Милость Бога
Вывучаючы тэму адкупленьня, мы павінны задаць сабе вельмі сур’ёзнае пытаньне: «Як Бог глядзіць на нас?» Чаму гэта трэба? Па той простай прычыне, што, жывучы ў гэтым сьвеце, сучасны чалавек, нават і хрысьціянін, аддае вельмі вялікую ўвагу таму, як глядзіць адзін чалавек на другога. І, асабліва таму, як іншы чалавек глядзіць на нас. Гэта бяда і царквы, бо нашыя паводзіны вельмі часта дыктуюцца думкамі пра тое, як на гэта паглядзяць браты і сёстры. Мы ня кажам пра нейкую неахайнасьць ці дрэнныя словы, бо ў хрысьціянаў гэтага не павінна быць па вызначэньню. Мы кажам пра тое, што людзі павінны, перш за ўсё, разважаць пра тое, як Бог глядзіць на нас. І як Бог глядзіць на грэх? На наш грэх.
Бог рэагуе на наш грэх гневам Сваім. Але гэта ня зло, бо гнеў Божы – гэта не праява нейкага зла, але праява Божай справядлівасьці. Зло – гэта грэх і таму Сьвяты Бог грашыць ня можа, а рэагаваць на грэх павінен. Грэх павінен быць пакараны ў любым выпадку, бо ў гэтым сьвятая сутнасьць Госпада. У апошні дзень Бог зьнішчыць зло, але пакараньне за грэх не адменіцца ніколі і ў гэтым ёсьць праява справядлівасьці Госпада. Апостал Павал кажа, што Божая праўда будзе судзіць нашую няпраўду: «А калі наша няправеднасьць зьяўляе праведнасьць Божую, што скажам? Ці Бог, Які выяўляе гнеў, няправедны? Кажу па чалавечаму. Няхай ня станецца! Бо як жа Бог будзе судзіць сьвет?» (Рым 3:5-6).
Мы ўжо казалі пра гэта, але паўторым яшчэ раз. Гнеў чалавека – гэта ня гнеў Бога і тут ніякага параўнаньня быць ня можа. Гнеў чалавека – гэта выбух негатыўных эмоцый ў розным выглядзе. Відавочна ці схавана, бо ўсё залежыць ад характара чалавека. Але ня так усё з Богам, Які ў гневе Сваім ёсьць спакойны, разважлівы і спачуваючы, бо любіць нас нават і у гневе Сваім. Грэх чалавека выклікае гнеў і, адпаведна, Божае пакараньне, якое ня можа быць адмененым.
Ня кожнаму падабаецца слова «пакараньне», але кожнаму падабаецца слова «любоў». І таму ня кожны чалавек любіць тэму гневу і пакараньня, але з задавальненьнем успрымае тэму ласкі Божай. Так і некаторыя прапаведнікі больш кажуць пра любоў Бога і зусім неахвотна пра Божы гнеў і пакараньне за грэх. Як быццам бы можна падзяліць Бога на добрага і злога. Апостал Ян кажа пра любоў Бога да нас: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае» (Ян 3:16). Але Ян кажа і пра будучы гнеў Божы: «Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае; а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім» (Ян 3:36).
Апостал Павал шмат прапаведуе любоў Бога, але яшчэ больш ён кажа пра гнеў Божы. Нагадаем, што толькі ў сваім Пасланьні да Рымлянаў Павал узгадвае пра гнеў Божы дзесяць разоў. Грэх – гэта выклік Богу і таму рэакцыя сьвятога Бога ёсьць дзеяньне абавязковае. Бог сьвяты і таму ня можа не заўважаць грэх, бо грэх – гэта бунт супраць Бога. Апостал Ян кажа: «Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры» (1 Ян 1:5). Таксама і прарок Абакум: «Чыстым вачам Тваім неўласьціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш» (Абак 1:13). Бог асуджае і карае грэх. Сьвятасьць Бога ня можа пакінуць грэх безпакараным. Ніводная нашая спроба ня можа зрабіць нас угоднымі Яму. Але Бог ня хоча нас губляць і таму дае нам Свайго Сына, Які задаволіць Божую сьвятасьць і справядлівасьць, каб міласьцю Божай вярнуць нам шлях ад грахоўнага жыцьця ў Божую прысутнасьць. Крыж Хрыста – вось адкрыцьцё гневу Божага за грэх, тое адзінае месца, дзе Бог мілуе нас за нашыя злачынствы.
Калі мы чытаем Стары Запавет, дык мусім бачыць ня толькі тое, што Бог карае Свой народ за непаслушэнства, але і тое, што Ён мілуе яго. Але чаму? Ці толькі таму, што Ізраіль – гэта народ, які выбраны Богам? Хутчэй не, чым так. Так,- таму што Ізраіль – гэта выбранец Божы. Не,- таму што грэх – гэта спадарожнік Ізраіля. І таму Бог дае Свой закон, па якому чалавек можа быць памілаваны, але толькі ў тым выпадку, калі ёсьць ахвяра – сьмерць беззаганага ягня. За грэх чалавека нехта павінен быў памерці і таму Бог, каб захаваць чалавека ад сьмерці, вызначыў дзеля гэтага нявінную жывёлу. Бог бачыць сьмерць і таму чалавек атрымлівае прабачэньне за грэх.
Мы ня можам атрымаць міласьці Бога, калі ня будзе замяшчальнай ахвяры. Па Сваёй сьвятой прыродзе, Бог ня можа не заўважаць грэху і таму павінна быць пакараньне за грэх. Бог павінен судзіць грэх, але Ён ня хоча згубіць грэшніка і таму перад намі зьяўляецца Крыж з пакутлівай сьмерцю Божага Сына Ісуса Хрыста. Бязьвіннае Ягня - Ісус Хрыстос, стаўся ахвяраю за ўсіх тых, хто вераю ў гэта атрымае Божую міласьць і апраўданьне за свае грахі.
Кожнаму чалавеку трэба добра ведаць, што вялікі і сьвяты Бог мае ў дачыненьні да нас толькі два дзеяньні на наш выбар. Ён ці збавіць нас, ці зьнішчыць. Іншага ня дадзена. Ісус Хрыстос кажа вучням Сваім, каго трэба баяцца ў сваім жыцьці: «І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне» (Мац 10:28). Ісус Хрыстос вучыць нас каго трэба баяцца. Ні людзей, ні ўлады, але Таго, Хто можа накіраваць нас у пекла.
Калі ёсьць грэх, дык Бог павінен яго пакараць, бо не бывае так, што Бог трошкі параздражняецца і трошкі пакрыўдзіцца, а потым прабачыць. Бог павінен пакараць грэх сьмерцю. І гэта ёсьць гнеў Божы, як рэакцыя на грэх. Бог ці збавіць нас, ці пагубіць. І ўсё залежыць ад таго, як мы ўспрымаем ахвяру Ісуса Хрыста. Як свайго Збаўцу ці ніяк.
У Старым Запавеце забівалі нявіннага жывёльнага ягня, але Новы Запавет кажа пра Ягня Божае, як ахвяру за нас. Калі мы адмаўляем гэтую ахвяру, дык мы ня маем ахвярнай сьмерці, а калі мы ня маем ахвярнай сьмерці, дык мы ня маем міласьці збаўленьня, бо самі станемся сьмерцю.
Падыдзем да Галгофы. Дух пакаяньня прыводзіць нас да Крыжа, каб мы ўбачылі Таго, Хто вісіць на ім. Сын Божы. Божае Ягня – ахвяра за нашыя грахі. Мы бачым, як Ён пакутуе за нас. І калі мы паверым, што гэта ўсё дзеля нас, дык гэтая ахвяра будзе нашай ахвяраю, а сьмерць Ісуса Хрыста на Крыжы, будзе нашай сьмерцю. Гэта плата за наш грэх, бо калі ў нас ня будзе гэтай сьмерці, дык на пакутлівым Крыжы апынемся мы з вамі.
Любоў Бога – гэта пакараньне Сына за нашыя грахі. Гэта ахвяра за нас і калі мы зьвяртаемся да Бога, дык мы кажам Яму, што маем сьмерць Сына за нас. Таму мы і збаўляемся ад сваіх злачынстваў супраць Бога. Але гэта прыдумалі ня мы. Сам Бог вырашае праблему пакараньня чалавека і захаваньня яго ад вечнай сьмерці. Адбываецца суд, на якім, замест нас, прызначаецца да пакараньня Ён – бязьвіннае Божае Ягня. Па выніках гэтага суду Бог мілуе нас, але не Яго. Гнеў Божы ў поўнай меры выліваецца на Сына. Ці жахлівы гнеў Божы? Вельмі жахлівы і няма нічога больш жахлівага, як тое, што чалавек застанецца без ахвяры і стане перад Богам, бо бяз Ісуса Хрыста мы тыя грэшнікі, якія павінны быць зьнішчаныя Богам на вякі вякоў.
Бог сьвяты і таму недаступны для грэшнага чалавека. Прарок Ісая пералічвае імёны Бога і ўсе яны кажуць пра недаступнасьць для грэшніка: «Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, Сьвяты імя Яго: “Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтаксама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых”» (Іс 57:15). Ён Высокі і Ўзьнесены для грэшніка, але ўсё ня так з упакоранымі духам, якія знайшлі ахвяру ў Ісусе Хрысьце. Бог жыве разам з імі, бо маючы прабачэньне, яны атрымалі такі вялікі прывілей – быць у Божай прысутнасьці. Але вернемся да недаступнасьці Госпада як немагчымасьці для грэшніка нават і набліжацца да Яго.
«І сказаў Госпад Майсею: “Сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія з яго, а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб не загубіў іх Госпад”. І сказаў Майсей Госпаду: “Ня можа народ узысьці на гару Сынай, бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: “Правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе”» (Вых 19:21-23). Навошта Майсей праводзіў рысу з усіх бакоў гары Сынай? Дзеля таго, каб грэшны чалавек не загінуў ад недазволенага набліжэньня да Бога, бо Ён вымушаны рэагаваць на набліжэньне грэху. Майсей кажа пра сьвяцілішча – скінію, да якой мог падыйсьці толькі першасьвятар, да і толькі адзін раз на год. Кажуць, што калі першасьвятар набліжаўся да скініі, дык яму за нагу вязалі вяроўку. На ўсякі выпадак. Бо калі б што-небудзь здарылася з першасьвятаром, дык хто б адважыўся зайсьці ў гэты пакой і вынесьці першасьвятара? Ніхто не хацеў паміраць. Але чаму Бог аддзяляе Сябе?
Ён разумее, што калі грэшнік кранецца сьвятасьці Бога, дык адразу ж навечна загіне. Бог аддзяліў Сябе заслонаю дзеля таго, каб захаваць грэшніка, бо Ён любіць яго і спадзяецца на тое, што грэшны чалавек упакорыцца духам і прыме ад Бога ахвяру за свае грахі. Новы Запавет кажа, што калі Божае Ягня было пакаранае і ўсьмерцілася Госпадам, дык заслона разадралася і тыя, хто паверыў у Ісуса Хрыста, атрымалі дазвол наблізіцца да Госпада і быць у Ягонай прысутнасьці.
Але тут ёсьць і небясьпека, бо многія сучасныя хрысьціяне занадта лёгка ставяцца да адкупленьня. Яны, у той ці іншай ступені, пачынаюць праяўляць фамільярнасьць да Бога і спрабаваць карыстацца Ім, бо пачынаюць прасіць у Яго тое, што не патрэбна прасіць. Мы ня можам ставіцца да Бога, як да блізкага сябрука і па сяброўскі хлопаючы Яго па плячу, прасіць усё, што пажадаем. Бог гэтага ня любіць. Ён нам не слуга і ня трэба рабіць так, як апостал Пётр адказваў на прапанову Ісуса Хрыста абмыць яму ногі: «Госпадзе, ня толькі ногі мае, але рукі, і галаву» (Ян 13:9). І ў сувязі з гэтым трэба добра засвоіць і заўсёды памятаць, што Бог па-ранейшаму застаецца Высокім і Ўзвышаным, бо Ён – Валадар, Які будзе судзіць сьвет і Які вылье ўвесь Свой гнеў на тых, хто перад Ім не скарыўся. Але скораныя і памілаваныя пазьбегнуць будучага Божага гневу. Чаму?
Таму што веруючы чалавек ужо пры сваім жыцьці прайшоў суд Божы ў Ісусе Хрысьце, Які атрымаў ад Айца пакараньне за нашыя грахі, каб мы былі апраўданыя перад Ім. Бог ня будзе судзіць двойчы, падобна таму, як полымя прайшоўшы па зямлі не выпальвае двойчы. Калі мы прыйдзем да Бога з ахвярным Ягнём, дык мы вызваляемся ад суду, бо ўжо перажылі суд у Сыне Божым. У гэтым і ёсьць міласьць Бога да тых, хто аднойчы перажыў і прыняў сьмерць Ягонага Адзінароднага Сына. Мы сустракаемся з любоўю Бога, бо справядлівасьць у тым, што мы атрымалі ахвяру за грэх Адама ў Сыне Божым. Мы сустракаемся з справядлівасьцю Божай і атрымліваем міласьць за веру ў ахвярнае пакараньне за нас Ісуса Хрыста.
Бог збаўляе нас на Крыжы ад Самога Сябе, калі аддае на ахвярныя пакуты Свайго Сына. Гэта план Бога і Ён вырашыў так яшчэ да пачатку ўсяго. Айцец зьвяртаецца да Сына і даручае Яму гэтыя ахвярныя пакуты. Ён вырашыў стварыць чалавека, але бачыў наперад, што чалавек згрэшыць і таму здрадзіць Госпаду. Але непасрэдна пакараўшы грэх існуе вялікая небясьпека – згубіць тое, дзеля чаго ствараўся ўвесь сусьвет. Бог ведаў, што грэх прыдзецца судзіць. Але як судзіць грэх, каб захаваць чалавека? Так нараджаецца план Бога – судзіць Сына за грахі будучага чалавека. Але гэта ніяк ня кажа пра тое, што Айцец злы, а Сын добры. Не, бо Сын пайшоў на пакуты за нас ня дзеля таго, каб нейкім чынам задобрыць Айца. Бог робіць гэта з-за любові да нас і дзеля нашага захаваньня. План Бога з таго і складаецца, каб праз прышэсьце ў сьвет Ісуса Хрыста і ахвяраваньня жыцьця, Бог збавіць чалавека ад суда за грэх Адама і вярне чалавека ў Сваю прысутнасьць. А дзе быў д’ябал і якая ягоная роля ў гэтай Божай гісторыі збаўленьня чалавека ад вечных пакутаў?
«І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных – сем дыядэмаў, і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе» (Адк 12:3-4). Д’ябал ад пачатку меў сваім намерам зьнішчыць Ісуса Хрыста, але на працягу ўсяго старазапаветнага часу яму так і не ўдалося гэтага зрабіць. Хаця ён выкарыстаў Каіна для забойства Абэля, але тым ня меньш ён ня мог пашкодзіць Сіфу, які нарадзіўся ў Адама і Евы, а тым самым і таму радаводу, які прывёў нас да Ісуса Хрыста. Пагібель сьвету, пад час патопу, ня зьдзейсьнілася, бо праведны Ной і ягоная сям’я захавалі семя чалавека і праз аднаго з сыноў Ноя працягнуўся ланцуг жыцьця да чаканага Мэсіі. Вельмі спадзяваўся д’ябал на тое, што Абрагам заб’е Ісаака, але і гэтага ня здарылася. Народ Божы Ізраіль ня згаснуў у Егіпце, але памножыўся і атрымаў зямлю абяцаную. Колькі разоў Давід быў у сьмяротнай небясьпецы, але Бог захаваў яго, бо менавіта праз Давіда ішоў радавод Хрыста.
Калі нарадзіўся Ісус Хрыстос, дык д’ябал дзейнічаў праз Ірада, але так і ня змог зьнішчыць Божага Сына – немаўлятку Ісуса. Ісус Хрыстос на Крыжы перамог сьмерць, а значыць і д’ябла. І ўсё гэта азначае, што той чалавек, які прыняў ад Хрыста ахвяру, ужо непадуладны д’яблу і д’ябал – гэта ўжо не праблема, бо яму ўжо даўно падгатаванае месца, якое называецца пеклам. Спробы д’ябла зьнішычць радавод Хрыста, а потым і Яго Самога, не прынеслі яму ніякага посьпеху, але засталася хвароба ў сэрцы чалавека, якая атручвае ўвесь сьвет. Гэтая хвароба называецца грахом.
Сучасны сьвет ужо звыкся да такога злачынства як тэррарызм. Дык вось, уявім сабе, што нейкі тэррарыст выкарыстаў біялагічную зброю, каб атруціць пэўную частку насельніцтва нейкай дзяржавы. Як ў гэтым выпадку дзейнічае ўрад гэтай краіны? Так, ён адшуквае злачынцу і карае яго. Але ці вырашана гэтым праблема? Безумоўна не. І таму кіраўнікі дзяржавы пачынаюць думаць, як выкараніць гэты біялагічны вірус. Д’ябал, як тэррарыст, спакусіў чалавека Адама і гэтым самым даў пачатак распаўсюджваньню самага страшнага вірусу сьвету - вірусу грэху. Бог ня зьнішчыў д’ябла ў Эдэмскім садзе, бо гэта ўжо б не зьняло праблемы вірусу грэху. І таму Бог прыводзіць у дзеяньне Свой план па збаўленьню чалавека ад гэтай атруты, калі кажа спакусіцелю: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе. Яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быц 3:15). Процістаяньне Ісуса Хрыста і д’ябла было запланавана Богам яшчэ ў Эдэме. Як і перамога Хрыста над сьмерцю, а значыць і грэхам. Крыж Ісуса Хрыста – гэта шлях перамогі для кожнага з нас над грэхам Адама і нараджэньня звыш – у Хрысьце Ісусе.
Сьмерць Хрыста адкрывае нам міласьць Бога і дае нам праведнасьць. І калі мы маем Сына, Які памірае на Крыжы, дык мы маем і ахвяру апраўданьня, а калі не, дык на пакутлівым Крыжы будзем вісець мы, каб сьмерцю быць пакаранымі за свае грахі. Бо заклікаць Госпада да міласьці будзе ўжо позна.
Свидетельство о публикации №226030700854