Книга Есфирь
«І быў ён выхавальнікам Гадасы, - яна ж Эстэр, -
дачкі дзядзькі яго, бо ня было ў яе ні бацькі, ні маці.
Дзяўчына гэтая была прыгожая станам і прыгожая
тварам. І пасьля сьмерці бацькі яе, Мардахэй узяў яе да сябе замест дачкі» (Эст 2:7).
Гадаса – гэта гебрайскае імя, якое азначае «мірт». Кніга ж названая імем Эстэр, што па персідскі азначае «зорка». Кніга Эстэр паказвае нам час валадараньня Персідскага валадара Артаксэркса, вядомага ў гістарычнай літаратуры, як Ксэркс I. Ён валадарыў у Персіі з 486 па 465 год да Р. Х. Пісаньне кажа нам пра ягоную вялікую магутнасьць: «Гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю абласьцямі ад Індыі да Эфіопіі» (Эст 1:1). Валадар Артаксэркс памёр у выніку забойства і далейшы лёс Эстэр, як, дарэчы, і аўтар гэтай цудоўнай гістарычнай кнігі Пісаньня, невядомы, але дакладна вядома тое, што Эстэр і Мардахэй пахаваны ў горадзе Хамадан сучаснага Ірана, дзе зьбіраюцца гебраі ў дзень Пурыма для чытаньня сьвітка Эстэр. Кніга Эстэр была напісаная ўжо пасьля сьмерці Артаксэркса, пра што кажа нам разьдзел 10 гэтай кнігі: «Зрэшты, усё, дзеі сілы ягонай і магутнасьці ягонай і падрабязнае паказаньне пра веліч Мардахэя, якою ўзьвялічыў яго валадар, запісаны ў кнізе дзённых запісаў валадароў Мідыйскіх і Персідскіх» (Эст 1о:2).
Месца дзеяньня галоўных герояў гэтай кнігі - сталічны горад Персідскага валадарства Сузы, які знаходзіўся ў зямлі Мідыйскай, што даволі далёка ад Бабілону. І таму, нам трэба зрабіць нейкае гістарычнае дасьледваньне, каб хоць прыблізна адчуць геаграфічнае рассяленьне палонных дзьвух гебрайскіх валадарстваў. Пісаньне кажа нам пра прымусовае перасяленьне гебраяў валадарства Ізраільскага. Пасьля няўдалай трохгадовай аблогі Самарыі Асірыйскім валадаром Салманасарам V, які дарэчы і загінуў пры гэтай аблозе, ягоны пераемнік Сарагон у 721 годзе да Р.Х. заваёўвае Самарыю і перасяляе ізраільцянаў у Асірыю: «І пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх» (4 Вал 17:6).
Валадарства Юдэйскае вытрымала тагачасны ціск з боку Асірыйскіх валадароў і захавала сваю незалежнасьць. Але ў 597 годзе да Р. Х. адбыўся першы захоп Ерусаліма валадаром Бабілонскім Навухаданосарам, у выніку якога дзесяць тысяч юдэяў былі палонены і ўведзены ў Бабілон: «І сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, - десяць тысяч было пераселеных, - і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі» (4 Вал 24:14).
«Гнеў Госпадаў быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад валадара Бабілонскага» (4 Вал 24:20) Пакараньне юдэяў адбылося ў 586 годзе да Р.Х. Войскі Навухаданосара аблажылі Ерусалім і пасьля амаль двухгадовай аблогі Ерусалім быў узяты і зьнішчаны Навузарданам, слугою валадара Бабілонскага: «І спаліў дом Госпадаў і дом валадара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём. І муры вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў. І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да валадара Бабілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў» (4 Вал 25:10-11).
Мы бачым, што гебраі Юдэйскага валадарства былі пераселены на тэрыторыю валадарства Бабілонскага. Але як яны апынуліся ў Сузах і іншых гарадах Мідыйскіх? Мардахэй, жывучы ў Сузах, тым ня меньш паходзіў з Юдэі і быў з калена Беньямінавага: «Ён быў пераселены з Ерусаліма разам з палоннымі, выведзены з Еханіем, валадаром Юдэйскім, якіх перасяліў Навухаданосар, валадар Бабілонскі» (Эст 1:6). Каб адказаць на гэтае пытаньне, зьвярнемся да Персідскага валадара Кіра. Калі Кір захапіў Бабілон, ён выдаў маніфэст, у якім была абвешчана свабода гебраям, а таксама і дазвол на адбудову Ерусалімскага храма. Падаецца верагодным, што акрамя тых пяцідзесяці тысячаў гебраяў, якія пайшлі ў Ерусалім, даволі вялікая колькасьць палонных атрымала дазвол Кіра на перасяленьне ў Сузы і іншыя гарады Мідыйскія, бо недарма Даніілу была дадзена ўява: «І бачыў я ва ўяве, - і калі бачыў, я быў у Сузах, прастольным горадзе ў акрузе Эламскай, - і бачыў я ва ўяве, як бы я быў каля ракі Улай» (Дан 8:2).
Каб завершыць гэты экскурс у гісторыю гебрайскага народа, трэба яшчэ раз нагадаць той загад валадара Кіра, які даваў свабоду палонным гебраям. Загад Кіра ўжо ня тычыўся гебраяў валадарства Ізраільскага, якія за 182 гады цалкам асіміляваліся сярод паганаў і больш не лічыліся гебраямі. Наогул, Кір тут выступіў, як вызваліцель прыгнечаных Бабілонскімі валадарамі народаў, бо акрамя юдэяў былі вызвалены таксама фінікійцы і сірыйцы. Гісторык Герадот кажа, што маніфэст Кіра падкрэсьлівае ягоную асабістую мудрасьць. Ён кажа, што валадара Персіі нібыта больш цікавіла надзейнасьць адносінаў з фінікійцамі, бо менавіта ў Сідоне павінен быў мацавацца марскі флот супраць яшчэ ня скоранага і моцнага Егіпецкага валадара. Гебраям недзе больш «пашчасьціла» і што гэта было прыватным выпадкам агульнага дзеяньня. Гэта думка паганіна.
Але мы ведаем, што Пісаньне ёсьць праўда, і яно кажа наступнае: «Абудзіў Госпад дух Кіра, валадара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім валадарстве сваім словамі і пісьмова: «Так кажа Кір, валадар Персідскі: “Усе валадарствы зямлі даў мне Госпад Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі”» (Эзд 1:1-2). Праўда ў тым, што дзякуючы Госпаду, Які павінен быў захаваць семя Давіда для прышэсьця Збаўцы Ісуса Хрыста, была дадзена свабода таксама фінікійцам і сірыйцам. Вось каму сапраўды пашчасьціла.
Вернемся ж ў Сузы, да тых падзеяў, якія зварушылі на нейкі час супакой валадарства Персіі, паставіўшы пад пагрозу жыцьцё і бясьпеку ўсіх юдэяў, якія жылі на той час пад уладаю валадара Ксэркса. Персідскія юдэі, у сваёй большасьці, не пажадалі вяртацца на радзіму, бо іхні тэакратычны дух быў вельмі слабы. Але, тым ня меньш, яны заставаліся выбраным Божым народам і нягледзячы на тое, што збаўленьне сьвету павінна было зьдзейсьніцца не праз іх, Бог усё роўна не адкінуў Свой народ. Ён клапаціўся пра яго і абараняў ад несправядлівага перасьледу. Мы ведаем, што гебраі, якія не пайшлі ў Ерусалім былі выкрэсьленыя з радаводу Збаўцы і таму імя Бога ў сувязі з гэтым кніга Эстэр не ўспамінае. Тым ня меньш кніга Эстэр паказвае, што Бог вершыць усё па Сваім жаданьні і што народ Божы ўсё роўна знаходзіцца ў Яго руцэ.
«Але валадарыня Астынь не захацела прыйсьці па загадзе валадара, абвешчаным праз еўнухаў. І разгневаўся валадар моцна, і шалёнства ягонае загарэлася ў ім» (Эст 1:12-13). Па сутнасьці, гэта актыўны пачатак гісторыі жыцьця Эстэр (Гадасы), якая адважна і па воле Божай паспрыяла захаваньню гебрайскага народу ад вынішчэньня ў межах Персідскага валадарства.
Астынь, за сваё свавольства перад валадаром, была пазбаўлена валадарскага чыну. І, як сьледства, пачаліся пошукі пераемніцы валадарыні, якія скончыліся тым, што новай валадарыняй Персіі стала Эстэр, якая, па парадзе свайго сваяка Мардахэя, не казала нікому пра сваю нацыянальную прыналежнасьць.:«Не гаварыла Эстэр ні пра народ свой, ні пра радство сваё, бо Мардахэй даў ёй загад, каб яна не казала» (Эст 2:10). Што ж тычыцца самога Мардахэя, дык ён, даведаўшыся пра змову еўнухаў забіць валадара, паведамляе гэта валадару праз Эстэр і такім чынам захоўвае валадара ад гвалтоўнай сьмерці: «І было запісана пра дабрадзейства Мардахэя ў кнізе дзённых запісаў у валадара» (Эст 2:23).
Далей мы бачым зьяўленьне ворага юдэяў Амана, які нечакана быў узьвялічаны валадаром Персіі: «Пасьля гэтага ўзьвялічыў валадар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго» (Эст 3:1). І тут вельмі важна адзначыць, што ўзьвялічаны Аман паходзіў з валадарскага роду Амалікіцянаў, які стаўся першым ворагам Ізраіля пасьля выхаду гебраяў з Егіпецкага палону: «І прыйшлі амалікіцяне і ваявалі з ізраільцянамі ў Рэфідыме» (Вых 17:8). Але самае галоўнае тое, як Бог паставіўся да амалікіцянаў: «І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом меча. І сказаў Госпад Майсею: “Напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам загладжу памяць пра амалікіцянаў з паднябеснай”. І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву Ягова Нісі (Госпадзе - сьцяг мой), бо, сказаў ён, рука на пасадзе Госпада: “Бітва ў Госпада супраць Амаліка з роду ў род”» (Вых 17:13-16). З гэтага мы бачым, што амалікіцяне - вечны вораг Ізраіля, бо гэта той вораг, які процістаіць усім намерам Госпада.
І вось Аман, нашчадак Амаліка, узвышаны валадаром Персіі вышэй за ўсіх князёў, сустракае непадпарадкаваньне з боку Мардахэя. Гэты юдэй не пажадаў кланяцца яму. Безумоўна тое, што ўвесь Ізраіль ведаў пра адносіны паміж гэтымі народамі, але самае галоўнае - пра адносіны Госпада да Амаліка: «Бітва Госпада супраць Амаліка з роду ў род». І вось, гісторыя як бы вяртаецца і Амалік хоча вынішчыць Ізраіля: «І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман. І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, з якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць ва ўсім валадарстве ўсіх юдэяў, якія былі ва ўсім валадарстве Артаксэркса, як народ Мардахэяў» (Эст 3:5-6).
Аман, як спрадвечны вораг народа Божага, падманам схіляе валадара да вынішчэньня «нейкага народу», а па-сутнасьці , купляе ў яго права на вынішчэньне юдэяў за дзесяць тысяч талантаў срэбра: «І сказаў Аман валадару Артаксэрксу: “Ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх абласьцях валадарства свайго. І законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў валадара яны ня выконваюць; і валадару ня варта так пакідаць іх. Калі валадару будзе заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу валадарскую”» (Эст 3:8-9). І вось, Аман выдае валадарскі загад з вызначэньнем часу вынішчэньня юдэяў і падзелу іхняй маёмасьці.
Зноў, як калісьці, Амалік нападае на Ізраіля. І зноў народ вымушаны спадзявацца толькі на Госпада: «У любой вобласьці і мясьціне, куды толькі даходзіў загад валадара і ўказ ягоны, было вялікае нараканьне ў юдэяў і пост і плач і лямант; вярэта і попел служылі за пасьцель і попел многім» (Эст 4:3). Пост, плач, лямант і вярэта - гэта паказчык таго, што людзі зьвярталіся да Госпада, як апошняй надзеі на выратаваньне з амаль безвыходнага становішча. Гэты пост, плач, лямант і вярэта - ня што іншае, як паднятыя рукі Майсея пад час бітвы з Амалікам: «І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік» (Вых 18:11).
Мардахэй, у гэты цяжкі час зьвяртаецца да Эстэр і мы ясна бачым, што ён ведае Госпада, як і верыць у тое, што дапамога ад Госпада абавязкова прыйдзе якім-небудзь чынам. Але ён зьвяртаецца да Эстэр, бо здольны бачыць у гэтым руку Божага выратаваньня: «Ня думай, што ты адна выратуешся ў доме валадарскім з усіх юдэяў. Калі ты прамаўчыш у гэты час, дык свабода і збавеньне прыйдзе юдэям з іншай мясьціны, а ты і дом бацькі твайго загінеце. І хто ведае, ці не для такога часу ты і дасягнула годнасьці валадарскай?» (Эст 4:13-14).
Вось такім чынам Эстэр было дадзена спасьцігнуць сваё прызначэньне ад Госпада. Яна ідзе да валадара з адзінай падрыхтоўкай - постам і скарэньнем перад Госпадам. Мы ня бачым у напісаным імя Госпада, але няма ніякага сумненьня ў тым, што Бог прысутнічае пры гэтым, бо перад Ім зьдзяйсьняецца гэты пост, як і пост усяго народу. Бог вядзе Эстэр і ўкладае мудрасьць у яе сэрца, бо калі міласьцівым валадаром ёй было паабяцана многае, яна праяўляе вытрымку: «І сказаў ёй валадар: “Што табе валадарыня Эстэр, і якая просьба твая? Нават да паўваладарства будзе дадзена табе”. І сказала Эстэр: “Калі валадару заўгодна, хай прыйдзе валадар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму”» (Эст 5:3-4).
Бог даў Эстэр мудрасьць і таму яна не адразу адкрывае валадару тое, што вялікім цяжарам ляжала на яе сэрцы. Веруючы не павінен сьпяшацца і таму Бог загадвае Эстэр цярпліва падгатаваць момант рашучага звароту да валадара. Болей таго, яна кліча да сябе на гасьціну і Амана. У сувязі з гэтым прыпамятаем, як Ісус Хрыстос падае кавалак хлеба Юдзе Іскарыёту яшчэ да таго, як зьдзейсьніцца здрада, якая прывядзе Ісуса Хрыста на крыж.
Аман нічога ня ведаў, што прыгатаваў яму нябачны Бог, бо на зьдзіўленьне ўсіх, Эстэр зноў запрашае сваіх гасьцей: «Вось маё жаданьне і мая просьба. Калі я знайшла добрую волю ў вачах валадара, і калі валадару заўгодна задаволіць жаданьне маё і выканаць просьбу маю, дык хай валадар з Аманам прыйдзе на гасьціну, якую я прыгатую ім, і заўтра я выканаю слова валадара”» (Эст 5:7-8).
Чакаючы наступнага дня, Аман вырашае асабіста забіць Мардахэя і дзеля гэтага падгатаваць шыбеніцу: «І сказала яму Зарэш, жонка ягоная, і ўсе сябры ягоныя: хай падрыхтуюць дрэва вышынёю ў пяцьдзесят локцяў, і раніцай скажы валадару, каб павесілі Мардахэя на ім, і тады весела ідзі на гасьціну з валадаром. І спадабалася гэта слова Аману, і ён падрыхтаваў дрэва» (Эст 5:14).
Бог працаваў той ноччу, бо пракладаў шлях да збаўленьня юдэяў: «У тую ноч Госпад забраў сон у валадара, і ён загадаў прынесьці памятную кнігу дзённых запісаў, і чыталі іх перад валадаром» (Эст 6:1). Валадару далі напамін пра тое, як Мардахэй раскрыў змову еўнухаў супраць валадара. І вось, валадар пытае ў Амана, што трэба зрабіць таму чалавеку, якога валадар хоча вылучыць пашанай?
Зразумела, што Аман, той узьвялічаны Аман, ня мог думаць ні пра што іншае, як толькі пра сябе. Ён быў пайманы ў асабістую сетку сваёй ганарыстасьці і таму ён кажа валадару: «Таму чалавеку, якога валадар хоча вылучыць пашанаю, хай прынясуць вопратку валадарскую, у якую апранаецца валадар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць валадар, пакладуць валадарскі вянок на галаву яму, і хай пададуць вопратку і каня ў рукі аднаму з першых князёў валадарскіх, - і апрануць таго чалавека, якога валадар хоча вылучыць пашанаю, і вывядуць яго на кані на гарадскі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча вылучыць пашанаю. І сказаў валадар Аману: «Зараз жа вазьмі воопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю юдэю, які сядзіць каля валадарскае брамы. Нічога не прапусьці з таго, што ты сказаў» (Эст 6:7-10).
Вось гэта ўдар, вось гэта падзеньне. Можна ўявіць сабе, якія пачуцьці напоўнілі сэрца гэтага злога чалавека. Зусім у іншым настроі вяртаецца Аман у свой дом і калі ён пераказаў гэтыя падзеі сваім сябрам і жонцы, дык тыя сказалі яму: «Калі з племені юдэяў Мардахэй, праз якога ты пачаў падаць, дык не перасіліш яго, а, мабыць упадзеш перад ім» (Эст 6:13). І гэта не прарочыя словы, а веданьне таго, што будзе з Амалікам, калі ён процідзейнічае Ізраілю. Усё можа быць добра для няверных, пакуль юдэі выдалены ад твару Госпада, але калі прыходзіць дзень іхняга ўзвышэньня, дык улада паганаў разьбіваецца ў нішто.
Яшчэ не пасьпеў Аман прыйсьці ў сябе ад прыніжэньня, якое ён адчуў вазіўшы Мардахэя па горадзе, прыйшоў час ісьці на гасьціну да валадарыні Эстэр. І вось, пад час гасьціны, Эстэр распавядае валадару пра свой народ і пра злачынны замысел Амана супраць юдэяў. Вынік гэтага супрацьстаяньня такі, што калі Бог са Сваім народам, дык ніякі Амалік ня здольны выказаць сваю злую сілу: «І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў валадара аціх» (Эст 7:10).
Але сьмерць Амана не пазбавіла юдэяў ад пагрозы вынішчэньня, бо немагчыма было адмяніць загад валадара. Такі вось недатыкальны закон існаваў у Персідскім валадарстве. Мы бачым прыклад гэтага ў адносінах валадароў Персіі да будаўніцтва храма ў Ерусаліме. Калі начальнікі Самарыі зьвярнуліся да валадара Дарыя высьвятліць сітуацыю з дазволам будоўлі храма, дык Дарый загадаў адшукаць у Бавблонскім кнігасховішчы сьвітак, дзе быў запісаны той самы маніфэст пра свабоду юдэяў і пра дазвол на будаўніцтва храма Госпада. З часу валадара Кіра прайшло ўжо 23 гады, але валадар Дарый ня меў права адмяніць гэты загад Кіра і таму ён пацьвердзіў гэта сваім асабістым дазволам і нават загадам пра тое, каб зарэцкія начальнікі садзейнічалі старэйшынам Юдэі. Але як быць з загадам Артаксэркса, каб выратаваць юдэяў ад зьнішчэньня?
Мардахэй, які ўзвысіўся да службовай пасады Амана, вырашыў гэтае пытаньне. Немагчыма было адмяніць загад валадара, але можна было выдаць іншы загад, які б не адмяняў ранейшы. Мардахэй пасылае па ўсім абласьцям новы загад валадара, які дазваляе юдэям паўстаць на абарону свайго жыцьця: «А ў юдэяў тады было асьвячэньне і радасьць, і весялосьць і сьвяткаваньне. І ў кожнай вобласьці і ў кожным горадзе, куды толькі даходзіў указ ягоны, была радасьць у юдэяў і весялосьць, гасьціна і сьвяточны дзень. І многія з народаў краіны зрабіліся юдэямі, бо напаў на іх страх перад юдэямі» (Эст 8:16-17).
І вось, цікавае назіраньне: «І многія з народаў краіны зрабіліся юдэямі». Ці ня тыя гэта асіміляваныя гебраі валадарства Ізраільскага, якія былі пераселены ў гэтую зямлю 182 гады таму? Пытаньне.
«Мардахэй юдэй быў другі пасьля валадара Артаксэркса і вялікі ў юдэяў любімы ў мноства братоў сваіх, бо шукаў дабра народу свайму і гаварыў дзеля дабра ўсяго племені свайго» (Эст 10:3). Такім дастойным чынам закончваецца гэтая кніга. Юдэй, які пакутаваў, стаў на бліжэйшае да Персідскага валадара месца. Замест таго, каб стаць ахвярай нявернага, ён атрымаў уладу, каб абараніць і захаваць свой народ.
Няхай жа Госпад дасьць нам бачыць Свае шляхі і калі мы чытаем Слова Божае, хай дасьць нам цудоўную магчымасьць браць аттуль карысьць мудрасьці і духоўнага разуменьня. Мы бачым, што імя Бога ў гэтай кнізе адсутнічае і гэтая тайная сіла Бога, якая дзейнічае праз нейкія абставіны, можа некаторым здавацца неверагоднай. Але той, хто давярае Госпаду, бачыць ва ўсім гэтым руку Божую. Мы бачым, што Ён не адмовіўся ад юдэяў, якія былі адарваныя ад Ерусаліма. І таму мы, хрысьціяне, павінны дзякаваць Богу за тое, што Ён не адмаўляецца ад нас і дае нам такія адносіны, якія ня могуць быць згубленымі - адносіны, якія залежаць ад Ісуса Хрыста і якія замацаваныя Сьвятым Духам. Ён ніколі не адмаўляе нам, калі мы прамаўляем да Яго: «Наш Бог і Айцец» і ніколі не адвяргае нас, дзяцей Сваёй любові.
Свидетельство о публикации №226042101856