Книга Ездры

КНІГА ЭЗДРЫ


«Тады ўсталі Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын
Ёсэдэкаў, і пачалі будаваць дом Божы ў Ерусаліме, і
з імі прарокі Божыя, якія падмацоўвалі іх» (Эзд 5:2).

Кніга Эздры паказвае нам час вяртаньня юдэяў з бабілонскага палону. Гэты час пачаў свой адлік ад 538 года да Р.Х., калі валадар Кір, якога абудзіў Госпад, дазволіў гебраям вярнуцца на сваю зямлю: «Так кажа Кір, валадар Персідскі: “Усе валадарствы зямлі даў мне Госпад Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом ў Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, - хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме» (Эзд 1:2-3).

Год 539 да Р.Х. Год перамогі Персідскага валадарства над Бабілонам. І вось, валадар Кір пастанаўляе дазволіць гебраям вяртаньне на радзіму з бабілонскага палону. Пісаньне кажа, што валадара Кіра абудзіў Госпад. Кіра, паганіна, абудзіў Госпад і гэта кажа пра тое, што Бог вядзе тую частку Свайго народу, з якой выйдзе Збаўца сьвету Ісус Хрыстос. Валадар Кір дае сваім загадам волю ўсім гебраям, але ці ўвесь палонны народ успрыняў гэтую Божую пастанову? Некалькі мільёнаў гебраяў былі пераселены на абшары Бабілонскага валадарства і толькі пяцьдзесят тысяч чалавек адгукнуліся на магчымасьць вяртаньня дзеля адбудовы радзімы і дома Божага. Большасьць жа аддала перавагу спакойнаму жыцьцю ў Бабілоне.

Бог вяртае маленькую рэшту, каб сапраўдны Валадар мог выйсьці з яго. Ён загадвае пабудаваць храм на ягоным месцы, як выкананьне абяцаньняў, дадзеных вуснамі Ераміі, і па прашэньню Свайго раба Данііла.

Зарававэль, што азначае «які выйшаў з Бабілону», быў нашчадкам Давіда, які і вывеў гэтую невялікую частку гебрайскага народу ў Ерусалім. Ён адбудаваў ахвярнік і даў пачатак працы па аднаўленьню дома Госпадавага: «І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, бо яны былі ў страху ад іншаземных народаў; і пачалі прыносіць на ім цэласпаленьні Госпаду, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя» (Эзд 3:3). Мы бачым жаданьне тых, каго Бог прывёў у Свой горад, да ачышчэньня, каб ніхто, акрамя Ізраіля, не займаўся працаю па аднаўленьня дома Божага. Ізраільцяне, па вялікай Божай ласцы, павінны былі аднавіць сваё становішча перад Ім. Яны пазбаўляліся пладоў грэху, няхай і часткова, бо вызначэньне народа Божага стала іхняй асноўнай справаю. Яны сталіся палічаным і вызначаным народам Божым.

Аснова храма Госпадавага была закладзена ў 536 годзе да Р.Х. і радасьць юдэяў была вельмі вялікаю: «І пачалі яны папераменна сьпяваць :”Хвалеце і слаўце Госпада, бо - добры, бо вечная міласьць Яго да Ізраіля” І ўвесь народ усклікаў громападобна, славячы Госпада за тое, што пакладзена аснова дома Госпадавага» (Эзд 3:11). Радасьць народа была ў Ягонай прысутнасьці і была пажаданаю. Сьлёзы прызнавалі праўду і сьведчылі пра адчуваньне таго, чым Бог быў для Свайго народа і таго дабраславеньня, якое яны аднойчы атрымалі ад Яго. Сьлёзы народа - гэта праўдзівы, натуральны і сумны вынік, але той вынік, які варты прысутнасьці Госпада. І гэтыя сьлёзы былі прыемныя Яму. Ён радуецца ў радасьці Свайго народа і разумее іхнія сьлёзы. І гэта ёсьць праўдзівы выраз тагачаснага становішча.

«І пачулі ворагі Юды і Беньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму. І прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: “Будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, валадара Сірыйскага, які перавёў нас сюды”. І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: “Не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу. Мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам валадар Кір, валадар Персідскі. І пачаў народ зямлі той паслабляць руку народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве. І падкупалі супраць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, валадара Персідскага, і да валадараньня Дарыя, валадара Персідскага» (Эзд 4:1-5).

Цяжкасьці не ўзьнікаюць толькі з-за слабасьці той малой колькасьці гебрайскага народа, але яны выходзяць з папярэдніх адносінаў гэтага народа з Богам. Адносіны з Богам ніколі не парушаюцца безпакаранна і таму цяжкасьці рэшты Юдэйскага народу, рэч аб’ектыўная. Улада паганаў Самарыі значна распаўсюдзілася на зямлі абяцанай. Яны, таксама як і юдэі, прыносілі ахвяры Богу Ізраіля і жадалі ўдзельнічаць у пабудове Ерусалімскага храма. І гэта было тое выпрабаваньне, якое павінна было вызначыць сапраўдныя адносіны народа са сваім Богам. Зарававэль адмаўляе паганам у сумеснай працы, чым выклікае злосьць тых, хто ўхваляе Асардана і імкнецца служыць як Богу Ізраіля, так і сваім ідалам. Бог бачыць і лічыць, што выпрабаваньне на вернасьць патрэбны той частцы гебрайскага народу, якая вярнулася ў зямлю, дадзеную ёй Богам.

Аснова храма была закладзенай, але намаганьнямі ворагаў Юдэі і ня толькі, бо народ пачаў актыўнае уладкаваньне сваіх асабістых справаў, далейшае будаўніцтва дома Божага перапынілася: «Так сказаў Госпад Саваоф: “Народ гэты кажа, што не прыйшоў яшчэ час - будаваць дом Госпадаў”. І было слова Госпада праз Агея прарока: "А вам самім час - жыць у дамах вашых упрыгожаных, тым часам як дом гэты ў запусьценьні?” Таму сёньня так кажа Госпад Саваоф: “Павярніце сэрца вашае на дарогі вашыя. Вы сееце многа, а зьбіраеце мала. Ясьце, але ў нядосыць. П’яце, але не напіваецеся. Апранаецеся, але не саграваецеся. Заробнік платы зарабляе ў дзіравы кашалёк. Так кажа Госпад Саваоф: “Павярніце сэрца вашае на дарогі вашыя. Узыйдзіце на гару і нясеце дрэвы і будуйце храм. І Я буду дабраволіць яму і праслаўлюся, кажа Госпад”» (Аг 1:2-8).

Прарок Агей і прарок Захарыя, пасланыя Богам прарочыць сярод людзей, дабраславілі Зарававэля і іншых паплечнікаў да пабудовы дома Божага, адкінуўшы страх перад ворагамі Юдэі: «Тады Агей, весьнік Госпадаў, пасланы ад Госпада сказаў люду: “Я з вамі! Кажа Госпад”. І абудзіў Госпад дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага іярэя, і дух усёй рэшты людзей - і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Гаспада Саваофа, Бога свайго, на дваццаць чацьвёрты дзень шостага месяца, на другім годзе валадара Дарыя”» (Аг 1:13-15). У выніку служэньня прарокаў Агея і Захарыі праца пабудовы храма аднавілася ў 520 годзе да Р.Х. і скончылася ў 516 годзе да Р.Х.

Але гэта не канец гісторыі, бо Бог уважліва назірае за гэтай рэштай Ізраіля, які па Ягонай ласцы ўладкаваўся і адбудаваў храм Божы. Ён бачыць як пазітыўныя, так і негатыўныя бакі жыцьця Свайго народа. Бог зьмяшчае гэта ў сэрца Эздры, кніжніка і сьвятара, які ведаў закон Майсея і якога загадам валадара Артаксэркса, Ён пасылае ў Ерусалім, каб удасканаліць сувязь народа і ягонага Бога: «А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў правіцеляў і судьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, - усіх хто ведае законы Бога твайго, а хто ня ведае тых вучэце» (Эзд 7:25). Гэта здарылася ў 458 годзе да Р.Х. Эздра прыходзіць у Ерусалім з яшчэ адной невялікай групай вяртанцаў, якая налічвала дзьве тысячы чалавек.

Вялікае расчараваньне прыйшло да Эздры, калі ён убачыў, што закон Божы ўжо парушаны і што рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю. Эздра падае ў смутку перад Богам і плача за свой народ: «Госпадзе Божа Ізраілеў! Праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім» (Эзд 9:15). Малітва Эздры была пачутая Госпадам, бо: «Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў» (Эзд 10:1). Малітва Эздры дасягнула сэрца народа, які адказаў Богу сваім пакаяньнем.

Гэта той добры і ўрачысты час, калі Бог у Сваім спачуваньні абадзёрвае і падтрымлівае рэшту Свайго народу. Вельмі балюча бачыць людзей пасьля такой Божай ласкі, якія зноў пачынаюць грашыць і адыходзіць ад Бога. Але такі Бог і такі чалавек.


Рецензии