Шаг второй
Праз гадзіну ад світанку, калі раніца ўжо авалодала горадам, караван, нагружаны рознымі таварамі, павольна адыходзіў ад Дамаску, кіруючыся на поўдзень да Петры - сталіцы Набатэі, што ў Арабіі. Прыемная ранішняя прахалода бадзёрыла Саўла. Ён ішоў побач з верблюдам у нейкім радасным задуменьні, бо з галавы не выходзіла растаньне з гэтымі шчырымі і чулымі людзьмі, які прыйшлі на сьвітанку, каб разьвітацца з ім. Ён палюбіў іх, простых і неадукаваных, той братэрскай любоўю, якую ўклаў у ягонае сэрца Госпад.
Арабы-паганятыя дзівіліся такой вялікай сям’і гэтага чалавека, бо яны чулі, як яго, ўсе хто прыйшоў, звалі братам. Саўл жа паабяцаў ім вярнуцца, каб разам служыць Госпаду Ісусу. Але зараз ён ідзе ў доўгі шлях у Сынайскую пустыню да гары Сынай, дзе Бог даў праз Майсея, усім гебраям, Закон. Прыгадаў Саўл і прарока Ільлю, які, паказаўшы на гары Карміл усю моц і славу Бога Ізраіля, забіў усіх прарокаў Ваала. З Ізрээля ж ён вымушаны быў бегчы ад помсты жонкі Ахава Езавэлі, за забітых прарокаў, да Вірсавіі, а адтуль у Сынайскую пустыню да гары Сынай, каб, атрымаўшы Божую падтрымку, ісьці, па даручэньню Госпада, менавіта ў Дамаск.
Караван праходзіў шляхам, які пралягаў па бязводнай і камяністай краіне чвэрцьуласьніка Ірада Філіпа II, які быў сынам ад пятай жонкі Ірада Вялікага, Клеапатры Ерусалімскай. Роўны шлях не вызначаўся нейкай адметнай прыгажосьцю ў параўнаньні з тым, якім быў шлях Саўла да Дамаску. Манатоннасьць руху і маркотныя краявіды, тым ня меньш, прыводзілі дзейны розум Саўла да разважаньняў пра мэты свайго падарожжа і сувязі гэтай мэты з мінулым і будучым. Ён не зьвяртаў увагі на кароткія і патрабавальныя выкрыкі паганятых, якія трымалі роўнасьць і дыстанцыю хады верблюдаў. Саўл займаўся сваёй справай і накіроўваў сябе на тое, каб прааналізаваць усё, што адбывалася з ім у Ерусаліме, па дарозе ў Дамаск і непасрэдна ў самім Дамаску, зьвязаўшы ўсё гэта з Ісусам Хрыстом.
Ён павінен сістэмазаваць усё чутае пра жыцьцё, служэньне і вучэньне Ісуса. Фенаменальная памяць Саўла скурпулёзна адкладала ў нейкія свае куточкі ўсю інфармацыю пра Хрыста ад Стэфана і ад тых, каго ён арыштоўваў і дапытваў у Ерусаліме. Ён добра памятаў і словы Пятра, калі той, разам з Янам, стаяў на допыце ў сынэдрыёне. Так, ён не зважаў на гэтыя словы, але ці мог той фарысэй Саўл, сур’ёзна разглядзеўшы, пагадзіцца з імі? І вось, гэты час настае. Ён павінен прыгадаць і ўсё тое, што чуў ад сьведкаў па дарозе ў Дамаск, праходзячы каля Галілейскага мора. Саўл чуў ад розных людзей пра нагорную пропаведзь Ісуса, пра насычэньне Ім пяцьцю хлябамі вялікай колькасьці народу, пра хаджэньне па вадзе, уціхамірваньня буры, ды і шмат чаго іншага. Саўл складаў план сваёй адукацыі непасрэдна ад Ісуса Хрыста. Калі Ісус адкрыўся яму на дарозе ў Дамаск, а потым назваў яго Сваёй выбранай пасудзінай, дык няўжо Ён не складзе Саўлу, грунтуючыся на ўсёй гэтай інфармацыі, Сваё вучэньне? Такім чынам і складаўся гэты незвычайны навучальны курс, настаўнікам якога будзе Ісус, а вучнем будзе старанны Саўл. Але гэта толькі частка гэтага курсу, бо Саўла непакоілі і іншыя пытаньні.
Зноў і зноў Саўл пракручваў у сваёй галаве той правальны дэбютны выступ з прамовай пра Ісуса Хрыста ў сынагозе Дамаску. Ён памылкова паспадзяваўся на меркаваны аўтарытэт прадстаўніка першасьвятара, з якім ён і зьявіўся ў пышным фарысэйскім адзеньні перад юдэямі гораду. Саўл меркаваў, што гэта спрацуе і таму і ня будзе хадзіць вакол ды каля, а адразу і абвесьціць, што Ісус ёсьць Сын Божы. Тут і была памылка, бо далейшы аповяд пра сустрэчу з Ісусам ужо нікога не кранаў. Больш таго, прысутныя юдэі не паглядзелі на ягоны важны статус, а проста назвалі яго здраднікам і перабежчыкам. Як тут і не зажурыцца? Ідучы па пыльнай дарозе, Саўл зноў і зноў узгадваў Стэфана, які меў да пропаведзі зусім іншы падыход.
Ён памятаў як Стэфан, тлумачачы многія месцы з Пісаньняў, дэлікатна і ў логіцы, выяўляў прысутнасьць у іх Ісуса Мэсіі. Строгае фарысэйскае выхаваньне не дазваляла яму пагадзіцца са Стэфанам, але зараз Саўл зразумеў, што яму не дастае гэтага. Вось і вызначаецца другая частка навучаньня - у малітве і з Духам Сьвятым перагледзець усё Пісаньне, ад першага да апошняга слова, каб быць падгатаваным да сапраўднага яго прачытаньня. Ды і гэта яшчэ ня ўсё, бо ён памятаў, як Стэфан размаўляў з простымі і неадукаванымі людзьмі. Саўл, на той момант, пагардліва глядзеў на гэтыя зносіны і не разумеў гэтага, бо бачыў, што Стэфан сябе гэтым прыніжае. Зараз жа ён ведаў, што Ісус пасылае яго перш за ўсё да паганаў, гэтых неадукаваных і простых людзей. А ён і ідзе зараз сярод іх, і калі б Саўл пачаў зараз урачыстым фарысэйскім слогам тлумачыць Пісаньне, дык яны б мала што з гэтага зразумелі. Такім чынам вызначылася і трэцяя частка ягонага навучаньня - прывесьці сваю пропаведзь у рэчышча даступнасьці разуменьня паганамі словаў Саўла. Зразумеўшы гэта, ён ужо і пачаў прыслухоўвацца да спадарожнікаў паганятых, каб зразумець той узровень даступнасьці для далейшай пропаведзі Саўла.
Прайшоўшы гарады Караім і Дыум, яны пайшлі па зямлі Дзесяцігародзьдзя, якая мала чым адрозьнівалася ад пройдзенага імі шляху. Тыя ж гарыстыя і бязводныя мясьціны, якія, дарэчы, былі ўсходнім фарпостам імперыі Рыму і які быў заснаваны у 62 годзе да Р.Х. тым самым Гнэем Пампеем, які падараваў Саўлаваму дзеду рымскае грамадзянства. Прайшоўшы горады Герасы і Філадэльфію, караван пераступіў мяжу валадара Набатэі Арэты. Саўл уважліва слухаў каля начлежных вогнішчаў сваіх спадарожнікаў, якія, адчуваючы ўжо хуткі прыход да сваіх сем’яў, радасна абмяркоўвалі гэтыя сустрэчы адзін з адным. Саўл жа гатаваўся да новага і невядомага яму жыцьця каля Сынайскіх гор, каб зьдзейсьніць тое, што ён задумаў і абдумаў пад час гэтага шляху. Ён павінен атрымаць вучэньне і настаўленьне ад Ісуса, дзякуючы сваёй добрай памяці і грунтоўнай адукацыі, якія дазвалялі аналізаваць Пісаньне па адкрыцьцю Госпада. Ён павінен удасканаліць сваю пропаведзь, каб плённа служыць Госпаду свайму Ісусу Хрысту.
Далейшы шлях пралягаў праз гарады Эсбус і Ліба, што разьмясьціліся ля межаў Пэрэі, дзе валадарыў яшчэ адзін чвэрцьуласьнік Ірад Анцыпа - сын Ірада Вялікіга. За Лібай яны падыйшлі да мяжы настолькі, што быў бачны абрыс пэрэйскага гораду Махерусы, дзе пазбавіўся галавы Ян Хрысьціцель. Саўл ведаў гэтую гісторыю ад Гамаліэля, а зараз ён успамінаў словы аднога з дапытваемых ім назарэяў пра тое, як хрысціўся Ісус у Яна ярданскай вадою і як Сьвяты Дух зыйшоў на Хрыста ў выглядзе голуба. Далейшы шлях іх быў накіраваны да гораду Каракмоба, а адтуль яны прыйшлі ў Петру. У Петры Саўл разьлічыўся з начальнікам каравану і накіраваўся да Акабскага заліву, ідучы потым уздоўж берагу, ў накірунку да Сынайскіх гор.
Недзе сярод скал Сыная, ён сустрэў маладога яшчэ бедуіна і застаўся ў яго амаль што на два гады. Качэўнікі бедуіны меліся жыць ў намётах з поўсьці козаў, якія былі найлепшым жыльлёвым прыстасаваньнем у-ва ўмовах пустыні Сыная. Гэтаму бедуіну можна сказаць пашчасьціла, што ён сустрэў менавіта Саўла, бо той добра ведаў рамяство па вырабу намётаў і, ў знак удзячнасьці за гасьціннасьць гэтай сям’і, зрабіў ёй добры і ўтульны намёт. Ён качаваў разам з сям’ёй бедуіна, дапамагаючы ёй ў клопатах перасоўваньня на новыя месцы. Саўл некалькі разоў прыходзіў да гары Сынай, у малітве просячы Госпада ўдасканаліць яго ў вучэньні Ісуса Хрыста. Ён адчуваў гэтае сьвятое месца і ўяўляў, як стаялі тут перад Госпадам Майсей і Ільля. А зараз тут стаяў ён - Саўл з Тарсу.
Саўл старанна працаваў, выконваючы ўсе тыя тры часткі вызначанага ім па дарозе сюды. Ён старанна запісваў усё тое пра Ісуса Хрыста, што захоўвалася ў ягонай галаве ўвесь гэты час. Папірусныя сьвіткі і ўсе неабходныя прылады для пісьма, ён набыў па дарозе сюды, калі караван прыпыняўся ў гарадах, каб папоўніць запасы ежы і вады. Адначасова ён уважліва перачытваў свой асабісты сьвітак Пісаньня, перапісаны ягонай рукою яшчэ ў школе пры сынагозе ў Тарсе. Перачытваў, каб вылучыць тыя месцы Пісаньня, якія вызначалі там прысутнасьць Ісуса Хрыста. Саўл маліўся да Госпада і Ён адказваў яму. Дух Сьвяты раскладаў яму вучэньне Хрыста тым сістэмным аналізам, да якога Саўл так імкнуўся. Праз пэўны час, у будучым, ён скажа пра гэта галятам: «Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека; бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста».
Саўл прыцягваў да сябе гэтых неадукаваных і па-добраму прымітыўных людзей, якія зьбіраліся пры начных вогнішчах каля яго, каб паслухаць гэтага дасьведчанага гебрая. І Саўл вучыў іх Ісусу Хрысту, але па-перш ён распавядаў ім пра стварэньне сьвету, пра Адама і Еву, пра іхняе грэхападзеньне і пра Божы план вяртаньня грэшных людзей да Сябе праз сьмерць і ўваскрасеньне Ісуса Хрыста, Які ёсьць Сын Божы. Саўл памятаў пра прыказаньне Ісуса ісьці да паганаў і прапаведаваць Ягонае вучэньне пра збаўленьне. А ён і быў тут сярод паганаў, якія, дарэчы не ўспрымалі варожа, у адрозьненьні ад юдэяў, словы Ісуса Хрыста. Менавіта тут Саўл навучыўся казаць проста і даходліва, для разуменьня сказанага простаму чалавеку.
Сярод простых бедуінаў Саўл уяўляўся нейкім мудрацом, які казаў вельмі правільныя рэчы і да якога трэба было прыслухоўвацца. Маладога свайго бедуіна і яшчэ некалькіх, прыняўшых веру ў Госпада Ісуса Хрыста, ён навучыў чытаць і пакінуў ім усе свае запісы пра Ісуса Хрыста, што было вельмі каштоўным для гэтай маленькай бедуінскай царквы Хрыста.
Але час настаў і Саўл зразумеў, што ягоная місія на Сынаі закончваецца і трэба вяртацца. Ён выканаў усё запланаванае і адчуваў сябе больш меньш падгатаваным для далейшага служэньня Ісусу Хрысту. За гэты час ён вырабіў яшчэ некалькі намётаў на продаж, каб забяспечыць сабе пражыцьцё і адваротны шлях у Дамаск. Саўл ніколі ня жыў на чужыя грошы ці нейкія ахвяраваньні і ведаў, што так будзе і ў далейшым ягоным жыцьці. Некалькі чалавек праводзілі свайго настаўніка да шляху, які накіроўваўся ў Петру і разьвіталіся з ім. Колькі ж яшчэ будзе ў жыцьці Саўла падобных разьвітаньняў, але кожны з гэтых людзей назаўсёды застанецца ў ягоным вялікім сэрцы.
Дасягнуўшы Петры, Саўл прыяднаўся да каравану з рэзкімі затаўкамі, які накіроўваўся да Дамаску. І яны пайшлі тым жа самым шляхам, толькі ў адваротным напрамку. Зараз жа, на начных прыпынках Саўл ужо не маўчаў, але прапаведаваў накшталт таго, што ён казаў у сваім племені бедуінаў на Сынаі. Скептыкаў амаль што не было, а некалькі чалавек прынялі Хрыста і папрасілі Саўла пра хрышчэньне. Такім вось чынам, у размовах і пропаведзьдзі, Саўл вяртаўся ў Дамаск. Праходзячы праз валадарства Філіпа, ён даведаўся, што Філіп ня так даўно памёр, а ў сувязі з тым, што ў чвэрцьуласьніка не засталося нашчадка, ўся ягоная тэрыторыя была часова прыяднана Тыбэрыем да сірыйскай адміністратыўнай частцы імперыі Рыму.
Караван уваходзіў у горад з апошнімі прамянямі сонца, якое ўжо хавалася за гарамі на захадзе ад Дамаску. Саўл цёпла разьвітаўся з паганятымі і начальнікам каравану, які нават адмовіўся ўзяць грошы ў Саўла, бо ўжо стаўся яму братам у Хрысьце Ісусе. Саўл запрасіў новых братоў на заўтра да царквы і, развітаўшыся, пайшоў да дому любага яму брата Ананіі. Ананія зьбіраўся ўжо класьціся, але пачуўшы грукат у дзьверы адразу зразумеў, хто стаяў за ягонымі дзьвярмі. Госпад прагаварыў яму ў сэрца некалькі дзён таму, што хутка прыйдзе да яго брат Саўл. Узрадаваныя сустрэчай браты ўсю ноч прагаварылі паміж сабою пра многае, што адбылося пад час іхняга растаньня.
Саўл распавёў Ананію пра свае планы наконт пропаведзі сярод юдэяў, бо ён не адмовіўся ад стратэгіі выкарыстаньня сынагогаў як месцаў, адкуль пропаведзь Ісуса павінна распаўсюджвацца і на паганаў. Папярэднюю ж сваю паразу ў сынагозе Саўл тлумачыў пасьпешнасьцю пры недасканалай пропаведзі юдэям вучэньня Ісуса Хрыста. Асьцярожны Ананія сумняваўся ў посьпеху Саўла, бо добра ведаў юдэяў сынагогі, але, бачачы ўпэўненасьць Саўла ў слове Ісуса, ня вырашыўся адгаворваць яго ад задуманага ім. Яны заснулі пад ранак з рознымі пачуцьцямі: Ананія з насьцярожанасьцю, а Саўл з новай надзеяй на перамогу вучэньня Ісуса Хрыста.
У вечары ж гэтага новага дня Саўл, разам з Ананіей і новымі братамі з Набатэі, прыйшоў да сваёй першай царквы, якая прыняла яго пасьля навяртаньня і хросту ў рацэ Абаны братам Ананіем. Узрадаваныя назарэі шчыра памаліліся за пасьпяховае вяртаньне Саўла і за папаўненьне сям’і Ісуса Хрыста новымі братамі. Саўл падрабязна распавёў ім пра сваё вандраваньне і вучэньне непасрэдна ад Ісуса Хрыста ўсяго таго, што было запланавана Госпадам па дарозе да Сынаю. Ён распавёў і пра новую невялічкую царкву, якая стварылася пасьля навучаньня Пісаньню і пропаведі слова Ісуса Мэсіі. Саўл распавёў царкве і пра свае планы на пропаведзь Ісуса ня толькі ў сынагозе, але і на ўдасканаленьне вучэньня Хрыста тут, у гэтай царкве. Саўл уварваўся як новы і сьвежы струмень жывой вады ад Ісуса Хрыста, поўны надзеі, радасьці і сьвятла. Памаліўшыся, яны пераламілі хлеб і выпілі віно, як знак паламанага за ўсіх іх Цела Хрыста і Крыві Збаўцы, пралітай на зямлю Галгофы за людзкія грахі. Дзейнае сэрца Саўла перапаўнялася любоўю да ўсіх іх, ягоных братоў і сёстраў у Хрысьце Ісусе і ён вельмі жадаў служыць Ісусу, абвяшчаючы ўсім людзям гэтую Добрую Вестку пра Ісуса Хрыста. Разыходзіліся яны ў радасьці, дабраслаўляючы адзін аднога і жадаючы Божага міру на наступны дзень.
Да суботы заставалася яшчэ тры дні, але Саўл ведаў свой занятак на гэты час. Ён пайшоў на рынкавую плошчу, дзе збіраліся самыя розныя людзі. Саўл бачыў тут юдэяў і набатэяў, грэкаў і фінікійцаў, арабаў і рымлянаў. Ён чуў розныя мовы сярод людзей на гэтай плошчы, але міжнароднай моваю сярод іх была мова грэцкая, якую Саўл ведаў няблага. На рынкавых плошчах гарадоў усходняй частцы імперыі традыцыйна зьбіраліся розныя людзі, які любілі паразважаць і паспрачацца па тых ці іншых рэлігійных ды філасофскіх пытаньнях. Зразумела, што было шмат і тых, хто падыходзіў паслухаць гэтых дасьведчаных людзей.
Падыйшоў да іх і Саўл, бо гэта была ягоная тэрыторыя зацікаўленасьці. Ён сьмела ўступаў у размовы і спрэчкі, выказваючы пэўную дасьведчанасьць пры абмяркаваньні розных тэмаў жыцьця чалавека. Прысутныя заўважылі гэтага незвычайна адукаванага гебрая, які мог ім распавесьці гісторыю чалавецтва ад самога пачатку і да гэтага часу праз дзеяньне ўсемагутнага Бога. Ён ведаў рэцэпты вечнага і цудоўнага жыцьця праз Божага Сына Ісуса, Які дзеля гэтага і памёр. Многіх, слухаючых Саўла, гэты дзівіла, але і цікавіла. І невыпадкова, калі ў наступныя дні сюды прыходзіў гэты дзіўны і ветлівы прапаведнік, каля яго адразу ж зьбіраліся людзі з рознымі пытаньнямі, каб паслухаць гэтага разумнага чалавека.
Ягоныя набатэйскія браты, якія часова жылі ў Дамаску да заканчэньня закупкі і фармаваньня каравану да Петры, пазнаёмілі Саўла з прадстаўнікамі даволі буйной набатэйскай абшчыны гораду, якія запрасілі яго да сябе, каб паслухаць тое незвычайнае слова, якое Саўл казаў іх суайчыньнікам па дарозе ў Дамаск. І ён убачыў перад сабою добрае поле, дзе можна сеяць зерне Эвангельля Ісуса Хрыста. Поле было паганскім і гэта ўзрадавала Саўла, бо ён, пачаўшы з малога, убачыў нашмат большую магчымасьць для выкананьня загаду свайго Госпада. Перад ім была ўдзячная аудыторыя, якая не выказвала ніякай агрэсіі, але якая ўважліва слухала тое, пра што казаў ім гэты настаўнік.
Такім вось чынам у Саўла зьявіліся першыя вучні пасьля ягонага вяртаньня ў Дамаск. Прапаведуючы гэтымі днямі набатэям, Саўл гатаваўся і да рэваншу - пропаведзі ў той самай сынагозе, дзе ён атрымаў безумоўную паразу вясновым ранкам два гады таму. Ананія ж прыносіў да яго водгукі тых людзей, якія чулі яго на рынкавай плошчы і яны разам абмяркоўвалі тактыку пропаведзі Саўла на плошчы, а галоўнае тое, як можа скласьціся ягоная заўтрашняя пропаведзь у сынагозе, бо не сакрэт, што юдэі ўжо добра ведалі пра ягоную пропаведзь сярод паганаў. Ананія азначыў, што асаблівага непрыманьня юдэямі Саўла няма, бо той прапаведаваў паганам, у асноўным, пра адзінага Бога, Які стварыў неба, зямлю і ўсё што ў іх. Ананія і Саўл горача памаліліся Госпаду, каб Ён дабраславіў Саўла і каб ягоная пропаведзь у сынагозе кранула сэрцы іх суайчыньнікаў.
Нельга сказаць, што тыя юдэі, якія слухалі Саўла два гады таму, не памяталі яго і ягоны нечаканы пераход да вучэньня Ісуса Назарэя. Многія юдэі аднесьліся да гэтага, як да нечага мінучага: Саўл прамільгнуў на іхнім небасхіле і некуды зьнік, як падаючая зорка ў небе. Але яны амаль што не сумняваліся ў тым, што гэты Саўл, зноў зьявіўшыся ў Дамаску, абавязкова прыйдзе да сынагогі. І вось, праз два гады, выйшаўшы раніцай з дому Ананіі, ён рашуча накіраваўся ў бок галоўнай сынагогі Дамаску. Ён увайшоў у сынагогу, каб выкарыстаць сваё права госьця на тлумачэньне Пісаньня.
Атрымаўшы такую магчымасьць ён, падобна Стэфану, кажучы правільныя для юдэяў рэчы, тонка і дэлікатна падыходзіў да сапраўднага сэнсу разглядаемага тэксту - да прысутнасьці ў ім Хрыста Мэсіі. Саўл падмацоўваў гэта вытрымкамі з Псальмоў і прарокаў. Стрыманая рэакцыя грамады казала пра тое, што довады Саўла выглядалі даволі пераканаўчымі і запярэчыць гэтаму яны ня мелі магчымасьцяў. Тыя, хто памятаў папярэдні выступ Саўла ў гэтай сынагозе зьдзівіліся таму, наколькі вырасла ўпэўненсьць у грунтоўным тлумачэньні тэкстаў Пісаньня. Гэта не было перамогай, але гэта не было і паразаю. Саўл адчуў, што ягонае навучаньне ад Ісуса Хрыста каля гары Сынай не было марным, бо пераканаўчая пропаведзь Ісуса сярод дасьведчаных юдэяў - гэта была хоць і маленькая, але ўсё ж перамога.
Выйшаўшы з сынагогі, ён сутыкнуўся з невялікаю групай зацікаўленых юдэяў, якія запытвалі ў яго пра не зусім зразумелыя ім моманты пропаведзі. Саўл з задавальненьнем адказваў ім, раскрываючы незразумелае і з іншых крыніцаў Пісаньня. Юдэі дзівіліся ягонай адукаванасьці і падрыхтаванасьці да пропаведзі, а разьвітваючыся яны запрасілі Саўла зноў наведаць іх у наступную суботу. А Саўл і Ананія пайшлі на тое месца ракі, дзе і адбыўся ягоны хрост. Гарадзкі мур зацяняў у гэтым месцы бераг ракі і таму яны яшчэ працяглы час сядзелі на беразе, разважаючы пра сёняшнюю пропаведзь і думаючы пра будучую нядзельную пропаведзь у сваёй царкве.
Саўл пачаў прапаведаваць сярод братоў і сясьцёр ня меньш за тры дні на тыдзень, бо бачыў даволі нізкі ўзровень пропаведзі вучэньня Ісуса. За два гады мала што зьмянілася, а таму ён павінен аддаць ім свой доўг, падзяліўшыся з імі ўсім тым, што ён даведаўся ад Ісуса Хрыста. І з вяртаньнем Саўла царква пайшла расьці як колькасна, так і якасна. Саўл дзейсна і з надхненьнем працаваў адначасова на тры франты, вырашаючы на кожным з іх асобныя задачы.
На плошчы ён прымаў актыўны удзел у дэбатах, паказваючы на пракладах з Пісаньня, што ўсемагутны Бог бачыць сэрца кожнага чалавека і нічога ад Яго схаваць немагчыма. На Яго ня маюць узьдзеяньня час і прастора, таму што Ён стваральнік усяго. Ці ж можа гліняны посуд узьдзейнічаць на свайго майстра гаршэчніка? Саўл меў таксама і слова сярод набатэяў, дзе тэматычна, крок за крокам, даводзіў да іх Божы план па збаўленьню чалавека ад грэху, пачынаючы ад першага чалавека і да гэтага часу, калі ён стаіць перад імі.
Другі фронт ён трымаў у сынагогах Дамаску, дзе, тлумачачы ўрыўкі з Пісаньня, паказваў юдэям, што ўсё Слова Божае паказвае ім на Мэсію Ісуса. Глядзіце ўважліва, казаў ён, і ўбачыце.
Трэці накірунак ягонай дзейнасьці тычыўся царквы Ісуса Хрыста, дзе ён стаўся асноўным прапаведнікам. Саўл склаў план пропаведзяў на даволі працяглы час, дзе ён разважаў пра дзейнасьць і вучэньне Ісуса ад Ягонага хросту ў Ярдане, да сьмерці на Крыжы і Ягонага ўваскрасеньня. Ён вельмі імкнуўся падзяліцца тым каштоўным сьведчаньнем, якое было ім атрымана непасрэдна ад Ісуса Хрыста.
І Саўл працаваў, адважна і з любоўю, бо недарма, у будучым, зьвяртаў на гэта увагу сваіх вучняў: «Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я - медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць. Калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я - нішто. І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці». Саўл выяўляў мудры прагматызм, разумеючы, што нельга грэбсьці ўсё пад адзін грабянец, але ведаць каму і што казаць, не патураючы пры гэтым нікому. Дамаскі перыяд актыўнага служэньня ўсё больш і больш умацоўваў прапаведніка Саўла. Ён не дакараў няверуючых юдэяў і не абураўся тым, што людзі ня бачаць відавочнае. Любоў, цярпеньне і пропаведзь – вось тое, што ён грунтоўна засвоіў ад свайго Госпада, Ісуса Хрыста.
Так праходзілі тыдні, месяцы і гады. Саўл вучыў іншых і ад іншых вучыўся сам. Ён ведаў ужо, што і як казаць паганам, як прапаведаваць юдэям і як вучыць ды ставіць царкву. Усё гэта сталася вялікай практыкай той цудоўнай тэарэтычнай падрыхтоўцы, якую даў яму на Сынаі Ісус. Прайшло ўжо больш за два з паловай гады з таго часу, калі ён вярнуўся ў Дамаск. Ён стаўся тут вядомым чалавекам, бо яго пазнавалі ў-ва ўсіх кутках гораду, ды і за ягонымі межамі, куды ён выходзіў прапаведаваць сярод сялянаў бліжэйшых вёсак. Царква ж Ісуса ўзрастала і мацнела, бо прыходзілі ўсё новыя і новыя людзі як ад паганаў, так і ад юдэяў. Пад кіраўніцтвам Саўла была арганізаваная і гаспадарчая дзейнасьць царквы, бо ўзьнікла войстрая патрэба ў асобным памяшканьні для правядзеньня служэньняў ды навучаньня дзяцей пісьменнасьці і Слову Божаму. Пачалі адбывацца акцыі дапамогі бедным удовам і іншыя мерапрыемствы міласэрнасьці. І як тут было зноў ня ўспомніць Стэфана, які, па сутнасьці, і падказаў сваёй дзейнасьцю тое, што і адбывалася зараз у гэтай царкве.
Рымскія ўлады спакойна ставіліся да дзейнасьці царквы Ісуса, бо ня бачылі ад гэтага нічога дрэннага. Грамадзкі парадак не парушаўся, а міласэрнасьць і дабрачыннасьць толькі віталіся. Але што гэта за дзіўны горад, калі ніхто не зайздросьціць і не злуецца на посьпехі прыхільнікаў Ісуса Хрыста? І чаму гэты Саўл стаўся больш вядомы і пазнаваемы, чым старшыні гебрайскай абшчыны Дамаску? Чаму ўсё больш і больш юдэяў прымалі Ісуса і лічылі Саўла за сваго настаўніка? Вось яна праблема - гэта Саўл. Менавіта з ім і трэба разабрацца, але як гэта зрабіць? Праблема зьнікне, калі зьнікне Саўл. Менавіта так вырашылі старшыні і пачалі ствараць змову супраць чалавека, які парушыў юдэйскі супакой і абудзіў сваёй пропаведзьдзю ня толькі паганаў, але і, сорамна сказаць, значную колькасьць юдэяў.
Змова склалася і вызначыўся план дзеяньняў па забойству Саўла. У межах гораду гэта рабіць не было мэтазгодным, бо за гэта можна было апынуцца і на крыжы. Але што калі за варотамі гораду? Падступны і подлы план склаўся хутка. Саўл даведаецца пра забойства і будзе імкнуцца выйсьці з гораду, дзе яго будзе чакаць узброены атрад аховы грамадзкага парадку ня з ліку рымлянаў, начальнік якога ўжо атрымаў немалы хабар, каб схапіць Саўла і вывезшы яго падалей, перарэзаць яму горла.
Але і гэты сакрэт не прамінуў Саўла, бо на Ўсходзе ўсім вядома ўсё і таму можна было спакойна абдумаць усе дэталі ягонага выратаваньня. Саўл захоўваў супакой, бо памятаў словы Ісуса, Які абяцаў яму непрыемныя выпрабаваньні за імя Яго, але пра хуткую сьмерць Ён нічога не казаў. Вучні ж, накірованыя Госпадам, знайшлі спосаб, каб бясьпечна выправіць Саўла за межы Дамаску. Саўл ужо ведаў, куды ён пойдзе. У Ерусалім.
Уначы вучні Саўла прывялі яго да сваіх сяброў, дом якіх знаходзіўся на самым гарадзкім муры. Вокны такіх невялікіх каменных дамоў звычайна выходзілі вонкі ў трох, чатырох метрах ад зямлі. Сябры прыгатавалі вялікі кош для рыбы і мех, пад якім можна было захаваць Саўла. Разьвітаўшыся, яны прыняліся за працу. Вельмі хутка Саўл, захаваны ў кашы, быў апушчаны на зямлю за мурам Дамаску. Прабіраючыся скрозь фруктовыя сады, ён адыйшоў на бясьпечную адлегласьць ад гораду, дзе яго ня здолелі б убачыць вартаўнікі. Пры сьвеце месяца ён трапіў на шлях, які павёў яго ў Ерусалім. Саўл прыпыніўся на тым месцы, дзе яму адкрыўся Ісус, уяўляючы сабе яшчэ раз гэтую цудоўную сустрэчу. Прайшоўшы далей яшчэ з гадзіну, ён прыпыніўся ля дарогі і заснуў на дзьве гадзіны да сьвітанку.
Ён ішоў тым жа шляхам, калі пяць гадоў таму ён накіроўваўся ў Дамаск арыштоўваць вучняў Ісуса. Першыя прамяні сонца ўжо асьвятлялі сьнягі Гэрмону, які велічна адкрываўся справа. Саўл ужо ведаў, што Ісус быў на гэтай гары з Пятром, Янам і Якубам, братам Янавым, сустракаючыся з Майсеем і Ільлёй. Саўл цьвёрда вырашыў сустрэцца з апосталам Пятром, каб падрабязьней распытаць у яго пра гэтую сустрэчу. Пайшоўшы далей, ён, у думках, вяртаўся да свайго служэньня ў Дамаску. Саўл не лічыў свой пабег паразаю. Эвангельле Хрыста займела пэўны ўплыў на юдэяў, шмат паганаў ён прывёў да веры ў Ісуса, а сама царква павялічылася і ўзмацнілася. Зьявіліся ў ёй і лідары, якіх старанна навучаў Саўл, а таму далейшае жыцьцё царквы ўяўлялася яму трывалай і перспектыўнай. Саўл ішоў па дарозе адзін, разумеючы, што гэта ня так, бо з ім быў ягоны Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос. З нейкай іроніяй ён падумаў пра тое, што пяць гадоў таму ён, прадстаўнік першасьвятара, ішоў арыштоўваць тых, хто сёньня, схаваўшы яго ў кашы з пад рыбы, выратавалі яго ад магчымай сьмерці.
Дасягнуўшы Бэтсаіды Саўл не зайшоў у горад, але пайшоў далей да ўзьбярэжжа Галілейскага мора, якое хутка адкрылася перад ім. Сіняя роўнядзь ранішняга мора ўразіла Саўла. Ён павольна пайшоў па дарозе на Капернаум, дзе ўсё дыхала Хрыстом, пачынаючы ад Бэтсаіды, дзе Ён аздаравіў сьляпога. Саўл уяўляў як Ісус ідзе па гэтай дарозе з вучнямі, кажучы ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною». Саўл адносіў гэтыя словы і да сябе. Ён узяў свой крыж і вось зараз ідзе за Ім. І разам з Ім. Падыходзячы да Капернауму Саўл ужо ведаў, што затрымаецца тут на некалькі дзён, каб, хоць крыху, спатоліць смагу больш глыбокага спазнаньня Ісуса Хрыста. Ён зьвяртаўся да Госпада, як і сказана ў кнізе прарока Ераміі: «Пакліч Мяне - і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш». Ісус быў з ім і адказваў яму, паказваючы тых людзей, якія былі сьведкамі Ісуса і маглі распавесьці пра Яго. Саўл смагнуў піць гэтую жывую ваду Ісуса, каб запоўніць усе тыя прарэхі найбольш поўнага веданьня свайго Госпада. Ён цікавіся ўсім, нават і дробязі хвалявалі яго. Яму паказалі дом, дзе жыў Ісус, распавёўшы пры гэтым гісторыю аздараўленьня спараліжаванага, якога сябры, з-за мноства народу, спусьцілі перад Ісусам праз дзіру ў даху. Паказалі яму і мытню, адкуль Ісус паклікаў Левія Алфеявага - Свайго апостала. Акрамя гэтага Саўл пачуў шмат таго, што казаў Ісус да тых, хто слухаў ці зьвяртаўся да Яго.
Прайшоўшы Філатэрыю і Скіфапаль, ён зьвярнуў на Самарыю ў бок Сыхему. Пяць гадоў таму Саўл планаваў пасьля Дамаску і Фінікіі прыйсьці ў Самарыю, каб арыштаваць тамтэйшых пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста. Але зараз ён ішоў сюды, каб разам з імі памаліцца і праславіць Госпада. Ён прыйшоў у Сыхар, дзе сустрэўся з вучнямі Хрыста, сярод якіх была жанчына, якая размаўляла з Ісусам каля крыніцы Якуба, што знаходзілася ля таго самага поля, якое Якуб аддаў свайму сыну Язэпу. Жанчына распавяла яму пра сваю размову з Ісусам, Які адкрыў ёй сутнасьць Свайго служэньня. Уражаны Саўл ужо ня мог паверыць у тое, што калісьці ён быў так рашуча настроены на зьнішчэньне гэтых добрых, і стаўшых яму роднымі, людзей. Праводзіўшы Саўла да знакамітай крыніцы, яны цёпла разьвіталіся з ім. А Саўл пайшоў далей у бок Ерусаліму, праходзячычы Ануафу і Ісану, дзе ён прыпыніўся на начны адпачынак. Аднавіўшы ж свой шлях на сьвітанку, ужо ў поўдзень ён падымаўся да Ерусаліму.
З пакораю, якая так непадобная на ягоную папярэднюю манеру паводзіць сябе ў гэтым сьвятым горадзе, ён увайшоў у Ерусалім. Знайсьці вучняў Хрыста не ўяўляла для яго вялікай складанасьці, бо ён цудоўна ведаў дзе яны жывуць і дзе зьбіраюцца на служэньні, каб праславіць Ісуса Хрыста. Знайшоўшы прытулак і адпачнуўшы, ён прыйшоў на сход прыхільнікаў Ісуса. Пасьля малітвы праслаўленьня, Саўл, хвалюючыся, выйшаў наперад і распавёў усё тое, што адбылося з ім на падыходзе да Дамаску, калі ён сустрэў Ісуса Хрыста. Ён адракаўся ад таго старога жыцьця і дзякаваў Госпаду, што Ён даў яму жыцьцё новае, каб быць разам з імі, ягонымі братамі і сёстрамі.
Розныя позіркі адчуў на сабе Саўл: ад шчырых і ветлівых да сур’ёзных і недаверлівых, бо многія баяліся яго, ня верачы ў тое, што ён ёсьць вучнем Ісуса Хрыста. Саўл не чакаў гэтага, але яго і не зьдзіўляла тое, што большасьць успрыняла яго даволі прахалодна, але гэта было і ня дзіўна, бо ён прынёс калісьці гэтым людзям гора і шмат хто пакутваў з-за яго. Ён раптоўна зьнік для іх на пяць гадоў, як раптоўна і зьявіўся. З чым ён прыйшоў і ці не падасланы ён да іх, каб працягнуць сваю нядобрую справу? Саўл быў у адчаі, адчуваючы, што, ў значнай ступені, ён стаўся адпрэчаным як сваімі мінулымі сябрамі, так і мінулымі ворагамі. Адчуваючы пэўнае адзіноцтва ў гэтым горадзе, ён ня меў нічога, апроч абяцаньняў Ісуса і прысутнасьці Духа Сьвятога. Але ці мала табе гэтага Саўл?
Свидетельство о публикации №226013001985