До второго Адама

VII. ДА ДРУГОГА АДАМА


Тэма адкупленьня – гэта тэма, якая падводзіць нас да разуменьня таго, што ж здарылася на крыжы Галгофы 2000 гадоў таму. Гэта вельмі важна, бо ў той час, калі мы зразумеем гэта, перад намі і адкрыюцца тыя бясконцыя патокі ласкі Божай, якіх чакаюць сэрцы людзей.

Многія людзі ведаюць пра Хрыста, як і пра факт сьмерці Ісуса Хрыста на крыжы. Але зусім ня многія ўважліва глядзяць на чалавека Ісуса, Які вісіць на крыжы і памірае ў жудасных пакутах. Чаму пакутліва памірае Той, Хто ня толькі ня меў ніякай віны для ўкрыжаваньня, але і наогул ня меў ніякага грэху? Няма адказу без пытаньня і таму задача кожнага разважлівага чалавека адшукаць яго, бо ад гэтага залежыць будучыня кожнага з нас.

Мы глядзім на крыж і бачым укрыжаванага Ісуса Хрыста. Навошта мы глядзім і што зьвязвае нас і Яго ў гэты момант?

Грэх і пакараньне за яго. Разгарнем Пісаньне і паглядзем на той спосаб збаўленьня ад пакараньня зьмеямі, які даў Бог праз Майсея народу Ізраіля: «І сказаў Госпад Майсею: зрабі сабе зьмея і выставі яго на сьцяг, і ўкушаны, зірнуўшы на яго, застанецца жывы. І зрабіў Майсей меднага зьмея і выставіў яго на сьцяг, і калі зьмяя кусала чалавека, ён, зірнуўшы на меднага зьмея, заставаўся жывым» (Лік 21:8-9). Гэта правобраз Ісуса Хрыста, Які можа збавіць нас ад гібельных укусаў грахоў-зьмеяў, якіх кішмя кішыць вакол нас у гэтым сьвеце і якія запаўзаюць нават і ў сэрца, каб джаліць нас знутры. І калі мы не скарыстаемся гэтай адзінай магчымасьцю і не паглядзем на ўкрыжаванага Ісуса Хрыста, дык загінем навечна.

Вялікі ангельскі прапаведнік XIX стагодьдзя Чарльз Сьперджан, кажучы пра сваё навяртаньне, падкрэсьлівае гэты адзіны шлях да збаўленьня – паглядзець на ўкрыжаванага Хрыста. Ён кажа: «Я ведаў, што ў Бібліі сказана: “Павер у Госпада Ісуса Хрыста, і збавішся ты”. Але я ня ведаў, што значыць верыць у Хрыста». І вось аднойчы, ён зайшоў у маленькую метадысткую царкву, дзе была пропаведзь на словы Пісаньня: «Да Мяне зьвярніцеся (у ангельск. “Паглядзіце на Мяне”), і будзеце збаўленыя, усе канцы зямлі». Ён пачуў словы прапаведніка, які заклікаў ад імя Хрыста: «Паглядзіце на Мяне: крывавыя кроплі пота падаюць з Майго ілба. Паглядзіце на Мяне: Я вішу на крыжы. Паглядзіце! Я памёр, і Мяне пахавалі. Паглядзіце на Мяне: Я ўваскрос. Паглядзіце на Мяне: Я ўзношусь, Я сяджу праваруч Айца. О, паглядзіце на Мяне! Паглядзіце на Мяне!»

А потым ён кажа пра той кульмінацыйны момант, які стаўся перамогай Госпада, Які зьвяртаўся да яго з крыжа праз прапаведніка гэтай царквы: «А потым ён закрычаў так, як могуць крычаць толькі метадысты: “Малады чалавек, паглядзіце на Ісуса Хрыста!” І я паглядзеў. І ў той жа час хмара прайшла, і я ўбачыў сонца. Я мог бы ўстаць і сьпець разам з самымі захопленымі сябрамі гэтага сходу пра каштоўную кроў Хрыста і пра простую веру, якая глядзіць толькі на Ісуса. О, калі б хто-небудзь сказаў мне раней: “Паглядзі з даверам на Хрыста і будзеш збаўлены”».

Грэх Адама зьвязвае нас крыжом Хрыста і каб пазбавіцца грэху, мы павінны зразумець сэнс крыжа. Калі мы падыходзім да ўкрыжаванага Хрыста, дык павінны бачыць ня толькі сам факт укрыжаваньня, але і разгледзець унутраны сэнс сьмерці Ісуса Хрыста. Эвангельлі Новага Запавета падаюць нам гэты факт і гэта можна вобразна параўнаць з фатаграфіяй, але мы павінны зазірнуць унутр яе, як рэнген, што паказвае ўнутранасьць розных рэчаў. І тут мы зьвяртаемся да апостала Паўла, які быў пакліканы Госпадам, каб служыць «рэнгенам» і паказаць нам унутраны зьмест факта ахвярнай сьмерці Ісуса Хрыста. Трэба заўважыць, што апостал Павал не вучыўся каля Хрыста ў асабістай прысутнасьці і нават не сустракаўся з Ім, але менавіта ён быў вызначаны Госпадам, каб адкрыць усім нам сутнасьць крыжа. І таму мы так многа кажам пра грэх і пра ягоную сутнасьць. Але гэта не павінна наводзіць на думку, што грэх – гэта галоўная тэма хрысьціянства. Зусім не, бо галоўная тэма храсьціянства – гэта збаўленьне ад грэху.

«А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх – сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі» (Рым 5:12). Пяты разьдзел пасланьня Паўла да рымлянаў лічыцца цэнтрам усёй Бібліі, бо як раз і канцэнтруе ўвагу на гэтай сувязі паміж безнадзейным становішчам грэшніка і цудоўнай магчымасьцю праз крыж Хрыста набыць збаўленьне і жыцьцё вечнае.

Ад Адама да нас увайшоў грэх. І ня проста ўвайшоў, але ўварваўся, як злодзей урываецца на ліхую справу. А з грэхам – сьмерць, якая прыйшла да ўсіх людзей, усіх нашчадкаў Адама. І калі хто думае інакш, дык няхай адкажа толькі на адно пытаньне: «Чаму ўсе людзі паміраюць?» Сьмерць – гэта пакараньне за грэх і калі нехта адчувае сябе бязгрэшным, дык чаму ён ня будзе жыць вечна? Бог сказаў Адаму: «А з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж з яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш з яго, сьмерцю памрэш» (Быц 2:17). Гэта тычыцца ўсіх нас, бо мы нейкім чынам зьвязаныя з Адамам. І з гэтага вынікае, што кожны чалавек нараджаецца, каб памерці, бо нараджаецца пад уплывам грэхападзеньня Адама. Як гэта не трагічна, але дзіцё, якое нарадзілася пяць хвілін таму – на пяць хвілін ужо наблізілася да сьмерці з-за грэху, які перайшоў да яго ад Адама.

Але далёка ня ўсе людзі згаджаюцца з гэтым і кажуць, што сьмерць – гэта непазьбежная частка жыцьця, пасьля якой, напэўна, нічога ўжо больш і няма. Што гэта, як ня спроба пазьбегнуць пакараньня за свае грахі і нежаданьня прызнаць, што сьмерць – гэта плата за грэх.

Мы грэшнікі. І нарадзіліся імі, бо ня справамі сваімі становімся грэшнікамі, але нараджэньнем у Адаме. Ісус Хрыстос кажа фарысею Мікадыму пра адзіную магчымасьць убачыць Валадарства Божае – гэта нарадзіцца наноў, але не ў Адаме, а ў Духе Сьвятым: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае. Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух. Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш» (Ян 3:5-7). І калі мы разумеем, што мы ёсьць грэшнікі ад нараджэньня, дык павінны разумець і тое, што не адрымаецца ў нас неяк, асабістымі высілкамі, палепшыць сваю грэшную прыроду ад Адама і атрымаць жыцьцё ў Госпадзе. Ніяк, бо нам партабуюцца радыкальныя зьмены, а гэта азначае, што нам патрабуецца новае нараджэньне.

Апостал Павал кажа нам пра другога Адама – Ісуса Хрыста: «Гэтак і напісана: «Стаўся першы чалавек Адам душою жывою», а апошні Адам — дух, які ажыўляе. Але спачатку не духоўнае, але душэўнае; духоўнае пасьля. Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі Чалавек — Госпад з неба» (1 Кар 15:45-47). Вось яна, праўда. Належыць нам памерці ў першым Адаме і нарадзіцца наноў у другім. Як мы былі зьвязаныя грэхам з першым Адамам, так мы будзем зьвязаны ласкай Божай з Адамам другім, бо як грэх нас цалкам сапсаваў, так ласка Божая дасьць нам ацаленьне ад грэху. Але грэшнік ня можа сам сабе дапамагчы, як кажа апостал Павал: «Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?» (Рым 7:24). І толькі зварот да Ісуса Хрыста, Які з ахвярнага крыжа вызваляе нас ад грэху Адама, зьвязвае нас з Сабою і дае нам новае жыцьцё ў Ісусе Хрысьце.

Мы бачым, што грэх – гэта вялікая праблема, якая вырашаецца толькім адным шляхам. Шляхам да Ісуса Хрыста. Але, як знайсьці гэты шлях? Ці можа гэта зрабіць чалавек самастойна? Ніяк ня можа, бо грэх – праблема для чалавека невырашальная. І толькі Бог можа зрабіць тое, што невырашальна чалавеку, бо грэх – гэта праблема Бога, якую Ён хоча вырашыць для кожнага з нас, каб вярнуць нас у Сваю прысутнасьць.

Каб зразумець тую цяжкую і нават безнадзейную сітуацыю, у якой апынуўся чалавек пад уладаю грэху, трэба вызначыць некалькі асьпектаў грэху, якія дэманструюць вельмі сумнае становішча грэшніка.

Грэх заўсёды знаходзіцца перад Богам. Больш таго, ён мае запіс у Бога і няма ніякай магчымасьці пазьбегнуць гэтага запісу. Запіс грэху кожнага з нас пачаўся ад Адама, бо грэх Адама залічваецца на асобны сьпіс кожнага чалавека, які нараджаецца ў гэтым сьвеце.

Грэх чалавека хаваецца за сумленьнем. Спачатку мы грэшым, а потым нас даганяе сумленьне. Што робіць у гэтым выпадку чалавек? Так, ён намагаецца супакоіць яго. І ўсё залежыць ад цяжару грэху, які вызначае сумленьне і якое абвінавачвае чалавека ў тым, што ён зьдзейсьніў. Чалавек пачынае падкупляць сумленьне, каб залагодзіць таго чарвяка, які точыць сэрца чалавека. Дабрачынныя фонды, дапамога іншым людзямі, ды і шмат што яшчэ робяць людзі, якія ўбачылі праз сумленьне свой грэх. Але, якія б добрыя справы не рабіў грэшнік, запіс ягонага грэху зафіксаваны ў Госпада. Грэх знаходзіцца перад Богам і калі нехта хоча добрымі справамі падкупіць Госпада, дык на ягоным рахунку зьявіцца яшчэ адзін запіс: «Спроба падкупіць Бога».

На што толькі ня здольны чалавек, каб супакоіць і падкупіць сумленьне. Можна загубіўшы аднаго, дамагчы тысячы чалавек. Можна абвінаваціць кагосьці ў нейкіх грахах, каб «паменьшыць» на гэтым фоне свае грахі. Мы можам «паменьшыць» свае грахі ў вачах свайго сумленьня і нават у асяродьдзі людзей, але, як апраўдацца перад Богам, Які мае рахунак кожнаму чалавеку з запісам ягоных грахоў?

Грэх знаходзіцца ў целе чалавека як закон грэху: « Таму я знаходжу закон, што, калі хачу рабіць добрае, ёсьць у-ва мне благое. Бо паводле ўнутранага чалавека я захапляюся Законам Божым, а ў членах маіх бачу другі закон, які супрацівіцца закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грэху, які ёсьць у членах маіх. Гаротны я чалавек! Хто выбавіць мяне ад гэтага цела сьмерці?» (Рым 7:21-24). Апостал Павал вось так шчыра прызнаецца: «Гаротны я чалавек! хто выбавіць мяне ад гэтага цела сьмерці?» Сіла закона грэху, які дзейнічае ў чалавеку, мае вельмі вялікую моц і каб адчуць гэтую сілу, трэба выступіць супраць грэху. Лёгка плыць у рэчцы па плыні, але давайце зьменім напрамак і паплывем сураць яе. Ці будзе нам лёгка і як доўга мы зможам пратрымацца нават на адным месцы, перамагаючы плынь? Плынь ракі ўсё роўна возьме над намі перамогу і адкіне нас уніз па плыні. Так і з грэхам, які мацнейшы за нас, бо тыя людзі, якія аднойчы вырашаюць самастойна перамагчы грэх, каб спадабацца Госпаду, маюць месца ісьці ў нікуды. Гэта ёсьць шлях законьніцтва, які нікуды не прыводзіць, бо часьцей за ўсё можна яшчэ болей пакаціцца па плыні ракі грэху.

Мы ўжо казалі, што грэх – гэта праблема Бога, бо чалавек ня ў стане вырашыць гэтае пытаньне. Але, як яго вырашае Бог?

Апостал Павал кажа ўсім нам: «І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі, разуменьнем [зьвернутыя] да злых справаў цяпер пагадзіў ва ўласным целе Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою, калі толькі застаецеся ў веры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служыцелем» (Кал 1:21-23). Вось ён, шлях да праведнасьці – гэта шлях да крыжа Ісуса Хрыста, які мы павінны ўбачыць, бо толькі на ім нашае збаўленьне.

Бог стварыў чалавека для Сваёй славы і таму, мэтаю жыцьця кожнага чалавека павінна быць праслаўленьне Госпада. Грэх жа – гэта адмаўленьне гэтай мэты і зьдзяйсьненьне, няхай і добрых, справаў у імя сваё, але не для славы Божай. І таму Бог глядзіць на нашыя справы і задае пытаньне: «Дзеля якой мэты гэта зроблена?» Грэх – гэта калі мы не жывем для славы Божай і калі ў нас няма матыву праславіць Госпада, дык усе нашыя неблагія справы Ім не прымаюцца.

Ці можа чалавек няверуючы нешта зрабіць для славы Божай? Ніяк, бо ўсё робіць для сябе, а ў славу Божую ня верыць. Таму апостал Павал і кажа: «А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць, і шукальнікам Яго дасьць» (Геб 11:6). Не, Бог ніяк ня супраць добрых спраў, але справы не для Бога не ацэньваюцца Ім, бо гэтыя справы – гэта мёртвыя перад Богам справы. Калі нехта сьцьвярджае, што ён добры, таму што робіць нейкія добрыя справы, няхай прачытае першую і найбольшую Божую запаведзь, пра якую казаў Ісус Хрыстос фарысеям: «Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім» (Мац 22:37). І ўсё стане на свае месцы, бо вызначацца яго адносіны да Госпада, а з гэтым і каштоўнасьць для Госпада спраў чалавека.

Чалавек мае сваю асабістую меру дабра, але галоўная і сапраўдная мера дабра знаходзіцца як раз у Бога. На фоне сваіх асабістых поглядаў, мы можам выглядаць зусім і нядрэнна. Але ў вачах Госпада, па Ягонай шкале, мы цалкам сапсаваныя. Калі мы бяз Бога, дык мы ўсе злодзеі, бо што б мы не рабілі добрае, нам, па Божай шкале, гэта не залічваецца. Апостал Павал кажа, што згодна закону цела ўсе перад Госпадам зьяўляюцца злачынцамі: «Дык што? Ці мы лепшыя? Зусім не! Бо мы ўжо давялі, што і Юдэі, і Грэкі, — усе пад грэхам, як напісана: «Няма праведнага аніводнага; няма таго, хто разумее; няма таго, хто шукае Бога. Усе ўхіліліся, разам нягодныя; няма таго, хто робіць дабро, няма аніводнаг» (Рым 3:9-12).

Бог, безумоўна, спачувае нам. І спачувае з любоўю, бо хоча збавіць нас ад саміх сябе – злачынцаў па нараджэньню ў першым Адаме. Наогул, мы вельмі падобныя на гнілыя яблыкі ў садзе, якія толькі звонку выглядаюць больш меньш прыгожа. Што звычайна робіць чалавек з такімі яблыкамі? Так, ён іх выкідвае ў яму і засыпае зямлёю. Дык вось, у вачах Бога сэрца чалавека – гэта і ёсьць той самы гнілы яблык, які немагчыма неяк падправіць, бо годнае толькі на пагібель. Але Ён любіць нас і таму хоча замяніць гэты нягодны гнілы яблык на новы і здаровы плод. Але, як гэта можа быць? Толькі ў выпадку нараджэньня грэшніка ў Ісусе Хрысьце.

І тут адбываецца цуд, бо народжаны ў Ісусе Хрысьце памірае ў першым Адаме, як той гнілы яблык, але атрымлівае новае жыцьцё і новае сэрца, якое праведнае і сьвятое ў апошнім Адаме – Ісусе Хрысьце. Але цуды на гэтым не закончваюцца, бо наноў народжаны чалавек пачынае разумець, што ўсе ягоныя справы, як дарэчы і жыцьцё ўвогуле, павінны з гэтага моманту праслаўляць Бога, а не самога сябе. Веруючы чалавек пачынае бачыць. І гэта так, бо да гэтага ён быў сьляпы. Духоўна сьляпы. Але зараз усё робіцца для славы Божай, бо калі няма ў нашых справах Госпада – няма і спраў.

Чалавек павінен жыць для славы Божай. Мы ўсе былі мёртвыя ў справах, пакуль Бог не ўмяшаўся ў нашае жыцьцё і не прывёў нас да крыжа Хрыста. Там, на крыжы нашае збаўленьне, бо кроў Хрыста дае нам новае жыцьцё ў другім і апошнім Адаме – Ісусе Хрысьце.


Рецензии