Значение жертвы Иисуса Христа

IX. СЭНС АХВЯРЫ ІСУСА ХРЫСТА


Тэма адкупленьня ёсьць магчымасьць усьведамленьня чалавека бяз Бога і вывучэньне асобы Ісуса Хрыста, як цудоўную і адзіную магчымасьць вярнуцца да Яго. У Ягоную прысутнасьць. Мы вывучаем асобу Ісуса Хрыста, каб зьведаць мажлівасьць і рэальнасьць таго, што Ён і толькі Ён становіцца цэнтрам нашага жыцьця. Але, у чым сэнс ахвяры Ісуса Хрыста, як ахвяры за ўсіх нас?

Вяртаючыся да тэмы ахвяры за грэх, можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што Ісус Хрыстос аб’яднаў у Сабе ўсе ахвярапрынашэньні Старога Запавета. Наогул, ідэя прынесьці плату за свае грахі неўласьцівае чалавеку, але пра гэтае думае Бог. Як атрымаць плату за грэх чалавека, не зрабіўшы шкоды апошняму і не пагубіць яго? Гэта не пытаньне для чалавека, але гэта справа Божая. Чалавек заўсёды хоча ўхіліцца ад платы за грэх, бо гэтая плата ёсьць сьмерць. Так кажа Бог. І таму павінна быць ахвяра, якую павінен прынесьці кожны чалавек. І няма іншага.

Мы пачынаем разумець, што Госпаду, па сутнасьці Сваёй, не патрэбныя ахвяры, але Бог чамусьці патрабаваў іх. Чаму? Таму, што гэта ёсьць плата за грэх. Бог ня можа інакш і таму Ён патрабуе плату. Так, Бог патрабуе ад нас прабачаць адзін аднога, адпускаючы з сэрца свайго бяз усякай адплаты, за правіны аднаго прад адным. І гэта справядліва, бо ня можа грэшны чалавек патрабаваць плату за правіну іншага грэшніка. Але ня так з Богам, бо Ён Сьвяты і таму ня можа пакідаць грэх без пакараньня і адплаты.

Ахвяра Старога Запавета - беззаганнае ягня як ахвяра за грахі. Ахвяра Новага Запавета – дасканалая ахвяра Ісуса Хрыста. Ісус Хрыстос – Божае Ягня, на Якое Бог ускладае ўвесь грэх сьвету. І вось пытаньне: «Якім чынам грахі чалавека перакладаліся на ахвярнае ягняці і якім чынам грахі ўсяго сьвету пераклаліся на Ісуса Хрыста?». Біблія не тлумачыць гэтага, але кажа, што так пастанавіў Бог. Бог Словам Сваім стварыў з нічога ўвесь сьвет і таму Ягоная пастанова пра пераход грэху ад чалавека да ахвяры ёсьць Ягоная пастанова, бо гэта Ягоны клопат пра нас. Так і з Ісусам Хрыстом, на Якога Сам Бог пераклаў усе нашыя грахі і пакараў за ўсіх нас пакутлівай сьмерцю на Крыжы.

Апостал Павал кажа пра крыжовую сьмерць Ісуса Хрыста: «Бо слова пра крыж для пагібельных – юродства ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая!» (1 Кар 1:18). Яшчэ кажа Павал: «А мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для юдэяў камень спатыкненьня, а для элінаў неразумнасьць» (1 Кар 1:23). Калі мы чытаем пра Крыж, мы ўяўляем крыжовую сьмерць і пакуты за ўсіх нас.

Для юдэяў – гэта камень спатыкненьня, а значыць спакуса. Чаму так? Таму што гебраі чакалі Месію, Які збавіць іх ад улады Рыма і адновіць тое слаўнае валадарства, якім валодаў Давід. Але, Ісус Хрыстос прыйшоў не для таго, каб выканаць нейкія палітычныя праблемы Юдэі, а для таго, каб абвесьціць Валадарства Божае. І таму Яго бяруць, як злачынцу і ўкрыжоўваюць, як злачынцу і сярод злачынцаў.

Для элінаў, а гэта значыць для паганаў і няверуючых, пропаведзь Хрыста расьпятага – гэта неразумнасьць. Чаму? Уявім сабе, як першыя хрысьціяне ідуць у сьвет і заклікаюць да пакланеньня ўкрыжаванаму злодзею. Нейкае глупства. І таму, для няверуючага чалавека крыж ня мае прыцягальнага характару. Наадварот, ён адштурхоўвае ад сябе няверуючага і толькі ў лепшым выпадку паміж імі ўсталёўваецца абыякавасьць.

Усё ня так для веруючага чалавека, бо для яго Крыж мае сілу прыцягненьня. Калі мы разважаем пра Крыж, мы знаходзім у ім для сябе ўсё. Тут нашая мудрасьць і тут нашая вера. Тут усе адказы пра чалавека. Тут і сіла, і любоў, і справядлівасьць Божая. Крыж – гэта ахвярная сьмерць Хрыста за нас, як Божыы дар, каб мы мелі жыцьцё вечнае: «Бо расплата за грэх – сьмерць, а дар Божы – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6:23). Крыж – гэта цэнтр хрысьціянства і цэнтр Бібліі. І калі мы не разумеем Крыжа, дык мы не разумеем Бога і не разумеем Бібліі. Бо менавіта таму першая апостальская царква і абрала Крыж, як сымбаль хрысьціянства.

Ісус Хрыстос памёр на Крыжы. І гэта зусім не выпадкова. Няхай ня думае ніхто, што арышт Ісуса – гэта нейкі недагляд вучняў Хрыста ці можа так расклаліся зоркі. А можа, калі б Пётр і сыны Зэвядзеевы не праспалі апошнюю гефсіманскую гадзіну Ісуса Хрыста, дык Ён бы здолеў пазьбегнуць арышту? Але, вернемся ў Гефсіманскі сад і паглядзем на гэты момант. Абараняючы Хрыста, Пётр адсякае мечам вуха першасьвятароваму рабу, а Ісус чамусьці кажа: «Вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць; альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў? як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?» (Мац 26:52-54). Дванаццаць легіёнаў анёлаў – гэта такая Божая сіла, якую немагчыма ўявіць розумам чалавека, але магчыма пагадзіцца, што гэтая сіла ў некалькі хвілін паставіла б на калені ўсю Рымскую імперыю. Але Ісус Хрыстос, выконваючы волю Айца, пайшоў на сьмерць Сам. Дабраахвотна.

Сітуацыя са сьмерцю Ісуса Хрыста выглядае двухбакова. З аднога боку Яго забілі людзі, але з другога, Ён Сам аддаў Сваё жыцьцё: «За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго; ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: маю ўладу аддаць яго і ўладу маю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго» (Ян 10:17-18). Апостал Пётр, на дзень Пяцідзясятніцы, таксама сьведчыць пра гэта: «Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя: Ісуса Назарэя, Мужа, засьведчанага вам ад Бога сіламі і цудамі і азнакамі, якія Бог утварыў праз Яго сярод вас, як і самі ведаеце, Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі; але Бог уваскрэсіў Яго, разарваўшы повязі сьмерці, бо ёй немагчыма было ўтрымаць Яго» (Дзеі 2:22-24).

Новы Запавет 175 разоў кажа пра сьмерць Ісуса Хрыста. І нам трэба разумець, што Ісус Хрыстос не шукаў жыцьця, але шукаў таго моманту сьмерці, калі настане час выкананьня волі Айца. Менавіта пра гэта казалі Ян і Пётр перад сходам сьвятароў і начальнікаў: «Паўсталі валадары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго, бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат з паганамі і народам Ізраільскім, каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая» (Дзеі 4:26-28). Апосталы кажуць, што Ірад, Пілат і пагане, па патрабаваньню юдэяў, рабілі тое, што прадвызначыў рабіць ім Бог. І таму, мы не павінны гневацца на Понція Пілата ці на юдэяў. Так, яны былі беззаконьнікамі, але гэта Айцец аддаў Сына і правызначыў ім зрабіць гэта.

Бог прынёс ахвяру Сынам Сваім за ўсіх нас і таму апостал Павал кажа, што Ягоная сьмерць даруе нам жыцьцё: «Той, Хто Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за усіх нас, як з Ім не даруе нам і усяго?» (Рым 8:32). Ісус Хрыстос ведаў пра Сваю сьмерць і сьмерць крыжовую. Ён быў гатовы прыняць яе, як паслушэнства Айцу: «І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім: вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне» (Мац 26:1-2).

Апошняя вячэра Ісуса Хрыста – гэта жаданьне Ісуса пакінуць у розуме вучняў Сваіх вялікі напамін пра Сваю сьмерць на Крыжы. І таму, ламаньне хлеба для ўсіх нас – гэта ўспамін пра сьмерць Хрыста: «Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Госпада абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе» (1 Кар 11:26). Мы пачынаем разумець, што сэнс місіі Ісуса Хрыста – аддаць Сваё жыцьцё за нас. Гэта ёсьць цэнтр адкупленьня і, наогул, ўсяго хрысьціянскага жыцьця.

Сэнс ахвярнай сьмерці Ісуса Хрыста вельмі каштоўны для разуменьня, бо на гэтым базуецца нашае хрысьціянскае жыцьцё. І гэта тым больш важна таму, што ў сучасным сьвеце існуюць дастаткова тэорый, якія намагаюцца прынізіць ці істотна паменьшыць веліч збаўляльнай ахвяры Ісуса Хрыста.

Адна з такіх тэорый разглядае адкупленьне як добры прыклад для нас, каб мы, гледзячы на Хрыста, паляпшалі сваю чалавечую прыроду. Але ці меў бы гэты прыклад рэальны сэнс, калі б Ісус Хрыстос не памёр бы за нас? Сьмерць дзеля сьмерці? Такое глупства можа нарадзіцца ў розуме чалавека, але толькі ня ў Бога. Бо ці мог Айцец паслаць Свайго Сына на сьмерць, калі б чалавеку не патрэбна было аддаваць плату за грэх?

Іншая тэорыя кажа, што Ісус Хрыстос аддае выкуп д’яблу, бо менавіта д’ябал вызначыў памер платы за нашую свабоду – сьмерць Ісуса Хрыста. Але, Бог д’яблу нічога не павінен, акрамя аднаго – пакараньня. Заўважым, што слова «д’ябал» літаральна азначае «паклёпнік». Ён схіляе нас да грэху, каб мець магчымасьць абвінавачваць і паклёпнічаць на нас, падводзячы нас пад асуду і праклёну закона. Менавіта ў гэтым сэнс улады д’ябла над намі. А гэта азначае, што для вызваленьня ад ягонай улады, нам трэба вызваліцца ад праклёну закона. Сэнс сьмерці Ісуса Хрыста ў тым, што Ён адкупіў нас ад праклёну закона і тым самым вызваліў ад рабства, у якім нас утрымліваў д’ябал. Ісус Хрыстос заняў нашае месца і панёс пакараньне за нас, бо ў Ім мы паміраем і ў Ім мы нараджаемся наноў, каб вызваліцца ад рабства грэху. І калі мы нараджаемся ў Ісусе Хрысьце, дык больш ужо непадуладныя грэху, а значыць і сьмерці: «Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: “паглынута сьмерць перамогаю. Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?”. А джала сьмерці – грэх; а сіла грэху – закон. Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом» (1 Кар 15:54-57).

Яшчэ адна тэорыя кажа пра маральнае ўзьдзеяньне сьмерці Ісуса Хрыста, як дэманстрацыя Божай любові да нас. Згодна гэтай тэорыі, не было аб’ектыўнай неабходнасьці у сьмерці Хрыста, бо Бог мог прабачыць нас і бяз сьмерці Ісуса. Але, як у гэтым выпадку ставіцца да сьмерці Ісуса Хрыста – як да дэманстрацыі Божай любові ці як да праявы безразважлівасьці? Ці ўласьціва гэта Богу? Сьмерць Хрыста – гэта цудоўная дэманстрацыя Божай любові і вялікі заклік да пакаяньня і веры ў адказ на гэтую Божую ласку. Мы былі згубленыя, а Бог праяўляе клопат за нашае незайздроснае становішча і прапануе Свайго Сына ў якасьці ахвяры, каб вызваліць нас ад грахоў і дараваць нам новае жыцьцё у Ісусе Хрысьце. Але, хопіць тэорый.

Крыж – вось адкрыцьцё Божай любові да нас. Сам па сабе Крыж не напаўняе любоўю Бога, але Бог напаўняе любоўю Крыж. Божая любоў да нас праяўляецца не ў прышэсьці ў сьвет Ісуса Хрыста, але ў Ягонай сьмерці. Ахвярнай сьмерці. Наогул, уся сістэма ахвярапрынашэньняў Старога Запавета выходзіць з міласьці Божай да чалавека. Ахвяра Ісуса Хрыста – гэта вышэйшая праява Божай міласьці і любові да нас. Мы ведаем, што чалавек ня можа наблізіцца да Бога з-за грэху, а Бог ня можа наблізіцца да нас з-за Сваёй сьвятасьці. І вось, Ісус Хрыстос памірае дзеля таго, каб наблізіць чалавека да Бога, бо Ён Сваёй ахвяраю умілажальвае Айца, каб даць нам прабачэньне.

Апостал Павал кажа, што толькі дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста, мы здольныя атрымаць апраўданьне: «А цяпер, незалежна ад Закону, зьяўлена праведнасьць Божая, засьведчаная праз Закон і Прарокаў, праведнасьць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх тых, якія вераць; бо няма розьніцы, бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божае, атрымліваючы апраўданьне дарма ласкай Ягонай праз адкупленьне ў Хрысьце Ісусе, Якога Бог пастанавіў быць ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у час цярплівасьці Божае, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй у цяперашні час, каб быў Ён праведны і апраўдваў таго, хто верыць у Ісуса» (Рым 3:21-26). Бог вызначыў Ісуса Хрыста ў ахвяру за нас. Не для д’ябла, але для Айца, бо сэнс ахвярнай сьмерці Хрыста – сьмерць за нас, дзеля нас і для Айца.

Ісус Хрыстос нарадзіўся, каб памерці за нас і дзеля нас. Ён мэтанакіравана ішоў да гэтага і Крыж зьяўляецца перад намі не з-за гневу людзей ці пагарды Рыма. Айцец аддаў Яго на сьмерць, а Сын Сам пайшоў, каб быць укрыжаваным. Усім нам вельмі важна разумець, чаму Ісус Хрыстос апынуўся на Крыжы.

Крыж стаіць паміж Богам і намі. Калі ён прыцягвае нас, дык мы набліжаемся да Бога і праз крыжовую сьмерць Ісуса Хрыста ўваходзім у Божую прысутнасьць. Калі ж ён адштурхоўвае чалавека, дык гэта азначае толькі тое, што чалавек па-ранейшаму знаходзіцца ў стане варожасьці да Бога і пакланяецца сьвету д’ябла.

Звычайна людзі глядзяць на Крыж, як на нешта зробленае чалавекам, бо менавіта людзі змайстравалі яго і прыбілі да яго цвікамі Ісуса Хрыста, ды яшчэ і ўзялі адказнасьць за гэта: «І адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых» (Мац 27:25). Але гэта ня так, бо Сам Бог паставіў гэты Крыж паміж Сабой і намі, каб мы, на сваім баку, зразумелі гэты вялікі сэнс ахвяры Ісуса Хрыста. Бо калі мы зразумеем крыжовыя падзеі на гэтым баку, дык мы зразумеем Біблію і Бога на другім баку Крыжа.

Ці павінны мы шкадаваць Ісуса Хрыста ў Ягонай пакутлівай сьмерці? Ісус Хрыстос Сваім жыцьцём і сьмерцю загадвае нам не шкадаваць Яго, але радавацца, бо на Крыжы Ён перамог наш грэх і дзеля гэтага памёр, каб потым уваскрэснуць. Мы павінны дзякаваць Айца за сьмерць Сына, бо калі б гэтага не было, дык мы не атрымалі б прабачэньня і жыцьця вечнага. Існуе толькі адзін шлях да збаўленьня – праз ласку Божую, а дакладней – праз смерць Ісуса Хрыста, якая мае бясконцую каштоўнасьць і пакрывае грахі ўсіх людзей у-ва ўсе часы.

Да збаўленьня нельга падыходзіць лёгкадумна. Гэта свабодны, але і вельмі каштоўны дар, атрыманы коштам найвышэйшай ахвяры Бога. Нам трэба быць вельмі ўдзячнымі за тое, што Ён зрабіў дзеля нас: «У тым любоў, што ня мы палюбілі Бога, а Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго, каб умілажаліцца з грахоў нашых» (1 Ян 4:10).


Рецензии