Книга Неемии
«Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні
месяца Элула за пяцьдзесят два дні. Калі пачулі
пра гэта ўсе непрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе
народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў
вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена
Богам нашым» (Нээм 6:15-16).
Характар кнігі Нээміі значна адрозьніваецца ад кнігі Эздры, нягледзячы на тое, што ў іх разглядаецца жыцьцё вяртанцаў Ізраіля ў Ерусалім. Кніга Нээміі паказвае нам тую ж рэшту народа Ізраіля, але ў больш позьні час - той апошні час, які гістарычна паказаны ў Пісаньні. Галоўная тэма кнігі Нээміі, як дарэчы і кнігі Эздры, заключана ў тым, што Бог трымае Сваё слова, бо гэтыя кнігі пацьверджваюць выкананьне Божага абяцаньня ў тым, што народ Юдэі вернецца на радзіму і адновіць сваё жыцьцё на зямлі абяцанай. Але існуюць і іншыя вельмі важныя тэмы, якія мы павінны ўбачыць чытаючы гэтыя кнігі.
Бог выконвае Свой намер праз людзей, якія ўдзельнічаюць у разьвіцьці гэтых падзеяў. Бог абуджае дух валадара Кіра, які дазваляе вяртаньне гебраяў у Ерусалім. Бог абуджае дух кожнага вяртанца, бо менавіта таму яны і пайшлі адбудоўваць дом Госпадаў. Бог дабраслаўляе Эздру, бо: «Дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім» (Эзд 7:9). Бог уводзіць у сэрца валадара Артаксэркса падтрымаць працу па аднаўленьню дома Божага: «Дабраславёны Госпад, Бог бацькоў нашых, Які ўвёў у сэрца валадара - упрыгожыць дом Госпадаў, які ў Ерусаліме» (Эзд 7:27). Бог дабраслаўляе Нээмію, які атрымлівае згоду Артаксэркса і прыходзіць у Ерусалім: «І сказаў я ім: “Вы бачыце бедства, у якім мы знаходзімся; Ерусалім пусты і брамы яго спалены агнём; пойдзем адбудуем муры Ерусаліма, і ня будзем наперад у такім занядбаньні. І я расказаў ім пра руку Бога майго, якая спрыяла мне, а таксама і словы валадара, якія ён сказаў мне. І сказалі яны: будзем будаваць, - і змацавалі рукі свае на добрае» (Нээм 2:17:18).
Важнасьць чытаньня і вывучэньня Слова Божага ў тым, што гэта вельмі неабходна для таго, каб ведаць і выконваць волю Божую. Мы бачым вынік гэтага, калі сьвятар Эздра чытаў з кнігі закона Майсея: «І адкрыў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народу, бо ён стаяў вышэй за народ. І калі ён адкрыў яе, увесь народ устаў. І дабраславіў Эздра Госпада Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: “Амэн, амэн, падымаючы рукі свае, - і пакланіліся і падалі перад Госпадам тварам да зямлі”» (Нээм 8:5-6).
Ласка Божая дастатковая для кожнага, хто хоча выконваць волю Бога і гэта тычыцца ўсіх часоў, як і кожнага чалавека ва ўсе вякі. Юдэі, якія вярнуліся ў Ерусалім, сутыкнуліся з вялікімі цяжкасьцямі, бо ім процідзейнічала варожая апазыцыя. Але Бог даў ім здольнасьць перамагчы гэтыя цяжкасьці і выйсьці пераможцамі ў гэтым процістаяньні: «Калі пачулі пра гэта ўсе непрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена Богам нашым» (Нээм 6:16).
Але вернемся непасрэдна да Нээміі, які жыў у Сузах і слугаваў валадару Артаксэрксу. Пачуўшы пра бядотны і прыніжаны стан вяртанцаў Ерусаліма, ён у слязах зьвяртаецца да Госпада: «Пачуўшы словы гэтыя, я сеў і заплакаў, і засмучаны быў некалькі дзён, і пасьціўся і маліўся перад Богам нябесным» (Нээм 1:4). Паводзіны Нээміі і зьвяртаньне яго да Госпада - гэта тое, што павінна стаць карысным для кожнага, хто ўважліва чытае гэтую кнігу Пісаньня, бо мы бачым дзеяньне Духа Сьвятога, Які ўладна зьдзейсьніў з дапамогаю гэтага чалавека ў славу Божую тое, што і павінна было зьдзейсьніцца па волі Божай.
Нээмія стаяў вельмі блізка да валадара Персіі, але ягонае сэрца было з народам Бога. Ён палюбіў народ Бога як раз у той час, калі яны былі пазбаўлены гэтага прывілея за свае цяжкія злачынствы і грахі перад Госпадам. Але чаму Нээмія, які добра ведаў справядлівасьць пакараньня Богам злачыннага народа, павінен так глыбока спачуваць яму? Падаецца, што Нээмія ведаў адказ на гэтае пытаньне, бо ведаў, што менавіта з гэтай рэштай Ізраіля звязаны Божы замысел. Ён ведаў, што тут і толькі тут павінен нарадзіцца Ісус Хрыстос. І таму ягонае сэрца зьвяртаецца да Ерусаліма, які не павінен быў ляжаць у разбурэньні, але павінен аднавіцца, каб споўнілася Слова Божае.
У 445 годзе да Р.Х. Нээмія прывёў апошнюю частку вяртанцаў у Ерусалім, дзе разам з Эздрай ён працаваў над аднаўленьнем Божага гораду. І тут трэба сказаць, што Нээмія выконваў працу грамадзкага дзеяча, які кіраваў аднаўленьнем горада, калі ў той жа час Эздра адказваў за духоўнае становішча народа. Бог дабраслаўляе працу вернага Нээмія, і Ерусалім зноў абкружаюць сьцены. Гэтая гісторыя паказвае нам, што калі Бог дзейнічае, дык вера праяўляецца на ўсіх, хто прыходзіць да яе. Мы бачым стараннасьць людзей, якая выяўляе праўдзівую веру, калі гэтая праца ад Бога. Абадзёраныя захапленьнем і энэргіяй Нээміі, людзі старанна працавалі і былі напагатове, каб абараняцца ад ворагаў.
Гэта ж самае неабходна рабіць і ўсім нам, бо мы павінны старанна працаваць на Божай пашы і пры неабходнасьці ўступаць у бітву веры. Мы павінны ня толькі працаваць, але і моцна трымацца ў гэтыя злыя дні. Мы павінны быць узброенымі супраць узьдзеяньня д’ябла ў любы момант сваёй мірнай працы дзеля Госпада, памятаючы словы Нээміі: «Ня бойцеся іх; памятайце Госпада вялікага і страшнага і змагайцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх і за дачок сваіх, за жанок сваіх і за дамы свае» (Нээм 4:14).
Калі пабудова муроў была скончана, Нээмія зьвярнуў сваю ўвагу на выкананьне яшчэ больш важнай задачы, якая складалася з таго, каб Юдэі духоўна адрадзіліся і выконвалі запаведзі Бога: «І прынёс сьвятар Эздра закон на сход мужчын і жанчын і ўсіх, якія маглі разумець, у першы дзень сёмага месяца; і чытаў з яго на пляцы, які перад Вадзяною брамай, ад сьвітаньня да палудня, перад мужчынамі і жанчынамі і ўсімі, якія маглі разумець; і вушы ўсяго народу былі прыхілены да кнігі закона» (Нээм 8:2-3). Народ адрэагаваў на гэта цудоўным чынам і іхнія сэрцы знайшліся ў законе Майсеевым, каб сыны Ізраіля ў сёмым месяцы, у сьвята, жылі ў кучках: «Усё супольства павяртанцаў з палону зрабіла кучкі-буданы і жыло ў кучках. Ад дзён Ісуса Навіна, да гэтага дня, не рабілі так сыны Ізраілевыя. Радасьць была вельмі вялікая. І чыталі з кнігі закона Божага кожны дзень, ад першага дня да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а на восьмы дзень пасьля сьвята паводле статуту» (Нээм 8:17-18).
І вось, цікавая тэма для разважаньня. Гебраі не сьвяткавалі кучкі ад дзён Ісуса Навіна, а гэта складае прыкладна 900 - 950 гадоў. Прыпамятаем, што сьвята кучак - гэта напамін гістарычнай вандроўцы Ізраіля па пустыні. Гебраі павінны былі складаць намёты-кучкі з драўлянага вецьця і жыць у іх сем дзён: «У першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся перад Госпадам, Богам вашым сем дзён і сьвяткуйце гэта сьвята Госпадава сем дзён у год: гэта пастанова вечная ў роды вашыя: на сёмым месяцы сьвяткуйце яго; у намётах жывеце сем дзён; кожны тубылец ізраільцянін павінен жыць у намёце, каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай. Я Госпад Бог ваш» (Ляв 23:40-43).
Чаму ж гебраі не сьвяткавалі гэтае сьвята, якое дарэчы шануецца ад Нээміі і па сёньня, столькі гадоў? Гебраі, ад Ісуса Навіна, да заканчэньня валадарства Саламона і нават далей, мелі адносна спакойнае, мірнае і заможнае жыцьцё. Яны, адыходзячы ад Бога, перасталі памятаць мінулае і глядзець у будучыню. Яны жылі сёняшнім сьвецкім днём на зямлі і не загартоўваліся Божаю працай. І вось, калі дзякуючы Нээміі гебраі зьявілі адданасьць Божай справе, дык менавіта тады яны і спасьціглі ўсю важнасьць гэтага сьвята, як вечную пастанову Госпада.
Гэта прыклад да кожнага з нас, бо мы павінны памятаць свае «прыгоды» у духоўнай пустыні грэху, як і тое, што Ісус Хрыстос прывёў нас у Сваю зямлю абяцаную, збавіўшы нас ад сьмерці ў гэтай пустыні. Мы павінны глядзець і ў будучыню, з вераю працуючы над узьвядзеньнем храма і разбураных муроў нашага Ерусаліма. Кучкі хрысьціяніна - гэта кожнадзённая сардэчная радасьць і праслаўленьне жывога Бога, Які дае нам цудоўную магчымасьць кожнадзённа выконваць Божую справу, якую Ён давярае нам.
Але, вяртаючыся да далейшага зьместу кнігі Нээміі, трэба азначыць, што гэтыя цудоўныя перамены народа не былі працяглымі. І таму Нээмія, які ў 432 годзе да Р.Х. адыйшоў да Персідскага валадара, праз тры гады вымушаны быў зноў ісьці ў Ерусалім, каб займацца духоўным ператварэньнем народа.
І вось, парадак і ачышчэньне ў адпаведнасьці з законам адноўлены, і гэтая галоўная думка кнігі пра тое, что тычыцца тагачаснага становішча юдэяў, якая і завяршае гэтае апавяданьне.
Кніга Нээміі паказвае нам гэтую малую частку гебрайскага народа ў становішчы, якое яны павінны былі захоўваць да прышэсьця Ісуса Хрыста. Юдэі, аддзеленыя ад народаў, маючыя Закон, на жаль не сустрэлі Сына Бога, Які мог бы ачысьціць Храм і праславіць яго. Але гэтага ня здарылася і яны засталіся пад цяжарам гэтага адмаўленьня. Такое ж і зараз іхняе становішча да другога прышэсьця Ісуса Хрыста.
Свидетельство о публикации №226041900341