Вступление
Пад час Свайго служэньня Ісус выбраў Сабе дванаццаць вучняў у якасьці апосталаў, але толькі два з іх аказалі відавочны ўплыў на першапачатковую царкву. Апосталу Пятру была дадзена дабраславеньне хрысьціць Карнэля - першага неабрэзанага паганіна, на роўных правах у Хрыстовую супольнасьць. Больш таго, ён заўсёды лічыўся першым з апосталаў. Апостал Ян, адзін з гэтых дзьвух, быў апосталам любові і выбраным эвангелістам тым, для каго ўнутраная набожнасьць была вышэй за розныя зьнешнія формы. Менавіта гэтыя два апосталы зьзяюць асаблівым бляскам сярод тых дванаццаці каштоўных камянёў, што ляглі ў аснову новага Ерусаліму.
Але быў і яшчэ адзін апостал, якому было даручана Госпадам яшчэ больш вялікая, больш плённая справа, бо менавіта яму належыла заснаваць нашмат больш цэркваў, вытрымаць больш пакутаў дзеля таго, каб прывесьці ў Божы статак вялікае мноства пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Пётр быў першым з апосталаў, але ён не атрымаў у сваім жыцьці столькі пакутаў як Павал, хаця і памёр жахлівай сьмерцю ў Рыме. Ян жа перажыў усіх апосталаў і найгаршэйшым выпрабаваньнем для яго сталася шматгадовая ізаляцыя на бязьлюднай высьпе Патмас. Што ж тычыцца Паўла, дык ён выканаў патрабаваньне Царквы Хрыста, калі стаўся апосталам народаў.
Немагчыма цалкам усьвядоміць тое, што даў хрысьціянству Павал, чыя самаадданасьць у служэньні яскрава паказвае на тое, што ён папрацаваў нашмат больш астатніх апосталаў. Усе наступныя пакаленьні павінны быць удзячнымі Паўлу за плённае служэньне ў Кілікіі, Малой Азіі, на Кіпры, Галятыі, Македоніі, Ахаі і Ілірыке, на Мэліце, у Рыме і на высьпе Крыт. І ў-ва ўсёй гэтай геаграфіі, як і ў ягоным служэньні, добра праглядаецца геній ягонага жыцьця. У ягоных пасланьнях мы можам убачыць пачатак той хрысьціянскай літаратуры, ад якога пайшлі найлепшыя ўзоры паэзіі, маральнай мудрасьці і духоўнага суцяшэньня.
Менавіта яму мы абавязаны сістэматычным выкладаньнем вялікай праўды, што была адкрытай ў Эвангельлі Ісуса Хрыста. Ягоная рашучасьць, ясны погляд і маральная вышыня сталі добрым падмуркам вызваленьня хрысьціянства ад рабства закону. Ён быў апосталам свабоды, культуры і розуму, але і ня толькі, бо выразна паказаў значэньне веры, як сродак збаўленьня. Гэта той чалавек, жыцыьцё і дзейнасьць якога дае нам цудоўную магчымасьць зразумець і відавочна ўбачыць сьвітанак хрысьціянства, які ўзыходзіў над цемрай ня толькі паганскага сьвету, але і юдэйскага. Менавіта гэты чалавек вызваліў хрысьціянства з пялюшак юдэйства, удыхнуўшы ў разбэшчаны паганскі сьвет новую радасьць і новую надзею.
Вывучэньне ягонага жыцьця дае нам разуменьне незвычайнай узьнёсласьці гэтага чалавека, а таксама і той Божай праўды, якую ён нястомна абвяшчаў да самой сьмерці. Мы павінны разглядаць гэтае жыцьцё ў-ва ўсёй яе поўнасьці, гледзячы на яго ня толькі вачамі наступных за ім пакаленьняў, але і самога Паўла. Перад намі жыцьцё не ідэяльнага чалавека, але таго, хто з вялікай шчырасьцю называў сябе «першым з грэшнікаў», штодзённае жыцьцё якога было чалавечаю ў сваіх пачуцьцях і немачах, у залежнасьці ад абставінаў. Але ўнутранае жыцьцё апостала было сапраўды боскай, бо выяўлялася ў дзеяньні Духа Сьвятога настолькі, што было мёртвай для сьвету і захаванай з Хрыстом у Госпадзе.
Мы спазнаем чалавека ў-ва ўсёй ягонай праўдзе, калі спазнаем яго ў тым, што было ў ім самага лепшага і з гэтага можна зрабіць пэўную выснову пра значэньне гэтага чалавека для нас асабіста і сьвету ўвогуле. Гісторыя апостала Паўла, якой яна паўстае перад намі, яўляе нам вобраз вялікага апостала, дзейнага падобна Пятру і разважлівага падобна Яну. Чытаючы гэтую кнігу мы ўбачым Паўла як вялікага прыхільніка хрысьціянскай свабоды, як вялікага прапаведніка, вялікага місіянэра і вялікага багаслова - Паўла, надхнёнага апостала народаў і шчырага служыцеля Госпада Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226012801873