Вторая книга Паралипоменон

ДРУГАЯ КНІГА ЛЕТАПІСАЎ


«Так кажа Кір, валадар Персідскі: “Усе валадарствы зямлі даў мне Госпад Бог нябесны, і Ён загадаў мне
пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто
ёсьць з вас - з усяго народу Ягонага, Госпад Бог
яго з ім, і хай ён туды ідзе”» (2 Лет 36:23).

Другая кніга Летапісаў паказвае нам валадараньне сына і сям’і Давіда. Яна ахоплівае той жа гістарычны прамежак і мае той жа сэнс, што Трэцяя і Чацьвёртая кнігі Валадарстваў. Але, з той розьніцай, што ў гэтай кнізе мы бачым толькі валадарства Юдэйскае і жыцьцё нашчадкаў Давіда. Саламон, пераемнік Давіда, рабіў усё, каб гебрайская дзяржава дасягнула велічы і славы. Ягонае галоўнае дасягненьне - гэта будаўніцтва дома Божага. І гэта ёсьць адна з галоўных тэмаў Другой кнігі Летапісаў.

Дабраславеньні, якія Бог шчодра выліваў на народ Ізраіля, калі той жыў, разам з Саламонам, у паслушэнстве Яму - гэта той вынік, які і быў адзіна магчымым у гэтых узаемаадносінах з Госпадам. Мы бачым ўладу ў сувязі з зямлёю і ўладараньнем народа на зямлі. Саламон атрымлівае ад Госпада ня толькі мудрасьць і веданьне, але і вялікія зямныя багацьці: «Мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў валадароў да цябе і ня будзе пасьля цябе» (2 Лет 1:12). Ён валадарыць і зацьверджваецца ў славе і багацьці. Ён пачынае будаваць дом Госпаду: «І сказаў Хірам: “Дабраславёны Госпад Бог Ізраілеў, які стварыў неба і зямлю, даў валадару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом валадарскі сабе» (2 Лет 2:12).

«І пачаў Саламон будаваць дом Госпадаў ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтаваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна» (2 Лет 3:1). Уладаю магутнага валадара, ён выкарыстоўвае для будаўніцтва прыбылых, якіх было налічана сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот чалавек. Зробленыя залатыя херувімы глядзяць на дом, а гэта значыць вонкі і таму, як бы дабраслаўляюць народ Ізраіля. Саламон робіць заслону, якая аддзяліла Сьвятая Сьвятых храма і ставіць перад храмам два слупы, як азнака стабільнасьці Божага кіраваньня ў Саламонавым валадарстве. І таму гэтыя слупы былі названы імёнамі Яхіна і Воаза, што азначае «Бог умацуе» і «У Ім сіла». Быў зроблены медны ахвярнік, прызначаны для пакланеньня пад час дабраславеньняў і залатыя дзьверы ў сьвятыню і ў Сьвятая Сьвятых.

Мы бачым, што нягледзячы на дабраславеньні валадарству Саламона, Ізраіль ня меў непасрэднага ўваходжаньня да Таго, Хто ёсьць на нябёсах. Але нашае дабраславеньне - гэта адважна ўваходзіць праз разадраную заслону ў нябёсы. Там няма заслоны і няма храма, бо Храм - гэта ўсемагутны Бог і Ягня. Слава Госпаду.

Калі скончылася праца, якую вёў Саламон для дома Госпада, сьвятары пераносяць каўчэг запавету Госпадавага ў давір храма - у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў. І пачалі славіць і хваліць Госпада: «Тады дом, дом Госпадаў, напоўніла воблака, і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Госпада напоўніла дом Божы» (2 Лет 5:13-14). Саламон узносіць малітву за Ізраіля і просіць спамянуць міласьціны, дадзеныя Давіду: «Божа мой, хай будуць вочы Твае адкрытыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым. І сеньня, Госпадзе Божа, стань на месца супакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. Сьвятары Твае, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў выратаваньне і падобнікі Твае хай усьцешацца дабротамі. Госпадзе Божа! Не адвярні аблічча Твайго, спамяні міласьціны Давіду, рабу Твайму» (2 Лет 6:40-42).

Саламон умацоўвае валадарства настолькі, што здаецца нічога ня можа перашкодзіць міру, супакою і квітненьню зямлі абяцанай. Сыён асьвячоны. Служэньне ў доме Божым падтрымліваецца згодна правілам дадзеных Давідам. Загад валадара зрабіўся абсалютным правілам ва ўсім. Слава Саламона распаўсюджваецца далёка за межамі Ізраіля. Валадарыня Саўская прыходзіць да яго, каб прынесьці даніну захапленьня мудрасьцю, якая прыцягвала да яго ўсіх валадароў зямлі. Саламон дазволіў усяму Ізраілю мець тыя дабраславеньні, якія распаўсюджваў Бог на Свой народ. Але вельмі хутка ўсё зьмяняецца.

Пасьля сьмерці Саламона ягонае валадарства падзялілася на дзьве часткі з тым, што нашчадкі Давіда працягвалі кіраваць Юдэяй. Другая кніга Летапісаў засяроджвае асноўную ўвагу на гісторыі Юдэйскага валадарства і толькі эпізадычна зьвяртае ўвагу на валадарства Ізраільскае. Мы бачым пералік усіх дваццаці валадароў, якія кіравалі Юдэйскім валадарствам пасьля сьмерці Саламона і да бабілонскага палону. Кніга тлумачыць факт палону юдэяў тым, што яны, у асноўным сваім ліку, пачалі пакланяцца ідалам і ня слухацца Божых прарокаў: «Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты паганаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме. І пасылаў да іх Госпад Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча. Але яны зьдзекваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку» (2 Лет 36:14-16).

Апошні валадар Юдэі Сэдэкія, які рабіў неспадобнае ў вачах Госпада, не паслухаў прарока Ерамію і парушыў клятву імем Госпада перад Навухаданосарам і адкалоўся ад валадара Бабілонскага. І вось, пасьля непрацяглай і безсэнсоўнай абароны, Сэдэкія трапляе ў рукі Навухаданосара, які разбурае Ерусалім і дом Божы. Сьвятары, як і народ, знаходзіліся ў вельмі разбэшчаным стане, бо не шанавалі Госпада і ганілі Ягоных прарокаў. Яны больш не былі дастойны гэтага сьвятога месца, так што не было яму ратунку.

Вельмі сумны і жорсткі ўрок грэху і беззаконьня чалавека. І вельмі праведны Божы суд для Свайго народу: «Слухайце слова гэтае, якое Госпад прамовіў на вас, сыны Ізраіля, - на ўсё племя, якое вывеў Я з зямлі Егіпецкай, - кажучы: “Толькі вас прызнаў Я з усіх плямёнаў зямлі, таму і спаганю з вас за ўсе беззаконьні вашыя”» (Ам 3:1-2). Але ў Сваіх пакараньнях Бог памятае пра міласэрнасьць. І вось, пасьля сямідзесяці гадоў, якія Ерамія абвесьціў тэрмінам палону Юдэі, Госпад укладае валадару Кіру абуджэньне духа і той абвяшчае ўсім, што ўсе валадарствы зямлі даў яму Госпад і што ён павінен пабудаваць Яму дом у Ерусаліме. Ён выдае пастанову, якая дае права юдэям вярнуцца на радзіму, кажучы, што Госпад, ягоны Бог, будзе з ім.

Вернасьць Бога Свайму народу і Сваім абяцаньням - гэта адна з асноўных тэмаў гэтага апавяданьня, бо нягледзячы на тое, што Ягоны народ цяжка грашыў і адступаўся ад Бога, Ён не адвяргае яго цалкам. Ён ня толькі выводзіць юдэяў з палону, але і кажа, што Ягоныя абяцаньні застаюцца і што іхнія грахі не скасавалі іхняга выбраньня. Яны па-ранейшаму былі Ягоным народам і гэта пацьверджваецца тым радаводам, які мы бачым у гэтай кнізе. І хоць больш ніхто з нашчадкаў Давіда не сядзеў на валадарскім пасадзе, ягоны род, з якога павінен быў выйсьці Ісус Хрыстос, не перапыніўся.


Рецензии