Цена нашего выкупа

X. КОШТ НАШАГА ВЫКУПУ


Калі мы вывучаем тэму адкупленьня, дык павінны ведаць тое, што Бог зрабіў для нас. Ня тое, што Ён павінен зрабіць, але тое, што Ён ужо зрабіў для ўсіх нас. Гэта вельмі важнае пытаньне, бо ад таго, як мы бачым сутнасьць Крыжа, залежыць разуменьне нашага збаўленьня. Калі мы бачым Сына Божага на Крыжы, нас могуць адольваць розныя пачуцьці. Мы можам выяўляць жаль і спачуваньне, а можам у радасьці пакланяцца Яму. І мы ня можам рабіць гэта адначасова, бо той, хто з жалем глядзіць на пакуты Хрыста, ня ведае сутнасьці Ягонага намеру, а той, хто пакланяецца Яму, той радуецца і дзякуе Ісуса Хрыста за гэтую ахвяру дзеля нашага збаўленьня.

Але вось, перад намі Крыж, на якім вісіць прыбіты цьвікамі Сын Божы. Першая рэакцыя чалавека на гэтую пакутлівую карціну – гэта жаль і пралітыя сьлёзы: «І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім» (Лук 23:27). Мы бачым нявіннага Чалавека, Які пакутуе на Крыжы. Мы адчуваем, што маці губляе Сына, а родныя – старэйшага ў сям’і. Вучні губляюць Настаўніка і наогул, хто застанецца абыякавым пры выглядзе Чалавека, працьцятага па руках і нагах цьвікамі да дрэва. Вельмі сумнае гледзішча. Але, гэта зьнешні бок таго, што мы бачым, бо нават і блізкія людзі не маглі прыняць гэтага, нягледзячы на тое, што Ісус неаднаразова казаў ім пра гэта: «І адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою» (Мац 16:22). Мы памятаем, як Ісус заўважыў Пятру пра тое, што ён думае пра чалавечае, а не пра Божае. Нават і апосталы не зразумелі ахвярнай сутнасьці сьмерці Хрыста, пакуль уваскрослы Ісус не зьявіўся сярод людзей, каб сьведчыць пра Сябе і ў Духе Сьвятым даць ім разуменьне любові Бога, якая адкрылася ў збаўленьні праз ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста.

Ісус Хрыстос Сам пайшоў на Крыж і мы дзякуем Яму, што Ён памёр за нас. І гэта ніякая не выпадковасьць, бо Ён, у кожнадзённым Сваім служэньні, рухаўся да Крыжа. Мы павінны радавацца Крыжу і калі мы зразумеем, дзеля чаго Ісус быў укрыжаваны, дык гэта азначае, што мы зразумеем і адкупленьне. Але, як гэтага дасягнуць?

Для юдэяў Ён быў несапраўдным Месіей, бо не прынёс свабоды ад Рыма і таму яны, тыя што ўрачыста сустракалі Яго пры ўваходзе ў Ерусалім, на трэці дзень запаняверыліся. Для юдэяў служэньне Хрыста скончылася так і не пачаўшыся. Няўдачнік – адзін з тых многіх, што неаднаразова ўжо прыходзілі ў сьвет. І таму яны аддалі Яго на ганебнае пакараньне: «Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго! Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго» (Мар 15:13-14). Ганебная сьмерць на крыжы – гэта сьмерць злачынцы супраць Рыма. І вось гэтую сьмерць хрысьціяне называюць радаснай. Гебраі гэтага не зразумелі.

Але факт быў і гэта ёсьць гісторыя, якая нікім не адмаўляецца. Ісус Хрыстос жыў у першым стагодзьдзі і быў укрыжаваны пры Понціі Пілаце. Крыж – гэта гісторыя, якая ёсьць фактычным падмуракам хрысьціянства. Ня нейкае напісанае вучэньне пра Ісуса Хрыста, але сапраўдная гісторыя жыцьця, сьмерці і ўваскрасеньня нашага Госпада, якая і вызначыла нашую хрысьціянскую веру.

Вернемся ж да вучняў Ісуса Хрыста, якія ходзяць і прапаведаваюць укрыжаванага чалавека за Госпада. Дзіўныя людзі, бо хто зразумее іх? Але вынік неверагодны. Пагане будуць упакораны Эвангельлем, бо павераць гэтай непрыдуманай гісторыі. Вучні Хрыста, якія разьбегліся ў момант арышту і сьмерці Ісуса, неверагодным чынам знайшлі ў сабе вялікую сілу, каб прапаведаваць Яго. Чаму гэта так? Ці не таму, што ўваскрасеньне на самой справе было, як было і зьяўленьне ўваскрослага Ісуса Хрыста многім людзям? Гэта ёсьць гістарычны факт, які немагчыма адкінуць ці не заўважыць. Сын памёр за нас грэшных, бо Бог любіць нас ад пачатку. Любоў Бога прывяла Хрыста на Крыж і таму мы кажам, што дабраславеньне Госпада спарадзіла Крыж як нашае збаўленьне. Але, якім жа чынам сьмерць Ісуса Хрыста збаўляе нас і вяртае ў Божую прысутнасьць?

Мы кажам пра Кроў Ісуса Хрыста, як пра кошт нашага адкупленьня. Наогул, Біблія – гэта даволі «крывавая» кніга, бо вельмі многа крыві льецца на яе старонках. І мы бачым, што першую кроў пралівае Сам Бог, калі забівае жывёлаў, каб апрануць Адама і Еву ў скураное адзеньне. Сын Адама прыносіць ахвяру Госпаду ад статку свайго: «І Абэль таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга» (Быц 4:4). На гэтай жа старонцы Бібліі Бог упершыню кажа пра кроў: «І сказаў Госпад: што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго крычыць Мне з зямлі, і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй» (Быц 4:10-11).

Праліваньне крыві суправаджае ўсё далейшае жыцьцё чалавецтва. Як для Бога, так і супраць Яго. І, калі мы перагартнем старонкі Бібліі, як вякі існаваньня чалавека на гэтай зямлі і ўвойдзем у храм Божы часоў Саламона, дык убачым, што там штодзённа льецца кроў ахвярных жывёлаў. Чатыры віда ахвяраў вызначыў Бог чалавеку дзеля прабачэньня нейкіх правінаў і атрыманьня дабраславеньняў. Любая ахвярная падзяка Богу – гэта пралітая кроў. Але, што Бог гэтым хоча сказаць? Толькі тое, што аднойчы, замест жывёлаў, на ахвярніку будзе Сын Божы. Ён зойме месца ахвяры і пралье Сваю Кроў. І таму Біблія – гэта гісторыя падгатаваньня гэтага сьвету да таго моманту, калі будзе пралітая Кроў апошняй і дасканалай ахвяры дзеля нашага збаўленьня – Кроў Ісуса Хрыста, як кошт нашага адкупленьня. Але, якім чынам кроў «працуе» дзеля адпушчэньня грахоў?

Стары Запавет кажа пра тое, што трэба прыносіць да Бога кроў ахвярнай жывёлы: «І заколе цяля перад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу» (Ляв 1:5). Новы Запавет кажа нам пра прызначэньне ахвярнай Крыві Ісуса Хрыста: «Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія – Божыя» (1 Кар 6:20). Сам Бог купіў нас і кошт гэтага адкупленьня – Кроў Ісуса Хрыста. Адкупленьне – гэта выкуп пасродкам выплачанага кошту. І таму мы можам сказаць, што веруючы чалавек – гэта той, хто куплены Госпадам і таму прыналежыць Яму: «Ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў, а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці, Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам» (1 Пят 1:18-20).

Кроў – гэта жыцьцё. Пралітая кроў – сьмерць. Але ня ўсякая пралітая кроў нясе ў сабе збаўленьне і прабачэньне. Калі б, напрыклад, Ісус, будучы цесьляром, парэзаў палец, што зусім верагодна, дык ці была б гэтая Кроў – Крывёю збаўленьня? Не, бо толькі ахвярная кроў мае сілу збаўленьня. Калі прыйшоў час ахвяры, Ісус праліў Сваю Кроў, каб сьмерцю Сваёй стаць для нас адкупленьнем. Калі Яго катавалі і білі рымскімі бічамі, з парванага Цела цекла Кроў, але яшчэ не ахвярная, бо толькі Кроў на Крыжы – гэта тая ахвярная Кроў, з якой Ісус Хрыстос уваходзіць да Айца, каб даць нам збаўленьне.

Наогул, любая кроў мае вялікую каштоўнасьць для Бога, бо недарма Ён папярэджвае гебраяў: «Толькі строга сачы, каб ня есьці крыві, бо кроў ёсьць душа: ня еж душы разам з мясам; ня еж яе: вылівай яе на зямлю, як ваду; ня еж яе, каб добра было цябе і дзецям тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада» (2 Зак 12:23-25). Бог кажа пра каштоўнасьць крыві яшчэ Ною, калі настаўляе яго на далейшае жыцьцё пасьля патопу: «Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага; хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобраза Божага» (Быц 9:5-6).

Адказнасьць за гэта кладзецца на ўсіх людзей, бо таму нават і паганін Пілат ня хоча браць на сябе адказнасці за пралітую Кроў Ісуса Хрыста: «Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў Крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. І адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых» (Мац 27:24-25). Ісус Хрыстос на апошняй вячэры падае вучням Сваім віно і кажа ім: «Гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная» (Мар 14:24). Ісус гэтым паказвае Сваю адказнасьць за пралітую Кроў, бо ідзе на Крыж дабраахвотна, дзеля нашага адкупленьня. Гэта і ёсьць праява вялікай любові Бога да нас грэшных, бо любоў Бога да нас і спарадзіла Крыж нашага збаўленьня.

Апостал Павал кажа пра тое, што калі мы зьдзяйсьняем ламаньне хлеба, дык гэтым самым у радасьці і пакоры абвяшчаем сьмерць Ісуса Хрыста: «Бо кожнага разу, як вы ясьце хлеб гэты і п’яце чару гэтую, сьмерць Госпада абвяшчаеце, пакуль Ён прыйдзе. А таму, хто будзе есьці хлеб гэты альбо піць чару Госпадаву нягожа, звінаваціцца супраць Цела і Крыві Госпадавай» (1 Кар 11:26-27). Бог выкупіў нас з няволі грэху Сваёй Крывёю і таму мы радуемся той свабодзе, якая дадзена нам ахвярнай сьмерцю Ісуса Хрыста. Вернемся яшчэ раз да першага пасланьня Пятра і працытуем вельмі важны радок: «Ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў, а каштоўнай Крывёю Хрыста».

Мы купленыя Крывёю Ісуса Хрыста і таму сабе ўжо не прыналежым. І з гэтага мы робім выснову, што сэнс адкупленьня – гэта калі мы адкрыем для сябе тое, што мы цалкам прыналежым Госпаду. Мы адкуплены ад старога і марнага жыцьця, каб быць у жыцьці новым – жыцьці для Бога. У якім няма эгаізму, гордасьці ці пажадаў цела, але ёсьць сьветлае і чыстае жыцьцё для Госпада: «І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, якія жывуць, больш не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Які памёр за іх і ўваскрос. Так што мы адгэтуль нікога ня ведаем паводле цела; а калі і ведалі Хрыста паводле цела, дык цяпер ужо ня ведаем. Так што хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася ўсё новае. Усё ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня. Бо Бог быў у Хрысьце, пагаджаючы з Сабою сьвет, не залічваючы ім праступкаў іхніх, і ўклаў у нас слова прымірэньня» (2 Кар 5:15-19). Мы павіннны ад сёньня служыць Госпаду, нягледзячы на розныя нязручнасьці і цяжкасьці жыцьця, бо мы не свае, але Хрыстовыя і таму павінны аддана Яму і служыць.
Мы адкуплены Ісусам Хрыстом на Крыжы. Ягонай Крывёю. І гэта ёсьць вышыня нашага жыцьця. Мы, адкупленыя, даражэй за самыя каштоўныя алмазы, бо Кроў Ісуса Хрыста даражэй за ўсё У руках Бога, мы ёсьць каштоўнасьцю Яго. Слава Богу за нашае адкупленьне, за збаўленьне ад праклёну закона і за перамогу над сьмерцю.


Рецензии