Божий Заместитель

IV. БОЖЫ ЗАМЯШЧАЛЬНІК


Мы працягваем разгляданьне тэмы адкупленьня, характэрнай асаблівасьцю якой зьяўляецца асоба Ісуса Хрыста. Але чаму ўзьнікае патрэба вызначэньня прышэсьця Ісуса Хрыста? Ці не таму, што гэта зьвязана з нашым вечным будучым? Што чакае нас: вечнае жыцьцё з Госпадам ці вечныя пакуты без Яго? Гэта вельмі важныя пытаньні ў жыцьці кожнага чалавека. Іншая справа, што далёка ня кожны чалавек хоча адказваць на іх, бо жыве вераю ў багоў спажывецтва і таму ня хоча дапускаць сюды Госпада, каб не парушыць тыя ідэялы, на якіх выхаваны цэлыя пакаленьні бязбожных людзей. Але, як бы не разважалі гэтыя людзі, праўда адзіная і яна знаходзіцца ня ў тых няверуючых людзях, а толькі ў Тым, Хто стварыў неба і зямлю і тое, што ў іх.

Апостал Павал адказвае на гэтыя пытаньні, бо кажа пра грэшнасьць гэтага сьвету і магчымасьць пераадоліць гэтыя цяжкасьці Божай праведнасьцю і адкупленьнем. Але, ўсё па парадку.

«Як напісана: “Няма праведнага аніводнага; няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога. Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнага. Горла іхняе – магіла адчыненая; языкамі сваімі ашукваюць, атрута зьмяіная на губах іхніх. Вусны іхнія поўныя абмовы і горычы. Ногі іхнія хуткія на праліцьцё крыві, зьнішчэньне і няшчасьце на шляхах іхніх, і шляху супакою яны не пазналі. Няма страху Божага перад вачамі іхнімі”. А мы ведаем, што Закон усё, што гаворыць да тых, якія пад Законам, каб усе вусны былі загароджаныя і ўвесь сьвет стаўся вінаватым перад Богам, бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, бо праз Закон пазнаецца грэх» (Рым 3:10-20). Вось тое, што мы ёсьць у вачах Бога і ніякае самаапраўданьне тут ня дзейнічае, бо мы схільныя на самаўпрыгожваньне і ня здольныя палепшыцца сваімі жаданьнямі. Мы бачым цемру, у якой мы апынуліся ў выніку дзеяньня грэху.

Але, надзею дае нам апостал Павал калі кажа: «А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў, праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх, якія вераць; бо няма розьніцы, бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае» (Рым 3:21-23). Зьвярнем увагу на словы апостала: «А цяпер». Што гэта як ня добрая вестка, якая нясе ў сабе захапленьне ад таго, што справа наша не безнадзейная, бо ёсьць выйсьце праз веру ў Ісуса Хрыста. Павал адразу кажа пра наш незайздросны стан, але потым кажа: «А цяпер».

Незайздросны стан нашага існаваньня мяркуе быць тым станам, які патрабуе да сябе хуткую медыцынскую дапамогу. Але хто Доктар? Доктар Ісус дапаможа кожнаму, хто зьвернецца да Яго і праўдзіва давядзе Яму пра свае недамаганьні. Ці хворы я, падумае нехта? І чаму я, здаровы чалавек, павінен ісьці да Ісуса Хрыста, каб атрымаць аздараўленьне? Так, да Хрыста ідуць хворыя, хворыя на грэх, і калі нехта не зразумее, што ён безнадзейна хворы і ня пойдзе да Доктара Хрыста, дык ягоная хвароба прывядзе яго да вечных пакутаў у пекле.

Розныя рэлігіі сьвету падтрымліваюць тую думку, што толькі дзеі чалавека сёньня здольныя даць яму збаўленьне ў будучым жыцьці. Але, нават і ня ўсе, бо як вымераць грэх, напрыклад у індусаў, якія лічаць, што Божае стварэньне ня можа называцца грэшным, таму што яно Божае. Чаму так выходзіць? Ці не таму, што людзі ня хочуць распранацца перад Богам. Сэрцам распранацца. Ім сорамна. І таму яны намагаюцца падмануць ня толькі сваё сумленьне, але і Таго, Хто даў ім ўсё гэта.

Людзі ня хочуць распранаць сваё сэрца ні перад кім. Так ёсьць у сям’і, так ёсьць у працоўнай суполцы, так ёсьць і з Госпадам. Толькі, Бог ведае і бачыць сэрца кожнага чалавека і ніяк немагчыма падмануць Яго, бо падман Госпада – гэта падман усяго далейшага жыцьця. Жыцьцё чалавека – гэта бруд і пакуль чалавек не зразумее яго і ня ўбачыць сваё бруднае і грахоўнае адзеньне на Ісусе Хрысьце, ён ня можа атрымаць новае адзеньне ад Ісуса Хрыста – адзеньне праведнасьці і сьвятасці.

Апостал Павал паказвае жыцьцё і духоўны стан усіх людзей, якія ёсьць злачынцы перад Госпадам: «І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці,- між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя» (Эф 2:1-3). І вось, Павал нясе добрую вестку збаўленьня і жыцьця ў Ісусе Хрысьце: «Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом,- ласкай вы збаўленыя» (Эф 2:4-5). Гэта ёсьць вестка збаўленьня і пачынаецца яна з абвяшчэньня Таго, Хто праяўляе да нас Сваю вялікую любоў і дае нам уратаваньне праз пакараньне за нас Ісуса Хрыста.

Збаўленьне пачынаецца ад Бога, бо гэта Яго суверэннае права. Не чалавек так вырашыў, бо што можа вырашыць мёртвы па сваіх грахах чалавек? Мёртвыя не вырашаюць. Але Павал паказвае на першакрыніцу збаўленьня: «Бог, багаты міласэрнасьцю». Толькі ў Ім наша надзея на ажыватварэньне і жыцьцё вечнае.

Нашае збаўленьне - ад Бога, але і пакараньне ад Яго. Толькі два дзеяньні з боку Бога адносна нас з вамі. На наш выбар. Ён ці збавіць нас, ці знішчыць. Іншага не дадзена. Нехта скажа: «Калі Бог можа ўсё, дык чаму б Яму не скасаваць другую частку Свайго дзеяньня да нас і не адмяніць пакараньне?» Адказ просты. Сьвятасьць Бога згубіць сэнс, калі грэх ня будзе пакараны. Сьвятасьць Госпада – гэта той неверагодна высокі ўзровень справядлівасьці, які неўспрымае грэх у любой яго праяве. Грэх павінен быць пакараны. Бог палюбіў нас вечнай любоўю, але гэта не адмяняе пакараньня за грэх і ніхто гэтага пазьбегнуць ня можа: «І прайшоў Госпад перад тварам ягоным і абвясьціў: Госпад, Госпад Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны ды праўдзівы, Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства, і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду» (Вых 34:6-7).

Сьвятая прырода Бога павінна пакараць грэх, але Ён, у сьвятасьці Сваёй, чалавекалюбны і мілажальны. Сьвяты Бог сумяшчае гэта: «Вернасьць і ласка сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца. З зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца з неба і Госпад дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой. Прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным» (Пс 84:11-14). Любоў і сьвятасьць не супярэчаць адзін адному, але аб’ядноўваюцца для адзінай мэты – нашага збаўленьня.

Як Богу праявіць Сваю сьвятасьць і не загубіць чалавека? І як Яму праявіць Сваю любоў пры тым, што мы павінны быць пакаранымі? Павінен зьявіцца Замяшчальнік. Любоў Бога ня хоча нас караць і таму Сам Судьдзя прымае на Сябе нашае пакараньне. У нашым разуменьні гэта вельмі складаная сітуацыя. Але Бог ведае выйсьце.

Шахматы. Усе ведаюць гэтую інтэлектуальную гульню. І калі хто рэальна ведае яе, дык можа ўявіць нейкія акалічнасьці гэтага спаборніцтва. Вам абвяшчаюць шах і як вы на гэта рэагуеце? Так, пачынаеце пралічваць розныя варыянты, якія дапамогуць вам пазьбегнуць гэтага непрыемнага становішча. Але ня так у Бога, бо Ён не шукаў варыянтаў збаўленьня чалавека, калі задумаў ягонае стварэньне. Бог ведаў, што чалавек згрэшыць. І ведаў гэта яшчэ да пачатку стварэньня сьвету. І ў сувязі з гэтым пытаньне: «Калі б чалавек ведаў, што ягонае будучае дзіця пасьля нараджэньня здрадзіць яму і будзе ў варожых адносінах з ім, дык хацеў бы ён выпускаць у сьвет гэтае дзіця?» А Бог ведаў, што будучы чалавек здрадзіць Яму і тым ня меньш Ён пачаў ствараць сьвет для таго, хто будзе супраць Яго злачынцам. І ня проста ствараць, а рабіць гэта дасканала і з любоўю, на якую здольны толькі наш Бог. Сьвяты і праведны Бог ведаў пра гэты злачынны «шах» з боку чалавека яшчэ да пачатку стварэньня. Больш таго, дасканалы па прыродзе Бог не пралічвае ніякія варыянты, бо заўсёды мае адзінае правільнае рашэньне.

А зараз, ад умоўных шахматаў пяройдзем да ўмоўнай сферы банкаўскіх адносінаў і таму ўявім сабе наступную схему:


Чалавек Бог Хрыстос
(Даўжнік) (Крэдытор) (Паручальнік).


Калі хто ў сваім жыцьці зьвяртаўся да крэдытаў у банку, дык павінен ведаць правілы крэдытаваньня. Банк дае крэдыт пры наяўнасьці паручальніка. І калі даўжнік ня здольны разьлічыцца з банкам, дык за даўжніка, у поўнай меры, павінен разьлічыцца паручальнік. Заўважым пры гэтым, што паручальнік не прызначаецца банкам, але выступае ў гэтай ролі дабраахвотна.

Па нашай схеме, чалавек атрымлівае крэдыт (жыцьцё і ўсё, што з ім зьвязанае) ад Бога. Пры наяўнасьці паручальніка – Ісуса Хрыста. Як можа чалавек выплаціць крэдыт Госпаду? Так, паслушэнствам. Але ці рэальна такім чынам вярнуць Богу крэдыт? Да яшчэ і з адсоткамі? Не і яшчэ раз не, бо не было яшчэ на зямлі чалавека абсалютна паслухмянага Госпаду. Акрамя паручальніка Ісуса Хрыста: «Нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус» (Геб 7:22). Бог павінен спагнаць наш абавязак і што будзе, калі мы адмовімся ад паручальніка? Так, плаціць будзем мы – сваім жыцьцём, а гэта значыць сьмерцю. І сьмерцю вечнай.

Зараз-жа перанясемся ў сферу ўзаемаадносінаў чалавека і Госпада:


Чалавек Бог Хрыстос
(Вораг) (Пацярпелы бок) (Пасярэднік;
Прымірэнец).
Ім неабходны мір


Чалавек нараджаецца ворагам Бога, бо нясе ў сабе, ад нараджэньня, грэх Адама. Чалавек узбунтаваўся супраць Госпада і кінуў варожы выклік сьвятому і праведнаму Богу. І таму, што Бог не ініцыяваў грэх у чалавеку, а толькі рэагаваў на чалавечае злачынства, можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што Бог – гэта пацярпелы бок у гэтым варагаваньні. Але Бог хоча міру з чалавекам і таму ў гэтым процістаяньні павінен быць Прымірэнец і Пасярэднік. Стары Запавет ужо ў кнізе Быцьця разглядае гэтую праблему: «Не адыдзе скіпетр ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў» (Быц 49:10). Новы Запавет кажа пра тое ж: «Бо адзін Бог, адзін і Пасярэднік паміж Богам і людзьмі - Чалавек Хрыстос Ісус» (1 Цім 2:5).

Дык вось, задача Ісуса Хрыста прымірыць нас з Богам, бо інакш застанецца варожасьць у адносінах паміж чалавекам і Богам. А гэта не на нашую карысьць, бо вядзе нас да вечнай асуды.

Але, як дасягаецца гэты мір? Каб зразумець гэта, мы павінны разглядзець судовае паседжаньне, як магчымасьць збаўленьня чалавека ад будучага гневу Божага.


Чалавек Бог Хрыстос
(Злачынца) (Судзьдзя) (Ахвяра)

Замяшчальнік


«Бо Таго, Які грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай» (2 Кар 5:21).

«Але Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю. І як усім людзям вызначана раз памерці, а пасьля гэтага – суд, гэтак і Хрыстос, раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб панесьці грахі многіх, другі раз бяз грэху будзе зьяўлены дзеля збаўленьня тым, якія чакаюць Яго» (Геб 9:26-28).

Сам Судьдзя, па Сваёй сьвятой любові да нас, узяў на Сябе долю пакараньня нявіннай ахвяры. Ён вызначыў пакараньне грэху і Сам пакараў Свайго Сына. Гэта праява Божай любові, якая ажыцьцявіла Божы гнеў, што выліўся ў поўнай меры на Божага Замяшчальніка. Пісаньне кажа, што Ісус Хрыстос зрабіў гэта адзін раз, каб ачысьціць ад грэху тых, хто паверыць у гэта і аддасьць сваё сэрца і жыцьцё свайму Збаўцу Ісусу Хрысту, ведаючы, што другога разу ня будзе. Другім прышэсьцем Хрыста ачышчэньня ад грэху ўжо ня будзе, але будзе Божы суд без замяшчальнай ахвяры і пакараньне вечнай сьмерцю прымуць на сябе грэшнікі, якія прыйшлі на суд без ахвяры ў Ісусе Хрысьце.

Адкупленьне – гэта гісторыя Хрыста, Які замясьціў Сябе ў ахвяру дзеля нашага збаўленьня.

Збаўленьне – гэта працэс ачышчэньня ад грэху, калі Хрыстос становіцца на месца чалавека і атрымлівае замест яго пакараньне сьмерцю за грэх.

Грэх – гэта дзеяньне чалавека, які хоча стаць на месца Бога.

Вось яна – любоў Бога. Ён павінен пакараць грэшніка за спробу стаць на месца Бога, але хоча збавіць чалавека і таму ставіць Сына на месца чалавека, Які атрымлівае прысуд замест яго. Хрыстос прымае на Сябе кару, якая павінна быць на чалавеку.

Ці жахлівы гнеў Божы? Безумоўна жахлівы. Мы памятаем падзею Гефсіманіі, калі Ісус маліўся перад выданьнем Яго на пакуты: «Тады кажа ім: “Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце са Мною”. І, адыйшоўшы трохі, упаў на аблічча Сваё, молячыся і кажучы: “Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Мяне келіх гэты; аднак не як Я хачу, але як Ты» (Мац 26:38-39). Але Бог не адказаў Ісусу Хрысту. Чаму? Не было іншага шляху да нашага збаўленьня, бо, як мы ўжо казалі вышэй, Бог не пралічвае варыянты, але мае толькі адзінае рашэньне – сьвятое і праведнае.

Гісторыю збаўленьня чалавека ў Ісусе Хрысьце, як будучае выкананьне Божага плану, паказвае ў Старым Запавеце прарок Ісая, які адкрыў гэта прыкладна за 700 гадоў да нараджэньня Ісуса Хрыста. Бог адкрывае нам Сына Свайго, які замясціў нас на крыжы і даў нам збаўленьне ад грэху, а значыць ад сьмерці. Прапануем прачытаць цалкам гэты разьдзел Пісаньня, бо гэта ніколі ня можа быць залішнім: «Госпадзе! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Госпада? Бо Ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі. Няма ў Ім ні выгляду, ні велічы і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго. Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой. Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго. Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы, а мы думалі, што Ён паранены, пакараны і зьнішчаны Богам. Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя. Кара сьвету была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся. Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу,- і Госпад усклаў на Яго грахі ўсіх нас. Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх. Як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх. З вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? Бо Ён адарваны ад зямлі жывых за злачынствы народу Майго перацярпеў сьмерць. Яму выраклі магілу са злодзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо не ўчыніў грэху, і не было маны ў вуснах Ягоных. Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты. Калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Госпада пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай. На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю. Праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сябе панясе. Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да злодзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сябе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам» (Іс 53:1-12).

Ісус Хрыстос панёс наш грэх. Але, што значыць панесьці грэх як ня тое, што быць пакараным за грэх. Наш грэх. Хрыстос узяў на Сябе ўсю болю нашага пакараньня. На Ісуса Хрыста выліўся гнеў Божы, які быў прызначаны нам. Калі мы прыналежым Хрысту, дык гнеў Божы ніколі не кране нас, бо Ён яго выпрабаваў на Галгофе. І ў гэтым сэнс нашага збаўленьня.


Рецензии