Деяния 28 1-31
Дзеі 28:1-31
Бура закінула Паўла і ўсіх тых, хто быў на караблі, на выспу Мэліта (па сучаснаму Мальта). Жыхары Мальты названыя ў Бібліі барбарамі (па грэцкі барбароі), зусім ня тое, што падаецца на першы погляд. Барбароямі грэкі называлі ўсіх тых, хто размаўляў на незразумелай мове, а не на «прыгожай» для іх грэцкай ці рымскай. Але, ўсё ж, лепш было называць іх тубыльцамі. Дык вось, гэтыя тубыльцы, назіраючы на тое, як выбіраюцца з марскіх хваляў пацярпелыя людзі, аднесьліся да іх вельмі сардэчна, калі распалілі вялікае вогнішча, каб тыя абсохлі і абагрэліся. Але паслухаем пра гэтае Луку.
Дзеі 28:1-10
«Тады, уратаваўшыся, мы даведаліся, што выспа называецца Мэліта. Барбары ж зьявілі нам незвычайную людзскасьць, бо, рапаліўшы агонь, прынялі нас усіх, бо быў дождж і сьцюжа. А калі Павал набраў мноства ламачча і клаў на агонь, яхідна, выйшаўшы ад жару, прычапілася да рукі ягонай. Калі ж барбары ўбачылі зьвера, які вісеў на руцэ ягонай, гаварылі між сабою: “Напэўна, чалавек гэты забойца, якому, уратаванаму ад мора, прысуд жыць не дазваляе”. А ён, абтросшы зьвера ў агонь, не дазнаў аніякага ліха. Яны ж чакалі, што ён стане пухнуць ці раптам упадзе мёртвы. А доўга чакаючы і бачачы, што нічога благога з ім ня сталася, зьмянілі думку і казалі, што ён - бог. А ў тым месцы былі палі першага чалавека выспы, на імя Публі, які, прыняўшы нас, тры дні прыязна гасьцяваў. Сталася ж, што бацька Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Павал, увайшоўшы да яго і памаліўшыся, усклаў на яго рукі і аздаравіў яго. Калі ж гэта сталася, і іншыя хворыя на высьпе прыходзілі і былі аздароўленыя. І яны ўшанавалі нас шанаваньнем вялікім, і, як мы адплывалі, далі, што было патрэбна» (Дзеі 28:1-10).
Крушэньне карабель пацярпеў ля выспы Мэліт, якая знаходзілася ў 100 км. на поўдзень ад Сіцыліі і мела вельмі добрае месцаразьмяшчэньне на марскіх гандлёвых шляхах. Утульныя бухты дазвалялі прыпыняцца тут марскім караблям, каб ажыцьцяўляць розныя задачы: ад рамонта такелажу да прытулку пад час восеньска-зімніх штармоў. Але наш карабель, адчуўшы на сабе ўсю моц восеньскага шторму, ня трапіў у бухту закрытую ад вятроў, бо яму дасталося месца, дзе шторм адчуваў сябе ў поўнай сіле. Можна ўявіць сабе гэтае сумнае гледзішча, калі мноства прамоклых людзей, забруджаных ілам і пенай, адубелыя ад холаду выбіраліся на гэтка чаканы бераг.
Уявіўшы ўсё гэта, можа ўзьнікнуць думка пра тое, што мора выкінула гэтых людзей, дзеля іншага спосаба пазбавіць іх жыцьця. Але Бог так ня робіць і Лука распавядае, як па людзкі іх прынялі мясцовыя жыхары, калі распалілі вогнішча, каб тыя прасохлі і абагрэліся. Бог выканаў Сваё абяцаньне, а ці магло быць інакш? Не магло, бо, калі б хто-небудзь загінуў у моры ці, у хуткім часе на зямлі, абяцаньне Госпада магло б выглядаць недасканалым. А ці магчыма гэта ў дасканалага Бога?
І вось Павал. Мы зноў бачым, што гэта ня толькі прароцкі чалавек, але, ў вышэйшай ступені, чалавек практычны, які ніколі не саромеўся выконваць звычайную і карысную працу. Мы бачым Паўла яшчэ і вытрыманым чалавекам. Калі Павал дапамагаў падтрымліваць вогнішча, у адной са зьвязак гальля апынулася зьмяя, якая абудзілася ад жару і абвіла руку апостала. Цяжка сказаць ці быў пакусаны Павал, бо Лука кажа пра тое, што яхідна толькі прычапілася да рукі апостала. Найбольш верагодна, што Павал абтрос зьмяю ў агонь перш, чым тая здолела яго ўкусіць. Ды і ня так гэта бывае, што зьмяя, якая знаходзіцца ў сьпячцы, пры першым жа сутыкненьні з жарам, у той жа момант здольная кусаць сьмяротным ядам. У любым выпадку, Павал паводзіў сябе так, як быццам бы ўсё адбывалае ня мае да яго ніякага дачыненьня. Але жыхарам Мэліты гэта падалося цудам. Але не адразу.
Вырашыўшы, што яхідна пасьпела ўкусіць апостала, яны гаварылі паміж сабою, што, напэўна, гэты чалавек забойца і таму прысуд не дазволіць яму жыцьця. Але нічога ня здарылася і Павал працягваў быць ня толькі жывым, а і актыўна працаваць разам з іншымі, каб забяспечыць пацярпелым выратаваньне ад холаду і марской вады. Рэакцыя мясцовых жыхароў пераварочваецца ў адваротнае і яны пачынаюць лічыць яго богам. Мы ня ведаем рэакцыі на гэтае Паўла, але можна не сумнявацца, што яна была аналагічнай той гісторыі, якая адбылыся з ім і Барнабаю ў Лістры. Як жа лёгка перамяняецца грамадзкая думка, пераходзячы ад адной крайнасьці ў другую. У Лістры яно перамянілася ад прынясеньня ахвяраў Паўлу і Барнабе да пабіцьця іх камянямі; зараз жа - ад абвінавачваньня Паўла ў забойстве да ўзьвялічваньня яго.
У той час начальнікам выспы Мэліт быў рымскі чыноўнік Публі, які валодаў надзелам зямлі як раз у тым месцы, дзе адбылося караблекрушэньне. Гэты багаты чалавек прыняў сотніка, разам з Паўлам і ягонымі сябрамі, пакінуўшы іх у сваім маёнтку на тры дні, пакуль яны не знайшлі для сябе годнага жытла, каб правесьці там гэтую зіму. Дабрыня Публі была ўзнагароджанай, бо цяжка хварэючы бацька рымскага начальніка быў аздароўлены малітваю апостала Паўла. Вестка пра гэта хутка абляцела ўсю выспу і да Паўла пацягнуліся розныя хворыя, якія таксама атрымлівалі аздараўленьне. Трэба выказаць здагадку і пра тое, што лекар Лука таксама актыўна ўдзельнічаў у гэтым аздараўляльным працэсе, выкарыстоўваючы сваю прафэсійную медыцынскую практыку, што павінна было станоўча спрыяць на хрысьціянізацыю Мэліты. Павал адчуваў тут сябе як дома. Зноў адбываецца звыклае служэньне, ад якога ён быў адарваны на значны час. Лука ня кажа пра тое, ці навярнуліся ў гэты час Публі і ягоны бацька, але безумоўна тое, што Павал і ягоныя сябры правялі тут вялікую эвангелізацыйную працу, бо Мэліта сталася хрысьціянскай краінай, а тое месца, дзе Павал выйшаў на бераг выспы так і мае назву - Паўлава губа. Жыхары Мэліты аддзячылі апостала і Луку рознымі падарункамі, а магчыма і грашыма, што, дарэчы, было вельмі неабходным для далейшага жыцьця ў Рыме.
Дзеі 28:11-22
«А праз тры месяцы паплылі мы на Александрыйскім караблі са знакам Дыяскуры, які зімаваў на высьпе, і, прыстаўшы ў Сіракузах, заставаліся там тры дні. Адтуль, плывучы ўздоўж берагу, прыйшлі мы ў Рэгію; і, як праз адзін дзень узьняўся паўднёвы вецер, на другі дзень прыйшлі ў Путэолі, дзе, знайшоўшы братоў, былі запрошаныя імі застацца на сем дзён; і гэтак прыйшлі ў Рым. Тамтэйшыя браты, пачуўшы пра нас, павыходзілі нам насустрач аж да Апіявае плошчы і Трох Корчмаў. Убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і набраўся адвагі. Калі ж мы прыйшлі ў Рым, сотнік перадаў вязьняў гетману, а Паўлу было дазволена жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў. Сталася ж, што праз тры дні Павал склікаў першых з юдэяў, і калі яны зыйшліся, сказаў да іх: “Мужы браты! Нічога не зрабіўшы супраць народу ці звычаяў бацькоўскіх, я выдадзены як вязень з Ерусаліму ў рукі рымлянаў. Яны, дапытаўшы мяне, хацелі вызваліць, бо ніякае сьмяротнае віны на мне не было. А як юдэі працівіліся, я быў змушаны прызваць суд цэзара, але не таму, што меўся ў чым вінаваціць народ мой. Дзеля гэтае прычыны я запрасіў вас, каб пабачыць і паразмаўляць. Бо за надзею Ізраіля я закаваны ў ланцугі гэтыя”. Яны ж сказалі да яго: “Мы ані лістоў адносна цябе не атрымалі з Юдэі, ані ніхто з братоў, што прыходзілі, не абвяшчаў і не гаварыў нічога злога. Лічым жа вартым пачуць ад цябе, як ты думаеш, бо пра герезію гэтую вядома нам, што ўсюды ёй працівяцца» (Дзеі 28:11-22).
Праз тры месяцы, калі зіма ўжо саступала сваё месца вясне, навігацыя на моры аднавілася і зноў стала бясьпечным. Сотнік Юлі, разам з жаўнерамі і вязьнямі, сеў на карабель з Александрыі, які зімаваў на Мэліце. Упрыгожваньнем насавой часткі гэтага карабля (і ягонай назвай) былі Дыяскуры - двайняты Кастар і Палукс, якіх маракі-пагане шанавалі як багоў, якія заступаліся за іх у марскіх вандроўках. Ад Мэліты гэты карабель прайшоў без усякіх цяжкасьцяў каля васьмідзесяці марскіх міляў да Сіракузаў, сталіцы Сіцыліі, якая стаяла на ўсходнім яе ўзбярэжжы. Карабель прастаяў там тры дні, каб потым працягнуць свой шлях да Рэгіі (сучасная назва Рэджыо), якая знаходзілася на паўднёва-заходнім ускрайку Італіі (на наску «італійскага боту»).
Лука нічога ня кажа пра тамтэйшых хрысьціянах, бо іх не было і на Мэліце, калі Павал толькі ступіў на гэтую зямлю. Тое ж, як бачыцца, было і Сіракузах, але тры дні ня той тэрмін, каб наладзіць значную эвангелізацыйную працу. Хаця і гэта ня факт, бо мы ведаем, што Павал выкарыстоўваў нават і самую маленькую магчымасьць, каб пашыраць Божае Валадарства. Але вось падзьмуў спрыяльны паўдзённы вецер, які дазволіў караблю даволі хутка прайсьці яшчэ сто восемдзесят міляў на поўнач, уздоўж заходняга ўзьбярэжжа Італіі ў Путэолі (у сучаснасьці Пуцола). Гэты порт разьмяшчаўся на паўночным беразе Неапалітанскага заліву.
Сам горад знаходзіўся прыкладна ў 240 км. на паўднёва-усходнім накірунку ад Рыму. Да гэтага трэба дадаць, што бліжэйшым портам для Рыма была Осьція, але вандроўнікі і гандляры часта зыходзілі на бераг у Путэолі, бо Осьція ня мела магчымасьцяў прыняць усе караблі, якія ішлі да Рыму. Путэолі - гэта прыморскі горад, які раскінуўся ў 10 км. ад Неапаля (ня грэцкага, што калі Філіпаў). Гавань Путэолі была найбольш значнай на заходнім беразе Італіі і менавіта для гандлю з усходнімі краінамі. Звычайна тут і разгружаліся гандлёвыя караблі, каб сухім шляхам дастаўляць розныя тавары ў сталіцу тагачаснага сьвету - Рыму. Менавіта тут і высадзіў Юлі сваіх вязьняў, каб ісць далей у Рым. Але вось і нечаканасьць.
У Путэолі, Павал і ягоныя сябры, знайшлі хрысьціянаў і, як падаецца ў немалой колькасьці, бо тыя запрасілі Паўла застацца ў іх аж на сем дзён (і гэта ўлічваючы становішча Паўла, як вязьня), каб той умацаваў іх у вучэньні Ісуса Хрыста. Так, тры гады таму ён пасылаў свой ліст да рымлянаў, але, як бачыцца, ён не чакаў такога распаўсюджваньня хрысьціянства па Італіі. Але нічога дзіўнага тут няма, калі мы ўжо даведаліся, што порт Путэолі ёсьць кропкаю куды прыбываюць людзі з усходу, дзе, намаганьнямі таго ж Паўла, расквітала хрысьціянства. На сем дзён запрасілі Паўла, а гэта ўжо пытаньне да сотніка, бо як ён вырашыць, так і будзе.
І ў выніку сем дзён яны атрымліваюць, але ці толькі яны? А як жа быць з сотнікам Юлі, які так наблізіўся да Паўла? Бачыцца, што Юлі добра разумеў пра апошнія дні, якія ён мог праводзіць з Паўлам, бо ён разумеў і тое, што, прыбыўшы ў Рым і аддаўшы Паўла вышэйшаму начальству, ён зноў атрымае пэўнае даручэньне ад уладаў і будзе адпраўлены ў нейкім напрамку вялікай імперыі Рыму. Ці сустрэне ён яшчэ раз Паўла? Зусім невядома, а таму Юлі вырашыў адпачыць, будучы ў грамадзтве людзей, дзе нават і паветра паміж імі было насычана любоўю, радасьцю і дабразычлівасьцю. Верагодна і тое, што большасьць жаўнераў, разам з астатнімі вязьнямі, пайшлі ў Рым без усякага перапынку.
Сем дзён у Путэолі далі сур’ёзную вестку хрысьціянам Італіі, бо ў невялікім мястэчку Апіева Плошча (названы па імяні пабудаваўшага яго - Апія Кляўдыя), дзе Паўла сустрэлі і праводзілі далей на шляху ў Рым, да якога заставалася каля 60 км. Далей, на шляху ў Рым, іх сустракаюць хрысьціяне мястэчка Тры Карчмы, якое знаходзілася ў 20 км. ад Апіевай Плошчы па шляху ў сталіцу імперыі. Хутчэй за ўсё тут сустракалі Паўла і хрысьціяне Рыму, што вельмі ўразіла і, адначасова, ўзрадавала Паўла.
Два гады палону ў Цэзарэі, доўгая марская вандроўка - усё гэта не магло не стаміць энэргію апостала, і таму зразумела, як жыватворна было для яго спачуваньне і любоў італійскіх хрысьціянаў. І вось Павал дасягнуў Рыму, да якога ён імкнуўся яшчэ ў Грэцыі, калі быў на Эгнаційскім шляху. Ад таго да гэтага моманту прайшло ўжо шмат часу, але вось ён і дасягнуў таго, да чаго ён і імкнуўся. Сотнік Юлі вымушаны быў перадаць вязьня вышэйшаму начальству, але, як бачыцца, паклапаціўшыся пра далейшае месцазнаходжаньне Паўла. Што і здарылася. Юлі адбыў у сваім напрамку, а Павал пачаў сваё служэньне ў Рыме, як пра тое і казаў яму Ісус.
Павал атрымаў годнае жытло, але пры ім заўсёды павінен быў знаходзіцца жаўнер, бо гэта, як кажуць у сучаснасьці, было хатнім арыштам. Сябры ж яго і памочнікі былі пры ім, а гэта азначала толькі тое, што Павал планаваў дзейнічаць, каб служыць Госпаду свайму Ісусу Хрысту. А пачынае ён з таго, што запрашае да сябе начальнікаў гебрайскай дыяспары ў Рыме, дзе было шмат гебраяў і дзясяткі сынагогаў. Як зразумець тое, што Павал пачынае сваю дзейнасьць з гебраяў, а не з хрысьціянаў, якіх у Рыме было таксама шмат? Дзіўная рэч, але куды б Павал не прыходзіў, ён пачынаў сваё служэньне, гаворачы спачатку з юдэямі. Так было ў Азіі, так было і ў Грэцыі. Але там, куды ён прыходзіў, яшчэ ня чулі пра Ісуса Хрыста і таму ён пачынаў сваю пропаведзь для людзей найбольш падгатаваных і ведаючых Пісаньне. Потым жа ён прыкладаў свае намаганьні на ўмацаваньне створаных ім цэркваў і мы ня чулі ад Лукі, каб Павал, па ранейшаму, служыў у сынагогах.
У Рыме ж сітуацыя іншая і тактыка сваіх паводзінаў для Паўла істотна адрозьніваецца ад азійскай. Ён намагаецца любым коштам пазьбегнуць далейшых хваляваньняў сярод юдэяў адносна яго. І не таму, што ён любіць спакойнае жыцьцё ці нечага баіцца. Мы памятаем, як адважна ён прапаведаваў Хрыста і як ён за гэта цярпеў, як ён адчуваў на сябе гнеў натоўпу і цялесныя пакараньні. Нават і мора не зламіла Паўла, а зараз ён сьмела ідзе на суд перад Нэронам. Справа ў іншым. Павал ня хоча правакацыяў адносна яго, што можа крануць і іншых хрысьціянаў. Бо мы, як і Павал, добра памятаем, як цэзар Кляўды, з-за падобнага, выгнаў усіх гебраяў з Рыму. Іншая справа, што Нэрон, прыйшоўшы да ўлады пяць гадоў таму, адмяніў гэтую пастанову і дазволіў юдэям быць у Рыме. Але, дзе гарантыі, што падобнае не паўторыцца?
Павал адразу пачынае тлумачэньне таго, чаму ён апынуўся тут у якасьці нявольніка і распавядае пра суд ў сынэдрыёне, а таксама перад Фэлісам, Фэстам і Агрыпаю, якія не знайшлі ў ім ніякае віны. А тое, што ён тут, дык гэта ягоная ініцыятыва ў адказ на жаданьне юдэяў забіць яго. Павал ня ведае іхняга настрою і якія зьвесткі прыйшлі да іх, адносна яго, з Ерусаліму і таму ён працягвае тое, што казаў і раней пра тое, што ён таксама юдэй і, хаця і верыць у Хрыста Мэсію, ніколі і ні ў чым не паграшыў супраць свайго народу. Так, Павал ніколі не прымушаў паганаў прымаць звычаі юдэяў, бо яны для іх і не прызначаліся. Але праўда і тое, што ён ніколі не процістаяў паганам, знаходзячыся ў юдэйскім асяродзьдзі, а сам прымаў сярод паганаў тое, што было вызначана на Ерусалімскім саборы.
Павал ніколі не сварыўся з юдэямі наконт звычаяў юдэйства, а калі і быў супраць, дык толькі з-за іхняй непрыязьні да паганаў. Сумленьне Паўла сьведчыла за яго ў тым, што ён выканаў свой абавязак перад юдэямі. Як мы ўжо бачылі, Павал шмат пацярпеў ад свайго ж народу, але юдэі застаюцца ягонымі братамі і павінны, разам з хрысьціянамі, супрацьстаяць цемры паганскага сьвету, а таму ім нельга сварыцца. Больш таго, Павал ня хоча, каб, калі ён стане на суд перад цэзарам, юдэі прад’явілі супраць яго новыя абвінавачваньні.
Адказ юдэяў, якія сабраліся, цікавы тым, што мае даволі ўніклівы характар. З аднога боку яны прызнаюць, што да сёньняшняга дня яны не атрымлівалі ніякіх прадпісаньняў з Ерусаліму, каб выступіць супраць Паўла перад імператарам і гэта, нейкім чынам, дзіўна, бо на працягу двух гадоў юдэі перасьледавалі Паўла ў Ерусаліме і Цэзарэі. Нават склалася цэлая група юдэяў, якія далі зарок ня есьці і ня піць пакуль не заб’юць Паўла. І гэта не было нейкай гульнёй, бо ў гэтай справе былі замяшаныя і першасьвятары, якія добра ведалі перамяшчэньні Паўла па Рымскай імперіі. Але чамусьці ня склалася і Павал не пачуў ад рымскіх юдэяў пагрозы з гэтага боку. З другога ж боку, яны ўпэўнілі Паўла ў тым, што ім вядома пра вучэньне хрысьціянаў, бо пра гэта (герэзію) шмат спрачаюцца, а многія гэтаму і працівяцца. Уяўляецца, што гэтым людзям было вядома пра хрысьціянства нашмат болей, чым яны кажуць апосталу Паўлу, бо, калі гісторык Сьветоні правы, дык, прыкладна дзесяць гадоў таму, гебраі былі выгнаныя з Рыму з-за хваляваньняў па хрысьціянскаму пытаньню. Але, слухаючы адукаванага гебрая, які апынуўся хрысьціянінам і які чакае суду цэзара, яны сутыкнуліся з цудоўнай магчымасьцю паглыбіцца ў вучэньне Паўла, каб зрабіць пэўныя высновы. Таму яны і напрасіліся на новую сустрэчу.
Дзеі 28:23-31
«Вызнаўчы ж яму дзень, большасьць прыйшла да яго ў гасподу. І ён з ранку да вечара выкладаў ім, сьведчачы пра Валадарства Божае і пераконваючы іх пра Ісуса з Закону Майсея і Прарокаў. А адны былі перакананыя сказаным, а другія ня верылі. І, не згаджаючыся між сабою, яны пайшлі, калі Павал сказаў адно слова: “Добра сказаў да бацькоў нашых Дух Сьвяты праз прарока Ісаю, кажучы: “Ідзі да народу гэтага і скажы: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце, бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх”. Дык няхай будзе вам вядома, што паганам паслана збаўленьне Божае, яны і пачуюць”. І, як ён гэта сказаў, юдэі выйшлі, маючы між сабою шмат спрэчак. А Павал цэлыя два гады заставаўся ў сваёй нанятай кватэры і прымаў усіх, якія прыходзілі да яго, абвяшчаючы Валадарства Божае і навучаючы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю без перашкоды» (Дзеі 28:23-31).
Бачыцца, што на другую сустрэчу з Паўлам юдэяў прыйшло яшчэ больш, бо вестка пра адукаванага гебрая і прапаведніка Паўла хутка распаўсюдзілася паміж мясцовымі юдэямі, сярод якіх хапала як зацікаўленых, так і дапытлівых людзей. Лука кажа, што гэтая сустрэча і дыялог з Паўлам працягвалася з ранку і да вечара. Апостал выкладаў ім вучэньне пра Божае Валадарства і ўпэўніваў іх адносна Ісуса Хрыста, грунтуючыся на Законе Майсея і Прароках. І тут трэба разумець, што пропаведзь пра Божае Валадарства складаецца ня толькі са сьмерці і ўваскрасеньнья Ісуса Хрыста, а яшчэ і з таго, што будзе ў будучым - другога прышэсьця Хрыста на зямлю, каб канчаткова ўсталяваць Божае Валадарства. Эсхаталагічная, як па сэнсу так і па складу, пропаведзь Паўла не была зразумелаю юдэям.
Вучэньне пра Мэсію, Які памірае збаўляльнай сьмерцю за грахі сьвету, а таксама думка пра апраўданьне па веры як шлях уваходу ў гэтае Валадарства, гучалі вельмі дзіўна. І натуральна, што рэакцыя юдэяў на словы Паўла не была аднадушнаю, бо адны пераконваліся сказаным, а другія ня верылі пропаведзі. Павал казаў юдэям, што Бог Ізраіля, Бог Творца, Бог Абрагама, запатрабаваў у Ісусе Свой пасад як Валадара сьвету - Валадара, у адносінах да Якога любая, нават і самая магутная, чалавечая ўлада - нішто. У юдаізьме першага стагодзьдзя тэма Божага Валадарства разглядалася як тэма палітычная (у чымсьці і рэвалюцыйная), што прадумаўляла значныя клопаты, а гэта практычным рымскім гебраям зусім не падабалася. І зусім не выпадкова, праз стагодзьдзе пасьля разбурэньня Храма, выказаў тую ж думку адзін юдэйскі рабін: «Лепш вучыцца і выконваць Закон, чым апынуцца ўцягнутым у размовы пра Валадарства, бо з гэтага клопатаў не абярэшся».
Юдэй з юдэяў Павал ведаў іхнія думкі і таму ён зьвяртаецца да прарока Ісаі, каб паставіць кропку ў гэтай размове: «Ідзі да народу гэтага і скажы: “Слыхам пачуеце, і не зразумееце; і, гледзячы, глядзець будзеце, і ня ўбачыце, бо атлусьцела сэрца народу гэтага, і вушамі з цяжкасьцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб ня ўбачылі вачыма і не пачулі вушамі, і не зразумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я іх аздаравіў”». Гэтыя словы Паўла былі накірованы да юдэяў, якія былі дасьведчаныя ў Пісаньні, бо наўрад ці хто, прыйшоўшых да Паўла, ня ведаў гэтага. Апостал паказвае юдэям, што адбываецца ад часоў Ісаі і па сёняшні дзень. Трэба падкрэсьліць і тое, што апостал прыпісвае словы Ісаі Сьвятому Духу, Які казаў бацькам іхнім праз прарока.
Таямнічым чынам Божы план пра збаўленьне сьвету меў на ўвазе пакліканьне народу, праз якога вестка і план збаўленьня павінны былі дасягнуць усяго чалавецтва. Але гэты народ складаўся з людзей грэшных, якія, у рэшце рэшт, сказілі сваю высокую місію, патлумачыўшы яе вельмі эгацэнтрычна. Але ў Бога любімчыкаў няма, а гэта азначае толькі тое, што менавіта пагане атрымаюць гэтае Божае сьвятло збаўленьня. І гэтае сьвятло для паганаў павінна таксама стацца сьвятлом і для Ізраіля.
Усе, хто быў з намі да гэтых радкоў, маюць жаданьне ведаць пра тое, што было далей. Лука кажа, што Павал заставаўся два гады ў нанятым памяшканьні (з ахоўнікам), прымаючы ўсіх, хто меў жаданьне атрымаць вучэньне ад Паўла. Лука кажа, што Павал абвяшчаў Божае Валадарства і навучаў пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагаю і без перашкоды. Але гэта агульныя словы, якія не раскрываюць сапраўднага служэньня апостала ў гэты час. Чаму перапыніў Лука сваё апавяданьне на гэтым? Як жа хацелася ўсім нам пайсьці далей з апосталам Паўлам і паназіраць за ягоным служэньнем у гэтыя гады, а можа і далей, але Лука вырашыў інакш. А тое, што Лука кажа пра два гады плённага служэньня апостала, гаворыць толькі пра тое, што ён ведаў і чуў усё, што адбывалася ў жыцьці Паўла. Што было пасьля гэтых двух гадоў? Апраўданьне ці наадварот? І які лёс самога Лукі? Пра Луку невядома нічога, але пра жыцьцё самога Паўла мы можам адсачыць з ягоных апошніх пасланьняў.
Свидетельство о публикации №226012702120