Первая книга Паралипоменон
«Адам, Сіт, Энос, Каінан, Малелэіл, Ярэд,
Энох, Матусаіл, Ламэх, Ной, Сім, Хам і
Яфэт» (1 Лет 1:1-4).
Трэцяя і чацьвёртая кніга Валадарстваў далі нам агульную і грамадзкую гісторыю кіраваньня Бога ў Ізраілі ад Раваама да Эзэкіі. Гісторыя валадароў Ізраіля сьведчыць пра сумны вынік улады перад доўгацярплівым Богам. Кнігі летапісаў паказваюць нам гісторыю валадароў Ізраіля, але з другой кропкі погляду,- дабраславеньня і Божай ласкі, асабліва калі гэта тычыцца гісторыі дома Давіда.
Старажытны гебрайскі сьвітак аб’ядноўваў гэтыя кнігі, якія маюць храналагічны характар і зьяўляюцца летапісам гебрайскай гісторыі ад пачатку. Кнігі, напісаныя пасьля паланеньня Ізраіля, захоўваюць боскую гісторыю Ягонага народа. Лічыцца, што кнігі напісаныя кніжнікам Эздрай. У іх паказана жыцьцё рода Давіда, дзе пасьля пераліку рода ад Адама, даецца жыцьцё Давіда і ягоных нашчадкаў. Першая і другая кніга летапісаў былі напісаныя пасьля таго, як народ юдэйскі вярнуўся з сямідзесяцігадовага бабілонскага палону. Юдэі знайшлі сваю радзіму ў вельмі сумным стане. Не было ўжо на пасадзе нашчадкаў Давіда, як не было, па сутнасьці, Ерусаліма, муры якога былі разбуранымі. Храма таксама не было. Кнігі летапісаў мелі сваёй мэтаю даць напамін гебраям пра іхнюю духоўную спадчыну і натхніць іх на праяву вернасьці Богу.
Тэма Першай кнігі Летапісаў падобна тэме Другой кнігі Валадарстваў тым, што ў ёй адлюстроўваецца валадараньне Давіда над усім Ізраілем. Але яна не паўтарае цалкам падзеі гэтага часу, бо дае вялікую колькасьць новай інфармацыі і як бы дапаўняе Другую кнігу Валадарстваў.
Кніга пачынаецца з радавода, у якім мы можам прасачыць Божы план збаўленьня, які тычыўся гебраяў. Галоўная мэта гэтага пераліку ў тым, каб паказаць, што тыя гебраі, якія вярнуліся з палону, былі законнымі пераемнікамі Богам выбранага народа. Такім чынам, пачынаючы ад Адама, мы бачым род Сіта да Ноя. Потым мы бачым пералік родаў Яфэта і Хама. І вось, пачынаецца радавод Сіма, Богам якога быў Госпад. Мы прасочваем гэты ланцужок да Абрагама і далей, праз Ісаака да Якуба - Богам дадзенага Ізраіля, дзеці якога працягнулі ягоны род разам з іхнімі валадарамі, ваярамі і іншымі асобамі, аж да нараджэньня Ісуса Хрыста.
Мы бачым далей радавод сына Ізраіля Юды, які праводзіць нас праз вернага Госпаду Ваоза (прыпамятаем Рут Маавіцянку), да валадара Давіда. Радавод сям’і Давіда дадзены нам аж да некалькіх пакаленьняў пасьля выхаду гебраяў з бабілонскага палону. Мы бачым таксама пералік і іншых каленаў Ізраіля, у адпаведнасьці іх значнасьці і з дадаткам некаторых заўваг пра тэрыторыі, якія набываліся гэтымі каленамі.
Калі род Юды – гэта валадарскае калена, дык род Лявія – род першасьвятарскі, аж да палону бабілонскага. Таксама трэба вызначыць род Бэньяміна, па-першае ў сувязі з Ерусалімам, а па-другое ў сувязі з сям’ёй першага валадара Ізраіля Саўла.
Апавяданьне пра падзеньне дома Саўла і зацьвярджэньне Госпадам дома Давіда, працягваецца тэмай усталяваньня улады і парадку ў валадарстве, як сістэмы па Божаму дабраславеньню. Пасьля сьмерці Саўла, улада аддаецца Госпадам Давіду: «Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што не трымаўся слова Госпадавага і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем, а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў валадарства Давіду, сыну Есэеваму» (1 Лет 10:13-14). Мы бачым пералік паплечнікаў Давіда, якія прызнавалі, што Бог Давіда заўсёды прыходзіў яму на дапамогу. Тыя, якім Бог даваў сілу і розум, у вялікай колькасьці ішлі да Давіда, каб усталёўваць валадарства па Божаму дабраславеньню.
Мы бачым разнастайнасьць якасьцяў гэтага Божага воінства. Яны ведаюць, што трэба рабіць для Ізраіля: «З сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што і калі належала рабіць Ізраілю, - іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга» (1 Лет 12:32). Гэта толькі невялікі прыклад, бо пералік гэтага воінства вельмі вялікі. Гэтыя людзі прыходзілі з адкрытымі сэрцамі, каб падтрымаць пасад Давідаў і прынесьці Ізраілю радасьць і багацьце. Так павінна быць і з намі, бо Ісус Хрыстос сапраўды праслаўляецца адкрытымі сэрцамі, якія імкнуцца толькі да Ягонай славы сваім шчырым служэньнем.
Давід прадстаўлены нам, як узор валадара, які кіруе народам Божым. Грахі Давіда маюць месца, але посьпехі валадара Ізраіля займаюць больш высокае месца ў апавяданьні жыцьця народа Божага. Давід намагаецца перанесьці каўчэг Божы ў горад Ерусалім. Іншая справа, што ён не зьвярнуўся да Госпада, каб атрымаць дазвол для гэтага дзеяньня, а пачыў раіцца і вырашаць гэтую справу з тысячнікамі, сотнікамі і правадырамі. Вельмі вялікай была залежнасьць паміж яго воінскім духам і стараннасьцю, а таму ён яшчэ недастаткова разважаў над шляхамі Госпадавымі. Няўдала скончылася гэтае мерапрыемства, бо пасьля гібелі Озы, Давід спалохаўся і сказаў: «Як я ўнясу да сябе каўчэг Божы? І не павёз Давід каўчэга да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго да дома Авэдара Гэцяніна» (1 Лет 13:12-13).
Гісторыя улады працягваецца. Яна ўмацоўваецца ў руках Давіда ад імя Госпада і высока ўзносіцца ў вачах сьвету. Перамогаю над філістымлянамі, Бог дабраслаўляе Давіда і таму слава валадара Ізраіля распаўсюджваецца па іншым краінам. Давід будуе сабе дом у Ерусаліме і гатуе месца для Божага каўчэга, пабудаваўшы для яго скінію. І вось, разам з лявітамі і сям’ёй Аарона, Давід, з дапамогай Божаю, пераносіць каўчэг у скінію.
Запавет Госпада зьвязваецца з валадарскай уладаю і гэта здараецца на Сыёне, месцы, якое Ён выбраў для Свайго супакою. Давід, у некаторай ступені, сымбалічна падобны на Мэлхісэдэка: «І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры. Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада. І раздаў усім ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна» (1 Лет 16:1-3).
А потым Давід дае лявітам сьпеў для славаслоўя Госпаду. Ён праслаўляе цудныя дзеі і суд вуснаў Ягоных. Ізраіль павінен памятаць пра ўсё гэта, бо Ён - Госпад яго і Бог. Ён судзіць па ўсёй зямлі. Народ павінен памятаць абяцаньні Божыя пра вечны запавет з Абрагамам даць зямлю ягоным нашчадкам. Давід зьвяртаецца і да паганаў, каб яны вызнавалі Госпада, славу Якога трэба абвяшчаць усім народам.
Мы бачым радасьць Ізраіля перад абліччам Госпада, выкананьне запавету, дадзенага бацькам і споўненага цудамі Божымі. Мы бачым заклік да народаў, прыйсьці ў месца славы Божай. Напрыканцы свайго сьпеву Давід зьвяртаецца да Госпада з прароцкім словам: «Ратуй нас, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю. Дабраславёны Госпад, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: “Амэн!” Алілуя!» (Пс 105:47-48).
Давіду было дадзена зьвязаць ўладу з каўчэгам запавету і такім чынам забясьпечыць дабраславеньне выбранага Богам валадара. Але валадару-воіну не было дадзена пабудаваць дом Божы. Шэраг перамог над ворагамі Бога і Ізраіля не была яшчэ мірнай уладаю, якая дазволіла б жыць у міры дабраславеньнем Божым. Давід павінен быў быць яшчэ носьбітам Божых абяцаньняў, але самому яму не было дадзена адчуць вынікі абяцаньняў у сваім валадарстве.
Давід дасягае канчатковай перамогі над ворагамі народа Ізраіля і распаўсюджвае ва ўсе бакі славу свайго валадараньня, узносячы пахвалу Госпаду: «Жывы Госпад, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго. Бог, які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы, і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў. За гэта праслаўляю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму; Таму, хто велічна ратуе валадара і робіць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна» (Пс 17:47-51).
Але квітненьне валадарства Давіда, прыводзіць яго да спакушэньня д’ябла: «І паўстаў д’ябал на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік ізраільцянаў» (1 Лет 21:1). Давід пажадаў ведаць сілу народа, як сваю славу, але ён не згадаў пра магутнасьць Бога, Які даў яму ўсё гэта і памножыў Ізраіль. Грэх Давіда прыводзіць да хуткага пакараньня, якое тым ня меньнш пераходзіць у праяву міласьці. Давід, які на нейкі час і нейкім чынам адыйшоў ад Бога, захоўваў веданьне пра Яго і таму скараецца перад Ім: «І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Госпадавага, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае. І сказаў Давід Богу: “Ці ж ня я загадаў палічыць народ? Я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой! хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго”» (1 Лет 21:16-17).
Бог прымае пакаяньне і прызнаньне віны Давіда і адводзіць меч анёла ад Ерусаліма. Давід прыносіць ахвяры на месцы гумна Орны Евусэяніна: “І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпаленьня. І сказаў Госпад анёлу: “Вярні меч твой у паховы яго”» (1 Лет 21:26-27).
Бог пачуў Давіда і пра тое месца, дзе ён прыносіць свае ахвяры сказана: «Вось дом Госпада Бога і вось ахвярнік для цэласпаленьня Ізраіля» (1 Лет 22:1). Вельмі важная заява, а па сутнасьці - гэта абвяшчэньне новага парадку ўзаемаадносінаў паміж Богам і Ягоным народам. Бог зацьверджвае месца Свайго дома, дзе гебраі мелі б магчымасьць набліжацца да Яго. Грэх Давіда стаў падставаю для таго, каб зьмяніць стары, паходны парадак узаемаадносін (скінія), на парадак новы (дом Божы), які зацьверджвае валадарства Давіда, як тую частку Божага плана, згодна якой Ізраіль атрымаў у поўнай меры Божае абяцаньне на валоданьне зямлёй, абяцанай Госпадам Абрагаму.
«І загадаў Давід сабраць прыхадняў, якія былі з зямлі Ізраільскай, і паставіў камнячосаў, каб ачэсаваць камяні на пабудову дома Божага. І мноства жалеза для цьвікоў дзьвярэй брамы і для сувязяў нарыхтаваў Давід, і мноства медзі без вагі, і кедровых дрэў бяз ліку, бо міданяне і тыране даставілі Давіду мноства кедровых дрэў» (1 Лет 22:2-4). Мы бачым працу Давіда, якую ён рабіў для забясьпечэньня будучай будоўлі і якую павінен быў зьдзейсьніць ягоны сын Саламон. Давід да дробязяў прадумаў усю будучую будоўлю і менавіта ён зьяўляецца, па волі Божай, аўтарам гэтага цудоўнага архітэктурнага праекта.
Так і ў Ісусе Хрысьце. Усё дасканала прадумана для будоўлі Валадарства Нябеснага. Ён даў нам Свой праект – Новы і вечны Запавет: «І сказаў ім: “Гэта Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца» (Мар 14:24). Сваёй сьмерцю, Ён даў нам магчымасьць стаць будаўнікамі Сваёй Царквы. Ён загатаваў нам і матэр’ялы для будаўніцтва, якія ў незьлічонай колькасьці зьмяшчаюцца у Слове Божым. Праўда Божая - гэта тыя камяні, якія мы павінны абчэсваць для пабудовы дома Божага. Гэта тыя цьвікі, якія прызначаны для замацаваньня дзьвярэй брамы. Гэта медзь без вагі і кедры бяз ліку. Усё прадумана і зладжана Ісусам Хрыстом раней, чым гэта праявіцца ў славе сваёй.
Улада Давіда была вельмі вялікая і гэта мела вялікае значэньне, бо была перабудавана ўся рэлігійная сістэма. Парадак служэньня, як дарэчы і ўзрост лявітаў, залежылі ад улады і пастановаў Давіда, як раней ад Майсея. Давід уводзіць музычнае праслаўленьне і розныя музычныя інструманты. Акрамя архітэктурнага праекта дома Божага, Давід дае падрабязнае апісаньне і розных службовых рэчаў з вызначэньнем вагі кожнай рэчы ў золаце ці срэбры. Давід кажа сыну Саламону, што ўсё неабходнае зрабіць надхнёна Госпадам і таму Саламон павінен завершыць справу Давіда: «Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы. І сказаў Давід сыну свайму Саламону: “Будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і ня жахайся, бо Госпад Бог мой, з табою. Ён не адступіць ад цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Госпадавага. І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў”» (1 Лет 28:19-21).
Бог яднае народ з Давідам, бо яму дадзены ўдзел у справе Давіда. Бог дае народу гэтую міласьць і таму добрая воля народа, зьяўляецца плодам ласкі Божай. І таму Давід, са словамі падзякі і прашэньня, зьвяртаецца да Госпада Бога свайго: «Ведаю Божа, што Ты выпрабоўваеш сэрца і любіш шчырасьць сэрца. Я ад чыстага сэрца майго ахвяраваў усё гэта, і цяпер бачу, што і народ Твой, і ўсе, хто тут, з радасьцю ахвяруюць Табе. Госпадзе Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля, бацькоў нашых! Захавай гэта навек, гэтую прыхільнасьць думак сэрца народу Твайго, і накіруй сэрца іхняе да Цябе» (1 Лет 29:17-18). Давід зьвяртаецца да Госпада і за нас з вамі, народа Божага. Народа, які называецца хрысьціянскім, бо збаўляльнай сьмерцю Ісуса Хрыста аб’яднаны ў адзіны народ, - народ Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226041701637