Стефан
Невялікая і сьціплая, ў параўнаньні з мурмурным і залатым Храмам Ерусаліму, сынагога, называная Лібертынскаю, якую наведвалі кілікійскія гебраі, была тым месцам, куды прыходзілі юдэі дыяспары і ня толькі кілікійцы. А таму гэтую сынагогу называлі таксама Кірэнэйскай і Александрыйскай, куды прыходзіў і Стэфан, гебрай дыяспары, які прыйшоў у Ерусалім, каб быць у царкве і з царквою Ісуса Хрыста. Адукаваны чалавек, знаўца Пісаньня, добра ведаў як арамейскую, так і грэцкую мову. Адкуль ён прыйшоў і як ён выглядаў, гісторыя не пакінула нічога, але ягоны войстры розум і здольнасьць хутка знаходзіць адказы і аргумэнты нагадваюць на тое, што гэта быў адін з лідараў тагачаснай царквы Ісуса Хрыста.
А праблемы ў царкве былі, дакладней сталіся, бо царква Хрыста складалася ня толькі з гебраяў Ерусаліму, але і з тых, хто прыйшоў да іх з розных куткоў імперыі Рыму на працягу амаль што дзесяці гадоў. Напэўна і Саўл ведаў пра ўсё гэта, пільна назіраючы некалькі гадоў за Стэфанам, які яго па чалавечаму прывабліваў, але ў рэлігійным сэнсе насьцярожваў і выклікаў разнастайныя пачуцьці. Нават і да варожасьці. Але трэба зрабіць невялікі экскурс у гісторыю першых дзесяці гадоў жыцьця царквы Ісуса Хрыста.
Як бачыцца, вучні Ісуса ад пачатку мелі агульную маёмасьць. І тут ня трэба шукаць нейкія «сэнсы», накшталт стварэньня камуны ці чаканьня тэрміновага канцу сьвета. Сэнс гэтага мерапрыемства быў у іншым: яны былі пакліканы жыць адной сям’ёю. Яны ёсьць пачаткам адноўленага Ізраіля і, падобна любой сям’і тагачаснага сьвету, супольнікі прылічвалі любую сваю маёмасьць да агульнай. Але што рабіць і як кіраваць гэтай гаспадаркай, калі колькасьць членаў першахрысьціянскай царквы ў разы павялічылася? І гэта было лагічным, бо пропаведзь вучняў Хрыста давала свае плады.
Ды і па часе існаваньня, гэтая першахрысьціянская сям’я існавала ўжо ня меньш за дзесяць гадоў ад той памятнай Пяцідзясятніцы. І, каб не было на гэты конт сумнёву, трэба зрабіць некаторыя гістарычныя падлікі. Возьмем прамежак часу ад сьмерці Ісуса Хрыста да зьяўленьня злачынцы Тэўды, пра якога казаў Гамаліэль у сынэдрыёне ў прысутнасьці Саўла, калі ён пэўным чынам абараняў апосталаў Пятра і Яна ад сьмяротнага пакараньня. Тэўда зьявіўся пад час цэзара Кляўдыя, які прызначыў у гэты час на пасаду пракуратара Юдэі Кусьпія Фада. Да Кляўдыя ж былі пяць гадоў цэзара Тыберыя і тры з паловай гады Калігулы. Калі ж здагадацца, што Гамаліэль не казаў пра рух Тэўды, як падзеі толькі скончаныя, дык мы можам налічыць ўжо дзесяць гадоў існаваньня першахрысьціянскай царквы. Дык і ня дзіўна тое, што за гэты час і выявіліся пэўныя агульнагаспадарчыя праблемы.
Дакладней кажучы, назіраецца узьнікшае пытаньне пра ўдоваў эліністаў. Відавочна, што ідэя першапачатковай хрысьціянскай царквы «жыць адной сям’ёй» мае як станоўчы, так і адмоўны бок. Праблема ўдоваў эліністаў падказвае, што заклік да юдэяў хрысьціянаў жыць разам у адной сям’і, прынялі ў вялікай колькасьці гебраі, якія жылі па-за Юдэяй у розных месцах імперыі Рыму і для якіх больш звыклай моваю была грэцкая. Людзі прадавалі сваю маёмасьць і ехалі ў Ерусалімскую хрысьціянскую абшчыну. І не заўсёды са згодай сваёй сям’і.
А далей, як і бывае ў жыцьці. Муж памірае, а ўдава застаецца на апеку хрысьціянскай царквы. І як бы тое не было, размежаваньне паміж тымі, хто прыехаў і мясцовымі гебраямі, па ўсёй верагоднасьці, існавала. Гебраі Юдэі і Галілеі адчувалі паміж сабою значна большую роднасьць, чым з гебраямі дыяспары. Відавочны адміністрацыйны крызіс першай хрысьціянскай царквы. І гэта ня дзіўна, бо нават невялікая колькасьць людзей, якая намагаецца жыць разам пры аб’яднаньні сваёй маёмасьці, можа мець складанасьці на глебе паходжаньня і культуры існаваньня.
Тое, што апосталы не абурыліся гэтым канфліктам, сьведчыць пра іхнюю цярплівасьць і справядлівасьць. Тое ж, што яны своечасова выпраўляюць узьнікшае зло, толькі кажа пра іхнюю мудрасьць і клопат пра царкву, бо сварка, якая набірала сілу – гэта ёсьць цяжкавылечная рана. Так што скліканьне сходу актыва царквы кажа толькі пра тое, што царква жыла ў праўдзе і з розумам. Апосталы ясна далі усім астатнім зразумець, што яны пакліканы Госпадам да служэньня малітвы і пропаведзі, але не да служэньня пры сталах.
А крызіс царквы трэба вырашыць тэрмінова і з Божай мудрасьцю. Многія памятаюць падобны крызіс пры выхадзе Ізраіля з Егіпту, калі Майсей, па прапанове цесьця Ётора, вызначыў здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, каб яны займаліся рознымі адміністратыўнымі справамі. У памяці і тое, як Ісус прызначыў семдзясят вучняў, каб яны ішлі ў розныя мястэчкі Юдэі ды Галілеі і казалі тое, што павінен быў ім сказаць Ісус. Так і зараз. Ісус кіраваў апосталамі і ў гэтым вучэньні пра царкву. І вось вынік.
Стэфан, Філіп, Прохар, Ніканор, Тымон, Пармэн і Мікалай празэліт сталі першымі дыяканамі царквы, якія павінны былі ўзначаліць усю гаспадарчую дейнасьць хрысьціянскай суполцы. Што ж тычыцца апосталаў, дык яны, у гэтай сітуацыі, дзейнічалі зыходзячы з прыярытэту слова Божага і малітвы, бо памятнымі былі словы анёла Божага да апосталаў: «Ідзіце і, стаўшы, гаварыце ў сьвятыні да народу ўсе словы жыцьця гэтага». І таму сьведчаньне апосталаў цьвёрдае, бо важней за ўсё слова Божае і малітва.
Саўла мала цікавілі ўнутраныя праблемы гэтай новай секты, якая прапаведавала вучэньне як быццам бы ўваскросшага Ісуса, Якога называлі Хрыстом. Ён больш цікавіўся юдэем Стэфанам, які ў сынагозе цудоўна тлумачыў Пісаньне, але, чамусьці, апынуўся пасьлядоўнікам так званага Мэсіі Хрыста. Саўла захапляла ягоная вучонасьць, але вельмі радражняла ягоная грамадзкая праца сярод жабракоў і грэшнікаў. Саўл бачыў тую радасьць, якую атрымлівалі гэтыя людзі ад Стэфана, але ці было гэта правільным? Ёсьць Закон, па якому трэба і жыць, а Саўл і быў строгім прыхільнікам гэтага.
Стэфан, як і Саўл, быў даволі вядомым сярод юдэяў Ерусаліму, але трэба было прызнаць, што Саўла паважалі і баяліся, а Стэфана паважалі і любілі. Калі Стэфан прапаведаваў, Саўл ня мог не заўважаць вялікую розьніцу паміж імі ў разуменьні Пісаньня. Стэфан тлумачыў сьвятыя тэксты так, што гэта заўсёды прыводзіла да Ісуса з Назарэту, Які ёсьць Збаўца і Мэсія. Па Стэфану выходзіла, што Ісус і ёсьць Той, Каго ўвесь папярэдні час чакалі гебраі. Стэфан падмацоўваў свае довады сьведчаньнем людзей, якія прысутнічалі пры ўваскрасеньні Ісуса і на працягу сарака дзён сустракаліся і размаўлялі з Ім. Сам Стэфан ня быў сведкам гэтага, але ён чамусьці сьвярджаў, што ведае гэтага жывога Ісуса Мэсію.
Саўл жа лічыў, што довады Стэфана сьмешныя. Мэсія Збаўца яшчэ не зьявіўся. Жыцьцёвы шлях Богам вызначаны раз і назаўсёды. Усё вельмі проста. Чалавек павінен мець прыналежнасьць да выбранага Богам народу і выконваць усе патрабаваньні Закону. Адкупленьне грахоў дасягаецца праз рытуальныя ахвярапрынашэньні, якія зьдзяйсьняюцца ў Храме дзень за днём і год за годам. Саўл ня здольны быў успрыняць нават і думку пра тое, што сьмерць аднаго маладога чалавека, хоць і пакаранага ў такі жудасны спосаб, можа адкупіць грахі ўсіх людзей. Так, ён верыў у ўваскрасеньне, але людзі, якія прысьвяцілі сябе служэньню мёртваму Мэсіі выклікалі ў яго ня больш чым жаль.
Пропаведзь Стэфана не пагражала асабіста Саўлу, упэўненаму ў сваёй праведнасьці, але погляды вернікаў гэтага новага вучэньня выклікалі ў ім сур’ёзную асьцярогу. Настаўнік Саўла Гамаліэль заклікаў да цярплівасьці адносна гэтай новай веры. Ён нават заступіўся за вучняў Ісуса Пятра і Яна, калі заклікаў сынэдрыён да разумнасьці ў адносінах да новага вучэньня: «І цяпер кажу вам: адыдзіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх; бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная, а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыць яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам».
Можа дзякуючы таму заступніцтву, ўвесь гэты час вучні Ісуса без перашкодаў маліліся ў Храме і працягвалі выконваць усе звычаі юдэяў. Але тое Гамаліэль, а Саўл і Стэфан ужо разумелі, што старое і новае несумяшчальныя, бо павінна быць нешта адно: ці старое возьме верх, ці загіне самое. Дзейны Саўл пачаў гэтае змаганьне выклікам да дыспуту - публічнай спрэчцы ў межах сынагогі. Ідэю дыспуту падказаў яму памяркоўны Гамаліэль, хаця сам прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве не планаваў, але нешта падказвала яму, што ня ўсё тут так проста. Ён не жадаў насільля ці процістаяньня паміж юдэямі, а таму спадзяваўся на тое, што любы вынік гэтага дыспуту - ёсьць мірны шлях да грамадзкай згоды.
Фарысэй Саўл узяўся за гэта з вялікім запалам і быў больш чым упэўнены ў тым, што ён публічна дакажа абсурднасьць гэтага новага вучэньня і тым самым прыпыніць разрастаньне секты Ісуса Назарэя. І вось час настаў. Лібертынская сынагога ніколі так не запаўнялася, як падчас вызначанага дыспуту. Вольных месцаў не засталося, а адчуваючыя важнасьць гэтага мерапрыемства старшыні, пасеўшы на свае месцы, прыгатаваліся выслухаць бакі дыспуту.
Саўл пачаў з таго, што, згодна Закону, Мэсія павінен зьявіцца ў славе Госпада. Ён павінен прыйсьці пераможцам, а ўкрыжаваны Ісус быў пазбаўлены заступніцтва Бога, а таму Ён ня мог быць Мэсіей і Збаўцам. Што ж тычыцца ўваскрасеньня, дык тут наогул усё проста. Вучні гэтага Ісуса наўпрост скралі цела памёрлага прарока, а зараз кажуць нейкія казкі пра тое, што адбывалася ў наступныя сорак дзён.
Стэфан, адказваючы, паказаў, што Майсей і прарокі, Давід і Псальмы прадказалі пра тое, што Збаўца ня прыйдзе пераможцам, але дабраахвотна падвергнецца катаваньню і зьдзекваньню, а потым будзе забіты. Пасьля ж чаго Ён будзе ўваскрэшаны з мёртвых дзеля ўсіх людзей. Стэфан яшчэ раз пераказаў тое, што адбылося на тую незабыўную Пасху і зноў азначыў сьведчаньні тых людзей, хто ўсё гэта бачыў, а потым і чуў уваскросшага Ісуса. Зразумела, што ўсе названыя Стэфанам сьведкі былі добра вядомыя ў Ерусаліме.
Стрыманая і паважлівая рэакцыя прысутных паказала на тое, што Саўл і ягоныя памагатыя не перамаглі. Больш таго, некаторыя з прысутных зьвярнуліся да Стэфана з пытаньнямі, каб больш даведацца пра Ісуса, Які дадзены ім Богам. Саўл жа, упершыню адчуў, што ён змагаўся ня толькі з Стэфанам, а і з нейкай яшчэ вялікай сілаю, адолець якую вельмі няпроста. Але гордая натура фарысэя Саўла не ўяўляла сабе скарэньня перад довадамі Стэфана, а таму барацьба фарысэйства супраць новай веры ня скончылася. Працяг будзе.
Далейшыя паводзіны Саўла ніяк не супадалі з тым, што ён, праз шмат гадоў, казаў свайму вучню Цімафею: «А ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца. Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі; а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым, у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды, каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю». Такое ўражаньне, што Саўл адрасуе гэтыя словы з будучыні да сябе сёняшняга, характарызуючы пры гэтым Стэфана.
Але гэта будзе потым, а зараз Саўл, зьмяніўшы тактыку, пачаў рознымі спосабамі перасьледаваць Стэфана, падбіваючы супраць яго слухачоў, распаўсюдваючы розныя чуткі і плёткі адносна «блюзнерства» Стэфана, выклікаючы юдэйскую нязгоду і рэўнасьць. Ісуса ён называў звычайным авантурыстам, якіх нямала было ў Юдэі на працягу апошняга стагодзьдзя. Больш таго, Саўл па рознаму высьмейваў Ісуса, афарбоўваючы служэньне гэтага прарока і ягоных вучняў сарказмам і насьмешкамі.
У прыхільнікаў Саўла былі сродкі супраць Стэфана і больш мацнейшыя, чым тыя, якімі яны карысталіся зараз. Яны маглі падаць першасьвятару афіцыйную скаргу, абгрунтаваўшы словы Стэфана як блюзьнерства. У гэтым выпадку юдэйскія законы маглі прымусіць Стэфана змоўкнуць назаўсёды. Скаргу на Стэфана фарысэі не падавалі, але адпаведнага выніку дасягнулі іншым, нячыстым і жорсткім, чынам.
Фарысэі, пад кіраўніцтвам Саўла, узрушылі на вуліцах Ерусаліму, асабліва на гандлёвых, страх і незадаволеннасьць «блюзнерствам» Стэфана. І гэта дало пэўныя вынікі, бо вельмі хутка шэраг зусім не выпадковых здарэньняў прыцягнуў да Стэфана ўсеагульную і негатыўную ўвагу. Кожны раз у розных месцах, дзе зьяўляўся Стэфан, узьнікалі хваляваньні і сьвядома падстракальныя дзеі. Вядома, што гэта не магло застацца па-за ўвагаю юдэйскай адміністрацыі, якая вельмі клапацілася пра забесьпячэньне супакою у горадзе, каб ня выклікаць незадавальненьне рымскага намесьніка.
Чыноўнікі ад першасьвятара ня мелі ніякага жаданьня выслухоўваць Стэфана, бо ў голас ня кажучы пра гэта, падтрымлівалі дзеяньні фарысэяў, а таму яны, каб усталяваць супакой ў Ерусаліме, наўпрост арыштавалі Стэфана, каб перадаць разгляд ягонай справы на суд сынэдрыёну. Саўл і ягоныя сябры фарысэі дасягнулі свайго і, пры гэтым, як быццам бы, засталіся ў баку, а Стэфана чакаў суд сынэдрыёну.
Судзьдзі сынэдрыёну, у колькасьці семідзесяці аднаго, расьселіся на скамейках унушальнай велічыні, якія стаялі паўкругам вакол пасаду першасьвятара. Па баках суду сядзелі сакратары-пісцы, якія старанна стэнаграфавалі ўсё, што адбывалася ў гэтай вялікай залі, якую называлі заляй зьзяючых камянёў. Перад судзьдзямі і першасьвятаром было вызначана месца для падсуднага, за сьпіной якога, тварам да судзьяў, сядзелі судовыя чыноўнікі і кандыдыты на пасаду членаў сынэдрыёну. Сярод іх сядзеў і фарысэй Саўл. Калі ўвялі Стэфана ў залі ўсталявалася цішыня і ўсе, пачынаючы ад першасьвятара, апранутага ва ўпрыгожаную каштоўнымі камянямі доўгую шату, да найменьшага чыноўніка, прыгатаваліся слухаць падсуднага. Але да гэтага выступілі хлусьлівыя сьведкі, якія сьцьвярджалі, што Стэфан прылюдна казаў блюзнерскія словы супраць гэтага сьвятога месца і супраць Закону. Яны казалі і тое, што Стэфан прапаведуе словы Ісуса з Назарэту, Які пабяцаў разбурыць Храм і пазбавіць юдэяў звычаяў Майсея.
І вось настала тая хвіліна, калі Стэфану было дазволена казаць ў сваё апраўданьне. Першасьвятар Каяфа коратка запытаў: «Ці ж гэта так?» У пытаньні першасьвятара, чыталася наступнае: «Ці праўда, што ты вучыш разбурэньню Ісусам Храма і зьмене звычаяў, якія перадаў нам Майсей?» Каяфа не пытае ў Стэфана, якія прычыны былі ў таго так вучыць і не запрашае яго абараніць гэтыя прычыны. Для першасьвятара важна адно: казаў ці не казаў? І калі казаў, дык гэта азначала б пацьверджаньне віны Стэфана. І калі б, напрыклад, Стэфан сказаў: «Так», дык суд сынэдрыёну быў бы скончаны за некалькі хвілін. Але ў паводзінах Стэфана бачыцца нечаканае дзеяньне. Ён не аспрэчвае напроста абвінавачваньне, а пачынае вельмі здалёк.
Па-перш жа гэтага, судзьдзі зьвярнулі ўвагу на выраз твару Стэфана - спалучэньне супакою і цьвердасьці, вельмі дзіўнай для чалавека, ад слоў якога залежала ягонае жыцьцё. Саўл ніколі не забудзе гэтай прамовы, а некаторыя вытрымкі з яе ён выкарыстае ў будучым. І вось, цішыня ў залі сынэдрыёну парушылася голасам Стэфана.
«Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане, і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”. Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага Бог перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё. І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці. Сказаў жа яму Бог, што насеньне яго будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў. “І народ, які зьняволіць іх, Я буду судзіць, - сказаў Бог, - пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”. І даў ім запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака і Якуба, і Якуб - дванаццаць патрыярхаў. І патрыярхі, зайздройсьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім, і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам і над усім домам сваім.
Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці. А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, пачаў спачатку бацькоў нашых, і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы. А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць. Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя, і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава. А як набліжаўся час абяцаньня наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос памнажаўся ў Эгіпце да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа. Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі. У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.
Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона за сына сабе. І быў настаўлены Майсей ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў магутны ў словах і ўчынках. Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля. І ўбачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы эгіпцяніна. Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі. І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, - браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднога?” А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі? Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора эгіпцяніна?”
Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў. А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі агню куста. Майсей, ўбачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада: “Я - Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца. А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, - зямля сьвятая. Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.
Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” - яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце. Ён вывеў іх, учыніўшы цуды зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў. Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; яго слухайце”».
Голас Стэфана ўпэўнена гучаў у цішыні залі зьзяючых камянёў. Усе прысутныя даволі добра ведалі гэтую гісторыю і нічога новага Стэфан для іх не адкрыў, але яны не адмаўлялі сабе пачуць яшчэ і яшчэ раз гэтую цудоўную гісторыю сваіх продкаў. Уважліва слухаў Стэфана і Саўл, у якога аўтаматычна ўзьнікалі карціны з мінулага, калі ён, хлопчык, паўтараў за настаўнікам і завучваў гэтыя тэксты ў Тарсійскай сынагозе. Ён памятаў і сваё навучаньне ў Гамаліэля, калі вялікі настаўнік вучыў яго пранікаць у глыбіні гэтых тэкстаў.
Саўл напружана разважаў: «Што гэтым хоча сказаць гэты дасьведчаны гебрай і якая сувязь паміж ягоным апраўданьнем ды гэтай прамовай?» Хто хто, а Саўл дакладна ведаў, што Стэфан невінаваты, бо сам быў рэжысёрам гэтага спектаклю, але ён не разумеў чаму Стэфан выбраў менавіта такі спосаб абароны, калі пачаў ад Абрагама і які падтэкст захоўваўся ў ягонай прамове. І чаму ён пачынае ад Абрагама, а дакладней ад Бога: «Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму»? Саўл пакуль што не разумеў, што Стэфан выкарыстоўвае гэтую эвангелізацыйную магчымасьць, няхай і коштам свайго жыцьця, каб данесьці гэтаму вялікаму сьвятарскаму сходу праўду Ісуса Хрыста.
Каб ніхто не абвінавачваў яго ў блюзьнерстве супраць Бога айцоў, Стэфан пачынае сваю прамову ад Абрагама, значнасьць якога для разуменьня юдаізму, ды і для ўзьнікшага ў ім хрысьціянства, найвышэйшая. Менавіта з Абрагама пачалася гісторыя гебрайскага народу, калі кніга Быцьця пачынае казаць пра тое, як Бог пачаў сваю канкрэтную працу па выпраўленьню гэтага сьвету, каб вырашыць праблему чалавечага грэху - гэтай глабальнай маральнай катастрофе, апісанай на пачатку кнігі Быцьця: «І сказаў Бог: “Хто сказаў табе, што ты голы? Ці ня еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есьці? Адам сказаў: “Жонка, якую Ты даў мне, яна дала мне з дрэва і я еў». Менавіта пад гэтым вуглом Стэфан і прапануе юдэям паглядзець на гісторыю Ізраіля, бо менавіта з Абрагама Бог пачаў ствараць тое новае, што, у рэшце рэшт, прывядзе да вяртаньня чалавекам той рэальнасьці, якую ён згубіў у Адаме.
Саўл ўсё больш злаваўся на тое, што не разумее нават і тое, што Стэфан хоча сказаць гісторыяй патрыярха Язэпа. Саўл зразумее гэта пазьней, але зараз ён не разумее глыбіні гэтай гісторыі. У глыбіні сэрца ён адчуваў, што за Стэфанам стаіць нейкі настаўнік, які нашмат вышэй за Гамаліэля і што ён, Саўл, па сутнасьці не разумее таго, што казаў Стэфан. А Стэфан казаў, што адзін з патрыярхаў - Язэп пацярпеў ад сваіх братоў, якія, па зайздрасьці, адпрэчылі яго і прадалі ў Эгіпет. Бог жа быў з ім і, у выніку, паставіў яго кіраваць ня толькі домам фараона, але і ўсім Эгіптам. Ці ж ня бачна тут Ісуса Хрыста, Якога адпрэчылі юдэі, будучы, па сутнасьці, Яму братамі?
І вось, калі ім вельмі патрабавалася ежа, яны прыйшлі да чалавека, якому яны зайздросьцілі і якога адпрэчылі. Але ўсё для іх сталася добра, бо Язэп быў міласьцівы да іх і даў ім усё неабходнае. Хаця яны і не заслугоўвалі гэтага. Яны ж пакаяліся перад Язэпам за сваю несправядлівасьць, атрымаўшы прабачэньне і любоў брата. Так і павінен быў разумець Саўл, што павінны ўсе пакаяцца перад Госпадам за тое, што прадавалі Яго сваімі грахамі. А Ён міласьцівы і, як той Язэп, дасьць тым прабачэньне і Сваю бязьмежную любоў.
Саўл уважліва слухаў і гісторыю жыцьця Майсея ад нараджэньня, калі сустрэўшыся з Богам той атрымаў даручэньне вывесьці народ Ізраіля з Эгіпту. Усім было вядома, як пачатак Выхаду Ізраіля даў народу вялікае сьвята Пасху, але Саўл ніколі не надаваў увагі словам Майсея: «Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце». Не надаваў да таго моманту, як гэта прамовіў Стэфан, бо пры словах : «Яго слухайце» узьнёс свае рукі ўгору, паказваючы ў неба. Сітуацыя абвайстралася, бо гэты нядвухсэнсоўны жэст Стэфана зразумелі многія з судзьдзяў. Як ён мог, разважаў Саўл, зьвязваць гэтага пакаранага авантурыста Ісуса з Майсеем? Сэрца Саўла ўжо кіпела ад нянавісьці, але ён вымушаны быў захоўваць зьнешні супакой і вытрымку паважанага фарысэя.
Тым часам Стэфан, пасьля невялічкай паузы, працягваў: «Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёламі, які гаварыў на гары Сынай з ім і бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам, якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту, кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”. І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.
А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні? І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”. Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яе паводле вобразу, які ён бачыў. Яе, узяўшы, зьнесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда, які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба. Салямон жа пабудаваў Яму дом. Але Найвышэйшы не жыве у бажніцах зробленых рукамі, як кажа прарок: “Неба-пасад Мой, а зямля - падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, - кажа Госпад, - або якое месца супачынку Майго? Ці ж не мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”»
Апошнія словы Стэфана сур’ёзна зьмянілі настрой слухачоў. Захапленьне пачаткам прамовы саступала месца раздражненьню і гневу. Прысутным юдэям, а з імі і Саўлу вельмі падабалася адчуваць сваю прыналежнасьць да народу, выбранага Богам, якога вызначае і любіць Бог сярод іншых народаў. Але яны і слухаць не хацелі пра непаслухмянасьць Госпаду сваіх бацькоў, бо пераносілі гэта на сябе, як абразу. Яны не хацелі разумець, што іхнія бацькі былі выбаўлены не таму, што заслужылі гэта сваёй набожнасьцю. Наадварот - гэта была Божая міласьць для недастойных. Даючы аўтарытэт Свайму слузе Майсею, Бог паслаў яго да Ізраіля для выкананьня задачы збавеньня Свайго народу.
Майсей дабрасумленна выканаў яе, бо вывеў Ізраіля з рабства. А што народ? Ён ня плаціць Майсею павагай, бо ў вачах злосьць і нараканьне, а нават і бунт. Што гэта, як не пагарда да ласкі Божай? Недастойнасьць Ізраіля заўсёды пераважала, і гэта дзіўна і цікава, што Богу трэба было, з вялікай цярплівасьцю, «змагацца» з гэтымі людзьмі, якія мелі цьвёрды карак і неабрэзанае сэрца. Таму і неўспрымаюць юдэі словы Майсея: «Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце». Зразумела, што Майсей казаў пра Ісуса Хрыста, Які ўзьняўся над усімі прарокамі і Які прынёс сьвету дасканалае вучэньне. А калі так, дык павінна быць зразумелым, што Бог і паставіў Ісуса на самую вышэйшую пасаду, быць праваруч Яго.
Стэфан пераходзіць да сур’ёзных абвінавачваньняў. Ізраільцяне адпрэчылі Майсея і не пакланіліся Богу пасьля таго, як Ён іх збавіў, а пакланіліся ідалам. Што ж тычыцца Храма, дык сітуацыя тут двухсэнсоўная, паколькі Бог не жыве ў дамах, зробленымі людзьмі і Храм можа пераўтварыцца ў нешта накшталт ідалу. Нехта можа і запярэчыць, бо Бог загадаў Давіду падгатаваць усё для будаўніцтва Храма, а Салямону пабудаваць яго. Усё так і гэта ніхто не аспрэчвае, але ўзвялічваньне Храма і адпрэчваньне Ісуса Хрыста - гэта знак таго, што юдэі адыйшлі ад сваіх традыцый. Так, яны дзеці Абрагама, але яны ня слухаюцца Бога так, як слухаўся Яго Абрагам. Яны нашчадкі Майсея, праз якога ім дадзены быў Закон, але яны захоўваюць яго толькі нейкім зьнешнім бокам. Яны, да таго ж, як і папярэднія пакаленьні гебраяў, забіваюць пасланых Богам прарокаў і праведнікаў.
Раптам Стэфан адчуў, што судзьдзі і прысутныя яго ўжо ня чуюць, а таму, адкінуўшы ўсякую перасьцярогу, ён абвесьціў ім, што яны такія ж, як і тыя, што укрыжавалі Мэсію Хрыста: «Людзі з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Прадвесьніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся, вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго». Папрок Стэфана прывёў судзьдзяў у лютасьць так, што яны ўзнамерыліся зрабіць усё, каб пакараць гэтага самага Стэфана.
Стэфан не спужаўся гэтай лютасьці і ведаў, што ягонае зямное жыцьцё хутка скончыцца і таму ён зьвяртаецца да Ісуса, які стаіць праваруч Айца. Падсудны, як быццам бы не заўважаў гневу і глядзеў некуды ўпаверх, кажучы неверагоднае: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога». І ўсе ведалі пра каго ён кажа, бо «Сынам Чалавечым» Стэфан называў Ісуса з Назарэту. Што ж тут пачалося.
Утрапёнасьць. Гэта тое слова, якім можна ахарактэрызаваць перасьледаваньне Стэфана. Уся грамада пацягнула Стэфана да скалы пакараньняў, лічачы яго вінаватым у блюзьнерстве супраць Бога. Скала пакараньняў - гэта тое жахлівае месца, адкуль асуджанага кідалі з пяці-шасьцімятровай вышыні галавой уніз. Як правіла чалавек пры падзеньні ламаў сабе шыю і паміраў на месцы, а калі гэтага не адбывалася яго дабівалі камянямі і першыя камяні павінны былі кінуць тыя, хто сьведчыў супраць асуджанага. Гебраі не імкнуліся даводзіць гэтае пакараньне да ўкаменаваньня, але ў выпадку са Стэфанам атрымалася зусім ужо жудаснае. Утрапёны натоўп, у гарачцы, проста сьпіхнуў Стэфана са скалы, які ня ўпаў на галаву, а таму нават здолеў і ўстаць на свае ногі. Разьюшаны натоўп скончыць гэта патокамі крыві, але першымі павінны былі пачаць тыя хлусьлівыя юдэі, якія сьведчылі супраць Стэфана ў сынэдрыёне. Яны, гатуючыся да ўкаменаваньня, пакінулі сваё верхняе адзеньне ля ног таго, каго яны добра ведалі і які быў кіраўніком гэтай справы супраць Стэфана.
Гэта быў фарэсэй Саўл, які не прымаў удзелу ў гэтым крывавым фінале, хаця і ўхваляў гэтае дзеяньне. Саўл ненавідзеў новае вучэньне Ісуса, але ў Стэфане ён бачыў роўнага яму суперніка і таму, недзе ў глыбіні сваёй душы, Саўл нават і паважаў гэтага адукаванага і шчырага юдэя. Але, як бывае, яны апынуліся па розных баках гэтага сутыкненьня старога з новым, а вораг, як бы яго не паважалі, павінен быць зьнішчаным.
Саўл уважліва назіраў, як пад ударамі камянёў адкрываліся глыбокія раны на целе Сэфана. Кроў, заліваючы твар і адзеньне, сьцякала на зямлю. Саўл чуў, як знемагаючы Стэфан заклікаў да свайго прарока: «Госпадзе Ісусе, прымі дух мой». Але тое што было далей яшчэ больш уразіла Саўла. Упаўшы на крывавую зямлю Стэфан, сабраўшы здаецца ўсе рэшткі пакідаючых яго сіл, моцным голасам закрычаў, каб пачулі ўсе ягоныя каты: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» Саўл не пагадзіўся з гэтымі словамі, бо, па-першае, ён не лічыў грэхам катаваньне прадстаўніка герэтычнай секты, а па-другое, Саўл не паверыў шчырасьці Стэфана, які прабачаў сваіх крыўдзіцелей.
Такога не было ў гебрайскай традыцыі, а адукаваны Саўл ведаў, што перасьледаваны за веру гебрай заўсёды паабяцае сваім катам пакараньне ад Бога і ня толькі іх, а іхніх нашчадкаў. Хаця на слыху ў многіх людзей захаваліся словы ўкрыжаванага Ісуса да Сваіх катаў: «Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». Усё гэта было дзіўным і незразумелым для фарысэя Саўла. Ён ня мог зразумець, як вучні Ісуса зрабілі любоў да сваіх ворагаў адным з асноўных пастулатаў гэтай сваёй новай веры. Ён убачыць гэта яшчэ не адзін і ня два разы, бо ўжо насоўвалася фарысэйская хмара на прыхільнікаў і вучняў укрыжаванага Ісуса з Назарэту.
Саўл узначаліў самую дзейсную фарысэйскую частку, якая паставіла сабе за мэту вынішчэньне гэтага новага вучэньня з асяродзьдзя Ізраіля. Ён кідаўся на вучняў Ісуса як дзікі звер, які рве і турзае сваю здабычу пакуль ня ўсьмерціць яе. Саўл не атрымліваў такога загаду ад Гамаліэля, але з маўклівай згоды першасьвятароў рабіў гэтую працу як скурпулёзны і ўпэўнены ў сваёй правасьці інквізітар, які выкрывае вельмі злачынную змову. З некалькімі ўзброеннымі людзьмі ад першасьвятара, Саўл, скурпулёзна і метадычна, пачаў абыходзіць дом за домам тых, каго падазраваў ў прыналежнасьці да новай секты. Ён прымушаў іх зьявіцца ў сынагогу, дзе ў прысутнасьці ўсяго сходу падвяргаў допыту на прыналежнасьць да Ісуса з Назарэту. І не было розьніцы паміж мужчынамі і жанчынамі, бо кожны з іх павінен быў стаяць перад старшынямі сынагогі, а Саўл, ад імя першасьвятара, ставіў пытаньні і вымушаў іх прылюдна адмовіцца ад вучэньня Ісуса. Калі ж падазраваныя адмаўляліся ад прапановы Саўла, яны аўтаматычна ператвараліся ў абвінавачваемых, якія, дарэчы, мелі права на сваю абарону, бо спрацоўваў старажытны прынцып, калі кожны мог абвесьціць наступнае: «Я маю нешта сказаць для свайго апраўданьня».
Такім чынам Саўл пазнаёміўся з рознымі гісторыямі жыцьця людзей, якія называлі Ісуса Госпадам. Многія бачылі Ісуса ў Ерусаліме, некаторыя хадзілі аж у Галілею дзеля таго, каб паслухаць пропаведзь Ісуса. Шмат людзей бачылі цуды аздараўленьня ад Ісуса і многія ведалі таго сьляпога ад нараджэньня, які пачаў бачыць волею Ісуса. Саўла непрыемна зьдзіўляла тое, што ўсе гэтыя людзі паўтаралі амаль што адныя і тыя ж словы, якія нібыта казаў іхні Ісус. Саўла гэта злавала і раздражняла, але ён павінен быў і прызнаць, што ўсе абвінавачаныя не маглі папярэдне дамовіцца пра тое, каб на судзе дакладна казаць адно і тое ж. Раздражнёнасьць Саўла трымала ягоную нянавісьць супраць абвінавачваемых на папярэднім узроўні, але словы Ісуса - жадаў гэтага Саўл ці не - адкладаліся ў ягонай фенаменальнай памяці.
Саўл ня быў у Ерусаліме, калі Ісус нёс Свой Крыж на Галгофу, але многія бачылі гэта, як і пакутлівую крыжовую сьмерць Ісуса. З гэтым няма чаго спрачацца, але вось некаторыя сьцьвярджаюць, што бачылі пасьля гэтага Ісуса жывым. Як гэта можа быць? Усе добра ведалі, што рымскія жаўнеры, пад страхам сьмерці, не маглі дазволіць асуджанаму на ўкрыжаваньне застацца жывым, а ўдар дзідай у бок Ісуса толькі пацьвердзіў гэта, калі з раны выцекла кроў і вада. Ня ўсе абвінавачаныя бачылі гэта, але яны спасылаліся на сьведчаньне нейкага Яна Зэбедэева, які быў ля Крыжа разам з маці Ісуса і ўсё бачыў на свае ўласныя вочы. Ня ўсе бачылі і ўваскросшага Ісуса, але існавалі жывыя сьведкі і гэтага, а найбольш называлася імя бліжэйшага вучня Ісуса нейкага Сымона, якога Ісус назваў Пятром ці «Камянём».
Саўл успрымаў сьведчаньні пра жывога Ісуса з недаверам, лічачы гэта нейкай прыдуманай вучнямі Ісуса легендай. Яшчэ памятнымі былі словы Стэфана ў сынэдрыёне пра жывога Ісуса, Якога ён называў Сынам Чалавечым і Які зараз стаіць праваруч Айца. Можа адукаваны Стэфан і здольны быў на пэўныя фантазіі, але Саўл бачыў перад сабою зусім іншых людзей: неадукаваных беднякоў, грэшнікаў, блудніц і людзей нявызначаных заняткаў. Былі і людзі дабрачынныя, паважаючыя Закон Майсея, але было дзіўна тое, што ўсіх іх нешта аб’ядноўвала. Усе яны, паўстаючы перад грозным судом і прамовячы некалькі нясьмелых фраз, раптам цудоўным чынам зьменьваліся. Гучала ясная і аргументаваная гаворка, якая ніяк не зьвязвалася з зьнешнім выглядам і вядомай неадукаванасьцю гэтых людзей.
Складалася ўражаньне, што яны ў свой час, атрымалі неблагую адукацыю. Усё гэта было Саўлу незразумела і дзіўна, бо ўсё гэта выглядала так, як быццам бы нехта нябачны падказваў гэтым людзям што і як казаць. Саўл яшчэ ня ведаў, што менавіта такую сітуацыю і прадказваў Ісус Сваім вучням, калі настаўляў іх: «Глядзіце ж і вы самі, бо будуць вас выдаваць у сынэдрыёны і біць у сынагогах, і будзеце пастаўленыя перад ваяводамі і валадарамі дзеля Мяне на сьведчаньне ім. І калі павядуць вас, каб выдаць, не клапаціцеся наперад, што маеце гаварыць, і не абдумвайце, але што дадзена вам будзе ў гэты час, тое кажыце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты». У хуткім часе Саўл зразумее гэта, але не зараз, бо той час яшчэ для яго не настаў.
Пасьлядоўнікаў Ісуса, аднаго за адным, кідалі ў вязьніцы. Былі і пакараныя сьмерцю праз укаменаваньне, што Саўл лічыў найбольш справядлівым. Ён сам, праз шмат гадоў будзе адкрыта казаць пра гэта: «Калі іх аддавалі на сьмерць, я сьведчыў супраць іх». Сьмяротных ахвяраў, тым часам, не было шмат, бо рымскія законы вельмі абмяжоўвалі ў гэтым сэнсе ўладу першасьвятароў, а публічныя пакараньні бічамі, дык гэта калі ласка. Гэтае пакараньне называлі «сорак без аднога», што азначала трыццаць дзевяць удараў бічом і гэта ніяк не было лёгкім пакараньнем, бо ня кожны чалавек быў здольны вытрымаць такое выпрабаваньне. Некаторым мужнасьці не хапала і яны, адчуўшы асабістую няздольнасьць перанесьці гэтую болю ці ня вытрымаўшы карціны катаваньня іх жонак і дзяцей, адступаліся ад Ісуса.
Саўл адчуваў некаторую перамогу, але гэта былі адзінкі. Большасьць жа асуджаных стойка пераносілі гэтае пакараньне. Саўла ня вельмі кранаў той факт, што крывавыя зьдзекі зьдзяйсьняліся над малымі і старымі. Ён спакойна глядзеў на ўсё гэта, але яго зьдзіўляла іншае: як правіла, юдэй згараў з сораму, калі яго публічна такім чынам каралі ў сынагозе, але пасьлядоўнікі Ісуса паводзілі сябе зусім ня так. Такое адчуваньне, што яны з радасьцю прымаюць гэтае цяжкое пакараньне, а некаторыя з іх нават і маліліся за тых, хто зьдзекваўся над імі, што яшчэ больш злавала і раздражняла Саўла.
Але вынікі фарысэйскага наступу, на чале з Саўлам, былі вельмі відавочнымі. Ерусалімская групоўка Ісуса расцярушылася і прыціхла. Гебраі дыяспары з гораду зьбеглі, а правадыры новай секты недзе надзейна захаваліся. Тыя ж, хто прайшоў праз вязні і фізічнае пакараньне ніякай актыўнасьці не праяўлялі. Штодзённыя пропаведзі апосталаў Ісуса ў Храме зьніклі, як зьніклі грамадзкія малітоўныя зборы, а з імі і пэўная грамадзкая дзейнасьць новай секты. Рэлігійнае жыцьцё Ерусаліма вярнулася ў папярэдняе рэчышча і ніхто больш не абвяшчаў уваскрасеньне Ісуса, а з ім і Божае Валадарства.
Саўл адчуваў сябе пераможцам, бо ён перамог ня толькі Стэфана, але і ўсю ягоную так званую царкву. З часу сьмерці Стэфана ў месяцы «кісьлеў», што па сучаснаму сьнежань, прайшло два месяцы, за якія Саўл атрымаў бліскучую перамогу. Ён «зачысьціў» Ерусалім ад секты Ісуса і спачываў на лаўрах. Першасьвятары віталі яго, а ён шчыра спадзяваўся на хуткае прызначэньне яго ў чальцы сынэдрыёну. Але напрыканцы зімы прыйшлі ў Ерусалім зусім непрыемныя для Саўла весткі пра тое, што вучэньне Ісуса нікуды ня зьнікла, але распаўсюдзілася за межамі Ерусаліму. «Стратэг» Саўл быў раз’юшаны і разгублены, але пакуль што не разумеў як і чаму ўсё гэта адбылося.
Усё пачалося ад Стэфана і толькі потым лютасьць юдэяў перанеслася на астатніх хрысьціянаў. Д’ябал - бацька ўсякай няпраўды, спачатку пазбаўляе чалавечнасьці тых, хто спазнаў невінаватай крыві, а потым і наогул нараджае ў іх смагу гэтай няпраўды. Зразумела, што самасуднае забойства Стэфана нейкім чынам «зышло з рук» сынэдрыёну, а таму і стала магчымым гэтае першае масавае ганеньне на першахрысьціянскую царкву. Царква, у асноўным, расьцярушылася па іншых тэрыторыях, але працу сваю не спыняла. Больш таго, з гэтага ўзьніклі шматлікія цэрквы па-за Ерусалімам. Такім чынам цела Хрыста распаўсюджвалася нашмат хутчэй і далей, чым калі яно было закрытае мурамі Ерусаліму.
Свидетельство о публикации №226012802154