Жертва Иисуса Христа
Мэта сьмерці Ісуса Хрыста – гэта выдаленьне наступстваў грэху, якія вызначаюцца віной і асудаю. Сьмерць Хрыста адкупае нас ад Божага суда і мае сваім вынікам прабачэньне, выкуп і прымірэньне з Госпадам. Іншымі словамі Бог ахвяруе Сынам, каб выкупіць нас у Самога Сябе, прабачыць нас і прымірыцца з намі.
Каб зразумець веліч ахвяры Ісуса Хрыста, мы павінны ўсьвядоміць тую глыбіню свайго падзеньня, якую мы ўспадкавалі ад першага чалавека Адама. Апостал Павал, у сваіх пасланьнях, не пачынае з асобы Хрыста, але паказвае адразу тое становішча, у якім мы апынуліся і толькі потым разварочвае перад намі карціну збаўленьня ў Ісусе Хрысьце: «І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, — між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, — Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай [Божай] вы збаўленыя, — і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе» (Эф 2:1-7). Якое цудоўнае абяцаньне.
Мы ня можам атрымаць ласкі Божай, пакуль не адчуем глыбіні той пропадзі грэху, у якой апынуліся. Пакуль чалавек не ўсьвядоміць таго, што ён, цалкам збруджаны грэхам і недастойны збаўленьня як дзеяньня Бога, ён і ня можа яго атрымаць. Калі чалавека наогул не хвалюе прабачэньне грэху, ў якім ён жыве і які ім кіруе, дык такога чалавека ніяк не цікавіць вестка пра Збаўцу – Эвангельле. Але рай і пекла падгатаваны. Госпадам. Незалежна ад таго, цікавіць гэта чалавека ці не, але яны будуць адпаведна запоўнены. Ня цяжка здагадацца, што пекла будзе населена перш за ўсё людзьмі, абыякавымі да будучага жыцьця ў вечнасьці. І таму, мы павінны зьвярнуцца да асобы Ісуса Хрыста. Хто Ён для нас?
Заручнік, Пасрэднік і Ахвяра. Ён заручаецца за нас, калі мы мы ў неадплатным абавязку перад Богам. Ён прымірае нас з Ім, ахвяруючы Сабою, каб уратаваць нас ад гневу Божага. Бог ня хоча губляць нас і таму дае нам Замяшчальніка - Ісуса Хрыста, як адзіны шлях да збаўленьня. Але, як мы ўспрымае гэта?
Многія людзі не разумеюць, чаму яны павінны непакоіцца адносна свайго будучага жыцьця ў вечнасьці. А шмат хто, дык і наогул, лічаць, што ніякай вечнасьці няма і таму трэба непакоіцца толькі за жыцьцё ў гэтым сьвеце. Падаецца, што яны будуць вельмі расчараваныя, калі стануць на суд Божы за квітком у пекла. У любым выпадку многія думаюць, што яны не бунтуюць супраць Госпада, бо паводзяць сябе больш меньш прыстойна. Але, узьнікае шэраг пытаньняў: «Калі ты не бунтуеш, дык чаму ты ня з Богам? Чаму ты будуеш сваё жыцьцё па свайму разуменьню, маеш толькі свае асабістыя планы, але не прымаеш планы Божыя? Чаму не падпарадкоўваеш свае планы Божым жаданьням, а сваю волю Божай волі?» Ці гэта ня ёсьць бунт супраць Госпада, калі ты ня хочаш служыць Яму і не скараешся перад Ім, а намагаешся будаваць сваё жыцьцё па свайму асабістаму разуменьню і па законе гэтага сьвету, якім, у большасьці, валодае д’ябал?
Бог бачыць усё гэта, бо няма нічога і нікога, хто мог бы схаваць свае думкі і імкненьне сэрца ад Госпада. Бог мае выбар – збавіць нас ці зьнішчыць. Іншага не дадзена. Бог любіць нас і ня хоча губляць ніводнага чалавека. Але чалавек мае ад Госпада свабодную волю і выбірае сам: ісьці з Ісусам Хрыстом да жыцьця вечнага ці без Яго на вечныя пакуты. Якім жа чынам Ісус Хрыстос збаўляе нас?
Ахвяра. Ён павінен памерці. Ісус Хрыстос памірае, бо Ён становіцца ахвяраю за нас: «І не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы вечнае выбаўленьн» (Геб 9:12). Але, што ёсьць ахвяра і хто яе прыдумаў?
Бог паклаў пачатак ахвярапрынашэньням, калі забіў першую жывёлу ў Эдэмскім садзе. Нагадаем, што, зграшыўшы, Адам і Ева апаясаліся смакоўнымі лісьцінамі і пачалі хавацца ад Бога. Як гэта ўзгадвае сучасных людзей, якія, прыкрыўшы свае грахі смакоўнымі лісьцінамі, хаваюцца ад Бога. Чалавецтва ў гэтым паўтарае Адама, які не прыйшоў да Бога з пакаяньнем, але пачаў перакладаць сваю асабістую віну на іншых. Але, што робіць Бог? Ён забівае жывёлу, каб даць Адаму і Еве скураное адзеньне. Бог забівае жывёлу, бо плата за грэх – гэта сьмерць. Бог ня хоча зьнішчаць тое, што Ён стварыў і таму дае замяшчальную ахвяру, каб захаваць Адама і Еву. Сьвятая прырода Бога ня можа не рэагаваць на праяву грэху і таму павінна была зьявіцца ахвяра, якая б пакрыла скурай сваёю Адама і збавіла Яго ад сьмерці. Наогул, слова ахвяра азначае «пакрываць». Кроў ахвяры пакрывае грэх і дазваляе Богу прабачыць нас. Калі паміж грэшнікам і Богам знаходзіцца ахвяра, дык міласьцівы Бог прабачае нас.
Бог першым прынёс ахвяру за грэх чалавека і потым запаветаваў гэта рабіць чалавеку, каб пазьбегнуць Божага гневу. Але, як быць з ахвяраю Ісуса Хрыста? Хто ахвяраваў Яго на сьмерць? Безумоўна, Бог. Ісус стаўся Ягнём і гэтую ахвяру прыносіць Сам Бог. Для каго прызначалася гэтая ахвяра? Для Бога. Мы часта сустракаем у Пісаньні словы «за», «дзеля» і «замест». І ўсе гэтыя словы накірованы да чалавека. Ісус Хрыстос памірае «за нас», «дзеля нас» і «замест нас». Але ня «для нас», бо Ён памірае «для Бога». Каб гэта зразумець, зьвярнемся да Старога Запавета, калі Бог накіроўвае Майсея да фараона сказаць: «Госпад Бог гебраяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму» (Вых 3:18).
Трэба адзначыць, што наш Бог ня мае патрэбы ў ахвярах, як гэта мае месца ў многіх іншых рэлігіях, дзе багі спажываюць ахвяры. Наш Бог не патрабуе гэтага, але Ён жадае прабачыць нас, а гэта магчыма толькі праз ахвяру. Людзі прыносілі ахвяры, каб атрымаць міласьць Бога і ўміласьцівіць гнеў Божы. Апостал Ян кажа ўсім нам пра ахвяру Ісуса Хрыста, якае мае сусьветнае значэньне: «Дзеткі мае! Пішу вам гэтае, каб вы не грашылі, а калі хто зграшыў, маем Абаронцу перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка. Ён ёсьць перамольваньне за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і за грахі ўсяго сьвет» (1 Ян 2:1-2).
Стары Запавет кажа, што ахвяры трэба было прыносіць у скініі ці потым у храме, а гэта азначае месца прысутнае Госпадам. Вызначаецца таксама і спосаб прынясеньня ахвяры, як акт перадачы грэху чалавека на нявіннае ягня і крапленьне ахвярнай крывёю ахвярніка: «І пакладзе руку сваю на галаву ахвяры за грэх, і заколе яе ў ахвяру за грэх на тым месцы, дзе колюць ахвяру цэласпаленьня; і возьме сьвятар пальцам сваім крыві ад ахвяры за грэх і пакладзе на рогі ахвярніка цэласпаленьня, а астатнюю кроў яго вылье да падножжа ахвярніка; і ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляюць тлушч авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; і так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён зграшыў, і даравана будзе яму» (Ляв 4:33-35).
Новы Запавет кажа нам пра дасканалую ахвяру, якой стаўся Ісус Хрыстос: «Але Хрыстос, Першасьвятар будучых дабротаў, прыйшоўшы з большай і дасканалейшай скініяй, нерукатворнаю, гэта значыць, не таго ўсталяваньня, і ня крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю; аднаго разу ўвайшоў у сьвяцілішча і набыў вечнае адкупленьне. Бо, калі кроў цялят і казлоў і попел ялаўкі праз акрапленьне асьвячае апаганеных, каб чыстае было цела, дык наколькі ж болей Кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе, бездакорнага, Богу, ачысьціць сумленьне нашае ад мёртвых дзеяў, на служэньне Богу жывому і Сапраўднаму!» (Геб 9:11-14).
Ісус Хрыстос ёсьць ахвяра ўміласьціўленьня за нас. Міласьць ад Бога прыходзіць з-за ахвяры. Патрэбна сьмерць. Бог ня мілуе за «блакітныя вочы», але нехта павінен прынесьці Яму ахвяру, каб уміласьцівіць Яго. Ісусам Хрыстом Бог дае нам міласьць Сваю: «У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых» (1 Ян 4:10). Вяртаючыся да Старога Запавета, мы можам пабачыць, як Бог прабачае сяброў Ёва праз ахвяры і малітву Ёва: «Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру; і раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў» (Ёў 42:8). Ці ня так і з намі, калі Бог вызначае за нас Заступніка, Які Сваёй ахвяраю і Сваёю малітваю ўміласьцівіць Бога і выратуе ад гневу Божага нас грэшных.
Але, што ёсьць ахвяра Старога Запавета? Ахвярнае ягня, якое бралі са статку, павінна было пасьвячацца на ахвяру, у адрозьненьні ад той жывёліны, якую рэзалі дзеля ежы. Ахвярнае ягня пасьвячалася на ахвяру і павінна было зьяднацца з чалавекам. Якім чынам? Грэхам, які павінен быў перадавацца ад чалавека да ахвяры. Чалавек ускладаў руку на галаву ягняці і толькі ў гэты момант яно станавілася ахвярным, бо ўспрымала на сябе грэх чалавека: «І пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня – і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных; і заколе цяля перад Госпадам; а сыны Ааронавя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу» (Ляв 1:4-5).
Калі ж мы кажам пра Ісуса Хрыста, дык Сам Бог ускладае на Яго Сваю руку і перадае Яму грахі сьвету. Бог робіць Яго ахвяраю за нашыя грахі: «Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, - і Госпад усклаў на Яго грахі ўсіх нас. Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх» (Іс 53:6-7). Так кажа і Ян Хрысьціцель: «Вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету» (Ян 2:29).
Ісусу Хрысту быў залічаны грэх (наш грэх), а нам залічылася праведнасьць (Яго праведнасьць ). І няхай ніхто ня думае інакш, бо сваёй праведнасьці ніхто з нас ня мае ні кроплі. Але, праз ахвяру Ісуса Хрыста, Бог бачыць нас праведнымі, бо паслушэнства Сына лічыць нашым паслушэнствам, а наш грэх лічыць грэхам Ісуса Хрыста. Пры адной умове – мы павінны ў гэта верыць.
Нехта скажа, што гэта зусім несправядліва, калі бязьвінны і паслухмяны перад Айцом Ісус пацярпеў за нас грэшнікаў. Тут няма несправядлівасьці, бо Ісус Хрыстос робіць гэта дабраахвотна, каб прымірыць нас з Богам. Апостал Павал кажа нам пра гэта, але і ня толькі нам, бо зьвяртаецца да ўсіх тых, хто працягвае бунтаваць супраць Госпада, з заклікам замірэньня: «А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня, таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня. Вось мы – пасланцы ў імя Хрыстовае, і як бы Сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам! Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам» (2 Кар 5:18-21). Таксама і апостал Пётр паказвае дабраахвотнасьць ахвяры Ісуса Хрыста: «Ён грахі нашыя Сам узьнёс целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся» (1 Пят 2:24).
Апостал Павал, у сваім першым пасланьні да Карынфянаў кажа, што Ісус Хрыстос ёсьць Пасха наша: «Дык вось, ачысьціце старую закваску, каб сталіся вы новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша Хрыстос, ахвяраваны за нас» (1 Кар 5:7). Ісус Хрыстос ня мог стаць Пасхай, калі б ня быў ахвярай за нашае збаўленьне. Што ёсьць Пасха Выхаду, як не ахвярнае ягня, якое забівалі і кроўю якога мазалі касякі ўваходу ў хату. І гэта ня проста накапаць нейкай крыві, бо кроў павінна быць ахвярнай і якая азначае адданае жыцьцё. Сэнс ахвярнай крыві ў сьмерці, бо інакш яна не працуе. Ісус Хрыстос памірае за нас праліваючы Сваю Кроў і выконвае Божае прызначэньне.
Ахвяры Старога Запавета і дасканалая ахвяра Новага Запавета. У чым розьніца? Ахвярныя жывёлы Старога Запавета ня могуць быць дасканалымі і таму іх забіваюць шмат і шмат разоў. Іх прыносяць людзі. Але ў Новым Запавеце апошнюю ахвяру прыносіць Бог – Сынам Сваім. Калі чалавек упаў, дык Сьвяты Бог аддзяліў ад Сябе грэшнага чалавека, але ня кінуў яго і таму даў яму Свае Запаветы ў якіх і было ўведзена ахвярапрынашэньне. І вось, Новы Запавет Ісуса Хрыста адмяняе недасканаласьць ранейшага ахвяраваньня і дае нам апошнюю і дасканалую ахвяру: Бо Закон, які мае цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць з імі. Бо іначай перасталі б прыносіць іх, бо ўжо ня мелі б сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, аднойчы ачышчаныя. Але праз гэтыя ахвяры штогод узгадваецца пра грахі, бо немагчыма, каб кроў валоў і казлоў забірала грахі. Дзеля гэтага Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: «Ахвяры і дару Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў для Мяне. Цэласпаленьні і ахвяры за грэх Ты не ўпадабаў. Тады Я сказаў: “Вось, іду (на пачатку кнігі напісана пра Мяне) учыніць, Божа, волю Тваю”». Сказаўшы перш, што «ахвяры, і дару, і цэласпаленьняў, і ахвяры за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», а яны прыносяцца паводле Закону, пасьля сказаў: «Вось, іду ўчыніць, Божа, волю Тваю». Касуе першае, каб паставіць другое. Гэтай воляй мы асьвячоныя праз аднакротнае прынясеньне цела Ісуса Хрыста» (Геб 10:1-10).
Ахвяра Хрыста канчаткова задавальняе Бога і ня трэба больш ахвяраў, бо дасканалай ахвяры Ісуса Хрыста хопіць на ўвесь сьвет і на ўсе вякі. І гэта ёсьць вечнае адкупленьне. Ён прынёс Сваю Кроў і таму Бог дае нам вечную міласьць.
Грэх сьвету Бог убачыў на Ісусе Хрысьце і таму Ён мілуе нас. Нам можна ўжо больш не баяцца, бо няма ўжо тых смакоўных лісьцін, за якімі мы хавалі свой грэх, а ёсьць Кроў Ісуса Хрыста, якою мы абмытыя і ачышчаныя. А калі гэта ня так і мы па ранейшаму трымаемся за смакоўныя лісьціны, дык мы ня маем Хрыста, а таму і прабачэньня ад Госпада.
Бог любіць нас і Ён заўсёды верны, бо калі б Ён адмовіў нам у міласьці Сваёй, дык гэта б азначала, што Бог не прыняў ахвяры Ісуса Хрыста. Але ці можа так быць? Ніяк. Бог убачыў Кроў і прыняў ахвяру Сына Свайго і нічога нельга зьмяніць. Хрыстос уваскрос і мы разам з Ім для новага і вечнага жыцьця. Дзякуючы гэтай ахвяры. Слава Госпаду.
Свидетельство о публикации №226030801639