Дамаск
Саўл раптам зразумеў, што ягоныя намаганьні па зьнішчэньню новага вучэньня ня спраўдзіліся. Ён меркаваў, што калі расьцярушыць гэтую царкву, дык яна больш не зьбярэцца. Так заўсёды было ў гісторыі, але тут, як быццам бы, гэтыя законы ня дзейнічалі. Што ён не даглядзеў і чаму гэтыя, амаль што зьнішчаныя, зерні далі новыя плады, і якія, бяз усякага сумненьня, павялічылі колькасьць пасьлядоўнікаў Ісуса з Назарэту? Гэта была параза, але, як разумеў Саўл, параза тактычная. І Саўл зьмяніў тактыку, якая больш паходзіла на буйны стратэгічны план па лакалізацыі і зьнішчэньню пасьлядоўнікаў Ісуса.
Ён ужо ведаў, што расьцярушаныя вернікі Ісуса не супакоіліся і ня толькі прапаведавалі, але і засноўвалі новыя цэрквы ў Самарыі, Фінікіі і нават у далёкай Сірыі. Саўл выпрацаваў пэўны план па зьнішчэньні гэтага новага зьяўленьня, а ён складаўся вось з чаго. Першы ўдар ён наносіць па Дамаску - найдалейшую кропку распаўсюджваньня новай веры, а потым ахоплівае ўсё тое, што бліжэй да Ерусаліму: Фінікію, Антыёхію і Самарыю. Усё як на вайне. Замыкаем кацёл і дабіваем ворага ўнутры яго. Саўл зразумеў, што ягоная перамога ў Ерусаліме сталася адначасова і ягонай паразай, бо расьцярушэньне секты Ерусаліма спарадзіла ўздым гэтай новай веры на вялікай тэрыторыі ня толькі ў Юдэі, але і за яе межамі.
Галоўнае раптоўнасьць. Саўл нечакана зьявіцца ў Дамаску і, арыштаваўшы назарэяў, выправіць іх пад наглядам пэўнага вайсковага суправаджэньня ў Ерусалім, на суд першасьвятара. І гэтак далей, па плану. Абапіраючыся на свой папярэдні вопыт, Саўл ня бачыў праблемы з арыштам назарэяў, бо яны ніколі не адмаўляліся ад сваёй прыналежнасьці да секты Ісуса. Калі ж ня хопіць вайскоўцаў суправаджэньня, ён знойдзе і нойме актыўных юдэяў для выкананьня гэтай частцы плана. Саўл жадаў ня толькі новай, але канчатковай перамогі над Ісусам. Ён быў перапоўнены пачуцьцём адказнасьці перад сынэдрыёнам і асабістай рашучасьцю ў выкананьні гэтай няпростай задачы. Але Саўл разумеў і тое, што вынік ад задуманага залежыць ня толькі ад яго, а яшчэ і ад іншых рэчаў. Для гэтага патрэбны, акрамя ўладнага прадстаўніцтва, матэрыяльныя сродкі, вайсковая падтрымка і пэўнае пісьмовае пацьверджаньне ягоных асаблівых паўнамоцтваў.
Вось з гэтым Саўл і накіраваўся да першасьвятара. Ён дакладна распавёў першасьвятару свой план і запрасіў неабходныя сродкі для ягонага выкананьня. Каяфа знарочыста доўга трымаў разважную паўзу, але, ў рэшце рэшт, пагадзіўся з гэтым планам Саўла і даў распараджэньне скарбніку выдаць Саўлу неабходную суму грошай, а вайсковаму начальніку вылучыць некалькі дзясяткаў узброенных вершнікаў для выкананьня гэтай няпростай, але так неабходнай сынэдрыёну задачы. Акрамя гэтага ён атрымаў лісты да сынагогаў дыяспары, бо ўлада першасьвятара і Храма распаўсюджвалася на ўсіх юдэяў імперыі Рыму, нягледзячы на тое дзе яны знаходзіліся. На разьвітаньне першасьвятар паабяцаў Саўлу месца ў сынэдрыёне, калі план, задуманы Саўлам, адбудзецца. Саўл не сьпяшаўся і выбіраў той спрыяльны час, калі можна будзе запусьціць той рухавік, які перамалоціць усю гэтую герасьць, якая забруджвае веру бацькоў і ўсяго Ізраіля.
За гэты час розныя весткі прыносілі да Саўла разнастайныя навіны. Нейкі Філіп, паплечнік Стэфана, пасьля пасьпяховай пропаведзі ў Самарыі, навярнуў да новай веры вельмі высокага чыноўніка Этыёпіі, а потым працягнуў сваю пропаведзь і ў Цэзарэі. Былі весткі і пра Пятра, які прапаведаваў рымскаму сотніку і таксама навярнуў яго да сваёй веры. Былі яшчэ і яшчэ розныя весткі пра дзейнасьць прыхільнікаў Ісуса Назарэя, што падштурхоўвала Саўла да рашучых дзеяньняў. Чакаць больш не было куды, тым больш што месяц нісан дазваляў путнікам і караванам пачынаць свае падарожжы, бо скончыўся бездараж і можна было адпраўляцца ў шлях.
Цудоўным вясновым ранкам атрад узброеных вершнікаў, узначаленых Саўлам, выйшлі з Ерусаліму праз Дамаскую браму ў напрамку Ерыхона, каб потым рухацца ў паўночным напрамку да Галілейскага мора. Выйшаўшы з гарадзкой брамы яны праходзілі праз тое самае месца, дзе быў укаменаваны Стэфан. Сэрца Саўла ўздрыгнулася ад успаміну жудаснай карціны той сьмерці, бо ён бачыў усё гэта. Як і чуў, як Стэфан прасіў Госпада не залічыць ім гэтага грэху. А Саўл разумеў, што гэтыя словы тычылісяя і яго, бо нешта падказвала яму, што Стэфан ведаў ролю Саўла ў-ва ўсім гэтым дзеяньні. Але прэч гэтую сантыментальнасьць. Стэфан быў пакараны па Закону, а яго, Саўла, чакае бліскучая будучыня, але для гэтага ён павінен атрымаць перамогу ў гэтай бітве, каб быць дастойным чальцом сынэдрыёну.
Шлях да Ерыхону ійшоў па гарыстай мясцовасьці, што было зусім небясьпечна для самастойна вандруючага падарожніка. Але Саўл не баяўся нападу злачынцаў. Няхай паспрабуюць. Ён проста задавальняўся краявідамі шляху і адкідваў ад сябе ўсё тое нядобрае, якое, тэарэтычна, магло здарыцца з ім на шляху да ягонай славы. Праходзячы Ерыхон Саўл, на кароткім прыпынку, пачуў гісторыю начальніка мытнікаў Закхея, які прымаў у сваім доме Ісуса Назарэя і які стаўся вучнем Ісуса, аддаўшы палову свайго багацьця бедным людзям. Саўл толькі паціснуў плячыма, бо сапраўдны юдэйскі прарок ня мог нават і зайсьці ў дом таго, хто зьбіраў падаткі на карысьць цэзара і абіраў, пры гэтым, сваіх суайчыньнікаў. Атрад Саўла працягнуў шлях на поўнач, уздоўж ракі Ярдан, які быў па правую руку ад іх. Вясна рабіла сваю справу, бо даліна Ярдану ўжо зелянела травою і квітнеючымі дрэвамі, а насупраць ракі, зьлева ад падарожнікаў, камяністыя ўзгоркі палалі стракатым дываном кветак. Усё дыхала радасьцю і жыцьцём, але Саўл ня мог пагадзіцца з тым, што на гэтую радасьць і жыцьцё мелі права тыя, хто аслухаўся Закону і, падпарадкаваўшыся новаму вучэньню, ня думалі так, як ён - фарысэй Саўл.
Шлях ад Ерусаліму да Ерыхону ня быў цяжкім, бо, паступова, атрад спускаўся ніжэй у даліну, адкуль потым яны пойдуць у бок Галілейскага мора. Адносна роўны шлях і вясновы настрой рабілі сваю справу, бо падарожнікі адкінулі свае страхі і пэўную нявызначасьць, а проста рухаліся па прыгожай дарозе паміж далінай Ярдана і прыгоркамі. Так яны мінулі Архелаіс, Фісаэліс і Карэ за другі дзень вандроўкі пасьля прыпынку ў Ерыхоне. Спыніліся яны ў прыгожай даліне зусім побач з Ярданам, што было вельмі прыемна ўсім удзельнікам гэтага падарожжа. Абмыўшыся ў Ярдане яны нават маглі бачыць за ракой абрысы горада Амафуса.
Падарожжа складалася і яны, зранку падсілкаваўшыся, працягнулі свой шлях праз Енон да Скіфапаля ў напрамку Філатэрыі, які разьмяшчаўся на поўдні Галілейскага мора. Заначавалі яны зноў каля Ярдану, у прыгожай квітнеючай даліне. Насупраць ракі яны назіралі знакамітую гару Фавор, дзе адбывалася гісторыя Дэворы і Варака, якія паўсталі пад час судзьдзяў супраць валадара Ханаанскага Явіна, каб вызваліць народ Ізраіля ад прыгнёту. Саўл добра ведаў Пісаньне і мог падрабязна распавесці падарожнікам пра тое, што адбывалася шмат гадоў таму з іхнімі продкамі.
З першымі прамянямі сонца падарожнікі аднавілі свой шлях і бліжэй да поўдня яны ўбачылі Галілейскае мора і горад Філатэрыю. Адсюль шлях ійшоў уздоўж берагу непараўнальна цудоўнага ўнутранага мора Ізраіля. Відавочна тое, што тагачасныя падарожнікі, як і жыхары ўзьбярэжжа ня ведалі дакладныя лічбовыя характарыстыкі гэтага мора, а па сутнасьці вялічэзнага возера, званага таксама Генісарэцкім ці Тыберыядзкім. Сучасныя ж чытачы гэтых радкоў з цікавасьцю ўспрымуць геаграфічныя дадзеныя гэтага цудоўнага месца. Узьбярэжжа возера зьяўляецца адным з самых нізкіх участкаў сушы на зямлі - 213 метраў ніжэй за ўзровень Міжземнага мора. Гэта самае нізкае прэснаводнае возера на зямлі, а ўзровень вады схільны да сур’ёзных зьменаў на працягу года ў залежнасьці ад ападкаў і спажываньня вады.
Найбольшая глыбіня возера складае каля 45 метраў, а даўжыня берагавой лініі - каля 60 км. А гэта азначае, што плошча Галілейскага мора прыкладна параўноўваецца з плошчай сталіцы Беларусі Менскам. Але гатая цудоўная інфармацыя прызначаная для чытача, а ўзброеная экспедыцыя Саўла працягвае сваё падарожжа ў напрамку Магдалы праз Тыберыяду. Адпачынак у Магдале адкрыў для Саўла новыя і нечаканыя зьвесткі. Мясцовыя жыхары распавялі яму пра блудніцу Марыю Магдалену, з якой Ісус выгнаў усіх дэманаў і прабачыў ёй усе грахі. Марыя перамянілася і стала вучнем Ісуса. Фарысэйскае выхаваньне Саўла не дазваляла яму зразумець гэтага дзеяньня. Як гэта можа стацца, што блудніца адным словам Ісуса ператвараецца ў добрапрыстойную жанчыну? Выдумкі ды і толькі. Не, такога ня можа быць, бо грэх, які апанаваў чалавека ня можа зьляцець з яго, як пыл з адзеньня. Тым больш па слову нейкага спрэчнага прарока.
З гэтымі думкамі Саўл і працягнуў сваё падарожжа, мінуючы Генісарэт, ў напрамку да Капернаума. Праходзячы каля той гары, дзе Ісус казаў Сваю Нагорную пропаведзь, падарожнікі прыпыніліся, бо Саўл пачуў, як мясцовыя жыхары разважаюць пра тое, што аднойчы тут казаў Ісус з Назарэту. Зацікаўлены Саўл папрасіў гэтых людзей распавесьці яму больш падрабязна пра тое, што казаў перад народам гэты самы Ісус. Пачутае шакавала Саўла і гэта ніяк не адпавядала ягонаму фарысэйству, бо як было зразумець гэтыя словы: «Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Валадарства Нябеснае. Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны будуць суцешаныя. Шчасьлівыя ціхія, бо яны возьмуць у спадчыну зямлю. Шчасьлівыя вы, калі дзеля Мяне будуць зьневажаць вас, і перасьледаваць, і казаць усякае слова хлусьліва. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая нагарода вашая ў небе; бо так перасьледавалі прарокаў, якія былі раней за вас».
Перад Саўлам зноў паўстаў Стэфан, якога ён сам перасьледаваў і якога забілі з-за хлусьлівых сьведчаньняў. Саўл добра памятаў радасьць на твары Стэфана, калі ён казаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога». З аднога боку гэты прарок абвесьціў тое, што і адбылося, а з другога…? Нешта ўсё зьмяшалася ў галаве Саўла: праўда і няпраўда, абавязак і сумленьне. Але дзе выйсьце?
З цяжкім сэрцам рушыў Саўл у далейшы шлях. Яны дасягнулі Капернаума, дзе Ісуса ведаў амаль што кожны, бо Ён тут ня толькі жыў пад час Свайго служэньня, але і стварыў шмат цудаў ня толькі на ўзьбярэжжы, а нават і на Галілейскім моры. Саўл слухаў пра гэтыя падзеі з цяжкім сэрцам, бо нешта падказвала яму ягоную няпраўду супраць гэтага прарока, пра якога людзі кажуць такія цёплыя словы. Але справа ёсьць справа, а таму трэба ісьці далей і выконваць свой абавязак перад сынэдрыёнам, тым больш, што ён сам і задумаў усю гэтую справу. Права на адыход ад пачатага ён ня мае, а таму трэба ісьці наперад - на Дамаск.
Вярхоўе Ярдана Саўл перайшоў па масту, пабудаванаму рымлянамі, бо гэта быў рымскі гандлёвы шлях на ўсход. Мінуўшы Віфсайду, атрад Саўла рушыў праз бязводныя гарыстыя мясьціны ў напрамку Дамаска. Ужо з апошнямі праменямі сонца перад імі, справа, адкрылася велічная карціна гары Гэрмон, на вяршыні якой ляжаў сьнег. Юдэі дрыгатліва адносіліся да гэтага горнага масіву, а знаўца Пісаньня Саўл ведаў, што там ён успамінаецца шмат разоў. Вандроўнікі, аддаючы даніну павагі гэтаму месцу, знайшлі ўтульнае месца для начнога адпачынку перад апошнім днём пераходу да мэты свайго вандраваньня - Дамаску.
З першымі праменямі сонца падарожнікі рушылі па дарозе на Дамаск. Праз некаторы час гара Гэрмон засталася амаль што ззаду. Велічная, скалістая і асьляпляльна белая вяршыня яе, зіхацела пад праменямі ўздымаючага сонца. Перадгор’е Гэрмона ўжо адчула на сябе подых вясны ў выглядзе цудоўных белых кветак на фоне бурай камяністай паверхні. А ўсё гэта ўяўляла сабою прыгожую і велічную карціну спалучэньня зімы і вясны, а потым і лета, бо сьнег з Гэрмону не сыходзіў ніколі.
А тым часам Саўл і ягоныя спадарожнікі набліжаліся да канчатковай кропкі свайго вандраваньня. Пласкагор’е, на якім стаяў Дамаск, ужо адрылася перад імі, але вокам яшчэ немагчыма было разглядзець рэчку і асобныя дамы. Фруктовыя сады зьліваліся ў вялікае зялёнае возера, што не магло не зачароўваць путнікаў, якія праходзілі ці адпачывалі пры гэтай дарозе. Вандроўнікі сьпешыліся і павольна ішлі да гораду, назіраючы гэтую прыгажосьць, якая радавала вока і захапляла сэрца. Яны бачылі сялян, якія сьпяшаліся на гарадзкі базар, каб нешта купіць, а можа і прадаць. Пастухі пасьвілі сваіх авечак і коз, а араты ўздымаў ральлю на сваім невялікім полі. Усе займаліся сваімі будзёнымі справамі і ня надта зьвярталі ўвагу на незвычайна апранутых людзей, якія нясьпешна кіраваліся ў напрамку да горада.
Сонца зьзяла ў вясновым блакітным небе, прыемна лашчачы сваёй цяплынёй падарожнікаў. Саўл ішоў у сярэдзіне калоны, трымаючы за повад свайго каня. Пагружаны ў свае думкі, ён зноў і зноў пракручваў у галаве ўсе дэталі арышту назарэяў у Дамаску. Аперацыя павінна прайсьці настолькі хутка, каб ніхто з назарэяў ня здолеў зьбегчы. Саўл зрабіў пэўныя высновы з папярэдняй дзейнасьці ў Ерусаліме, калі перамога сталася паразаю, бо назарэйства распаўсюдзілася ад Ерусаліму на тэрыторыі нават і па-за адміністрацыйнымі межамі Цэзарэі. Але ня ўсё згублена і Саўл здолее вярнуць іх зьвязанымі на суд сынэдрыёну.
План Саўла ў Дамаску быў выразна вызначаны. Яны павінны гэтым жа днём прыйсьці да дому начальніка сынагогі, каб уручыць таму ліст ад першасьвятара, які пацьверджваў паўнамоцтвы Саўла на ягоныя дзеяньні. Саўл жа павінен быў спыніцца ў багатага купца Юды на час дзеяньня плану па арышту ўсіх назарэяў. Начальнік сынагогі павінен мабілізаваць актыўных дабраахвотнікаў фарысэяў, каб тыя склалі сьпіс чальцоў секты назарэяў, а потым удзельнічалі ў злове апошніх. Падзяліўшы сваіх жаўнераў на дзесяць груп Саўл загадае ім і дададзеным да іх фарысэям, на сьвітанку наступнага дня, ўваходзіць у дамы назарэяў па сьпісу і прыводзіць іх да сынагогі, дзе будзе тым часам знаходзіцца сам Саўл.
На ўсё пра ўсё - адзін дзень, бо на наступны дзень яны адыйдуць у Кілікію. Ён ня будзе ладзіць допыту арыштаваных, як гэта было ў Ерусаліме. Для гэтага няма часу. Але будуць пастаўлены толькі два пытаньні: «Ці ты чалец секты Ісуса? І - ці адракаешся ты ад Ісуса з Назарэту?» Саўл ведаў, што адказ на першае пытаньне будзе «так», калі толькі фарысэі дабраахвотнікі нічога не пераблытаюць. А вось ад адказу на другое пытаньне залежала многае, бо калі адказ будзе «так», дык такіх людзей можна будзе адпусціць да дому, а ў будучым фарысэі дабраахвотнікі прасочаць за гэтымі юдэямі з пэўнымі для іх вынікамі. Калі ж арыштованы скажа «не», дык шлях яго, разам з іншымі адмаўленцамі, пад наглядам частцы ўзброеннага канвою, будзе ляжаць да Ерусаліму, дзе іх падрабязна дапытаюць, а потым і асудзяць. Шлях жа Саўла павінен мець працяг да Кілікіі, Антыёхіі і Самарыі, дзе ён павінен будзе зрабіць тое ж самае, што і ў Дамаску.
Саўл адцягнуўся ад сваіх думак і паглядзеў у блакітнае неба. «Ніводнага воблачка» - адзначыў ён і з задавальненьнем уявіў сабе заканчэньне гэтага цудоўнага дня ў-ва ўтульным ложку ў доме паважанага грамадзяніна Дамаску Юды. І вось Дамаск, які ўжо праглядаецца вокам чалавека. І нічога добрага, як быццам бы, не чакаецца для мясцовых хрысьціянаў, якія аселі тут. Бог жа мае і тут Свой план. План на жыцьцё гэтага «непрымірымага барацьбіта» з Ісусам Хрыстом. Каб скарыць Саўла, Хрыстос пакажа яму Сваю веліч, адкрыўшы яму Свой твар. Трэба, пры гэтым, падкрэсьліць, што Саўл быў, у значнай ступені, фанатычным фарысэем, а таму меў дачыненьне да малітоўных практыкаў з элементамі паглыбленых уяўленьяў славы Божай. Ісус Хрыстос засьведчыць яму Сябе, даючы Саўлу пэўную частку страху, каб ён зразумеў, што яму процістаіць сіла Самога Бога.
І таму раптам здарылася нечаканае.
Вялічэзны выбліск агарнуў неба, захіліўшы сабою паўдзёнае сонца, бо нябачаная сіла сьвятла якога была нашмат ярчэй. Саўл і ўсе, хто быў з ім, упалі на зямлю, ахопленыя жахам. Сляпучае сьвятло разьлівалася ўсё ярчэй і ярчэй. Праз некаторы час узрушаныя спадарожнікі Саўла падняліся на свае ногі, але сам ён застаўся ляжаць у нерухомасьці. Нерухомы Саўл пачуў спакойны, але ўладны голас, які казаў па арамейскі: «Саўле, Саўле, чаму ты перасьледуеш Мяне?» Паглядзеўшы ўверх, у самы цэнтр зьзяньня, Саўл убачыў чалавека, ад якога зыходзіла сьвятло. Саўл адмаўляўся гэтаму верыць, бо перакананьні, розум і фарысэйскае выхаваньне - усе паўставала супраць гэтага факту: ён бачыў жывога Ісуса! З рэшткамі сумненьня, Саўл запытаў: «Хто Ты, Госпадзе?» Слова «Госпадзе» ён прамовіў аўтаматычна, як чалавек зьдзіўлены, не ўкладаючы ў гэта сапраўдны сэнс. Але гэта і быў Госпад, Які адказаў яму: «Я - Ісус, Якога ты перасьледуеш. Цяжка табе супраць ражна ўпірацца?»
Саўл не адчуваў, што ідзе супраць Госпадавага ражна, але ён успомніў, як ягоны настаўнік казаў, у тым ліку і для яго, абараняючы Пятра і Яна ў сынэдрыёне: «Бо калі ад людзей рада гэтая ці справа гэтая, будзе зьнішчаная, а калі ад Бога, вы ня здолееце зьнішчыь яе, і каб самі не апынуліся змагарамі з Богам». Саўла ахапіў жах, бо ён быў упэўненым у тым, што змагаецца са справаю людзей, а на самой справе ён змагаўся з Богам.
Усё перавярнулася ў Саўле. Страх, сорам і захапленьне агарнулі яго. Ён зразумеў усё, калі ўбачыў на Ім раны ад укрыжаваньня. Ён бачыў жывога Госпада ў целе, такога, як апісвалі Яго Стэфан і іншыя ахвяры Саўла. Але Саўл, адчуўшы тон словаў Ісуса, не пачуў у іх нянавісьці ці абяцаньня помсты. Гэтыя словы несьлі ў сабе любоў да яго - Саўла, які зусім нядаўна дыхаў пагрозамі і забойствам, а менавіта з гэтым ён і ішоў у Дамаск. Ніколі Саўл не адчуваў, што ідзе супраць ражна, нават і калі зьдзекваўся над прыхільнікамі Ісуса. Ён, Саўл, усё сваё сьвядомае жыцьцё змагаўся з Ісусам, змагаўся з сваім сумленьнем, са сваімі слабасьцямі, з цямрэчай ды хаосам сваёй душы і свайго сэрца. І вось, па-над гэтым хаосам узьняўся Госпад і падараваў яму новае нараджэньне. Патрэбай была толькі ўнутраная згода і жаданьне скарыцца Госпаду. Саўл ня стаў узважваць «за» ці «супраць», бо ўжо ведаў, што чуе і бачыць Госпада. Саўлу засталося толькі скарыцца і падпарадкавацца.
«Госпадзе, што хочаш, каб я рабіў?» - з трымценьнем запытаў Саўл. Ён зьвярнуўся да Ісуса як і раней, але зараз у слове «Госпадзе» аб’ядналіся паслухмянасьць, пакланеньне і любоў: нябесная і зямная. Сэрцам і душою Саўл адчуў, што ягоныя грахі прабачаныя і Ісус ня ўспомніць яму ягоныя злачынствы. Бог любіць яго Сваёй непарушнай і вечнай любоўю. У будучым Саўл выкажа гэтае сваё пачуцьце наступным чынам: «Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, Сам зазьзяў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста». Ісус адказаў Саўлу проста: «Устань і ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць». Саўл паверыў і зараз ён павінен падпарадкавацца першаму простаму загаду. Устаўшы на свае ногі , Саўл адчуў, што нічога ня бачыць.
Узьняўшы наперад руку, ён зрабіў спробу ісьці самому, але спадарожнікі, якія зьдзіўлена назіралі, як Саўл размаўляў з нейкім нявідзьмым, падскочылі да Саўла і павялі яго ў горад. Сьляпы Саўл пачаў шлях ў невядомасьць, але цямрэча ягоных вачэй, асьвятлялася ўнутры духоўным сьвятлом. Пазьней ён будзе казаць пра гэта так: «А як ад славы сьвятла гэтага я ня бачыў, дык прыйшоў у Дамаск, ведзены за руку тымі, што былі са мною». Блакітнае неба, зьзяючае сонца, зеляніна травы, горы ў далечыні. - усё пацьмянела ў ягоных вачах, але Саўл не адчуваў трагедыі. Сьвятло Ісуса Хрыста напоўніла ягонае сэрца. Няхай і з дапамогай сваіх жаўнераў, Саўл пайшоў у горад, выконваючы першы наказ свайго Госпада, адразу адчуўшы, што Ісус не пакінуў яго, а быў з ім. Саўл нечакана зразумеў, што ягоны Госпад Ісус заўсёды будзе з ім. На вякі вякоў.
Калона жаўнераў увайшла ў горад праз гарадзкія вароты і накіравалася па галоўнай вуліцы Дамаска, называную Простай, да дому заможнага жыхара Дамаску Юды. Вуліца Простая падзяляла Дамаск на дзьве часткі і была самай прыгожай ў горадзе. Зараз жа яна была бязьлюднай, а таму спакойнай, бо крамы ў гэты час прыпынялі сваю працу, а людзі хаваліся па дамах, каб пазьбегнуць паўдзёнай сьпёкі. На гэтай жа вуліцы знаходзілася і сынагога, старэйшыны якой ўжо ведалі пра Саўла і чакалі ягонага прыходу. Саўла прывялі ў дом Юды і завялі ў падгатаваны для яго пакой. Лёгшы на ложак, Саўл зноў і зноў пракручваў у галаве тое, што адбылося з ім на падыходзе да Дамаску. Старшыні сынагогі не дачакаліся прадстаўніка сынэдрыёну, які, пакуль што, чамусьці не пажадаў пабачыцца з імі і нічога не прадпрымаў, каб зьдзейсьніць тое, дзеля чаго ён прыйшоў з далёкага Ерусаліму.
Саўл, на зьдзіўленьне, нічога не запрасіў у гаспадара дома, адмовіўся ад ежы і застаўся ў адзіноцтве. Ён чуў вячэрнія гукі гораду, ранішнія сьпевы пеўняў, грукат вазоў і вулічныя крыкі. Потым зноў было паўдзёнае зацішша, вячэрнія гукі гораду і зноў наставала ноч. Саўл амаль што ня спаў, разважаючы пра ягоную сустрэчу з Ісусам Хрыстом і падоўгу молячыся каля свайго ложка. Ён нікога не жадаў бачыць, каб заставацца сам-насам з Госпадам сваім Ісусам Хрыстом. Менавіта так Саўл і будзе называць Ісуса ўсе астатнія дні свайго жыцьця.
Ён ня думаў пра ежу і пітво, намагаючыся асэнсаваць сябе наноў. Усё зьменьвалася ў Саўле: характар, адносіны да назарэяў і ўвогуле да людзей. Саўл пачаў разумець Стэфана, які тлумачыў Пісаньне, прыводзячы Слова Божае да Ісуса Хрыста. Ісус асьвяціў Сваім сьвятлом сэрца і душу Саўла, наводзячы там належны парадак. Зараз Саўл, у сваіх думках, ўжо мог адказаць на пытаньне Ісуса ў зьзяючым выбліску словамі Псальма: «Зьлітуйся, Божа, з мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае. Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысці мяне, бо беззаконьні мае я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мной».
Саўл адчуваў агіду да самога сябе, а таксама брыдоту сваёй душы. Ну як так? Ён ганіў, абражаў і перасьледаваў Ісуса, а Ён, у адказ на гэта, выбраў яго і паказаў яму Сваю любоў, якая найвышэй за ўсё, што Саўл ведаў і разумеў. Скрозь цямрэчу нябачаньня Саўл усё больш адчуваў ня толькі любоў Госпада, а і тое і тое, як нізка ён упаў. Раней яму здавалася, што ён служыць Богу, а таму набывае Божае дабраславеньне. Саўл мяркаваў, што яму вядомыя пэўныя крытэры дабрадзейнасьці, а таму ён, параўноўваючы сябе з іншымі людзьмі, знаходзіў сябе дабрачынным чалавекам. Але зараз, калі Ісус Хрыстос даў яму Сьвятога Духа, ён зразумеў, што ягоная прыдуманая чысьціня была мярзотай ў параўнаньні з сапраўднай чысьцінёй праўды Госпада, а ягоная дабрачыннасьць была зьдзекам над сапраўднай дабрачыннасьцю.
Узносячы хвалу Госпаду, ён розумам і дзеямі абражаў Яго, а выконваючы рытуалы і абрады, ён адначасова ствараў зло. Саўл адчуваў сябе нікчэмным чарвяком, які павінен адпаўзьці падалей ад святла Божай славы. Але Госпад Ісус усё больш і больш прыцягваў яго да Сябе. Ён уваскрос і Ён жывы. Ісус сустрэў яго ня дзеля таго, каб зьнішчыць за ягоныя злачынныя дзеі, а каб напоўніць яго прабачэньнем і любоўю. Саўл упэўніўся, што Ісус і ёсьць Мэсія, Хрыстос. Саўл успомніў падарожжа вакол Галілейскага мора, дзе кожны камень казаў пра Ісуса, але, ўсё роўна, навяртаньне Саўла - гэта ня вынік логікі ў разважаньнях, але вынік асабістай сустрэчы з Хрыстом. Саўл паверыў, бо спазнаў Ісуса і таму ён зразумеў, што здарылася на Крыжы, зразумеўшы і сэнс укрыжаваньня. Яму адкрыўся новы сьвет і ў гэтым сьвеце зьявілася сапраўднасьць існуючага стварэньня. Саўл убачыў, што Бог Абрагама, Ісаака і Якуба выканаў Свае абяцаньні і выканаў гэта вось такім чынам - праз Ісуса Хрыста.
Саўл, у думках, перанёс сябе ў ранейшы час, у Ерусалім, калі ён справакаваў жудасную сьмерць Стэфана, а потым зьдзеькваўся над пасьлядоўнікамі Хрыста. У гордасьці і фарысэйскай мудрасьці ён адпрэчваў Ісуса на той падставе, што ўкрыжаваны чалавек пракляты і не заўгодны Богу. Але зараз бездапаможны Саўл зразумеў, што ўкрыжаваны Ісус сапраўды пакутаваў на Крыжа за грахі, але не Свае, а за грахі яго - Саўла і грахі ўсіх іншых людзей. Кожная гадзіна, праведзеная сьляпым Саўлам у гэтым пакоі ўмацоўвала яго веру ў Ісуса Хрыста. Так, ён шмат чаго ня ведаў, але, няхай і не зусім выразна, Саўл адчуў у глыбіні свайго сэрца сутнасьць Добрай Весткі: любоў Хрыста да ўсіх людзей, за якіх Ён пакутаваў на Крыжы.
Ісус любіў Саўла і чым больш ён углядаўся сваімі сьляпымі вачамі ў зьзяньне сьвятла Ісуса, тым больш выразна адчуваў тое, што здарылася з ім на дарозе каля Дамаску. Ён зразумеў, што атрымаў дар ад Бога - прабачэньне поўнае і вечнае, бо гэтае прабачэньне - гэта Сам Хрыстос. Саўл зразумеў і тое, што гэты дар нельга заслужыць, бо чалавечыя грахі заўсёды нашмат больш, чым самыя вялікія заслугі. Але Саўл атрымаў гэты дар у Ісусе, а набыўшы Ісуса Хрыста, ён набываў усё. У будучым і яшчэ невядомым яму жыцьці, Саўл скажа наступнае: «Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне».
Сьляпы Саўл адчуў моцнае імкненьне да малітвы - ня служэньню юдэйскай літургіі, але да простай размовы з Айцом і Сынам, бо размаўляючы з Ісусам, ён размаўляў з Айцом, а пакланяючыся Айцу, ён зьвяртаўся да Ісуса. І ён маліўся: горача і шчыра, адкрываючы Госпаду ўсё, што было ў ягоным сэрцы. Саўл каяўся за свае злачынствы ў Ерусаліме і за свой намер рабіць тое ж і ў Дамаску, а таксама прасіў Госпада даць Духа пакаяньня ўсім юдэям, якія варожа ставіліся да веры ў Ісуса.
Разам жа з малітваю ўзьнікла патрэба, як мага глыбей, спазнаць словы і вучэньне Ісуса Хрыста. Так, ён шмат што чуў у сваім папярэднім фарысэйскім жыцьці пра тое, што казаў Ісус, але ён быў абыякавым да сутнасьці сказанага. Зараз жа ўсё перамянілася і Саўл быў падобны маленькаму, толькі што народжанаму ягняці, які, ледзь устаўшы на свае ногі, інстыктыўна цягнецца да саскоў маці, каб атрымаць так неабходнае для яго малако. Ён адчуў унутраную патрэбу вывучэньня ўсяго, што рабіў і казаў Ісус. Саўл жадаў ведаць пра тое, як Ісус ставіўся да ненавідзячых Яго і любячых Яго. Саўла цікавіла ўсё, што Ісус казаў пра Айца і пра Сябе, а таксама Ягонае бачаньне пра лёсы і будучыню людзей.
У Саўла ўзьнік яшчэ адзін моцны парыў: ён ужо смагнуў сьведчыць людзям пра сваё навяртаньне, пра любоў Госпада і пра тое, што Ісус ёсьць Хрыстос і Сын Божы. Але ён памятаў і тое, што сказаў яму Ісус: «Ідзі ў горад, і будзе табе сказана, што ты мусіш рабіць». Саўл павінен быў чакаць. У разважаньнях і малітве праходзіў час. Ён зноў чуў вячэрнія гукі горада, ранішні сьпеў пеўняў ды грукат вазоў. І вось, у ранішняй цішыні трэцяга дня, Саўлу дадзена было даведацца, што будзе з ім далей.
Свидетельство о публикации №226012901247