Книга Иова

КНІГА ЁВА


«Быў чалавек на зямлі Уц, імя ягонае Ёў; і
быў чалавек гэты беззаганны, справядлівы
і богабаязны і ўхіляўся ад зла» (Ёў 1:1)

З кнігі Ёва пачынаецца паэтычная частка Старога Запавету, якая выводзіць нас з вобласьці грамадзкіх інтарэсаў і раскрывае нам сфэру асабістага жыцьця. Аўтар гэтай кнігі невядомы, як дакладна невядомы і час напісаньня кнігі Ёва.

Найбольш абгрунтаванай пазіцыяй у гэтым пытаньні зьяўляецца тая, якая прапануе лічыць, што аўтар кнігі жыў і пісаў пад час валадараньня Саламона. Так, дарэчы, лічылі некаторыя юдэйскія багасловы; так лічыў у IV стагодзьдзі Рыгор Назіанзін. Гэтай жа думкі прытрымліваўся ў XVI стагодзьдзі і Марцін Лютар. Гэтыя погляды вельмі лагічна грунтуюцца на тым, што пад час валадараньня Саламона на зямлі Ізраіля панаваў мір і супакой, які вельмі спрыяў разьвіцьцю літаратуры сярод гебраяў. Больш таго, вызначаецца, што кніга Ёва нясе на сабе пячатку літаратуры мудрасьці Саламонавага веку Ізраіля, бо можна заўважыць, што першыя дзевяць разьдзелаў кнігі выслоўяў Саламонавых даволі значна адлюстроўваюцца ў кнізе Ёва. Трэба таксама сказаць, што існуюць і шмат іншых кропак погляду на гэтую тэму, але мы ня будзем паглыбляцца ў гэтыя разважаньні, а прапануем жадаючым самастойна папрацаваць над гэтым пытаньнем.

Што ж тычыцца часу жыцьця Ёва, дык, па-першае, трэба адзначыць, што Ёў - гэта асоба гістарычная і гэта пацьверджвае прарок Езэкііль: «І было мне слова ад Госпада: “Сыне чалавечы! Калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у яе хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла, і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, - дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Госпад Бог» (Езэк 14:12-14). Па- другое ж, трэба заўважыць і тое, што мы ня ўбачым пры прачытаньні кнігі Ёва тых характэрных рысаў, якія вызначаюцца законам Майсея. І таму многія дасьледчыкі Пісаньня лічаць, што Ёў быў сучасьнікам Абрагама, бо ў гэтай кнізе адчуваецца дух біблійных патрыярхаў.

Кніга Ёва разглядае пытаньне пакутніцкага жыцьця праведнікаў. Мы ня знойдзем тут дасканалага адказу на гэтае пытаньне, але мы знойдзем заклік да поўнага даверу Госпаду нават тады, калі мы не разумеем, чаму Ён зьдзяйсьняе тое ці іншае ў нашым жыцьці.

І вось, перад намі Ёў - беззаганны, справядлівы і богабаязны, які ўхіляўся ад зла. Мы бачым Ёва, як вельмі багатага чалавека, які меў вялікую маёмасьць і вялікую сям’ю: «І нарадзілася ў яго сем сыноў і тры дачкі» (Ёў 1:2). Арабійская пустыня - гэта тое месца дзеяньня, у якім праходзіла жыцьцё Ёва, які паўстае перад намі як сьвятар, бо сказана: «Калі ўсчыналася кола бяседных дзён, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх і, устаючы рана раніцай, прыносіў усеспаленьне па ліку ўсіх іх. Бо казаў Ёў: “Можа быць сыны мае зграшылі і зганілі Бога ў сэрцы сваім”. Так рабіў Ёў ва ўсе такія дні» (Ёў 1:5). Дарэчы, гэта паказчык таго, што дзеяньне кнігі Ёва праходзіла да часу Майсея.

Ёў - дабрачынны чалавек, адзін з тых нашчадкаў Ноя, якія не згубілі праўдзівага веданьня Бога ў той час, калі грэх зноў множыўся па ўсёй зямлі. Але Ёў ведаў Бога і таму меў вялікае дабраславеньне. І гэта вельмі не падабалася д’яблу, які бадзяецца па зямлі, схіляючы людзей да грэху і вышукваючы магчымасці для абвінавачваньня слугаў Божых. І вось: «І быў дзень, калі прыйшлі сыны Божыя стаць перад Госпадам; сярод іх прыйшоў і д’ябал» (Ёў 1:6). Бог прадстаўляе справу Ёва. Трэба адразу адзначыць, што крыніца і першапрычына гэтай справы ня д’ябал, але Бог, Які лепш за ўсіх ведае, што патрэбна Ягонаму слузе Ёву. Менавіта Бог раскручвае гэтую гісторыю, калі пытаецца ў д’ябла: «Ці зьвярнуў ты ўвагу сваю на раба Майго Ёва? Бо няма такога, як ён, на зямлі: чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла» (Ёў 1:8).

Бог зьвяртае ўвагу д’ябла на асобу Ёва і д’ябал з радасьцю падхоплівае гэтую справу кажучы: «Хіба задарам богабаязны Ёў?» (Ёў 1:9). Д'ябал - істота надзвычайна здольная, але гэта, тым ня меньш, інструмант несьвядомы ў руках Бога, каб выконваць Божыя намеры. І мы бачым, што ўсе намаганьні і абвінавачваньні д’ябла не зьдзяйсьняюцца, але прыводзяць Ёва да веданьня свайго асабістага сэрца і такім чынам, да больш глыбокіх адносінаў з Богам. Якія ж дасканалыя шляхі Божыя і якія дарэмныя высілкі д’ябла супраць тых, хто зьяўляецца народам Божым.

Д’ябал ставіць у залежнасьць вернасьць Ёва ад дабраславеньня і шчодрасьці Бога. Бог аддае ўсё гэта ў рукі д’ябла, які не прамарудзіў з дзеяньнем. Д’ябал падбухторвае ворагаў Ёва і тыя абрабоўваюць яго і забіраюць усю ягоную маёмасьць. Дзеці Ёва гінуць у выніку вялікага ветру, які прыйшоў з пустыні. Але Ёў прымае гэтую горыч дастойна і ня здраджвае Госпаду: «Тады Ёў устаў і падраў вопратку на сабе, пастрыг галаву сваю і ўпаў на зямлю і пакланіўся і сказаў: “Голы я выйшаў з чэрава маці маёй, голы і вярнуся. Госпад даў, Госпад і ўзяў, хай будзе імя Госпадава дабраславёна!» (Ёў 1:20-21). Д’ябал, працягваючы сваю справу, прапануе зноў: «Але працягні руку Тваю і дакраніся да косткі ягонай і цела ягонага, - ці дабраславіць ён Цябе?» (Ёў 2:5). Зьвернем увагу на тое, што д’ябал ня кажа: «Пайду і зраблю», але ён просіць на гэта дазволу ў Госпада: «Працягні руку Тваю». Бог аддае д’яблу ўсё, акрамя жыцьця Ёва: «Вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі» (Ёў 2:6).

Рука д’ябла б’е Ёва праказаю ад галавы да падэшваў ног ягоных. Сказана, што праказа была лютаю, а гэта значыць, што месцамі распадалася цела і агаляліся косткі. Жудаснае відовішча. Але і тут, нягледзячы нават на заклік жонкі, Ёў не адступаецца ад Бога: «І сказала яму жонка ягоная: ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! Згань Бога і памры. Але ён сказаў ёй: “Ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць?” Ва ўсім гэтым не зграшыў ён вуснамі сваімі» (Ёў 2:9-10). Такім чынам, д’ябал вычарпаў усе свае сродкі, каб прымусіць Ёва адрачыся Бога і мы больш ня бачым відавочна прысутнасьці д’ябла ў далейшым разьвіцьці гэтай гісторыі. Бог цалкам апраўдаў Ёва ад абвінавачваньняў д’ябла, які здольны прасачыць пажады цела і тое зло, якім ён можа забрудзіць сэрца чалавека, але які ня здольны адчуць і вымераць тую спрадвечную любоў і ласку, што дае Бог кожнаму, хто верыць Яму і спадзяецца на Яго.

Д’ябал забраў маёмасьць і зьнішчыў дзяцей Ёва. Ён пабіў цела Ёва жахлівай хваробаю, але глыбіня сэрца Ёва не была кранутаю, бо гэта намер і справа Божая - крануць сэрца чалавека. Кожны сапраўдны хрысьціянін памятае той момант і тыя адчуваньні, калі Бог крануўся ягонага сэрца, каб наблізіцца і ўвайсьці ў яго. Гэта вялікая Божая праца, бо толькі так зьнішчаецца цемра нашых грахоў, каб у сьвятле Божым адчуць усю паўнату свайго жыцьця.

Бог пачаў працаваць над сэрцам Ёва, бо ён, па сутнасьці, ня ведаў сябе, таму што пры ўсёй сваёй богабаязнасьці, Ёў ніколі ня быў у прысутнасьці Госпада. Ёў быў чалавекам справядлівым, які ўхіляўся ад зла, але ён пачаў ствараць з гэтага сваю асабістую праведнасьць, бо сэрца ягонае насычалася самазадавальненьнем і сябелюбствам: «Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй. Пасьля слоў маіх ужо не разважалі, бо мова мая капала на іх. Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае. Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі. Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як валадар у коле вояў, як суцешнік заплаканых» (Ёў 29:21-25). Гордасьць сэрца праяўляецца ў словах Ёва і каб праявіць ды ўсвядоміць гэта, Бог прыводзіць да яго ягоных сяброў.

«І пачулі трое сяброў Ёва пра ўсе гэтыя нягоды, што спасьціглі яго, і пайшлі кожны са свайго месца: Эліфаз Фэманіцянін, Вілдад Савхэянін і Сафар Нааміцянін, і сышліся, каб ісьці разам бедаваць з ім і суцяшаць яго. І падняўшы вочы свае здалёку, яны не пазналі яго. І ўзвысілі голас свой, і загаласілі. І падраў кожны вопратку на сабе, і кідалі пыл над галовамі сваімі пад неба. І сядзелі з ім на зямлі сем дзён і сем ночаў. І ніхто не казаў яму ні слова, бо бачылі, што пакута яго вельмі вялікая» (Ёў 2:11-13).

Яшчэ раз паўторым, што хвароба так моцна прыляпілася да Ёва і была настолькі жахліваю, што ягоныя сябры не змаглі вымавіць ніводнага слова сем дзён і сем ночаў. Яны прыйшлі сюды, каб суцешыць яго, але ўбачанае так уразіла іх, што яны дапусьцілі думку пра тое, што Ёў вінаваты ў нечым вельмі і вельмі сур’ёзным. У нечым такім, што яны, ягоныя сябры, нават і ня ведалі.

І вось, першым не вытрымлівае і размыкае вусны свае Ёў, каб праклясьці дні свае ад нараджэньня: «Няма мне міру, няма супакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце» (Ёў 2:26). Ён плача над сваім жахлівым лёсам, над тым, што ён прыйшоў у гэты сьвет, каб так цяжка пакутаваць. І ён ня можа зразумець, чаму Сьвяты Бог дапускае гэтыя пакуты. Гэта было недасягальным для Ёва.

Эліфаз, адзін з сяброў Ёва, магчыма старэйшы за астатніх, першым зьвяртаецца да яго. Верагодна, што Эліфаз абапіраецца на свой асабісты вопыт і жыцьцёвую мудрасьць. Больш таго, ён спасылаецца на начны відзеж, які дазваляе яму быць упэўненым у правільнасьці сваіх разважаньняў. Эліфаз ведаў пра тое, што Ёў жыў у праведнасьці, бо настаўляў многіх і падтрымліваў многія кволыя рукі, але ўбачанае прыносіць яму сумненьне адносна праведнасьці Ёва і таму ён кажа: «Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім? Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б? Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго; ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць» (Ёў 4:6-9).

Вось ён, ілжывы шлях разважаньня, а па сутнасьці, самасуцяшэньня: «Ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?» А як быць з Абэлем? Ці ж быў ён вінаваты перад Богам, калі загінуў ад рукі Каіна? Заўважым, што самая першая гвалтоўная сьмерць у сьвеце - гэта сьмерць праведнага Абэля. Не вытрымліваюць крытыцы і наступныя словы Эліфаза: «Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго», бо гэта ня можа быць абсалютным правілам, а толькі мясцовым і зямным назіраньнем Эліфаза. Прыпамятаем гісторыю жыцьця Майсея, калі ён гвалтоўна забівае егіпцяніна: «Пагледзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску» (Вых 2:12). Ці можна казаць, што Майсей пажынае за сваё ліхое дзеяньне? Зусім не, бо менавіта Бог схаваў яго ад гневу фараона ў зямлі Мадыямскай. Ці былі наступныя сорак гадоў жыцьця Майсея пакараньнем? Зноў не, бо сказана: «Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору» (Вых 2:21).

Усе мы здольныя глядзець на дрэнныя ўчынкі іншых людзей вачамі Эліфаза. Але Бог глядзіць на нас ня так, як мы глядзім адзін на аднога, бо Ён бачыць сэрца кожнага з нас, а мы - не. Калі Бог выпрабоўвае праведніка, дык гэта можа азначаць толькі тое, што Ён працуе з сэрцам чалавека, каб адарваць яго ад зямных пачуцьцяў і ўзьнесьці яго на Свае вышыні.

Далей Эліфаз разважае пра пакараньне за грахі, але неяк акцэнтавана, бо напэна ёе ведаў, што да гэтага адбылося з маёмасьцю і дзецьмі Ёва: «Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны. Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка. Жніво ягонае з’есьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную. Так, ня з пылу выходзіць гора, і не з зямлі вырастае бяда; а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору» (Ёў 5:3-7). Эліфаз бачыць Ёва вінаватым, але гэта хутчэй за ўсё не асуда, а жаданьне знайсьці той схаваны грэх, які стаўся прычынаю пакутаў Ёва.

Вілдад, другі сябар Ёва, пачынае казаць адразу пасьля адказу Ёва Эліфазу: «Ці доўга ты будеш гаварыць так? - словы вуснаў тваіх бурны вецер! Няўжо Бог скажае суд, і Ўсеўладны ператварае праўду! Калі сыны твае зграшылі перад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга. Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму, і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй. І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа. Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх; а мы - учорашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі - цень» (Ёў 8:2-9). Вілдад вядзе сваю размову, як вучоны муж, які выказвае думкі продкаў і прапаноўвае Ёву шукаць суцяшэньне ў той жа крыніцы.

Вілдад, безумоўна красамоўны прамоўца, але, тым ня меньш, ягоныя разважаньні базуюцца на тых жа самых простых рэчах, якія мы ўжо чулі ад Эліфаза. Вілдад лічыць, што сьмерць дзяцей Ёва - гэта Божае пакараньне і такім чынам паказвае нам, што ён ня ведае праўды і што ён прытрымліваецца ілжывага прынцыпу, згодна якому сьмерць і пакуты зьяўляюцца адплатаю за нейкі канкрэтны грэх. І таму Вілдад заклікае Ёва пакаяцца, каб прыдбаць добрае ад Бога. Вілдад красамоўна распавядае пра крывадушніка і ўсё гэта ёсьць хітры намёк на Ёва, бо ён таксама ня ведае грэху Ёва, але хоча гэта ведаць: «Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў» (Ёў 8:20). Але ў гэты самы час Бог выпрабоўваў беззаганнага. На жаль, сябры Ёва не разумелі гэтага і ніяк у гэта ня верылі. І гэта сумна, бо іхнія думкі былі ілжывыя і, больш таго, нядобрыя.

І вось, Сатар Нааміцянін. Мы сутыкаемся з пазіцыяй чалавека, думку якога ня можа перамяніць ні фізічны боль сябра, ні ягоныя заклікі да спачуваньня і разуменьня. Сатар кажа Ёву, што беззаконьнікі будуць пакараныя за свае справы і, больш таго, ён судзіць Ёва ад імя Бога, бо кажа, што пакараньне Ёва - гэта толькі частка таго, што заслугоўвае Ёў: «Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацярпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю» (Ёў 11:5-6). Неверагодная жорсткасьць у адносінах да сябра, бо немагчыма ўявіць, гледзячы на лютую праказу Ёва, што азначае пакараньне «удвая больш».

Сатар, маладзейшы за астатніх сяброй Ёва, вельмі непаважліва ставіцца да Ёва, бо абвінавачвае яго ў пустаслоўі: «Хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю? Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе?» (Ёў 11:2-3). Сатар глядзіць на Ёва, як на дрэннага чалавека, бо сам быў вельмі славалюбным, які любіў слухаць самога сябе і ў якога не было ніякай павагі да іншых людзей, няхай і сяброў.

Сатар таксама ня ведае віны Ёва перад Госпадам, але ён упэўнены, што яна ёсьць: «І калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах сваіх, дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца» (Ёў 11:14-15). Сатар не разумее, што справа не ў загане Ёва, бо Ёў быў справядлівым і богабаязным, але ў тым, што Ёў высока ставіў свой характар, а значыць самога сябе. І ў гэтым памылка Ёва. Ня мае значэньня на колькі мы беззаганныя, але мае значэньне тое, наколькі мы спадзяемся на Госпада кожны час свайго жыцьця.

Нехта сказаў, што Сатар падобны на тых маладых людзей, якія, толькі адарваўшыся ад сваіх навучальных установаў, ведаюць пра ўсё. Гэты нехта дадаў, што Сатар мог быць адным з першых такіх «знаўцаў», без якіх нашае жыцьцё магло б быць больш спакойным і шчасьлівым.

Дык хто яны, сябры Ёва, якія прыйшлі, каб «разам бедаваць з ім і суцяшаць яго?» Мы ведаем, што яны зьявілі жаданьне прыйсьці да Ёва, каб падтрымаць яго, але ўбачыўшы тое, што яны ўбачылі, яны ўбачылі магчымага грэшніка, які быў пакараны Госпадам. І з гэтага моманту мы не знаходзім у Эліфазе, Вілдадзе і Сатары нічога такога, за што іх можна было б пахваліць. Дапамога гэтых сяброў складалася з таго, што яны намагаліся ўвесьці ў розум Ёва тое, што ён вінаваты перад Богам і таму зараз знаходзіцца ў пакутах. Гэтыя тры чалавекі павінны быць для нас заўсёдным напамінам пра тое, што дапамагаючы сябрам ці блізкім людзям, неабходна праяўляць вялікую чуласьць і пяшчотнасьць, каб ня раніць іх сваімі «асабістымі» парадамі, якія прапануюць лёгкія вырашэньні цяжкіх праблемаў.

Разглядаючы сяброў Ёва, мы бачым іхнюю ўпэўненасьць ў тым, што панаваньне Бога на зямлі ёсьць поўная мера, якая праяўляецца ў праведнасьці Бога і праведнасьці чалавека. Мы бачым, што сэрцы сяброў Ёва не напоўнены сапраўднага веданьня і прысутнасьці Госпада. Яны ацэньваюць убачанае, як справядлівасьць Божага кіраваньня і кажуць пры гэтым шмат правільнага. Сябры Ёва лічылі сябе невінаватымі перад Госпадам ці ў крайнім выпадку небязьвіннымі: «Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: “Узвышэньне!” І Ён уратуе таго, хто панік абліччам, выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх» (Ёў 22:29-30). Дарэчы, гэтыя словы Эліфаза пацьвердзіліся ў тым, што Бог, Які палічыў іх вінаватымі перад Ёвам, пашкадаваў іх і праз Ёва захаваў на далейшае жыцьцё кожнага з іх.

«Калі тыя трое мужоў перасталі адказваць Ёву, бо ён быў слушны ў вачах сваіх, тады загарэўся гнеў Эліуя, сына Варахіілавага, Вузіцяніна з племя Рамавага: “Загарэўся гнеў ягоны на Ёва за тое, што ён апраўдаў сябе больш, чым Бога, а на сяброў ягоных загарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі што адказаць, а тым часам вінавацілі Ёва» (Ёў 32:1-3).

Эліуй, чацьвёрты сябар Ёва, прыйшоў, па ўсёй верагоднасьці пазьней за іншых сяброў, каб абвясьціць пра веліч і справядлівасьць Бога. Трэба заўважыць, што Эліуй паходзіў з роду Нахора, брата Абрагама. Ён не належыў да выбранай сям’і Абрагама, але цесна быў з ёй зьвязаны, як, дарэчы, быў зьвязаны Лаван і некаторыя іншыя. Эліуй, маладзейшы за ўсіх прамоўцаў, цярпліва дачакаўшыся магчымасьці кажа: «Я малады гадамі, а вы - старцы; таму я нясьмеліўся і баяўся казаць вам, што думаю. Я гаварыў сам сабе: “Няхай гавораць дні, і мнагалецьце навучае мудрасьці”. Але дух у чалавеку і дыханьне Ўсеўладнага дае яму разуменьне. Не шматгадовыя толькі мудрыя, і не старыя разумеюць праўду. Таму я кажу: “Выслухайце мяне, абвяшчу вам сваю думку і я”» (Ёў 32:6-10).

Часам людзі зьдзіўляюцца, калі зьяўляецца нейкі малады чалавек і пачынае казаць такое, што замаўкаюць нават «мудрыя» гэтага сьвету. Эліуй бачыў, што гэта была справа Бога і што яны, сябры Ёва, ніколі ня ведалі сапраўднага Бога, Які Ён ёсьць на самой справе: «Не скажэце: “Мы знайшлі мудрасьць”. Бог абвергне яго, а не чалавек» (Ёў 32:13). І вось зараз, давайце прыпынімся ў сваіх разважаньнях і ўважліва прачытаем астатнюю частку цудоўнага выступу Эліуя, у якім ён кранае сапраўдныя першапрычыны гэтага пытаньня, як вельмі разважлівы тлумачальнік.

Безумоўна тое, што сьвецкі розум ня можа любіць Эліуя і гэта вельмі старая гісторыя, бо так было ў часы Ёва, так было пад час Ісуса Хрыста, так ёсьць і зараз. Але, менавіта таму і займае Эліуй вельмі і вельмі значнае месца ў кнізе Ёва. Эліуй ясна ўбачыў крывадушнасьць і рэлігійнасьць трох сяброў Ёва, якія карысталіся вельмі простай рэлігійнай схемаю - калі чалавек пакараны, дык гэта азначае, што ён вінаваты. Але ці бачым мы ў гэтай кнізе, што Ёў быў грэшнікам? Наадварот, бо Сам Бог сказаў пра яго: «Чалавек беззаганны, справядлівы, богабаязны і ўцечны ад зла». Людзі, у вачах сваіх, ня бачылі няпраўды ад Ёва, які жыў згодна таму, як ён разумеў справядлівасьць, самое жыцьцё і Госпада.

Але Эліуй убачыў ня толькі крывадушнасьць сяброў Ёва. Ён убачыў таксама і праблему самога Ёва, якая складалася з таго, што ён ставіў сябе на адзін узровень з Богам і нават быў гатовы судзіцца з Госпадам, каб абараніць сваю праведнасьць. Эліуй кажа Ёву: «Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, бо Бог вышэйшы за чалавека. Навошта табе спаборнічаць з Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае» (Ёў 33:12-13).

Эліуй упэўнівае Ёва ў безсэнсоўнасьці доказаў перад Госпадам сваёй невінаватасьці і прапануе паспрабаваць зразумець і ўбачыць прычыну гэтага здарэньня, але не сваімі вачамі, а вачамі Бога: «Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго. Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі. Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам. Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы, бо Ён робіць вядомыя дзеі іхнія і скідае іх у начы, і яны зьнішчаюцца. Ён пабівае іх, як беззаконных людзей на вачах у іншых, за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных» (Ёў 34:21-27).

Эліуй прапануе кожнаму з нас навучыцца разумець прычыны сваіх пакутаў і пачуць Госпада: «Богу трэба гаварыць: “Я пацярпеў, больш ня буду грашыць. А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду» (Ёў 34:31-32).

Эліуй працягвае і кажа пра праведнасьць Бога і Ягонае жаданьне аднавіць праведніка праз пакараньне: «А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у аковы» (Ёў 36:13). Гэтыя словы выкрываюць Ёва, як крывадушніка, які не заклікае да Бога, але засяроджваецца на сваіх пакутах. Так, Ёў быў праведнікам, але ён пачынае сумнявацца ў неабходнасьці сваёй праведнасьці і таму кажа: «Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя? Дзеці іхнія з імі перад абліччам у іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх. Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх» (Ёў 21:7-9). Заўважым, што Ёў пералічвае менавіта тое, што ён згубіў: здароўе, дзяцей і маёмасьць. Ёў разважае пра сэнс сваёй праведнасьці, калі беззаконныя жывуць і гэтага не губляюць.

Разважаньні Ёва даюць нам разуменьне таго, што ягоная праведнасьць цалкам залежала ад усяго таго, што ён меў, а потым згубіў. Мы ведаем, што Ёў быў вельмі багатым чалавекам, што ў вельмі значнай ступені давала яму ўладу над людзьмі і пашану ў грамадзтве: «Уважалі мяне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй. Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх» (Ёў 29:21-22). І вось, калі згублена ўсё, куды ж дзелася праведнасьць Ёва ў вачах тых, хто «пасьля слоў Ёва ўжо не разважаў»? :«Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім» (Ёў 30:10).

І куды зьнікла ягоная значнасьць? Адказ не складаны, бо ўся значнасьць Ёва грунтавалася на тым, што ён меў. І калі ён усё гэта згубіў, дык ён адначасова згубіў і самога сябе, стаўшыся нібыта пух, які носіць вецер: «Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне» (Ёў 30:22). Прыклад Ёва - гэта прыклад да кожнага з нас, бо тыя, хто вымярае жыцьцё веліччу зямных дасягненьняў - на шалях Божых ня больш за лёгкі тапаліны пух, які разносіцца ветрам.

Эліуй кажа Ёву, што ў ягоным пакараньні ёсьць пэўны сэнс і таму трэба зразумець, што Бог ня можа дзейнічаць несправядліва і карае людзей дзеля іх жа саміх. Сваёй рэзкасьцю Эліуй нават перавышае ўсё тое, што казалі трое сяброў Ёва, але трэба заўважыць, што гэтая кніга ніякім словам не дакарае Эліуя і што Сам Бог пачынае казаць адразу пасьля яго.

«Госпад адказваў Ёву з буры і сказаў: “Хто гэты, які азмрочвае наканаванае словамі бяз сэнсу?”» (Ёў 38:1).

Бог зьяўляецца Ёву нечакана, бо гэта запланаваць немагчыма, але магчыма цярпліва чакаць. Чытаючы гэтую кнігу мы павінны заўважыць, што нейкая законамернасьць усё ж існуе. Мы бачым, што Бог зьяўляецца толькі тады, калі ўсе чалавечыя сродкі ўжо вычарпаныя і сэрцы людзей у стомленасьці замаўкаюць. І вось, калі Ёў ужо сказаў усё, што хацеў сказаць, а ягоныя сябры пераспрабавалі ўсе аргумэнты, каб упэўніць у сваім разуменьні пакутніка Ёва, калі ўсё чалавечае вычарпала сябе, прыходзіць чарга Госпада і Ён зьяўляецца.

Бог абвяшчае Ёву пра Сваю веліч і Сваю магутнасьць. Ён вінаваціць Ёва за ягоныя думкі пра тое, што Бог павінен даваць яму справаздачу за Свае дзеяньні. Бог, як бы кажа Ёву: «Я Бог, а ты Ёў. І ты павінен верыць Мне!» Ёў адказвае Яму і прызнае, што праўда не за ім і што Бог можа рабіць усё, што захоча: «Ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены. Хто гэты, што запамрочвае Наканаваньне, нічога не разумеючы? – Так, я казаў пра тое, чаго не разумеў, пра дзеі дзівосныя для мяне, якіх я ня ведаў» (Ёў 42:2-3). Раней Ёў разважаў пра тое, што ён можа кіраваць сьветам лепш за Бога (ва ўсякім выпадку, не хужэй), але зараз ён просіць прабачэньня за гэтыя думкі: «Я чуў пра Цябе слыхам вуха, а цяпер мае вочы бачаць Цябе. Таму я выракаюся і каюся ў пыле і ў попеле» (Ёў 42:5-6).

Зьяўленьне Бога Ёву паставіла ўсё на свае месцы, і Ёў нарэшце атрымаў магчымасьць убачыць сябе вачамі Бога. Як жа часта і мы задаем Богу пытаньні, спрачаемся і нават абураемся, забываючы пра тое, што з нашага пагорку мы бачым нашмат меньш, чым бачыць Ён.

Бог вінаваціць Эліфаза, Вілдада і Сатара, але праз Ёва не адкідае іх ад Сябе: «І было пасьля таго, як Госпад сказаў словы тыя Ёву, сказаў Госпад Эліфазу Тэманіцяніну: “Гарыць гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх за тое, што вы гаварылі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў. Дык вось, вазьмеце сабе сем цялят і сем бараноў і ідзеце да раба Майго Ёва і прынясеце за сябе ахвяру. І раб Мой Ёў памоліцца за вас, бо толькі аблічча ягонае Я прыму, каб не адкінуць вас за тое, што вы казалі пра Мяне ня так правільна, як раб Мой Ёў» (Ёў 42:7-8).

Заўважым, што Бог не асудзіў жонку Ёва і яна нарадзіла яму дзесяць дзяцей, сярод якіх былі тры дачкі, прыгажэйшых за якіх не было на зямлі. Магчыма, што яна зразумела беззаконьне сваё праз тыя дабраславеньні, якія падараваў ёй Бог.

У далейшым Бог падвоіў усё, што Ёў меў да гэтага і Ён дабраславіў яго ва ўсім: «У яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі» (Ёў 42:12-13). Але чаму Бог не падвоіў колькасьць дзяцей, запытаецца нехта? Хто быў уважлівы, палічыць, што ў Ёва да гэтага ўжо было дзесяць дзяцей: сем сыноў і тры дычкі. Бог выконвае Свае абяцаньні.


Рецензии