От автора

АД АЎТАРА

Напісаньню гэтае кнігі папярэднічалі больш за пяць год падрыхтоўчай працы і два гады літаратурных вопытаў пасьля свайго навяртаньня да Ісуса Хрыста. Цікавасьць да асобы апостала Паўла прыйшла даволі хутка, па меры вывучэньня Новага Запавету. Гэтая цікавасьць узмацнілася пад час пілігрымкі ў Грэцыю, арганізаваную кзёнзамі Вячэславам і Юрыем Барокамі з Расонаў. Асабіста для сябе я назваў гэтую пілігрымку: «Па сьлядах апостала Паўла», што, дарэчы, вылілася ў невялікае літаратурнае дасьледваньне грэцкай частцы другой місіянэрскай вандроўцы апостала.

Далейшая праца над рознымі тэмамі хрысьціянскага жыцьця толькі ўзмацніла цікавасьць да асобы Паўла, бо дзейнасьць і вучэньне апостала сур’ёзным чынам упляталіся ў гэтыя разважаньні. Больш грунтоўнае вывучэньне Паўлавых пасланьняў, у сукупнасьці з Дзеямі апосталаў, натуральным чынам прывялі мяне да жаданьня пачаць напісаньне гэтае кнігі з такой цудоўнай назвай: «Апостал Павал, старонкі жыцьця». Што з гэтага атрымалася судзіць ня мне і вось чаму. Уся мая літаратурная дзейнасьць, ад пачатку, праходзіла як загад Госпада, Які, адказваючы на мае малітвы, казаў мне наступнае: «Ты павінен шмат зрабіць для Мяне, а зямнога часу твайго застаецца ўсё меньш і меньш. Я ведаю ўсе твае дні і таму кажу, што ў цябе няма ўжо часу гатаваць сябе для гэтай працы ў навучальных установах.

Ты будзеш вучыцца непасрэдна ў Мяне, як рабіў гэта верны Мой служыцель Павал. Ты будзеш вучыцца непасрэдна пры напісаньні, не карыстаючыся чарнавікамі ці папярэднімі накідамі. Дух Сьвяты будзе кантраляваць гэты працэс, даючы табе неабходныя думкі і розныя матэрыялы з розных крыніцаў: геаграфічных, гістарычных, багаслоўскіх і іншых. Ня бойся, бо Я з табою». І таму я, аддаючы пашану ды славу Айцу і Збаўцы майму Ісусу Хрысту, упэўнена абвяшчаю Яго сапраўдным Аўтарам. Мая ж асабістая роля ў гэтым напісаньні не выходзіць далей за ролю пісца і памагатага Госпаду Ісусу. Няхай жа праславіцца Ён на кожнай старонцы і ў кожным радку гэтае кнігі, а калі і сустрэнуцца недасканаласьці пры напісаньні, дык гэта ад недасканаласьці чалавека, што дапамагаў Госпаду.

Якія ж крыніцы, як сапраўдныя, могуць быць у любога чалавека, каб уявіць для сябе цяг жыцьця, дзейнасьць і характар апостала Паўла? Іх няшмат і яны ёсьць кнігамі Новага Запавету: Дзеі апосталаў ды Пасланьні апостала Паўла. Тагачасныя гісторыкі нічога ня кажуць пра Паўла. У Флавія, Сьветонія і іншых тагачасных пісьменьнікаў ніякіх сьведкаў пра апостала няма. У Флавія нават пра Ісуса Хрыста сказана толькі некалькі радкоў, як факт нейкай нязначнай падзеі. А кім быў для іх апостал Павал? Але ў Госпада ўсё ня так. Ён ведае ўсе дні жыцьця Свайго выбранага посуду. Бог паставіў Паўла на служэньне Божаму Валадарству, і можна быць упэўненым у тым, што менавіта Ён паклапаціўся пра тое, каб значная частка Новага Запавету была прысьвечана Паўлу ў ягоных творах і ў творы Лукі. Можна быць упэўненым і ў тым, што менавіта Бог адкрываў розным людзям і ў розныя часы тыя старонкі ягонага жыцьця, якія Ён хацеў адкрыць. Спадзяюся, што і ў гэтай кнізе Ён адкрывае ўсім нам тыя старонкі жыцьця і дзейнасьці апостала, якія хоча адкрыць дзеля таго, каб людзі змаглі пабачыць тое сьвятло Бога, якое нёс да людзей усё сваё хрысьціянскае жыцьцё Ягоны верны служыцель Павал.

А зараз час зямной і хрысьціянскай падзякі ўсім тым людзям, якія, тым ці іншым чынам, спрыялі напісаньню гэтага твору. Разуменьне сям’і і стварэньне добрых умоваў для гэтага нашмат павялічвае творчы патэнцыял выканаўцы. І таму я выказваю вялікую падзяку жонцы Тацьцяне за цярпеньне і разуменьне, а нават і за канструктыўную крытыку некаторых месцаў з напісанага. Асаблівая падзяка знаўцу Пісаньня пастару маёй любімай і роднай царквы «Ян Прадвесьнік» Антонію, заўвагі і парады якога вельмі дапамаглі глыбей эсансэнсаваць тыя тэмы, да якіх зьвяртаўся апостал Павал. Вялікая падзяка і ўсёй царкве, дзе я атрымліваў нямалую долю творчага надхненьня, так неабходнай для выніковай працы над гэтым творам. У выніку ж гэтага творчага зьвязу паміж Госпадам і ўсімі намі, Божымі служыцелямі, пад кіраўніцтвам Аўтара ўсяго сусьвету і атрымалася тое, што атрымалася - кніга «Апостал Павал, старонкі жыцьця».


Рецензии