых астатніх, разам з Паўлам, было дзьвесьце семдзесят шэсць чалавек.
Так кажа Лука і зусім недарэмна, бо, як мы яшчэ паглядзем, выратаваньне ўсіх гэтых людзей - гэта цуд Божы. Трэба ж, для даведкі, адзначыць і тое, што гэты карабель ня быў з самых вялікіх параўнальна тагачасных марскіх суднаў. У параўнаньне гэтага можна сказаць, што гісторык Язэп Флавій плыў у Італію на караблі, дзе было шэсьцьсот пасажыраў. Мы ня ведаем, колькі яшчэ грузу было на гэтым караблі, але колькасьць людзей на ім вельмі ўнушальная. Вяртаючыся ж на наш карабель адзначым, што падсілкаваўшыся хлебам людзі, павыкідвалі застаўшуюся пшаніцу ў мора, каб, як мага болей, палегчыць карабель пры сустрэчы з незнаёмым берагам. І вось, падняўшы малы ветразь, маракі накіравалі карабель да берагу, спадзяючыся на спрыяльны вынік і, безумоўна, на словы апостала Паўла.
Але ня ўсё так проста і выпрабаваньне для гэтых людзей яшчэ ня скончана, бо карабель, не дасягнуўшы берагу, з усяго ходу наскочыў на мялізну, якая ўтварылася перад берагам падводнымі плынямі гэтага мора. Нос карабля ўвяз ў касу, падставіўшы карно пад моцныя ўдары хваляў неперапыняючага шторму. Карабель пакрысе разьбіваецца і трэба нешта рабіць, каб дасягнуць берагу і застацца жывым. Тым больш, што чаўна, на якім можна было вывозіць пасажыраў даўно ўжо няма. Сітуацыя вельмі ўскладнілася. Дзе ж выйсьце? Бо няма сумненьня, што акрамя каманды карабля, якая, безумоўна, асабіста здолела б выплысьці да берагу, перамагаючы прыбярэжны прыбой, многія з пасажыраў былі для гэтага няздольныя. І як жа быць з астатнімі, бо мала хто з іх валодаў навыкамі вопытных плаўцоў, а многія ня мелі і гэтага. Як жа разумець усё гэта, калі Павал абяцаў збаўленьне ўсіх, хто быў на караблі? Мы ўжо казалі, што гэта будзе Божы цуд, а цуд, як славу Божую, можна адчуць толькі ў нейкіх надзвычайных абставінах, якія, дарэчы, яшчэ больш абцяжарваюцца рашэньнем рымскіх жаўнераў.
Жаўнеры вырашылі пазабіваць усіх вязьняў, каб хто, выплыўшы, ня ўцёк. Жорсткае рашэньне, але гэта ёсьць жаўнеры Рыма, а правілы Рыма вельмі жорсткія для ўсіх. Калі, хоць хтосьці з вязьняў зьбяжыць, дык жаўнеры згубяць і асабістыя жыцьці. Мы ж памятаем ахоўніка вязьніцы ў Філіпах, які намагаўся забіць сябе, уяўляючы зьбеглых вязьняў. Так працавала сістэма і тут не было месца жаласьці, бо Рым не рабіў ніякага патураньня людзям у крытычныя хвіліны. Але вось сотнік, які разумеў, што Павал самы незвычайны вязень, з якімі ён сутыкаўся, выратоўвае становішча. Ён вельмі рызыкуе, забараняючы пастанову жаўнераў і аддаючы загад усім, як хто здольны, накіроўвацца да берагу. Жаўнеры ж, людзі дысцыплінаваныя, падпарадкоўваюцца загаду сотніка, ведаючы, што ўся адказнасьць, з гэтага часу, кладзецца на іхняга начальніка. Госпад жа Паўла выяўляе Сваю сілу, бо гэтак сталася, што ўсе ўратаваліся на зямлю. Што было пры гэтым на сэрцы апостала Паўла? Магчыма такія ці падобныя на іх словы:
Хай віруюць воды, гром грыміць,
Над бурай мне з Табой спакойна быць.
Мой Айцец, Ты - Валадар над усёй зямлёй.
Я не баюся, мой Бог са мной.
Свидетельство о публикации №226012701854