Гнев Божий

V. ГНЕЎ БОЖЫ


Адкупленьне – тэма рознабаковая і калі мы разглядаем тэму адкупленьня, дык розныя бакі вывучэньня гэтай тэмы складаюцца ў адзінае цэлае – разуменьне нашага збаўленьня. Зразумела, што, перш за ўсё, гэтыя радкі будуць чытаць людзі веруючыя, а яны, згодна Новага Запавету,– людзі праведныя, бо памілаваныя і апраўданыя Госпадам. Так, веруючы чалавек быў грэшнікам, але ў Ісусе Хрысьце ён стаўся праведным. Чаму так здарылася? Праз гнеў Божы, як вырашэньне вялікай праблемы Бога – адкупіць нас ад сьмерці за нашыя грахі. І таму, мы будзем зараз разважаць пра гнеў Божы, разумеючы, што гэта адно з самых цяжкіх пытаньняў для розума чалавека. Але чаму?

Чалавек вельмі схільны блытаць гнеў чалавечы з гневам Божым. І таму, зьвярнем увагу на звычайны выраз гневу чалавека. Мы можам бачыць самую разнастайную, па негатыўнасьці, рэакцыю на іншага чалавека. Злосьць, ненавісьць, жаданьне помсты і нават радасьць у выпадку пакараньня ці нейкай жыцьцёвай трагедыі таго, на каго выліваецца гнеў чалавека.

Новы Запавет загадвае нам не рабіць гэтага і таму апостал Якуб зьвяртаецца да нас з заклікам прыслухацца да Божае праўды: «Так што браты мае ўлюбёныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі, каб слухаць, павольны, каб гаварыць, павольны на гнеў, бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае. Дзеля гэтага, адкінуўшы ўсякі бруд і празьмернасьць ліхоты, у ціхасьці прыйміце насаджанае слова, якое можа збавіць душы вашыя» (Як 1:19-21). Падкрэсьлім асобна гэтыя словы апостала: «Бо гнеў чалавечы ня чыніць праведнасьці Божае». А калі так, дык гнеў чалавека – гэта грэх. І таму веруючы чалавек не павінен быць нястрыманым і паддавацца гневу, бо гэта ня творыць праўды Божай.

Інакш сярод няверуючых ці тых намінальных хрысьціянаў, якія да Бібліі не зьвяртаюцца і таму ў невуцтве сваім разважаюць ня так, але намагаюцца паставіць гнеў чалавека і гнеў Бога на адзін узровень. Многія людзі не разумеюць, як гэта можа быць, калі Бог, з аднога боку асуджае гнеў чалавека, а з другога – гневаецца Сам. Можа Бог грэшыць, як чалавек? Так разважае чалавек. Але гэта зусім ня так, бо гнеў Божы, у адрозьненьні ад чалавечага,- праведны і чысты.

Так, Бог гневаецца на грэшніка, але ў гневе Бога адсутнічае пачуцьцё асабістай варожасьці да Свайго крыўдзіцеля. Больш таго, гневаючыся на грэшніка, Ён перажывае пачуцьцё спачуваньня і любові.

Бог ёсьць любоў. Так кажа Біблія. І нідзе не напісана, што Бог ёсьць гнеў. Так, Ён гневаецца на праявы грэху, але гэта ня ёсьць Божай уласьцівасьцю, бо галоўны атрыбут Бога – сьвятасьць. Божы гнеў мае безасабісты характар, бо Бог не адчувае ніякага задавальненьня ад пакараньня абсалютна кожнага чалавека. Бог спачувае грэшніку, бо любіць кожнае Сваё стварэньне.

Вельмі часта, сярод людзей узьнікае пытаньне: «А чаго ў Богу больш – любові ці гневу?» Можа хто і павядзецца на гэтае пытаньне і згодна свайго чалавечага разуменьня пачне падзяляць прыроду Бога на нейкія адсоткі любові і гневу. Але Біблія кажа, што Бог ёсьць любоў, якая ёсьць першапачатковым станам Бога. Ісус Хрыстос кажа пра гэта: «Каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо Ты палюбіў Мяне раней заснаваньня сьвету» (Ян 17:24). Бог палюбіў Хрыста раней, чым пачаўся сьвет. І гэта кажа пра тое, што любоў – гэта абсалютны стан існаваньня Айца, Сына і Духа Сьвятога. Гневу не было да стварэньня сьвету. Бо не было грэху. Гнеў – гэта рэакцыя сьвятога Бога на грэх, які быў створаны чалавекам Адамам.

Наогул, слова «сьвяты» не азначае «бязгрэшны», але кажа пра стан аддзяленьня ад людзей. Бог быў сьвяты ад пачатку і Ён духоўна адрозьніваецца ад людзей. Але і веруючы чалавек сьвяты, бо народжаны ў Ісусе Хрысьце і кардынальна адрозьніваецца ад няверуючага, які жыве у грэху Адама.

Бог ёсьць любоў. Паміж Божай любоўю і Божым гневам няма супярэчлівасьці. Гэта ня так, калі нехта думае, што любоў Бога адмяняе суд. Суд абавязкова будзе. Толькі Бог гэты суд бярэ на Сябе. І ў гэтым ёсьць сутнасьць Божай любові да чалавека. Але, што ёсьць гнеў Божы?

Каб зразумець, як узьнік гнеў Бога, трэба вярнуцца да кнігі Быцьця, каб убачыць узьнікненьне грэху і адпаведную рэакцыю Бога на першую праяву грэху з боку Адама. Калі Адам зграшыў, дык ён быў выгнаны з раю: «І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быц 3:24). Бог паставіў херувіма і палымяны меч, каб не дапусьціць Адама да дрэва жыцьця. Вось яна, праява Божага гневу як першая рэакцыя на першы грэх. І любому іншаму нашчадку Адама няма ніякай магчымасьці неяк падмануць ці падкупіць палымяны меч, каб падабрацца да дрэва жыцьця і атрымаць жыцьцё вечнае. Ніхто ня можа прайсьці да дрэва жыцьця і наблізіцца да Бога, калі ня пройдзе праз суд Бога і пакараньне за свае грахі. Але для тых, хто прыходзіць да Бога суд адбыўся і яны атрымалі памілаваньне. А як быць з пакараньнем, запытае нехта? І пакараньне адбылося, бо Бог пакараў Сына Ісуса Хрыста. Вось так, любоўю Божай, адкрываецца шлях да дрэва нашага вечнага жыцьця ў Божай прысутнасьці.

Людзі кажуць, што Бог Старога Запавета – вельмі жорсткі, а ў Новым Запавеце ўсё наадварот. Але гэта зноў ня так, бо і там, і там шмат гаворыцца пра тое, што Бог любіць нас і гневаецца на нас. Божая любоў – гэта не адсутнасьць Божага гневу, а гнеў, што выліты на Ісуса Хрыста, каб памілаваць нас і вярнуць у Сваю прысутнасьць.

Гнеў Божы, як і Божая любоў, малюе ў розуме людзей розныя малюнкі пекла і раю. Калі мы думаем пра пекла, дык розум наш уяўляе нейкае месца, дзе будзе вельмі дрэнна, а рай – гэта нешта вельмі сьветлае, спакойнае і зручнае. Але, чаму ў раі будзе так? Там ня будзе зла. Апостал Ян кажа: «І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чыніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці» (Адк 21:27). Ня будзе там нічога апаганенага, а гэта значыць, што там ня будзе грэху. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што ўвойдуць туды народжаныя ў Хрысьце, а дзеці Адама – грэшнікі, пойдуць у іншае месца, якое называецца пеклам. Бо прыйдзе Судьдзя, Які і разьвядзе усіх людзей па гэтых месцах, - авечак у рай, а казлоў у пекла.

Біблія кажа, што Бог ад пачатку вызначыў для чалавека месца для зямнога жыцьця: «І пасадзіў Госпад Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў» (Быц 2:8). Грэхападзеньне Адама пазбавіла чалавека раю, але Бог хоча вярнуць туды тых, каго Ён прабачыў праз пакараньне сьмерцю Ісуса Хрыста. Бог прапануе Сваю ахвяру і памілаваньне ўсім, але далёка ня ўсе прымуць ахвяру Ісуса Хрыста і таму для тых, хто застаецца ў першым Адаме, падгатавана Госпадам іншае месца – пекла. Так, пекла не прыдумана д’яблам, бо нават і для д’ябла Бог вызначыў гэтае месца: «Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным”» (Мац 25:41). Як ведае Бог, так ведаюць і тыя, хто памілаваны і апраўданы Богам, што многія нашыя блізкія пойдуць менавіта ў пекла. Так, мы ня хочам, каб нашыя блізкія пападалі ў гэтае месца, але, на жаль, яны самі выбіраюць сабе гэты шлях.

Бог вызначыў месца для грэшнікаў. Але ці добра зрабіў Бог, калі падзяліў людзей на казлоў і авечак, каб першым даць пекла, а другім рай? Каб адказаць на гэтае пытаньне, зьвярнемся да прыкладу з жыцьця любога грамадзтва. Любая дзяржава мае асобнае месца для зьняволеных, якое называецца турмою. Людзей, якія парушаюць закон, па рашэньню суда, накіроўваюць у турму. Мы ня будзем зараз казаць пра справядлівасьць чалавечага суду, бо суд чалавечы – гэта ня суд Божы і таму ня можа быць абсалютна справядлівым. Але значную ролю ў ачышчэньні грамадзтва ад злачынцаў ён усё-ж выконвае. Як казаў адзін з герояў вядомай кінастужкі: «Злодзей павінен сядзець у турме». Ці добрая гэта зьява – турма? І так, і не. Так,- таму што па вуліцах ня ходзяць злодзеі, ад якіх зыходзіць небясьпека для жыцьця людзей. Не,- таму што кожны разумее, што турма – гэта такое месца, дзе чалавек адчувае сябе нявольна і няўтульна. Але, яна ёсьць і выконвае сваю станоўчую ролю.

Вось так і з пеклам, якое абмяжоўвае бязбожніка і канчаткова парывае ягоную сувязь з Богам. На вякі вякоў. Пекла – гэта вечная турма, але ў тысячу разоў жахлівей, чым самая жахлівая турма гэтага сьвету. Апостал Ян сказаў, што ня ўвойдзе ў рай нічога апаганенага і таму няхай не зьдзіўляюцца потым тыя, хто не пакаяўся і застаўся злачынцам у вачах Госпада, калі атрымае чын казла і пуцёўку ў пекла.

Мы павінны добра разумець усю веліч Божай любові і ўсю моц Божага гневу. Божая любоў дапамагае нам вярнуцца ў Божую прысутнасьць, дзякуючы менавіта Божаму гневу, які, пры нашым жыцьці, накіроўваецца на Ісуса Хрыста. Але, вельмі незайздроснае становішча чакае таго, хто ў сваім жыцьці не адгукнуўся на праяву Божай любові і адмовіўся ад гэтага вялікага Божага дару – памілаваньня праз укрыжаванага Хрыста замест нас з вамі. А каб зразумець гэта, трэба вывучаць Божае Пісаньне і несьці гэтую праўду іншым лююдзям.

Апостал Павал, вельмі часта зьвяртаецца да тэмы грэху і гневу Божага. Толькі ў сваім пасланьні да Рымлянаў, ён дзесяць разоў кажа пра гнеў Божы, бо хоча даць нам правільнае разуменьне Божага гневу: «Бо я не саромлюся Эвангельля Хрыстовага, бо яго ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, перш юдэю, і грэку. Бо ў Ім адкрываецца праведнасьць Божая ад веры ў веру, як напісана: “А праведны з веры жыць будзе”. Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія праз няправеднасьць праўду стрымліваюць» (Рым 1:16-18). Павал кажа пра адкрыцьцё гневу Божага, які носіць ня толькі часовы і прафілактычны прыжыцьцёвы характар, але мае і будучы, вельмі жахлівы накірунак. Тэма Божага гневу вельмі важная. Нехта з прапаведнікаў сказаў, што гэтая тэма важнейшая за тэму трэцяй сусьветнай вайны, бо тое, што будзе ў будучым, нашмат жахлівей.

Страх перад будучым пакараньнем – аснова многіх рэлігій сьвету і таму, дарэчы, многія атэістычныя плыні кажуць, што страх перад будучым пакараньнем выкарыстоўваецца ў грамадзтве, каб трымаць людзей у паслушэнстве і кіраваць імі. А што тычыцца людзей, дык яны намагаюцца рабіць добрыя справы, каб ня толькі адчуваць сябе добрымі, але і мець надзею на будучае выратаваньне ад пекла. Але ўсё ня так у хрысьціянстве, бо мы ўпэўнены ў тым, што ў сваім жыцьці мы апраўданыя і прынятыя Госпадам і таму ў веруючага чалавека няма страху будучага пакараньня, але ёсьць упэўненасьць, што наш шлях – гэта рай і Божая прысутнасьць.

Тэма будучага гневу Божага – адна з асноўных у Новым Запавеце. Глядзіце, што кажа Ян Хрысьціцель тым, хто фармальным актам хросту хоча пазьбегнуць перспектывы пекла: «А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: “Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу? Учынініце ж плод, годны навяртаньня”» (Мац 3:7-8). Апостал Ян працягвае гэту тэму і кажа пра годны плод пакаянья – веру ў Ісуса Хрыста: «Бо так Бог палюбіў сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16). Ян працягвае гэту тэму і папярэджвае тых, хто ня хоча прымаць Ісуса Хрыста як свайго Збаўцу: «Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім» (Ян 3:36). Таксама і апостал Павал папярэджвае тых хто не скараецца перад Госпадам: «Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага» (Рым 2:5). Вельмі жахліва і небясьпечна ў будучым стаяць перад Госпадам неабчышчаным і наскрозь грэшным.

Усе мы глядзім, які ёсьць Бог адносна нас? Многія людзі разумеюць любоў Бога, як нешта аднабаковае і таму яны кажуць: «Бог мяне палюбіў». Але ўся справа ў тым, што перад гэтым Ісус Хрыстос кажа: «Бог Мяне пакараў». Прарок Ісая казаў пра пакаранага Хрыста яшчэ ў Старым Запавеце: «Але Госпаду заўгодна было напоўніць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты. Калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Госпада пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай. На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю. Праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сябе панясе» (Іс 53:10-11). Вось ён, кошт нашых словаў: «Бог мяне палюбіў». Бог пакараў Ісуса Хрыста за грахі нашыя. Ісус усклікае на крыжы: «Элі, Элі! Лама сабахтані? што значыць: Божа Мой! Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мац 27:46). Гэта і ёсьць пакараньне Ісуса Хрыста. І менавіта таму мы з вамі перажываем Божую любоў.

Мы збаўляемся ад Божага гневу таму, што Ісус Хрыстос забірае гэты гнеў на Сябе: «А Бог Сваю любоў да нас даводзіць тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі грэшнікамі. Дык тым больш цяпер, калі мы апраўданы Крывёю Ягонай, збаўленыя будзем праз Яго ад гневу. Бо калі, будучы ворагамі, мы пагадзіліся з Богам праз сьмерць Сына Яго, шмат больш, пагадзіўшыся, будзем збаўленыя праз жыцьцё Ягонае. І ня толькі гэтае, але таксама хвалімся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэньне» (Рым 5:8-11). Апостал Павал заклікае нас зразумець, што менавіта гнеў Божы дае нам збаўленьне: «Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, а дайце месца гневу, бо напісана: “Мне помста, Я аддам”,- кажа Госпад» (Рым 12:19).

Мы ўсе нарадзіліся ў Адаме і жылі па звычаям гэтага сьвету, а значыць былі мёртвыя па нашых грахах: «І былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя» (Эф 2:3). Апостал Павал заклікае скарыцца перад Госпадам у пакаяньні, каб пазьбегнуць будучага гневу: «Дык мяртвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам, за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці » (Кал 3:5-6). Але Павал ня толькі папярэджвае сыноў непакорнасьці, але і супакойвае тых, хто паслухаўся і зразумеў, што іхняе збаўленьне цалкам залежыць ад гневу Божага, які накірованы не на іх - грэшнікаў, але на Сына Божага. І таму яны, памілаваныя і апраўданыя, могуць не баяцца будучага гневу Бога: «І чакаць з неба Сына Ягонага, Якога Ён узьняў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад гневу, што надыходзіць» (1 Тэс 1:10).

Апостал Павал кажа, што прыжыцьцёва выраватаныя ад будучага гневу Бога павінны спакойна чакаць Ісуса Хрыста, Які прыйдзе, каб утварыць Божы суд. І калі зноў прыйдзе Сын Божы, дык гэта будзе зусім ня так, як пад час Свайго першага прышэсьця. Яно будзе такім, што яго ўбачыць увесь сьвет, бо прыйдзе Леў, Судьдзя і гэты дзень будзе вельмі жахлівым. Для няверуючых, бо веруючых Ён пазбавіў гэтага жахлівага будучага гневу: «Бо Бог не прызначыў нас на гнеў, але на атрыманьне збаўленьня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які памёр за нас,каб мы, ці чуваем, ці сьпім, з Ім разам жылі» (1 Тэс 5:9-10).

Апостал Ян так кажа пра жахлівы час будучага гневу Божага: «І неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і выспа былі зрушаны з месцаў сваіх. І валадары зямныя, і магнаты, і волаты, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах, і кажуць горам і скалам: “Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці, бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?”» (Адк 6:14-17). Жахлівыя радкі нават для веруючага чалавека, хаця гэта сказана для людзей няверуючых. Разваж няверуючы над асабістай перспектывай будучага гневу Божага: «Той будзе піць віно ярасьці Божай, налітае без дамешкаў у келіх гневу Ягонага, і будзе мучацца ў агні і ў сэрцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём, і дым мучэньняў іхніх будзе ўзьнімацца на вякі вякоў, і ня будуць мець супачынку ўдзень і ўначы тыя, якія пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму, і якія атрымалі пазнаку імя ягонага» (Адк 14:10-11). Але, як Ён аднясецца да праведнікаў?

«І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: “Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім. І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула”. І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: “Вось, Я раблю ўсё новае”. І кажа мне: “Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя”» (Адк 21: 3-5).


А зараз, абагульнім вышэй напісанае.

Карціна Эдэма. Упаўшы чалавек і анёл з палаючым мечам, які адрэзаў чалавеку шлях да дрэва жыцьця. Узьнікла праблема грэху і гэта стала праблемай любячага і сьвятога Бога. Грэх павінен быць пакараны, але калі Ён будзе судзіць грэх у чалавеку, дык згубіць лепшае Сваё стварэньне. Бог бачыць, што мы бясьсільныя супраць грэху і Яму дагадзіць ня можам. І таму Бог выносіць прысуд Госпаду Ісусу Хрысту, тым самым збаўляючы нас ад Свайго ж гневу. Так вырашыў Бог. Бог выносіць прысуд і Сам ахвяруе Сынам за нашыя грахі. Сын становіцца пад прысуд. Ён збаўляе нас на Крыжы ад Божага гневу. У выніку гэтага мы і атрымліваем збаўленьне. Мы памілаваны. Мы, але ня Ён. Бог Хрыста не памілаваў, бо замест Яго памілавалі нас. Ісус Хрыстос уваскрос не з-за міласьці Бога, але па Сваёй праведнасьці і беззаганнасьці. Такая вось каштоўная рэч – гнеў Божы, бо калі ён перанакіроўваецца на Ісуса Хрыста, дык для нас адкрываецца другі бок любові і мы купаемся ў ёй, таму што ёсьць разам з намі Той, хто забраў увесь гнеў Божы на Сябе.

І ў гэтым ёсьць сутнасьць збаўленьня.


Рецензии